Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Народныя калектывы

Хор Дзятлавіцкага ЦСДК

Заснаваны ў 1968 г. дырэктарам вясковага Дома культуры Уладзімірам Пятровічам Галаўко з настаўнікаў і работнікаў сельскага Савета. Кіраўнікамі хору таксама былі Барыс Іванавіч Шчур, Алена Апанасаўна Сакалова (з 1991 г.).

У 1982 г. хору першаму ў раёне прысвоена званне народнага.

Першапачаткова хор складаўся з 25 чалавек. Актывісты Надзея Антонаўна Урублеўская і Аліна Іванаўна Кацуба дапамаглі ў арганізацыі хору. Песні выконваліся двухгалоссем. Пазней пачалі працаваць над пяцігалоснымі творамі.

Рэпертуар хору ўвесь час аднаўляўся. Асабліва ўдаюцца калектыву песні "Хлеб — усяму галава" Мік. Кудрына, "Родная зямля" А. Літвінава, беларускія народныя песні ў апрацоўцы Мік. Сіраты "У полі бяроза", "За рэчкаю, за ракой", "Ты каліна, ты маліна", "Балада аб партызанцы Галіне" і інш.

Харавы калектыў неаднаразова выязджаў з канцэртамі на Украіну, у Польшчу, запрашаўся на купалаўскія святы у в. Вязынка, запісваўся на абласным радыё і тэлебачанні. Узнагароджаны дыпломамі 3 ступеней.

А. Яскевіч
Хор "Прыпяць" завода "Палесэлектрамаш"

Створаны ў 1982 г., з 1983 г. мае званне народнага. Арганізатар хору Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі звярнуўся не проста да песні народнай, а да песні палескай. Праяўляецца гэта не толькі ў падборы рэпертуара, але і ў манеры выканання.

Калектыў выконвае як беларускія народныя песні, так і песні беларускіх кампазітараў. "Ой, у полі азярэчка", "Ішоў Раман гаем", "Журавы", "У нас на Палессі", "Купальская лірычная", "Зязюленька", "Прывітальная" і інш.

Выступленні харавога калектыву неаднаразова запісваліся на абласным і рэспубліканскім тэлебачанні і радыё. У 1988 г. і 1989 г. выязджаў з канцэртамі ў Польшчу.

Л. Душко
Хор Палескага СДК

Створаны ў 1978 г., з 1984 г. мае званне народнага. Арганізатар хору — настаўніца музычнай школы Вольга Васільеўна Дземянчук. З 1993 г. хорам пачаў кіраваць Уладзімір Пятровіч Галаўко.

У актыве хору — Галіна Лаўранчук, Мікалай Гадорскі, сем'і Яворскіх, Ліберманаў, Волкавых, Кіпцэвічаў.

У рэпертуары беларускія народныя песні "Чаравічкі", "Ой, пад мостам", "Калгасная полька", руская народная песня "У дороженьки", украінская народная песня "Ой, на горы каліна" і інш.

Хор неаднаразова прымаў удзел у абласных і рэспубліканскіх аглядах мастацкай самадзейнасці.

У. Галаўко
Хор Дварэцкага ЦСДК

Створаны ў 1978 г., з 1985 г. мае званне народнага. Кіраўнікі: Барыс Ігнатавіч Шчур (з 1978 г.), Алена Афанасаўна Сакалова (з 1982 г.). У 1987 г. да кіраўніцтва хорам зноў вяртаецца Б.І. Шчур.

Рэпертуар хору складаюць у асноўным беларускія народныя песні: "Ішоў Раман гаем", "Пахаджала дзеванька"; песні беларускіх кампазітараў: "Весялуха" Эд. Ханка, "Добры дзень" Ул. Алоўнікава, "Спявай, маё Палессе" Мік. Вайцяхоўскага.

Калектыў з'яўляецца лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1991 г.), дыпламантам абласнога фестывалю вакальна-харавых калектываў і ансамбляў, прысвечанага Цітовічу (1992 г.).

