Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Мясцовая хроніка тых дзён.

Асноўнай крыніцай інфармацыі з'яўляецца раённая газета "Ленінскі шлях".

29 красавіка. Першая старонка газеты прысвечана ініцыятыве працоўных калектываў па дастойнай сустрэчы 70-годдзя Вялікага Кастрычніка, паведамленням аб пераможцах сацыялістычнага спаборніцтва ў першым квартале. Змешчаны нататкі аб ходзе першамайскай працоўнай вахты. Астатнія старонкі расказваюць аб паўсядзённых справах: на палях калгаса "Маяк камунізму" ідзе сяўба цукровых буракоў, у райцэнтры прайшоў злёт прызыўнікоў, па-ранейшаму пакутуюць здатчыкі шклотары...

А зямля ўжо была насычана радыеактыўным ёдам, цэзіем, стронцыем, плутоніем і іншымі элементамі. У першы дзень аварыі было 25 працэнтаў выкідаў. Астатні выкід радыеактыўнасці ўяўляў сабой дзевяцідзённы працэс... А на Лунінеччыне ўсё ішло сваёю чарадой. Святочны першамайскі выпуск раённай газеты, віншаванні, рапарты, расказы аб лепшых людзях, заклікі тыпу: "Працоўныя Савецкага Саюза! Увасобім у жыццё тістарычныя рашэнні XXVII з'езда КПСС!"

1 мая. Цяпер ужо вядома, што ў гэтыя дні выкід зноў павялічыўся. Але раённае кіраўніцтва, партыйнае і савецкае, выводзіць дарослых і дзяцей на першамайскую дэманстрацыю.

Найбольш, канешне, у тыя дні пацярпелі дзеці. Акадэмік А. Вараб'ёў у тым жа часопісе "Новый мир" (№ 9, 1991 г.) сцвярджае: "Радыеактыўны ёд у шчытападобную залозу трапіў у першыя дні і тыдні пасля аварыі... Дзецям гэты ёд нанёс болыпае паражэнне, чым дарослым, жанчынам больш, чым мужчынам". Але ж у раёне ніхто ёднай прафілактыкі не правёў. Дарослыя, а галоўнае, дзеці, актыўна ў гэтыя дні прапускалі праз сябе, накоплівалі радыенукліды. Па ацэнках спецыялістаў, пры катастрофе на 4-ым блоку Чарнобыльскай АЭС было выкінута на вялякія тэрыторыі не менш як 180 млн. кюры радыеактыўных рэчываў. ("Чарнобыльская катастрофа. Прычыны і вынікі". Мн.: Скарына, 1992).

Нарэшце, 9 мая ў газеце з'яўляецца першае паведамленне медыцынскай службы раёна. У пяці абзацах гаворыцца аб аварыі, аб мерах па яе ліквідаванню. I толькі апошні датычыцца раёна: "Наяўны ўзровень радыяцыі не з'яўляецца небяспечным для здароўя і не служыць перашкодай у межах натуральнасці. Радыяцыйная абстаноўка знаходзіцца ў межах натуральнай нормы. У Лунінецкім раёне няма неабходнасці ўрачэбнага абследавання мясцовых жыхароў. Яны павінны займацца сваімі паўсядзённымі справамі".

I людзі займаліся. Май — час, калі малочны статак пераводзіўся на пашу. Нездарма ў райгазеце з'яўляецца перадавая — "Лета на фермах". У ёй гаворыцца менавіта аб арганізацыі кругласутачнай пасьбы жывёлы. I такія словы: "Але галоўнае — клопат аб людзях. Неабходна паўсюдна ствараць ім належныя ўмовы для працы і адпачынку, рэгулярна наладжваць гутаркі агітатараў, палітінфарматараў". Вось так. Якая там радыяцыя! Важней гутаркі!

13 мая. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна І.А. Валіцкі ўжо дае часовыя рэкамендацыі па выкарыстанні некаторых харчовых прадуктаў. Аказваецца, паявіліся забруджаныя кармы і агародніна, малако.

