Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Макаёнак Андрэй Ягоравіч

(1920 — 1982). Вядомы беларускі драматург. Нарадзіўся ў в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. У 60 — 70-ыя гг. на Лунінеччыне працаваў яго зямляк. Дзякуючы іх знаёмству і адбывалася неаднаразовае наведванне А.Р. Макаёнкам гэтых мясцін. У той час ён працаваў над п'есай "Таблетка пад язык" (1973). Пра гэта сам расказваў так: "У мяне нарадзілася задума камедыі, галоўным персанажам якой будзе энергічны, напорысты і разам з тым дасціпны старшыня калгаса. Прататыпам галоўнага героя паслужыў адзін мой добры знаёмы, а дакладней — сябра дзяцінства, зараз Герой Сацыялістычнай Працы. Я часта бываю ў яго, ён — у мяне. Вось толькі, пакуль ён сам не дазволіць, прозвішча яго не назаву" ("ЛГ", 7.04.1971).

Гаворка ішла пра старшыню калгаса "Новае Палессе", адзінага Героя Сацыялістычнай Працы, які атрымаў залаты медаль на лунінецкай зямлі, Уладзіміра Апанасавіча Сцепчанку. Ён крыху пазней прызнаваўся: "Творчасць Андрэя Макаёнка я ведаю даволі добра. Больш таго, са мною, як са сваім былым аднакласнікам і земляком, драматург іншы раз дзеліцца творчымі планамі. Пры стварэнні, напрыклад, п'есы "Таблетка пад язык" ён па многіх момантах раіўся, зачытваў чарнавыя накіды і варыянты" ("Звязда", 25.10.1973).

Вось такім чынам на карце літаратурных мясцін можна з поўным правам адзначаць Любань і навакольныя вёскі.