В. Коўшык
Агітбрыгада "Рытм" Любанскага ЦСДК

Створана ў 1975 г., з 1986 г. мае званне народнай. Кіраўнікі: Міхаіл Карлавіч Мяцеліца(з 1975 г.), Міхаіл Сцяпанавіч Яраховіч (з 1987 г.), Віталь Мікалаевіч Кацуба (з 1992 г.).

У рэпертуары агітбрыгады праграмы "Залаты ключык", "У факта па пятніцах", "З песняй і газетай", "Праграма на сёння", складзеныя дырэктарам СДК М. Яраховічам і мастацкім кіраўніком М. Мяцеліцай. У 1991 г. пастаўлена праграма Уладзіміра Капіамідзе "Чарга". Рэгулярна выязджае ў населенныя пункты раёна.

Агітбрыгада з'яўляецца прызёрам абласнога конкурсу агітбрыгад (1986 г.), дыпламантам рэспубліканскага конкурсу (1986 г.).

М. Яраховіч
Аркестр народных інструментаў гарадскога Дома культуры

Створаны ў 1973 г., з 1986 г. мае званне народнага. Кіраўнікі: Міхаіл Іванавіч Манцэвіч (з 1973 г.), Андрэй Андрэевіч Жук (з 1987 г.), Мікалай Мікалаевіч Кочык (з 1988 г.).

У аснове рэпертуара аркестра народных інструментаў — творы беларускіх кампазітараў: "Жураўлі на Палессе ляцяць" І. Лучанка, "Зямля мая" Л. Захлеўнага, "Залатая восень" Я. Глебава, "Беларуская полька" І. Смялкоўскага; рускіх і замежных кампазітараў: "Рускі сувенір" А. Пятрова, "Чарнавокая казачка" М. Блантэра, "Чардаш". Калектыў выконвае песні самадзейнага кампазітара Я. Куфайкіна.

Аркестр народных інструментаў з'яўляецца дыпламантам абласнога агляду мастацкай самадзейнасці (1982 г.), дыпламантам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці, прысвечанага 40-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (1985 г.); дыпламантам абласнога агляду-конкурсу аркестраў народных інструментаў (1986 г.).

М. Корчык
Хор Лунінецкага чыгуначнага дэпо

Створаны ў кастрычніку 1944 г. як змешаны харавы калектыў, якім кіравалі Георгій Уладзіміравіч Гаеўскі, Тадэуш Казіміравіч Матэус, Макс Мендзялеевіч Гершман. З 1963 г. — аднародны мужчынскі хор, кіраўніком якога стаў Барыс Іванавіч Шчур. З 1987 г. мае званне народнага. У рэпертуары хору — беларускія, рускія, украінскія песні, але асаблівай папулярнасцю карыстаюцца арыгінальныя творы, прысвечаныя чыгуначнікам. Аўтар многіх з іх — самадзейны кампазітар, шматгадовы акампаніятар хору Яўген Якаўлевіч Куфайкін. Цяпер калектыву акампаніруе Аляксандр Гардзеевіч Лажко. Пастаяннымі салістамі хору з'яўляюцца Наталля Мурко і Павел Пракапчук. Калектыў прызнаны лаўрэатам абласнога, рэспубліканскага і ўсесаюзнага фестываляў (1965, 1967, 1977 гг.). Неаднаразова запісваўся на абласным і рэспубліканскім радыё і тэлебачанні.

Барыс Шчур
Хор ветэранаў вайны і працы клуба "Спадчына" гарадскога Дома культуры

Створаны ў 1988 г., з 1991 г. мае званне народнага. Кіраўнікі: Людміла Васільеўна Трухановіч (з 1988 г.), Барыс Іванавіч Шчур (з 1991 г.).

Хор змешаны, чатырохгалосны, акадэмічны. У рэпертуары песні ваенных гадоў: "Дороги" Новікава, "Лясная песня" Алоўнікава, "Ой, туманы мои" Захарава; беларускія народныя песні: "А ў цёмным лесе", "Варэнікі", "Бульба", "Усе гульні каля броду"; украінскія народныя песні "Ой, дзіўчыно, шумыць гай", "Сусідка"; песні мясцовых кампазітараў.

