Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Нядзведскі Уладзіслаў Іосіфавіч.

Нарадзіўся 24 ліпеня 1929 г. на Рахавіцкіх хутарах Лунінецкага павета (сучасная в. Рахавічы Салігорскага р-на). З аўтабіяграфіі паэта: "Маці, бацьку, малодшага брата Антося і сястру Стэфу фашысты забілі... Пасля аблавы мы з сястрой засталіся жыць у матчынага брата. На той час сям'я ў дзядзькі была вялікая — з намі шасцёра малых, ды яшчэ двое старых. Жылося, вядома, не весела... Восенню 1944 г. я сабраў клунак і рушыў у навуку. Адвёз мяне ў Мікашэвічы за 60 кіламетраў наш аднавясковец. У Мікашэвічах я жыў на кватэры. Райана плаціла мне 50 рублёў і выдавала 10 кілаграмаў мукі штомесячна. Так і жыў. Вясною 1945 г., як добрага вучня, мяне камсамол паслаў у Артэк. Адпачыў, набраўся сіл, крыху забыў ваенныя жахі. У лістападзе 1945 г. райкам камсамола накіраваў мяне ў дзетдом, які адкрылі ў мястэчку Мікашэвічы. Я ўзначальваў там камсамольскую арганізацыю, быў некаторы час сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі. У 1948 г. летам пасля заканчэння восьмага класа пачаў працаваць піянерважатым. Працаваў і закончыў сярэднюю школу. Вучыцца стаў дрэнна і з-за гэтага меў не раз непрыемнасці. У чэрвені 1949 г. у абласной пінскай газеце надрукаваў першы верш, хоць пісаць пачаў у 1946 г. ... У 1947 г. пашчаслівілася ўбачыць Якуба Коласа, калі ён прыязджаў перад выбарамі ў Мікашэвічы. Ну, я і рашыў стаць паэтам".

Скончыўшы Белдзяржуніверсітэт, У. Нядзведскі працаваў настаўнікам (1955 — 1958), на Беларускім тэлебачанні (1959 — 1960), у часопісе "Маладосць" (1961 — 1967). Аўтар зборнікаў вершаў і расказаў "Вясеннія барозны" (1958), "Запрашэнне" (1960), "Сто братоў і сясцёр" (1960), "У лясной старане" (1962), "Капронавыя галёшы" (1964), "Начная пагоня" (1966), "Размова з адсутнічаючымі" (1969), аповесці "Хлопцы з другога корпуса (1963).

Трагічна загінуў 17 кастрычніка 1973 г.