Але ўрач тут жа падкрэслівае, што ўзроўні радыяцыі не з'яўляюцца небяспечнымі для здароўя і не служаць перашкодай для працоўнай дзейнасці. Значыць, не патрэбна і медыцынскае абследаванне людзей.

15 мая. Другі сакратар ГК КПБ П.А. Скарабагацька на сходзе партыйна-гаспадарчага актыву прымае пераходныя Чырвоныя сцягі рэспубліканскага і абласнога рангу за работу ў 1985 г. і I квартале 1986 г.

У гэтым жа нумары друкуецца матэрыял аб дапамозе калектыву Чарнобыльскай АЭС. Машыніст Барыс Анатольевіч Данілевіч і яго памочнік Анатоль Дземідовіч пералічылі на рахунак № 904 у фонд дапамогі пасёлку Прыпяць аднадзённы заробак.

Канешне, яны не ведалі, што трэба ратаваць ужо саміх сябе.

17 мая. Галоўны ўрач раёна І.І. Архіпчык паведамляе: "Намі абследавана выбарачна больш за тысячу чалавек, у асноўным дзяцей. Сярод жыхароў раёна павышаных доз радыяцыі не выяўлена".

Вось толькі цікава, куды падзеўся радыеактыўны ёд, аб якім так многа сказана?!

29 мая. Зноў інфармацыя службовых асоб: "Як у Лунінцы, так і ў астатніх населеных пунктах нашага раёна, павышанага ўтрымання радыеактыўных рэчываў у агародніне не выяўлена...

З кожным днём змяншаецца ўтрыманне радыеактыўных рэчываў у малацэ".

31 мая. "Сумарная доза, якая атрымана за месяц (30 сутак) з улікам часу знаходжання ў будынках, дзе доза значна ніжэй, складае 200 — 300 мілірэнтген (мілібэр).

...Даныя дазіметрычных абследаванняў дзяцей гавораць аб тым, што дзеці, якія ўжывалі малако, маюць павышанае ўтрыманне радыеактыўнага ёду ў шчытападобнай залозе.

... З мэтай прафілактыкі медыцынскай службай раёна забаронены ўдзел усіх школьнікаў у сельскагаспадарчых работах на палях, у экскурсіях, спартыўных і іншых культурна-масавых мерапрыемствах".

10 чэрвеня. Паведамляе галоўны санітарны ўрач раёна І.А. Валіцкі:

"Зараз забараняецца на тэрыторыі ўсяго раёна ўжыванне малака і малочных прадуктаў... Па-ранейшаму не рэкамендуецца рэгулярнае ўжыванне дамашніх яек. Не рэкамендуецца ўжыванне мяса траваядных жывёл (ялавічына, цяляціна, трусяціна і г. д.)".

19 чэрвеня, 1 ліпеня, 27 ліпеня. Даюцца рэкамендацыі аб стане вады, ягад, малака, агародніны.

4 верасня. "Асноўныя нашы харчовыя прадукты можна выкарыстоўваць у ежу без усякіх абмежаванняў.

... згодна з нашымі данымі, грыбы можна збіраць на тэрыторыі ўсяго раёна без абмежаванняў".

21 кастрычніка, 28 кастрычніка. Забаронена спальванне аднагадовых траў і лісця, выкарыстанне сушаных грыбоў у ежу.

25 снежня. "Бруднае малако ў калгасах "Новае Палессе", "Запаветы Ільіча", "Расія", "Перамога", саўгасах "XXV з'езд КПСС", "Авангард", а таксама ў вёсках Сітніца, Сітніцкі Двор, Красная Воля, Добрая Воля, Бродніца, Лугі, у Лунінцы".

1987 год

Чарнобыльская праблема, якая больш-менш закраналася, адышла не толькі на другі, але на трэці альбо чацвёрты план. Наступае зацішша. Праўда, 4 красавіка ў рэкамендацыях механізатарам на перыяд масавых палявых работ раіцца прымяняць рэспіратары, камбінезоны, ахоўныя акуляры і г.д.

