Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Цень Чарнобыля

1986 год

На Палессі заканчваўся другі веснавы месяц. Жыццё віравала ва ўсім сваім шматабліччы. Асабліва напружаныя дні былі на вёсцы. Пасяўная... Зводка раённага аграпрамысловага аб'яднання на 25 красавіка сведчыла аб хуткім заканчэнні сяўбы яравых і пасадцы бульбы...

26 красавіка 1986 г. прыпадала на суботу. Белгідрамет інфармаваў, што дзень будзе сухім, а тэмпература на Брэстчыне падымецца да 22 градусаў цяпла. Таму многія напярэдадні, у пятніцу, намячалі жыццёвыя планы: паехаць на дачу, на рыбалку, на дапамогу бацькам у вёску, ды і ці мала іншых клопатаў у чалавека.

Але ўжо няўмольна набліжаўся ракавы рубеж. Рубеж дзвюх эпох, нават больш — дзвюх эр у гісторыі чалавецтва: да- і паслячарнобыльскай.

Людзі мірна спалі. А на Чарнобыльскай АЭС падыходзілі да заканчэння спецыяльныя выпрабаванні на 4-ым энергаблоку. Г. Шашарын, былы намеснік міністра энергетыкі СССР па атамнай энергетыцы (эксплуатацыі), у часопісе "Новый мир" (№ 9, 1991 г.) піша: "Кнопку аварыйнай абароны аператар націснуў у 1 гадзіну 23 хвіліны 40 секунд. На пагружэнне ў актыўную зону былі падключаны аператарам усе стрыжні рэгулявання і абароны рэактара. Націсканне кнопкі адбылося, калі эксперымент практычна закончыўся. Падача пары на турбіну спынілася ў 1 гадзіну 20 хвілін 6 секунд, і турбагенератар быў на выбегу больш як 30 секунд (час, які дастатковы для развароту дызель-генератараў).

Пасля націскання кнопкі аварыйнай абароны адбылося наступнае: пры апусканні стрыжняў у рэактар стала хутка ўводзіцца (замест яе зніжэння) станоўчая рэактыўнасць, аўтаматы падтрымання магутнасці выйшлі са строю, а далей працэс стаў некіруемым".

Затое іншы працэс стаў кіруемым. Працэс замоўчвання сапраўдных маштабаў ужо не аварыі, а катастрофы, працэс дэзінфармацыі і хлусні, працэс непрыняцця мер на больш аддаленых ад атамнай станцыі тэрыторыях.