Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Яго жыццёвае крэда

У Мікашэвіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце многія ветэраны-педагогі да гэтага часу памятаюць выпадак, калі ад дзвюх дзяўчынак, як ад безнадзейных, адмовіліся ўсе агульнаадукацыйныя школы. Прывялі бацькі сваіх дзяцей у школу-інтэрнат, і дырэктар яе, Аркадзь Паўлавіч Чаша, загадаў прыняць дзяўчынак. У выніку дзяўчынкі закончылі школу, а потым і тэхнікумы. Цяпер жывуць і працуюць, як тысячы другіх людзей. Але памятаюць і сваім другім бацькам лічаць Аркадзя Паўлавіча...

15 лютага 1994 г. дырэктару споўнілася 60 гадоў. Аркадзь Паўлавіч прайшоў нялёгкі, але на здзіўленне пладатворны шлях педагога. Застаўшыся пасля вайны поўным сіратою з пашкоджанымі абедзвюма рукамі, Аркадзь у 45-ым трапіў у Мікашэвіцкі дзіцячы дом. Пасля заканчэння сярэдняй школы назаўжды звязаў свой педагагічны лёс з дзетдомам. Быў тут выхавацелем, завучам, з 1962 г. — дырэктарам. З 32 гадоў кіраўніцтва школамі ў пасёлку ён 20 гадоў дырэктарствуе ў Мікашэвіцкай спецшколе-інтэрнаце, былым дзетдоме. Дастаткова прыгадаць хоць бы такі эпізод з жыцця школы. 1 мая 1986 г. дырэктар, як і ўсе, яшчэ не ведаў усёй праўды аб катастрофе на ЧАЭС, але дзяцей на дэманстрацыю не вывеў. Цяпер расказвае, што нейкі ўнутраны штуршок нібыта падказаў — не трэба на гэты раз святочнай паказухі... Школа і цяпер існуе ў забруджанай зоне. Але дырэктар строга сочыць за тым, каб завозіліся чыстыя прадукты, выконваліся парады медыкаў. Робіць усё, каб адвесці ад дзяцей ці хоць зменшыць чарнобыльскую бяду.

А.П. Чаша вырас да прыкметнага ў рэспубліцы педагога. Сярод першых дырэктараў школ-інтэрнатаў атрымаў ордэн Леніна, званне "Заслужаны настаўнік БССР". Аб такіх, як ён, кажуць: "Чалавек на сваім месцы". Вялікія арганізатарскія здольнасці, педагагічны такт, патрабавальнасць да сябе і іншых і сумленнасць зрабілі яго кіраўніком высокага класа. Прайшоўшы праз дзетдомаўскае дзяцінства, шматгадовы пошук у педагогіцы, ён увесь час імкнецца, каб выхаванцам было цёпла ў спальнях, сытна ў сталовай, утульна, а галоўнае — цікава ў аўдыторыях.

Разам з педкалектывам дырэктар зрабіў інтэрнат вялікім домам амаль сямейнага тыпу. Ён добра ведае асаблівасці дзяцей, па-бацькоўску клапоціцца пра іх. Невыпадкова выхаванцы спецшколы-інтэрната выгадна адрозніваюцца ад аднагодкаў выхаванасцю і дысцыплінай, працаздольнасцю і аптымізмам. Звыш паловы іх заканчваюць ПТВ, тэхнікумы, становяцца кваліфікаванымі спецыялістамі.

Нярэдка здаецца, што гэты інтэлігент, педагог з вялікай літары, нібыта свеціцца знутры, і гэтае святло пранікае ў душы дзяцей, робіць іх лепшымі і дабрэйшымі...

П. Бензярук, В. Канавалюк