Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Фядосік Анатоль Сямёнавіч

Нарадзіўся 7 лютага 1926 г. у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на (калі ішоў у партызаны, год прыбавіў).

Вучыўся ў Кашэвіцкай СШ, у верасні 1942 г. паступіў у партызанскі атрад Жыгара, які пазней быў ператвораны ў 125-ую Капаткевіцкую партызанскую брыгаду Палескага злучэння. Быў байцом узвода разведчыкаў, які падпарадкоўваўся штабу брыгады. 30 чэрвеня 1944 г. злучыліся з Чырвонай Арміяй, якая вызваляла Беларусь. З ліпеня 1944 г. да красавіка 1945-га ваяваў на 3-ім Беларускім фронце ў складзе 265-га стралковага палка, на працягу большага часу быў камандзірам аддзялення разведкі. З красавіка 1945 г. да красавіка 1946-га вучыўся ў Арлоўскім танкавым вучылішчы (г. Балашоў). З мая 1946 г. па жнівень 1949-га працаваў настаўнікам Кашэвіцкай СШ Капаткевіцкага раёна; з жніўня 1949 г. па кастрычнік 1955-га — дырэктарам Сінкевіцкай СШ (спачатку больш года займаў пасаду загадчыка навучальнай часткі). З кастрычніка 1955 г. па кастрычнік 1958-га з'яўляўся дырэктарам Мікашэвіцкай СШ Брэсцкай вобласці. У 1948 г. паступіў і ў 1953 г. закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (філалагічны факультэт, завочнае аддзяленне). З кастрычніка 1958 г. па кастрычнік 1961-га вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. З кастрычніка 1961 г. працуе ў гэтым жа Інстытуце. З лютага 1962 г. па чэрвень 1967-га — вучоным сакратаром Інстытута, з чэрвеня 1967. г. да цяперашняга часу — загадчыкам аддзела фальклору, з сакавіка 1969 г. — намеснікам дырэктара па навуковай рабоце.

У маі 1962 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у лютым 1973 г. — доктарскую дысертацыю "Беларуская народная сатыра". У 1981 г. прысвоена вучонае званне прафесара. Удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР за 1986 г. У 1990 г. прысуджана ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі Беларусі.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі "За адвагу", "Партызану Айчыннай вайны" I ступені, "За працоўную доблесць" і 10 юбілейнымі медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Важнейшыя працы:

Беларуская народная сатырычная проза, 1969; Трапным народным словам, 1971; Праблемы беларускай народнай сатыры, 1978; Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі, 1977; Народная паэзія барацьбы, 1981; Фальклор і "масавая культура", 1986; Беларуская савецкая фалькларыстыка, 1987; Партызанская быль не забыта, 1990; Ілюзорнасць і сапраўднасць, 1991 (Мн.: Навука і тэхніка), і многія іншыя.

Аўтар звыш 300 навуковых работ. Сярод іх падручнік "Беларуская вуснапаэтычная творчасць" (два выданні, апопшяе, 1988 г., — у сааўтарстве з К.П. Кабашнікавым, А.С. Лісам, I.К. Цішчанкам), тры выданні хрэстаматыі "Беларускі фальклор" (апошняе выданне 1987 г.) у сааўтарстве з тымі ж (Мн.: Вышэйшая школа).

Пад навуковым кіраўніцтвам А.С. Фядосіка падрыхтаваны і выдадзены 42 тамы Беларускай народнай творчасці (1970 — 1993). Ён з'яўляецца і галоўным рэдактарам рэдкалегіі серыі БНТ. Ім складзены шэраг фальклорных зборнікаў, апрача таго.

Фядосік