Але ж аналіз рэпартажаў з палёў паказвае, што рэкамендацыі не выконваліся.

4 чэрвеня. Паведамляецца аб забароне збору лекавых траў, аб стане агародніны, зяленіва. Апошнія можна ўжываць.

1988 год

14 красавіка. Інфармацыя аб стане радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна.

Першае. Гама-фон не перавышае дапушчальных узроўняў.

Другое. Большасць харчовых прадуктаў можна ўжываць без абмежаванняў. Аднак па-ранейшаму застаецца нездавальняючым па ўтрыманню радыенуклідаў малако ў вёсках Красная Воля, Міжлессе, Засценак, Вулька 2, Рэдзігерава, Манасеева, Флярова, Чэрабасава, Барсукова, Перунова, Любань, Лахва, Ракітна, Бродніца, Сасноўка, Лугі, Сінкевічы, Кажан-Гарадок, Дрэбск, Вулька I.

Трэцяе. Даюцца рэкамендацыі.

28 чэрвеня. "Згодна з атрыманымі лабараторнымі данымі па ўтрыманню радыеактыўных рэчываў, раннюю агародніну (радыску, цыбулю і г.д.), зяленіва (шчаўе, кроп), ягады (клубніцы) ураджаю 1988 г. можна спажываць у ежу без усякіх абмежаванняў на тэрыторыі ўсяго раёна".

4 жніўня. "Па лабараторных даных, агародніну (агуркі, памідоры, бульбу і г.д.), яблыкі і ягады можна ўжываць у ежу на тэрыторыі раёна без абмежаванняў. Па-ранейшаму не рэкамендуецца ўжываць без папярэдняга лабараторнага даследавання малако ў вёсках Вулька 2, Красная Воля, Засценак, Добрая Воля".

1989 год

Можна з упэўненасцю сказаць, што ён стаў пераломным у асэнсаванні таго, што Лунінецкі раён сур'ёзна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Штуршком для гэтага сталі выбары народных дэпутатаў СССР. Па патрабаванню грамадскасці, кіруючых структур у кастрычніку — лістападзе 1988 г. праводзілася дэталёвае вывучэнне радыяцыйнай абстаноўкі Беларускім навукова-даследчым інстытутам радыяцыйнай медыцыны. I вывады: "Па папярэдніх даных, практычна на ўсёй тэрыторыі раёна ўстаноўленая Міністэрствам аховы здароўя БССР доза ў 35 бэр на ўсё жыццё з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС не будзе перавышана".

Але ж заспакойваючыя паведамленні не заспакойвалі гараджан і вяскоўцаў. Яны слалі лісты ў рэдакцыі, іншыя інстанцыі.

22 красавіка. Надрукавана інфармацыя І.І. Архіпчыка, І.А. Валіцкага і старшыні райаграпрама М. . Макоўскага аб радыяцыйнай абстаноўцы ў раёне.

"Адзначым, што радыяцыйная абстаноўка ў горадзе і раёне ў цэлым стабільная. Змяненняў гама-фону ў бок павышэння на мясцовасці не зафіксавана. Утрыманне радыенуклідаў у харчовых прадуктах таксама ў дапушчальных нормах. Агульны ўзровень гама-фону на тэрыторыі раёна складае 20 мікрарэнтген пры дапушчальным узроўні 200 мікрарэнтген. Гэта адпавядае, па даных Гідрамета БССР, нізкай шчыльнасці радыеактыўнага забруджвання.

Нямала ўзнікла непаразуменняў у сувязі з публікацыяй артыкула ў газеце "Правда", дзе гаварылася, у прыватнасці, што і на тэрыторыі Брэсцкай вобласці насельніцтва забяспечваецца чыстым харчаваннем і дадатковай аплатай. Яшчэў 1986 г. ЦК КПСС прыняў пастанову аб парадку распаўсюджвання льгот, даплат і г.д. для тэрыторый і населеных пунктаў, якія атрымалі радыяцыйнае ўздзеянне. Гэтыя льготы дзейнічаюць на тэрыторыі, дзе агульны ўзровень радыяцыі складае больш як 40 кюры на квадратны кіламетр.

