Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

"Мне родны край даў мужнасць"

"Песню аб Прыпяці", якая неаднойчы гучала са сцэн устаноў культуры раёна, а ў выкананні народнага хору калгаса імя Калініна — па абласному радыё і тэлебачанні, чулі, верагодна, многія. Аб аўтару слоў і музыкі звычайна гаварылася толькі, што ён — наш зямляк.

Андрэй Данілавіч Гурбановіч нарадзіўся ў вёсцы Кажан-Гарадок у сям'і, дзе любілі, шанавалі і перадавалі з пакалення ў пакаленне народныя спевы. I Андрэй, і тры яго браты вельмі любілі, калі доўгімі зімовымі вечарамі ў іх хаце збіраліся старэйшыя, каб паспяваць за працай, маладзейшыя — каб размяць ногі ў вясёлым танцы. Старэйшы сын Гурбановічаў мог далучыцца і да тых, і да другіх, бо так віртуозна, як ён, на гармоніку не граў ніхто. У хуткім часе ён асвоіў і баян.

Можа, нікога і не здзіўляла б захапленне хлопца музыкай, калі б не адна акалічнасць. Справа ў тым, што яго знаёмства з музычнай граматай, як і з граматай наогул, праходзіла па сістэме Брайля. Андрэй недабачваў з маленства. Пасля няўдалай аперацыі ў 14 гадоў ён атрымаў II, а хутка і I групу інваліднасці. На вучобу прыйшлося ездзіць у Гродзенскую завочную школу для сляпых. Але гэта не стала хлопцу ў цяжкасць. Прага да ведаў, прага да музыкі перамагла ўсе іншыя перашкоды. Навучыўшыся чытаць і пісаць, Андрэй атрымаў магчымасць дзяліцца з лістом паперы сваімі думкамі і пачуццямі. Смутак і боль душы выліваліся ў вершы. Сам сябе суцяшаў: не зусім жа сляпы, можа, Бог дасць, усё яшчэ будзе добра.

Першыя вершаваныя спробы абудзілі жаданне падбіраць да іх музыку. Па той жа сістэме для сляпых асвоіў нотны стан. Але музычных ведаў не хапала, таму вырашыў стаць вучнем Лунінецкай музычнай школы. Пры дапамозе выкладчыка Я.Я. Куфайкіна закончыў курс па класу баяна за адзін год і паступіў у Баранавіцкае музычнае вучылішча, стаў музычна адукаваным.

Спачатку ўладкаваўся на пасаду загадчыка Цнянскага клуба, а потым працаваў у роднай вёсцы мастацкім кіраўніком у Доме культуры, потым метадыстам па культурна-масавай рабоце ў міжкалгасцяпліцы. Але не ўсім падабалася, што пасаду займае амаль сляпы чалавек. Застаўшыся без работы ў 1971 г., Андрэй Данілавіч страціў надзею зноў знайсці яе. Але не ў яго правілах сядзець склаўшы рукі. Узяўся за арганізацыю хору ў раённым таварыстве сляпых. Нягледзячы на тое, што ніякай іншай грашовай дапамогі не атрымліваў, адчуваў вялікае задавальненне ад работы. Радавала, што, дзякуючы яму, людзі, страціўшыя зрок, хто часткова, хто поўнасцю, забывалі пра свой боль. Калектыў выязджаў з канцэртамі да таварышаў па няшчасцюў Брэст, Пінск, Івацэвічы. Неаднаразова займаў прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах мастацкай самадзейнасці.

У 1992 г. жыццё Андрэя Данілавіча Гурбановіча напоўнілася новым сэнсам. Дырэктар Лунінецкага ПТВ-160 А.Д. Клімчук запрасіў яго ўзначаліць харавы калектыў вучылішча. Песні самабытнага кампазітара набылі новае жыццё, нават вядомая "Прывітальная песня" загучала, здаецца, па-новаму. Роднай зямлі, беларускаму Палессю прысвечана большасць твораў А. Гурбановіча. Менавіта з малой радзімай звязана самае шчырае і патаемнае:

Па родным Палессі
Раніцай пайду,
На лугі, балоты,
Вокам павяду.
А над лесам сонца
Засмяецца мне,
I жаўрук у полі
Песню запяе.
Гэта словы з песні "Раніца на Палессі". Яе жаночая група хору выконвае з асаблівым натхненнем. Яно і зразумела. Песня не можа не кранаць да глыбіні душы. Тым больш што напісаў яе чалавек, які не бачыць усяго гэтага хараства.

— Затое я ўсё вельмі чуйна ўспрымаю на слых, — тлумачыць Андрэй Данілавіч. — Вельмі люблю раніцу, калі людзі яшчэ спяць і ўсё жывое толькі пачынае абуджацца пасля сну.
Распазнаю шчэбет кожнай птушкі. Гукі, шумы не проста чую, я іх адчуваю...

Каб лягчэй было аднаўляць у памяці мелодыю, Андрэй Данілавіч заўсёды запісвае яе на магнітафонную стужку і толькі потым пераносіць на нотны стан. Самабытны кампазітар напісаў 25 песень.

Найбольш заўзятым слухачом песень дзядулі з'яўляецца маленькі ўнук, названы Андрэйкам у яго гонар. Старэйшаму Гурбановічу вельмі хацелася б, каб разам з імем і прозвішчам малы атрымаў у спадчыну тую захопленасць, якая ў свой час дапамагла пераадолець псіхалагічны бар'ер паміж ім і навакольным светам, — захопленасць песняй.

Святлана Гарда