Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Песні аб родным краі

Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі нарадзіўся ў вёсцы Кажан-Гарадок. У 1969 г. закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча па спецыяльнасцях: "выкладчык ДМШ па класу баяна" і "дырыжор самадзейнага аркестра народных інструментаў". У 1978 г. яму была прысвоена кваліфікацыя "хормайстар I катэгорыі".

З дзяцінства адчуваў Мікалай цягу да музыкі, якая заўсёды гучала ў іх хаце: маці з бацькам — калгаснікі, таксама вельмі захапляліся мастацтвам. Бацька добра граў на скрыпцы, старэйшыя браты — на гармоніках, а маці цудоўна спявала беларускія народныя песні. У пяць гадоў і Мікалай навучыўся граць на гармоніку.

Атрымаўшы музычную адукацыю, па размеркаванню прыехаў у вёску Беражное Столінскага раёна і выкладаў у музычнай школе. У той час Мікалай Вайцяхоўскі і напісаў сваю першую песню "У нас на Палессі", у якой расказаў аб любові да роднага краю. Лірыка-патрыятычная тэма стала асноўнай у творчасці самадзейнага кампазітара. Ён піша песні "Журавы", "Любы мой", "Ой скажы мне, рэчанька", "Палессе помніць" — апошняя прысвечана беларускім партызанам. Але самай вядомай стала песня "Спявай, маё Палессе!" Яе выконваюць самадзейныя харавыя калектывы, Дзяржаўны народны хор Беларусі, у выкананні якога песня запісана на грампласцінку фірмы "Мелодыя".

Вельмі цікавіцца Мікалай Вайцяхоўскі беларускай паэзіяй, карпатліва падбірае словы, вершы да сваіх песень. Асабліва любіць творы Аркадзя Куляшова, Алеся Ставера, Рыгора Барадуліна. Але, трэба адзначыць, што для большасці сваіх песень напісаў словы сам. Такія ўжо адметныя рысы сапраўднага таленту — разнастайнасць, шматграннасць. Дарэчы, у Мікалая Вайцяхоўскага была і "свая лабараторыя", дзе ўпершыню выконваліся яго песні,— гэта хор калгаса "Шлях да камунізму", які дабіўся выдатных поспехаў пад яго кіраўніцтвам: стаў лаўрэатам I Усесаюзнага фестывалю мастацкай творчасці працоўных, атрымаў ганаровае званне народнага.

З сакавіка 1982 г. М.Р. Вайцяхоўскі працуе кіраўніком хору "Прыпяць" Лунінецкага завода электрарухавікоў. Ужо праз год і гэтаму хору прысвойваецца званне народнага.

Творчая дзейнасць самадзейнага кампазітара адзначана сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1982 г.), Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1980 г.). Кароткая замалёўка аб ім падрыхтавана на падставе публікацыі ў газеце "Голас Радзімы" (31.05.1979 г.), а наогул аб творчай дзейнасці Мікалая Вайцяхоўскага неаднаразова пісалі газеты "Заря", Знамя юности", "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", часопіс "Беларусь", зняты тры тэлевізійныя фільмы: "Спявай, маё Палессе", "Песня нараджаецца ў сэрцы", для перадачы Цэнтральнага тэлебачання — "Разам — дружная сям'я".