У горадзе, ва ўсіх гаспадарках раёна праведзена дэталёвае картаграфаванне зямель па актыўнасці цэзію. Асноўная маса зямель утрымлівае не больш як 5 кюры на квадратны кіламетр. З узроўнем ад 5 да 15 кюры ёсць паша ў калгасах "Расія", "Новае Палессе", "Запаветы Ільіча", "XXV з'езд КПСС" і ПДМС.

Максімальная шчыльнасць забруджвання зарэгістравана ў вёсках Вулька 2, Флярова і Язвінкі (10 кюры), Барсукова (9 кюры), Добрая Воля, Сасноўка, Красная Воля (6 кюры), Засценак (5 кюры). Што датычыць астатняй тэрыторыі, то шчыльнасць забруджвання складае ад 0,2 да 3 кюры на квадратны кіламетр.

На тэрыторыі з узроўнем забруджанасці да 5 кюры ніякіх абмежаванняў для пражывання і ўсіх відаў дзейнасці няма. Са шчыльнасцю ад 5 да 15 кюры на квадратны кіламетр раслінаводства вядзецца па-ранейшаму, але патрабуюцца пэўныя тэхналагічныя мерапрыемствы для атрымання чыстых кармоў, што ўжо зроблена. За 1986 — 1988 гг. палепшаны кармавыя ўгоддзі шляхам пераворвання, вапнавання і ўнясення павышаных доз мінеральных і арганічных угнаенняў. Да 1990 г. аналагічныя аграпрыёмы будуць праведзены на 9 тысячах 108 гектарах.

Зараз маем ва ўсіх калгасах і саўгасах малако ў часова дапусцімых узроўнях. А для забеспячэння жыхароў горада і раёна, дзіцячых устаноў малочнымі прадуктамі на заводзе масла і САМ арганізавана прыёмка малака на асобнай лініі. Яно паступае з калгасаў "Гігант", "Зара", "Шлях Леніна", саўгаса імя Леніна, дзе самыя чыстыя кармавыя ўгоддзі. Мяса, якое паступае ў продаж, строга кантралюецца ў радыелагічных лабараторыях райкаапнарыхтоўпрама, калгаснага рынку. Бульба сёлета будзе пастаўляцца з калгасаў "Гігант", "Зара", "Шлях Леніна", саўгаса імя Леніна, дзе шчыльнасць забруджвання самая нізкая (ад 0,3 да 1 кюры на квадратны кіламетр), з астатніх гаспадарак прадукцыя пойдзе на прамысловую перапрацоўку. Агародніна на прылаўкі магазінаў горада і раёна паступіць з Гарадоцкай міжгаспадарчай цяпліцы. Яна таксама будзе чыстай.

На сённяшні дзень хвалюе якасць малака з асабістых падвор'яў. Гэта ў вёсках Міжлессе, Вулька 2, Бродніца, Красная Воля, Засценак, Барсукова, Перунова, Флярова, Рэдзігерава, Чэрабасава, Манасеева, Сітніца, Лахва, Лахаўка, Кажан-Гарадок, Дрэбск, Бараўцы, Купаўцы, Дзятлавічы, Сінкевічы, Сасноўка, Ракітна, Вулька І, Лугі, Любань, Язвінкі, Яжаўкі, Мікашэвічы, Залессе, Галы Бор, Вічын, Любачын, Азярніца, Сітніцкі Двор, Града, Запроссе, Моршчынавічы, Дварэц. Малако ад асабістых кароў тут ужываць нельга. Аднак людзі працягваюць яго піць. Трывожыць нейкае раўнадушша як да асабістага здароўя, так і да здароўя дзяцей.

