Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Памяць — не толькі кніга

Вось і адгорнуты апошнія старонкі кнігі. У складаны час яна ўбачыла свет. Згаленне людзей, шалёны рост цэн, эканамічны крызіс у прамысловасці і сельскай гаспадарцы... У дадатак яшчэ вынікі катастрофы на ЧАЭС — большая частка раёна радыяцыйна забруджана, небывалая летняя паводка — вялікае стыхійнае бедства. Але ўсё ж лунінчане ўмудраюцца жыць не хлебам адзіным. За тры непараўнальна цяжкія для рэспублікі гады тут стварылі гісторыка-дакументальную хроніку, да работы над якой камісія прыступіла ў ліпені 1991 г. Яе ўзначаліў старшыня райсавета, народны дэпутат Рэспублікі Беларусь Пётр Андрэевіч Скарабагацька. Ён здолеў зразумець важнасць гэтай работы для аднаўлення гістарычнай самасвядомасці беларускага народа, адраджэння нацыянальных пачуццяў і не абмежаваўся фармальным кіраўніцтвам, а адразу спрыяў дзейнасці камісіі неабходнай матэрыяльнай падтрымкай. Наяўнасць фінансавых сродкаў дазволіла заключыць дагаворы з навуковымі ўстановамі і архівамі, прыцягнуць да гэтай справы вучоных, даследчыкаў, супрацоўнікаў архіваў.

У вырашэнні матэрыяльных і арганізацыйных пытанняў камісіі дапамагалі старшыня райсельгасхарчу А.I. Волчык, кіраўнікі калгасаў "Расія" В.Ф. Абраменя, "Маяк" В.М. Адзішчаў, імя Фрунзе Ф.А. Бірыла, імя Калініна В.А. Дадышка, дырэктары завода "Палессеэлектрамаш" В.Ф. Бацоха, МП "Лунінецрамбуд" В.М. Вакульчык, завода масла і САМ А.Ю. Шахатуні.

Падтрымка райсавета дала магчымасць камісіі не абмяжоўвацца непасрэдна рукапісам, не замыкацца ў кабінетнай цішыні, а яшчэ і актыўна прапагандаваць сярод жыхароў раёна любоў да гісторыі роднага краю, ушаноўваць памяць аб яе велічных і трагічных старонках. Арганізацыйную дапамогу камісіі заўсёды аказвалі раённыя аддзелы культуры і адукацыі. Такі напрамак дзейнасці знайшоў шырокі водгук у грамадскасці Лунінеччыны, мясцовых жыхароў, ураджэнцаў раёна — цяпер грамадзян іншых дзяржаў.

З 1991 г. ў раёне адзначаюцца не толькі агульнанародныя святы Перамогі і вызвалення, але і Дні памяці загінуўшых вёсак. Штогод у трагічныя даты ля помнікаў ахвярам фашызму збіраюцца прадстаўнікі сельсаветаў, калгасаў, педагогі, культработнікі, ускладаюць кветкі да абеліскаў, хвілінай маўчання ўшаноўваюць памяць загінуўшых землякоў, у школах праводзяцца Урокі памяці.

I ў трагедый бываюць свае юбілеі. Восенню 1992 г. адзначалася 50-годдзе знішчэння гета на тэрыторыі раёна. Мітынг-рэквіем у памяць аб амаль дзесяці тысячах загінуўшых яўрэяў Лунінца, Кажан-Гарадка, Лахвы, Мікашэвіч, Луніна, Вялікіх Чучавіч і іншых вёсак раёна адбыўся ў Лахве, каля рэканструяванага помніка на магіле ахвяр Лахвенскага гета, якія ўзняліся на паўстанне. У гэтыя ж дні для шырокага наведвання быў адкрыты і рэканструяваны мемарыяльны комплекс у Кажан-Гарадку.

