Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Аўтар "Лунінецкага вальса"

У розных пакаленнях лунінчан імя Яўгена Якаўлевіча Куфайкіна выклікае своеасаблівыя пачуцці. Больш сталыя ўспамінаюць "Лунінецкі вальс" і звязаную з ім маладосць, а дзетвара ведае гэтага чалавека, як вельмі ўважлівага да выхаванцаў выкладчыка дзіцячай музычнай школы. Працаваць сюды ён прыйшоў у 1959 г., ды так і застаўся, назаўсёды звязаўшы свой лёс з Лунінеччынай, з родным Палессем, узнёсла апетым у песнях і вершах. Так-так, у маладосці Яўген Якаўлевіч спрабаваў пісаць і вершы. Але прыхільнасць да музыкі, музычнай творчасці ўзяла верх. Паэтычная натура гэтага чалавека знайшла ўвасабленне ў непаўторных мелодыях і дагэтуль любімых лунінчанамі песень.

Цікавая гісторыя стварэння песні "Лунінецкі вальс", напісанай амаль 30 год назад.

— У той год у Лунінец на гастролі прыехаў Брэсцкі тэатр імя Ленінскага камсамола. Артысты ставілі на лунінецкай сцэне, як зараз памятаю, п'есу "Небяспечная прафесія" аб рабоце савецкага разведчыка, — успамінае Я.Я. Куфайкін. — Але раптоўна захварэў баяніст, які адказваў за музычнае афармленне пастаноўкі. Уяўляеце, як выглядала б п'еса без музычнага аздаблення? Нехта з лунінчан падказаў кіраўніку трупы, што ёсць, маўляў, у Лунінцы мясцовы віртуоз-музыкант. У той жа дзень мяне знайшлі і папрасілі дапамагчы. Я быў у водпуску, таму згадзіўся. Не ведаю, ці то ім спадабалася, як я іграю, ці было ў іх бязвыхаднае становішча, але артысты папрасілі дапамагаць ім і ў далейшым. 20 дзён ездзіў з трупай па Брэстчыне. Пазнаёміўся з выдатнымі людзьмі, незвычайнымі, цікавымі. Асабліва запомніўся заслужаны артыст БССР Аляксей Максімавіч Самарын. Ужо пажылы чалавек, ён нязменна здзіўляў нястомнай энергіяй, юнацкім задорам. Штораніцы сустракаў нас трапнымі эпіграмамі. Бачачы яго паэтычныя здольнасці, папрасіў напісаць верш пра Лунінец. А музыка была амаль гатова. Так і нарадзіўся "Лунінецкі вальс". Праўда, першы яго варыянт быў прысвечаны больш Лунінеччыне, яе выдатным мясцінам, у прыватнасці возеру Беламу. Але потым мясцовы аматар паэзіі, урач Мікалай Андрэевіч Прымчык напісаў новыя словы да гэтай песні. Такой і ведаюць яе лунінчане.

У Яўгена Якаўлевіча сярод усіх ёсць найбольш любімыя і памятныя творы. Да іх адносіцца і песня "Кароткая ты, ночка летняя". Менавіта доўгі час яе з поспехам выконваў харавы калектыў Брэсцкага музычнага вучылішча.

Нямногім самадзейным харавым калектывам пашчасціла мець сваіх, хоць і не такіх знакамітых, камназітараў. Народнаму хору лакаматыўнага дэпо ў гэтым сэнсе пашанцавала. Доўгі час Я.Я. Куфайкін пісаў песні менавіта для яго. Нямала іх і дагэтуль у рэпертуары самабытнага калектыву. Перш за ўсё, вядома, песня "Машыністы".

Для сваіх песень Яўген Якаўлевіч звычайна браў вершы мясцовых паэтаў. Іншы раз выкарыстоўваў найбольш мілагучныя і вядомых аўтараў. А здаралася, да слоў непапулярных песень пісаў новую музыку, і песня, якой наканавана было забыццё, быццам нараджалася зноў.

Я.Я. Куфайкін памятае многіх з тых, хто ў невялічкім класе баяна сядзеў перад партытурай з нотамі. Здольных і не вельмі, старанных і непаседлівых. Больш як дзесяць выхаванцаў Яўгена Якаўлевіча пайшлі па яго слядах, прысвяцілі сябе культурна-асветніцкай рабоце.

Кожны з дзяцей для яго — цэлы непаўторны свет. Якое шчасце працаваць са здольнымі выхаванцамі! Чалавек, мабыць, так ужо створаны, што хоча вынікі сваёй працы бачыць амаль адразу.

— Я заўсёды з хваляваннем успамінаю дзвюх сваіх вучаніц — Жанну Бярозка і Алену Бярозка, — расказвае Я.Я. Куфайкін. — Гэта сапраўдныя жамчужынкі сярод маіх выхаванцаў, здольныя, нават таленавітыя. Жанна ў свой час стала пераможцай куставога конкурсу юных выканаўцаў. Потым з бляскам паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча. Разам з тым упэўнены: няздольных дзяцей не бывае. Так, з тымі, хто пазбаўлены ярка выражаных музыкальнага слыху і голасу, цяжэй працаваць, але затое якія жаданыя добрыя вынікі! Некалі прывялі да нас хлопчыка Валодзю Лукашэвіча. Ну, ведаеце, ні слыху, ні голасу, як кажуць. Конкурсу ў нашу школу няма, таму бяром усіх, хто жадае. А тут яшчэ спадабаўся мне нечым хлопчык. I, як аказалася, недарма. Я проста дзівіўся, з якой ахвотай і жаданнем бярэцца ён за справу. Задам на дом заданне — ён тры выканае. I што ж вы думаеце, да канца вучобы ён добра іграў на баяне, гітары, іншых музычных інструментах, хораша спяваў. I гэта яшчэ не ўсё. Паступіў у музычнае вучылішча і зараз сам працуе выкладчыкам у школе.

Прыклад, які прывёў у расказе Яўген Якаўлевіч, зусім не выпадковасць. Ён — яшчэ адзін доказ таго, як важна, каб дзеці заўсёды адчувалі падмогу, падтрымку і веру ў свайго настаўніка. Менавіта таму ў апошні час Я.Я. Куфайкін крыху адышоў ад напісання музыкі да песень. Больш складае эцюды і апрацоўкі для дзяцей, якія дапамагаюць і яму, і рабятам у рабоце.

Таццяна Вайцяхоўская