Удзельнікі хору, нягледзячы на ўзрост, актыўныя, энергічныя і працалюбівыя. Вялікай павагай карыстаюцца салісты Мікалай Канстанцінавіч Навіцкі, Аляксей Піліпавіч Троцкі і Марыя Пятроўна Пархімовіч.

Хор клуба "Спадчына" з'яўляецца дыпламантам занальнага і абласнога фестываляў (1988 г.), прысвечаных 45-ай гадавіне вызвалення г. Брэста; лаўрэатам фестывалю хораў ветэранаў вайны і працы (1991 г.).

М. Івашкевіч
Фальклорны калектыў Лобчанскага ЦСДК

Створаны ў 1984 г., з 1991 г. мае званне народнага. У калектыве 22 удзельнікі, ядро складаюць 6 сямейных пар. Кіраўнік Настасся Іванаўна Якавец — аўтар многіх песень, баек і казак, пераможца абласнога конкурсу сцэнарыяў народных абрадаў (1992 г.).

Фальклорны калектыў выступае з абрадамі "Запоіны", "Куста", "Талака" і інш., у якіх захоўваецца каларыт мясцовай гаворкі ў лексіцы і фанетыцы.

Разам з народнымі песнямі новае жыццё ў калектыве атрымліваюць беларускія танцы. Нараджаюцца тут і новыя, уласныя пастаноўкі, такія, як, напрыклад, " Полька па-лобчанскі".

Неаднаразова калектыў запісваўся на абласным і рэспубліканскім радыё і тэлебачанні. З'яўляецца лаўрэатам Усесаюзнага агляду фальклорных калектываў (1989 г.), дыпламантам рэспубліканскага конкурсу "Палескі карагод" (1991 г.), лаўрэатам III Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1991 г.).

Калектыў прадстаўляе яго кіраўнік Настасся Іванаўна Якавец:

— Адразу сабралася нас сем жанчын-энтузіястак. Але зразумелі, што без мужчын — і песня не тая. Паклікалі да сябе Рыгора Пятровіча Савіча, які з таго часу — наш незаменны баяніст. Акампаніраваць яму на бубне дапамагае жонка Вера Міхайлаўна.

Душа нашага гурту — баба Каця, Кацярына Канстанцінаўна Кавалец. Яна ўжо пенсіянерка, але столькі песень ведае, так прыгожа спявае, а ўжо падгалосак — дык проста на дзіва! Вучыць народнай спадчыне яна і ўнукаў, не раз выступалі ўжо яны разам з намі.

Запявала Нічыпар Важачанін — прыгожы мужчына і цудоўны талент. За ім цягнуцца многія нашы мужчыны. Разам з мужам спявае і жонка — Вольга.

Па-за канкурэнцыяй у прыпеўках — наша "Русланава" — Ніна Кавалец. Таксама спяваюць сямейным дуэтам з мужам Мікалаем.

Яшчэ дзве пары — Вера і Мікалай Калешкі, Наталля і Міхаіл Кавальцы. Маладыя, прыгожыя. Побач з імі маладзеюць душой і больш сталыя самадзейныя артысты, напрыклад, Зіна Самандык, Надзея Лабко — ужо пенсіянеркі, але ахвоты да песні — хоць адбаўляй.

Мой муж Іван Аляксеевіч таксама спявае ў нашым гурце.

Крыху пазней далучыліся да нас Ніна Якавец — прыгожы падгалосак, Вольга Антановіч, Марыя Раманчук, Марыя Самандык — яна адразу стала запявалай,— такі цудоўны і моцны другі голас.

Актыўныя ўдзельнікі нашага гурту — Надзея Якавец, Пеця Самандык, Ганна Кавалец. Апошнім часам не спявае з-за вялікага гора — страты сына — Ева Якавец, але мы лічым па-ранейшаму яе нашай, таму што цікавіцца навінамі, перажывае за нас, дапамагае ў нейкіх арганізацыйных момантах.