У названыя населеныя пункты завозіцца чыстае малако па заяўках сельскіх Саветаў. Па-другое, сёлета жыхарам названых вёсак адведзена для пасьбы кароў 40010 гектараў культурнай пашы і для нарыхтоўкі кармоў — 3547 гектараў палепшаных сенажацей. А там, дзе няма такой магчымасці, са згоды вяскоўцаў будуць арганізаваны летнія лагеры на культурнай пашы.

У вёсках Сасноўка, Язвінкі, Вулька 2, Засценак, Добрая Воля, Барсукова, Красная Воля, Флярова па рашэнню аблвыканкама будзе праведзена добраўпарадкаванне: асфальтаванне дарог, замена платоў, дахаў, будаўніцтва водаправода. На гэтыя мэты адпушчана ўжо 1 мільён 600 тысяч рублёў. Асфальтаванне дарог і добраўпарадкаванне тэрыторый і ферм будзе весціся і ў іншых населеных пунктах.

Цяпер аб летнім аздараўленчым сезоне. Настойліва рэкамендуем дзяцей з названых васьмі вёсак летам вывезці за межы раёна для аздараўлення. Не будзе лішнім гэта і для дзяцей з вёсак, дзе забруджана малако ў асабістым сектары.

Стацыянарны лагер "Бярозка", а таксама піянерскія лагеры на базе ўсіх школ, акрамя Вулькаўскай 2 і Краснавольскай, будуць працаваць. Забараняецца ўдзел старшакласнікаў у механізаваных атрадах для работы ў палявых умовах.

Захворванняў, звязаных з чарнобыльскай аварыяй, у раёне не зарэгістравана.

Яшчэ раз паўтараем: пітная вада, прадукты харчавання па радыеактыўнаму забруджванню не перавышаюць дапушчальных узроўняў. Няма абмежаванняў для купання і загарання летам".

27 красавіка. Друкуецца артыкул "Радыяцыйная абстаноўка: рэальнасць і прагнозы" аб тым, што 24 красавіка з партыйна-гаспадарчым актывам горада і раёна сустрэліся: Віктар Мікалаевіч Бур'як — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач БССР, намеснік міністра аховы здароўя рэспублікі, намеснік упраўляючага справамі Савета Міністраў БССР па чарнобыльскіх пытаннях; Віктар Іванавіч Бурскі — старшыня аблвыканкама; Рыгор Данілавіч Богнат — загадчык аблана; Анатоль Майсеевіч Дабрыянін — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці; Барыс Іванавіч Капітонаў — генеральны дырэктар абласнога аб'яднання мяса-малочнай прамысловасці; Мар'ян Іванавіч Кулініч старшыня аблспажыўсаюза; Канстанцін Пятровіч Палулех — загадчык аддзела аховы здароўя аблвыканкама; Барыс Міхайлавіч Цялятнікаў — начальнік штаба грамадзянскай абароны вобласці.

Такая ж сустрэча ў гэты дзень пазней адбылася з працаўнікамі завода электрарухавікоў.

У сваім выступленні В.М. Бур'як адзначыў:

— Перш чым перайсці да характарыстыкі радыяцыйнай сітуацыі ў вас у вобласці, хацеў бы пачаць крыху здаля, таму што прадбачу пытанне: чаму ў вобласці пачынаем гаварыць аб радыяцыйнай абстаноўцы сёння, а не ў 1986 г. Згодна з дзейнічаючымі ў нашай краіне, як і ў любой іншай, дзе маюцца аб'екты ядзернай энергетыкі, нарматывамі, у выпадку ядзернай аварыі тэрмінова эвакуіруецца насельніцтва, якое на працягу кароткага часу, не болей 1 тыдня, можа атрымаць дозу агульнага апраменьвання 75 рэнтген. Калі ж і апраменьванне шчытападобнай залозы можа перавысіць пры такім аднамомантным апраменьванні 250 рэнтген, то таксама гэтае насельніцтва тэрмінова высяляецца. У сувязі з тым, што абстаноўка была далёка не такой, як яе маглі прагназіраваць, адсяленне было зроблена ў тры этапы: спачатку — строга з 30-кіламетровай зоны. Як аказалася пазней, людзі з шэрага населеных пунктаў былі адселены, як гаворыцца, з запасам і ўжо ў канцы 1986 г. у 12 населеных пунктах у 30-кіламетровую зону Брагінскага раёна былі вернуты. Летам 1986 г. было яшчэ два этапы эвакуацыі, калі высветлілі больш дакладна абстаноўку ў сувязі з выпаўшымі на глебу радыенуклідамі. Зноў жа, нямала жыхароў населеных пунктаў адсялілі з запасам.

