Слесары-зборшчыкі ўчастка па выпуску тавараў народнага спажывання Лунінецкага завода па вытворчасці рухавікоў для сельскай гаспадаркі. Злева — дэлегат XII Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве Раіса Курашка. 1985 г.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

У складаныя часы

Імклівае і зменлівае жыццё, характэрнае для краіны з другой паловы 80-ых гадоў, не абмінула, вядома, і раён. Лунінчан закранулі кампаніі па барацьбе з алкагалізмам і непрацоўнымі даходамі (1985 г.), не засталіся яны ў баку ад барацьбы за мір, што пашырылася ў пачатку перабудовы (у верасні 1986 г. у горадзе адбыўся антываенны мітынг). Чарнобыль стаў болем і смуткам Лунінеччыны на доўгія гады, хоць і не адразу даведаліся тут праўду аб радыеактыўным забруджванні. Укараняліся ў раёне таксама эканамічныя новаўвядзенні. У 1987 г. з'явіліся першыя кааператывы, неўзабаве — арэндныя брыгады. Асобныя прадпрыемствы і цэхі пачалі пераводзіцца на гасразлік. У 1990 г. у Сінкевічах быў створаны філіял савецка-швейцарскага прадпрыемства па вытворчасці драўніны.

Рэабілітацыя ахвяр былых рэпрэсій... Хранічныя крызісы з таварамі народнага ўжытку (мыйнымі сродкамі і цукрам, напрыклад)... Увядзенне картак спажыўца, талонаў і купонаў... Недахоп сыравіны, з-за чаго мясцовыя прадпрыемствы нярэдка спыняліся або былі пад пагрозай спынення... Стварэнне забастовачных камітэтаў на буйных прадпрыемствах... Гуманітарная дапамога з Захаду і паездкі туды дзяцей на аздараўленне... Распад СССР і з'яўленне незалежнай Беларусі... Усе гэтыя падзеі прайшліся і праз лёсы лунінчан.

I ўсё ж раён імкнуўся не страчваць свае пазіцыі ў эканоміцы. У 1989 г. 7 прамысловых прадпрыемстваў раёна вырабілі прадукцыі на 55,7 мільёна рублёў (у 10 разоў больш, чым у 1975 г.), у тым ліку "Граніт" — на 36,2 мільёна, завод "Спецжалезабетон" — на 11,4 мільёна. За той жа год 6 гарадскіх прадпрыемстваў вырабілі тавараў на 65,3 мільёна рублёў, у тым ліку завод электрарухавікоў — на 34,9. Лунінецкая прамысловасць вырабляе шчэбень, зборны жалезабетон, электрарухавікі, драўніну, піламатэрыялы, паркет, стальное ліццё, поліэтыленавыя мяшэчкі, плёнку, коркі, рыбу, масла і сухое абястлушчанае малако.

У сельскай гаспадарцы таксама лунінчане імкнуліся "трымацца на ўзроўні". Лічбы сведчаць, што раён па-ранейшаму з'яўляўся адным з лепшых у вобласці па сельскагаспадарчай вытворчасці. Калгас "Шлях да камунізму" у 1986 г. атрымаў па 480 ц/га бульбы. У створаны ў 1985 г. клуб даярак-чатырохтысячніц уваходзілі толькі 9 чалавек, а ў 1989 г. — ужо 61 з 11 гаспадарак. За 1985 — 1989 гг. сярэднегадавая вытворчасць зерня ўзрасла на 17 200 тон. 7 гаспадарак атрымалі яго больш за 33 ц/га, а ПДМС у 1989 г. — 50,5 ц/г. У 1989 г. гаспадаркі раёна сабралі 66 878 тон збожжа, 62 675 тон бульбы, 14 137 тон мяса, надаілі 51 851 тону малака (па 3443 кг ад каровы). Мелася 63 120 галоў буйной рагатай жывёлы (у тым ліку 15 000 кароў) і 15 000 свіней.

7 будаўнічых арганізацый у 1989 г. ажыццявілі падрадных работ на 6,4 мільёна рублёў у горадзе і на 25 мільёнаў — у раёне. БУ-63 у 1986 г. на два гады раней тэрміну здала другую чаргу драбільна-сартавальнага завода. У Мікашэвічах была пабудавана СШ № 2, у Лунінцы — СШ № 4, станцыя тэхабслугоўвання аўтамабіляў, у Велуце — новая школа.

Усяго за другую палову 80-ых гадоў было здадзена 80 тысяч кв. метраў жылля, 4 школы, дашкольныя ўстановы на 880 месцаў.

У 1991 г. вырас новы пасёлак ля в. Дубаўка для перасяленцаў з радыяцыйна забруджанай в. Добрая Воля. У тым жа годзе былі здадзены ўчастковая бальніца ў Кажан-Гарадку, дзіцячы сад у Рэдзігераве, звыш 60 кіламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём.

У сярэдзіне 80-ых у Лунінцы стала працаваць новая АТС на 2500 нумароў (старая мела толькі 1200).

На мяжы 80 — 90-ых гадоў у Лунінцы пабудаваны новы хлебазавод, пуцеправод, рэканструяваны цэх безалкагольных напіткаў, узведзены корпус цэха тавараў народнага спажывання завода "Палесэлектрамаш", раённая інспекцыя статыстыкі, пажарнае дэпо, 2 дзіцячыя сады, сталовая чыгуначнікаў, Дом быту, камбінат грамадскага харчавання, 3 магазіны, 2 інтэрнаты, 1529 кватэр, расшырана гарадская АТС.

Заасфальтаваны 21 км дарог, пракладзены 4 кіламетры водаправода і 3 кіламетры каналізацыі. Дабудоўваюцца некалькі шматпавярховых дамоў. На былым калгасным двары прадугледжана будаўніцтва новага мікрараёна, а на ўскрайках горада распрацаваны 5 кварталаў катэджнай забудовы.

У 1990 г. адкрыліся амбулаторыя ў Сінкевічах і Багданаўцы, ФАП у в. Манасеева, у 1993 г. — амбулаторыі ў Краснай Волі, Дзятлавічах, Вульцы 2, Язвінках.