Г. А. Вайндрах


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Настаўнік, гісторык, краязнаўца

Георгій Аляксандравіч Вайндрах нарадзіўся 9 верасня 1925 г. у Адэсе. У 1948 г. скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. У 1954 — 1968 гг. працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдніх школах № 1 і № 3 г. Лунінца, адначасова вёў лектарскую работу, актыўна займаўся краязнаўствам, стварыў краязнаўчы гурток у школе. У 1959 г. на базе матэрыялаў гуртка была разгорнута часовая экспазіцыя раённага краязнаўчага музея, Г.А. Вайндрах актыўна супрацоўнічаў з раённай газетай, друкуючы матэрыялы па гісторыі Лунінеччыны, напрыклад, "Наш край у эпоху капіталізму", "У складзе Расійскай імперыі", "З гісторыі Лунінецкага раёна". У 1967 г. у Брэсце на правах рукапісу быў выдадзены яго дапаможнік для лектараў "Аб рэвалюцыйных традыцыях працоўных Лунінецкага раёна". У сваіх даследаваннях Георгій Аляксандравіч распрацоўваў самыя розныя аспекты і тэмы, і менавіта ён заклаў падмурак для мясцовага краязнаўства. На жаль, Вайндрах не выдаў кнігі аб Лунінеччыне, але сабраныя ім матэрыялы пазней былі выкарыстаны для такіх кніг (у тым ліку і для гэтага выдання).

З 1968 г. Г.А. Вайндрах працаваў у Брэсцкім педінстытуце выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, у 1978 г. стаў кандыдатам гістарычных навук, друкаваўся ў шэрагу выданняў. У жыцці быў добразычлівым і сціплым чалавекам, захапляўся шахматамі (якімі ахвотна займаўся са сваімі вучнямі ў Лунінцы). Памёр 1 лютага 1992 г.

Цікавы факт: у доме, дзе жыў Г. А. Вайндрах, сёння працуе раённы краязнаўчы музей, пры стварэнні якога былі выкарыстаны многія матэрыялы, сабраныя Георгіем Аляксандравічам.