Далей сітуацыя развівалася такім чынам: былі ўдакладнены граніцы радыеактыўнага забруджвання па-за межамі паўднёвых раёнаў Гомельшчыны. Тады ж увялі часовыя нарматывы бяспечнага пражывання: узровень забруджвання — 15 кюры на квадратны кіламетр па цэзію-137, 3 кюры — па стронцыю-90 і 0,1 кюры — па плутонію-239. Ва ўсіх пунктах, якія мелі забруджванне вышэй названых лічбаў, быў уведзены рэжым абмежаванняў, так званая зона жорсткага кантролю.

Населеныя пункты, дзе ўзровень радыяцыі быў ніжэй 15 кюры на квадратны кіламетр, увайшлі ў зону перыядычнага кантролю. Да такой тэрыторыі і былі аднесены населеныя пункты Брэсцкай вобласці. Тут максімальнае забруджванне даходзіла ў некаторых населеных пунктах да 12 кюры, а ў асноўным было не болей 10.

Тым не менш, мы ўвесь час разумелі, што Брэсцкай вобласцю трэба займацца. I як толькі з'явілася магчымасць, так і зрабілі. У сярэдзіне мінулага года была распрацавана канцэпцыя бяспечнага пражывання. Былі ўстаноўлены крытэрыі. Чалавек, перш за ўсё дзіця, якое нарадзілася пасля 1986 г., не павінна атрымаць, пражываючы вольна ў сваім населеным пункце, болей 35 рэнтген за ўсё жыццё. Гэты ўзровень у краіне быў вызначаны ўпершыню, хаця многія спецыялісты лічаць яго заніжаным прыкладна ў 1,5 — 2 разы. Абмяркоўваўся і ўзровень у 50 рэнтген.

Што значаць гэтыя 35 рэнтген? Спачатку прывяду прыклад. Японцы нядаўна апублікавалі даныя аб назіранні за 27 тысячамі людзей, якія ў момант ядзернага выбуху атрымалі 30 — 35 рэнтген аднаразовага апраменьвання. Зараз у гэтых людзей нарадзіліся ўнукі. Дык вось паказчыкі іх здароўя ніколькі не адрозніваюцца ад тых, хто не атрымаў апраменьвання. Акрамя таго, па даных Навуковага камітэта па дзеянню атамнай радыяцыі, які працуе пры ААН, 35 рэнтген звычайна атрымліваюць за ўсё жыццё медыкі, дзейнасць якіх звязана з радыяцыяй. Яны ацанілі абстаноўку ў чатырох раёнах Брэсцкай вобласці: Лунінецкім, Столінскім, Пінскім, Драгічынскім і ў некалькіх пунктах Іванаўскага.

Вывад адназначны: радыяцыйная сітуацыя зменена, узровень радыяцыі некалькі вышэй, чым быў да аварыі. Але дозы для жыхароў названых раёнаў ні ў якой меры не перавысяць 35 рэнтген.

Аднак заспакойвацца нельга. Каб выключыць усякую небяспеку радыяцыйнага апраменьвання, важна праводзіць пэўныя мерапрыемствы: перш за ўсё замяняць "бруднае" малако на чыстае. Па-другое, паляпшаць пашу шляхам правядзення спецыяльных аграпрыёмаў.

