Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Рачны капітан

Біяграфію Валерыя Паўлавіча Бахарава не абмежаваць рамкамі адной асобна ўзятай рэспублікі былога Саюза. Нарадзіўся ў стэпавых прасторах — у пасёлку Новамарнауцк Цалінаградскай вобласці Казахстана. Закончыўшы 8-годку, вырашыў вучыцца воднай прафесіі. У 1967 г. атрымаў дыплом Чарджоўцкага рачнога тэхнікума, што ва Узбекістане. Пасля службы ў арміі вытворчы шлях пачаў на Уральскім рачным флоце імя Чапаева (Расія) другім штурманам і другім механікам.

У 1979 г. Бахараў прыехаў на беларускую зямлю. Новы адрас: Верхне-Дняпроўскае рачное параходства, порт прыпіскі — Мікашэвічы. Пачаў са стажора капітана-механіка, праз 2 гады стаў капітанам буксірнага цеплахода.

Рэчка — не мора, але мае свой нораў. На першы погляд здаецца: што складанага весці цеплаход? Ідзі прама, і рака сама прывядзе, куды трэба. Тут няма неабходнасці ў радыёмаяках, пракладванні курсу па зорках. Ды ўсё гэта толькі на першы погляд. Рачны фарватэр таксама тоіць у сабе шмат складанасцей: водмелі, схаваныя пад вадой буйнапамерныя прадметы, прынесеныя паводкай, а ў засуху рака можа так абмялець і звузіцца, што двум буксіроўшчыкам з рудавозамі не размінуцца. Магчыма, на буйных рэках лягчэй: там табе і сем футаў пад кілем, і прастора, і сучаснае радыёэлектроннае абсталяванне. А на суднах Верхне-Дняпроўскага параходства добра, што ёсць хоць у наяўнасці радыёстанцыі, а значыць — магчымасць у выпадку непажаданага здарэння звязацца з бліжэйшым портам ці выклікаць на дапамогу буксіроўшчык, каб вызваліцца з водмелі ці хутчэй дабрацца да бліжэйшай суднарамонтнай майстэрні.

Праца суднавадзіцеля патрабуе не толькі цярпення і вынослівасці, але і пільнасці. Гэта зусім не проста — весці цеплаход у начной цемры, арыентуючыся толькі на бляклыя агеньчыкі бакенаў. Прылад начнога бачання або радыёлакатараў звычайныя бэтэшкі — БТШ вытворчасці Гомельскага ці Пінскага суднабудаўнічых заводаў таксама не маюць.

А яшчэ рачны капітан і яго каманда, як і калегі на моры, месяцамі не бываюць дома. А маючы пэўны стаж суднаваджэння, ужо не могуць заснуць, калі не чуюць гукаў галоўнага дызеля, тарахцення і вібрацыі. Але гэта ўжо хутчэй рамантычныя перавагі прафесіі...

Сапраўдны мужчына не распаўсюджваецца пра сваю адданасць рачной гладзі. А аб высокім прафесіяналізме капітана Бахарава сведчаць запісы ў яго працоўнай кніжцы: у 1985 г. прысвоена званне класнага спецыяліста — капітана-настаўніка, праз тры гады прызнаны лепшым па прафесіі сярод спецыялістаў плаўсаставу Верхне-Дняпроўскага рачнога параходства. I ў тым жа 1988 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі і званне лаўрэата.

Здаецца, такі кароткі час — і так шмат дасягнута. Але свае 45-годдзе і 30-годдзе работы на флоце (з улікам вучобы ў тэхнікуме) Валерый Паўлавіч Бахараў сустракае не за штурвалам судна. У 1993 г. порт вымушаны быў пайсці на скарачэнне. Выдатнаму спецыялісту прапанавалі пасаду начальніка аддзела запчастак і камплектацыі. Ён згадзіўся. Капітан Бахараў верыць у часовы характар перажываемых цяжкасцей і марыць зноў выйсці на раку.

Іван Шумко

Порт
Порт "Мікашэвічы"