У правядзенні Дня памінання прыняла ўдзел дэлегацыя з Ізраіля — ураджэнцы гэтых мясцін. Дзякуючы ім былі атрыманы спісы загінуўшых ахвяр гета, звесткі аб яўрэйскіх старонках гісторыі Лунінеччыны. Госці пакінулі ў падарунак камісіі кнігі "Памінальная малітва. Лунінец. Кажан-Гарадок, Лахва. Першае паўстанне ў гета" — аналагі кнігі "Памяць", якія выдадзены ў Ізраілі яшчэ ў 50-ыя гг. і па гарачых слядах занатавалі ўспаміны відавочцаў падзей даваеннага і ваеннага часу.

Наступны, 1993 г. быў адзначаны сумнай датай — 50-годдзем знішчэння большасці лунінецкіх вёсак, лунінецкіх Хатыняў. Мітынг-рэквіем адбыўся ў Мелясніцы, ля помніка загінуўшым жыхарам вёскі. Як і ў мінулагодні Дзень памінання, быў распрацаваны сцэнарый, ключавымі момантамі ў якім з яўлялася выступленне сведкаў трагедый, ускладанне вянкоў і кветак, тэматычны рэпертуар канцэртных праграм — як правіла, выступае народны хор ветэранаў вайны і працы "Спадчына", літмантаж дзяцей з запаленымі свечкамі ў руках.

Правядзенне Дзён памінання было запісана на відэакасету.

Сярод людзей ваеннага пакалення ёсць катэгорыя, на якую сталі звяртаць увагу толькі ў апошні час: гэта остарбайтэры — вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію, вязні нямецкіх канцлагераў. Камісія па стварэнню кнігі "Памяць" стала праводзіць дабрачынныя вечары-сустрэчы гэтых людзей 11 красавіка — у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Працоўныя калектывы горада і раёна не адмаўляліся матэрыяльна падтрымліваць правядзенне гэтага дня, што дазваляла зрабіць гаротным лунінчанам невялікія падарункі.

У канцэртнай праграме гэтых вечароў заўсёды прымалі ўдзел юныя самадзейныя артысты фальклорнага ансамбля "Сунічка" з в. Вулька 1 пад кіраўніцтвам Людмілы Іванаўны і Уладзіміра Каленікавіча Калянковічаў. Па хадайніцтву камісіі дзіцячы калектыў Фонд міру Беларусі ўзнагародзіў паездкай у Англію, дзе ён таксама дэманстраваў сваё мастацтва.

Калі адзначэнню падзей ваенных гадоў ніхто не пярэчыў, то наконт літаратурных святаў спачатку былі сумненні. Хіба патрэбна сёння людзям паэзія? — меркавалі многія. Барацьба за выжыванне, дыктуемая новымі, жорсткімі законамі рынку — вось, маўляў, галоўнае.

Аднак камісія вырашыла пайсці насуперак суровай прозе рэчаіснасці. I аказалася: у самыя цяжкія часіны не знішчыць у душах людзей прагу да цудоўнага.

Двойчы наведваў Лунінеччыну Якуб Колас. У гонар яго сталі праводзіцца лунінецкія Каласавіны. Першае такое літаратурнае свята адбылося з нагоды 80-годдзя знаходжання К.М. Міцкевіча ў Лунінцы, у лістападзе 1991 г. У ім прынялі ўдзел дэлегацыі пісьменнікаў з Брэста — Алесь Каско, Ніна Мацяш, Мікола Пракаповіч, Валянціна Кукса,з Валыні (Украіна) — Васіль Гэй, Пятро Мах, Іван Чарнецкі. У горадзе былі адкрыты дзве мемарыяльныя дошкі ў памяць народнага песняра. А госці таксама выступілі ў Сінкевічах.

На гэту вёску быў перанесены "эпіцэнтр" свята на наступны год. У Сінкевіцкай школе адкрыўся музей народнага песняра. Сярод гасцей свята знаходзіўся дырэктар Стаўбцоўскага музея, сваяк Якуба Коласа Георгій Міхайлавіч Міцкевіч.

Трэція Каласавіны ў 1993 г. прайшлі ў Лунінецкім ПТВ-146 і ў Палацы культуры ВА "Граніт" у Мікашэвічах, дзе была паказана вялікая мастацкая праграма. На будынку вакзала ў Мікашэвічах устаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць аб знаходжанні тут Якуба Коласа ў 1947 г.