У Лунінецкім раёне з дозамі становішча больш-менш добрае. У гэтым сэнсе ў нас ніколі не з'яўлялася сумненняў. Дозы, якія мы пралічылі, практычна не адрозніваюцца ад тых доз, якія атрымлівае насельніцтва горада за кошт натуральнага радыеактыўнага апраменьвання. Змяненні, якія наглядаліся толькі ў першыя тыдні пасля аварыі, калі ў паветры і на глебе прысутнічала некаторая колькасць радыеактыўнага ёду. У далейшым абстаноўка нармалізавалася.

Сёння радыеактыўны фон у Лунінцы супадае з натуральным і ніколькі не адрозніваецца ад таго, што быў раней. Праўда, ваганні ёсць, але яны ў межах звычайных узроўняў. Гэта ад 10 да 20 тысячных мілірэнтгена ў гадзіну.

15 ліпеня. Друкуецца выпіска з даведкі па выніках даследавання радыяцыйнай абстаноўкі ў раёнах Брэсцкай вобласці ў 1988 г.

У кастрычніку — лістападзе 1988 г. ў раёнах Брэсцкай вобласці было праведзена комплекснае даследаванне бягучай радыяцыйнай абстаноўкі. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС разам з Гомельскай і Магілёўскай абласцямі радыеактыўнаму забруджванню падверглася таксама і частка тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Аднак з-за розных прычын паглыбленага вывучэння радыяцыйнай абстаноўкі ў гэтым раёне не праводзілася, а праведзеныя даследаванні ў сістэме Белгідрамета, санэпідслужбы, аграпрома не дазвалялі даць поўную ацэнку радыяцыйнай абстаноўкі і доз абпраменьвання насельніцтва. Паколькі з гэтага рэгіёна пастаянна паступалі звесткі аб тым, што ўзроўні забруджанага малака, мяса і іншых прадуктаў харчавання ў многіх выпадках перавышаюць часова дапусцімыя, узнікла пэўная насцярожанасць і жаданне ўнесці яснасць у радыяцыйную сітуацыю ў Брэсцкай вобласці. Улічваючы гэтыя абставіны, а таксама просьбу савецкіх і партыйных органаў вобласці, Міністэрства аховы здароўя БССР арганізавала комплекснае вывучэнне радыяцыйнай абстаноўкі ў Брэсцкай вобласці з тым, каб вызначыць ступень радыяцыйнага забруджання на сучасны момант і даць прагноз на будучае.

Мэтай даследавання было вывучыць рэальную радыяцыйную абстаноўку ў Столінскім, Лунінецкім, Пінскім і Драгічынскім раёнах Брэсцкай вобласці. Ставілася задача шляхам даследавання харчовых прадуктаў, атрыманых у асабістых падсобных гаспадарках, ацаніць узроўні, а таксама вызначыць утрыманне радыенуклідаў у арганізме жыхароў гэтых раёнаў. Па выніках даследаванняў меркавалася вызначыць сучасныя дозы абпраменьвання насельніцтва як за кошт унутранага паступлення радыенуклідаў, так і за кошт знешняга гамафону.

Зараз праводзіцца падрыхтоўчая работа па пераходу з 1990 г. да пастаянных нарматываў. За такі нарматыў прынята велічыня пажыццёвай дозы, роўная 35 бэрам за 70 год. Па гэтай прычыне неабходна было вылічыць пажыццёвую дозу для жыхароў населеных пунктаў указаных раёнаў Брэсцкай вобласці. Акрамя таго, ставілася задача па выніках даследаванняў даць рэкамендацыі па аптымізацыі радыеактыўнай абстаноўкі ў гэтым раёне. У рабоце прынялі ўдзел: НДІ радыяцыйнай медыцыны Міністэрства аховы здароўя БССР, абласны аддзел аховы здароўя і аддзел радыяцыйнай гігіены абласной санэпідстанцыі.

На верх старонкі