Амаль усе нашы самадзейныя артысты — калгаснікі, толькі я працую на чыгунцы. I нельга не адзначыць, што ў вытворчых справах яны таксама знаходзяцца ў ліку лепшых, перадавых. Відавочна, таму заўсёды нас падтрымлівае і дапамагае старшыня калгаса імя Фрунзе Фёдар Аляксеевіч Бірыла, ніколі не адмаўляе нам ні ў транспарце, ні ў грошах. Таксама шмат увагі ўдзяляе нашаму гурту загадчыца аддзела культуры райвыканкама Галіна Барысаўна Мар'іна — выдатны арганізатар, душэўны чалавек.

Рэпертуар наш створаны на мясцовым фальклоры. Наша агульнае перакананне: няма лепшай вадзіцы, як з роднай крыніцы. Успамінаем песні і абрады нашых дзядоў, не забываем напевы матуль. Ёсць у нас таксама песні, якія я сама прыдумала. Яшчэ пішу байкі і казкі, што выконваем у канцэртах. У аснову ўсіх маіх вершаваных твораў кладуцца сапраўдныя выпадкі, якія адбываліся ў нашай вёсцы.

Нашаму гурту неаднойчы прысвойваліся званні лаўрэатаў рэспубліканскага і ўсесаюзнага аглядаў мастацкай самадзейнасці. Шмат разоў выступалі мы на канцэртах у Пінску, Брэсце, Мінску, былі на гастролях у Польшчы, 10 праграм з нашым удзелам зняло абласное тэлебачанне, 5 разоў здымаліся ў папулярнай перадачы "Запрашаем на вячоркі!" і на рэспубліканскім ТБ. Нашы песні запісаны і гучалі па абласному і рэспубліканскаму радыё. Многія з іх ужо спяваюць іншыя калектывы фалькларыстаў, а песню "Жыта маці" нават развучвалі ў спецыяльнай радыёперадачы на ўсю рэспубліку. У 1992 г. выйшаў зборнік "Святы і абрады Берасцейшчыны", у якім з 9 апісанняў 4 належаць нашаму гурту і падрыхтаваны яны мною.

Аматарскае аб'яднанне "Жывіца" Вулькаўскага 1 СДК

Створана ў 1987 г., з 1992 г. мае званне народнага. Кіраўнік — дырэктар Дома культуры Вольга Фёдараўна Дударга.

Аматарскае аб'яднанне "Жывіца" ўключае ў сябе наступныя секцыі: аматараў фальклору, народных умельцаў, сямейнага мастацтва, гульні на народных інструментах і літаратурную секцыю. Удзельнікі клуба "Жывіца" ў сваёй дзейнасці выкарыстоўваюць такія формы, як вячоркі, выставы народнай творчасці; на мясцовым матэрыяле робяць пастаноўкі абрадаў "Купалле", "Каляды", "Хрышчэнне" і інш. У рэпертуары не толькі беларускія, але і ўкраінскія і рускія народныя песні.

На абласным свяце аматарскай творчасці (1991 г.) клуб узнагароджаны граматай абласнога Упраўлення культуры за дасягненні ў развіцці народнай творчасці. Выступаў у Польшчы.

В. Дударга
Аматарскае аб'яднанне "Світанак"

Створана ў 1980 г. пры Дзятлавіцкім СДК. З 1993 г. мае званне народнага.

Клуб аматараў сучаснай музыкі "Эліпс-21"

Створаны ў 1980 г. пры гарадскім ДК. З 1993 г. мае званне народнага.

Міжлескі хор народнай песні

Створаны ў лістападзе 1987 г. пры Міжлескім СДК. З 1994 г. мае званне народнага. Першым кіраўніком хору была Галіна Якаўлеўна Захаркевіч. З 1990 г. калектывам кіруе Барыс Іванавіч Шчур, канцэртмайстар Аляксандр Гардзеевіч Лажко.

На верх старонкі