Абавязковыя састаўныя часткі лунінецкіх Каласавін: конкурс чытальнікаў вершаў паэта сярод школьнікаў, конкурсы малюнкаў на тэмы твораў пісьменніка, музейныя выставы аб жыцці і творчасці народнага песняра, свята вуліцы Якуба Коласа — народнае гулянне з ушанаваннем старажылаў.

Натхнёная падтрымкай кіраўніцтва і захапленнем мясцовых жыхароў, камісія выступіла арганізатарам яшчэ аднаго літаратурнага свята. У 1992 г. ў Лунінцы і ў в. Цна 2 жніўня адбылося літаратурнае свята памяці рускага паэта Аляксандра Блока, які таксама быў на Лунінеччыне, і яго даследчыка, нашага земляка Міколы Калінковіча, які трагічна загінуў у 1990 г. у Тбілісі.

Сустрэча аматараў паэзіі зноў была інтэрнацыянальнай — у госці прыехалі літаратары, музейныя работнікі, журналісты, фальклорныя калектывы з Лунінца, Пінска, Сарнаў (Украіна), у тым ліку адзін са старэйшых заходнебеларускіх і ўкраінскіх паэтаў Васіль Струмень (А.М. Лебедзеў). Незабыўныя ўражанні пакінула свята в. Цна — з двума радамі выстаўленых па абодва бакі вуліцы сталоў з частаваннем, раскінутым на агароджах даматканым багаццем кожнага дома.

Эстафету пераняла другая вёска — Лобча, якая ў дзень вызвалення Лунінеччыны ад акупантаў — 10 ліпеня 1993 г. — таксама гасцінна, з пракладзенымі ад веснічкаў па пяску да асфальтавай дарогі даматканымі палавікамі, прымала гасцей і ветэранаў вайны, салдацкіх удоў і сірот.

Другое літаратурнае свята ў памяць Блока і Калінковіча адбылося 24 ліпеня 1993 г., у час якога была адкрыта мемарыяльная дошка на станцыі Лоўча, дзе спыняўся рускі паэт, і выпушчаны памятны вымпел.

Дарэчы, адбывалася літаратурнае свята ў тыя дні, калі Лунінеччына літаральна патанала ў вадзе з-за небывалай летняй паводкі і многія людзі былі заклапочаны выратаваннем маёмасці ад праліўных дажджоў. "Стихия и стихи..." Чым не словаспалучэнне для паэтычнага радка? Тым больш, што спалучыла іх само жыццё... Напэўна, нехта палічыў літаратурнае свята на фоне стыхійнага бедства "пиром во время чумы". Але не трэба разглядаць гэта як выклік стыхіі — можна ж проста ўспрымаць яго як ілюстрацыю да простай думкі — жыццё павінна працягвацца, нягледзячы ні на што. I нават сама прырода маўкліва пагадзілася з гэтым — у дзень свята, 24 ліпеня, у другой палове дня нарэшце выглянула сонца.

Не лічачыся з уласным часам, забываючы пра водпускі і выхадныя дні, ініцыятарам, арганізатарам, аўтарам сцэнарыяў і вядучай усіх вышэй названых мерапрыемстваў з'яўляецца Таццяна Васільеўна Канапацкая, рэдактар раённай газеты "Лунінецкія навіны", намеснік старшыні камісіі па стварэнню кнігі "Памяць". Дапамагае ёй увесь вялікі калектыў раённых культработнікаў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, майстроў народнай творчасці на чале з загадчыкам аддзела культуры райвыканкама Галінай Барысаўнай Мар'інай — таксама членам камісіі па стварэнні кнігі "Памяць".

Прыцягваючы ўвагу грамадскасці да напісання гісторыка-дакументальнай хронікі, камісія здолела зрабіць работу над гэтым летапісам сапраўды народнай справай. Не толькі сухаватымі радкамі архіўных дакументаў, але і выхаваннем гістарычнай самасвядомасці на прыкладах цікавых і трагічных лёсаў жыхароў палескага краю адраджаецца ў лунінчан прага да ведання сваіх вытокаў.

Анатоль Ярохін

На верх старонкі