Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Дзяржава Урбана

Калектыў свінагадоўчага комплексу калгаса "Расія" з 1980 па 1990 г. з'яўляўся пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, пастаянным удзельнікам ВДНГ СССР, атрымаўшым дыпломы ўсіх ступеняў гэтай выстаўкі і імянныя падарункі. Начальнік комплексу Уладзімір Іосіфавіч Урбан — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за 1990 г., адзіны чалавек у раёне ўдастоены такой адзнакі.

Першыя шэсць памяшканняў будучага комплексу тут пабудавалі яшчэ ў пачатку 70-ых гг. Выкарыстоўвалі іх для рознай жывёлы. Толькі ў 1976-ым было вырашана спыніцца на свінагадоўлі. Аднак да тэхналагічнага падыходу да галіны было яшчэ далёка.

Праз тры гады сюды перайшлі старшынёю калгаса М.М. Канюшык, а начальнікам комплексу — У.I. Урбан. Дагэтуль памятае ён вынікі 1979 г.:

— Здалі 120 тон мяса, страты склалі 150 тысяч рублёў. Ужо праз год вытворчасць прадукцыі вырасла да 600 тон, атрымалі прыбытак у 150 тысяч рублёў. Аднак толькі гадоў праз 5 асноўныя паказчыкі рэзка пайшлі ўверх.

На пытанне аб прычынах такога поспеху начальнік комплексу лаканічна адказвае:

— Пачалі прафесійна займацца галіной, выкарыстоўваючы магчымыя для прымянення дасягненні тэхналогіі свінагадоўлі.

Трэба адзначыць галоўную асаблівасць комплексу: тут не капіруюць слепа навуковыя ўзоры ці заходнія стандарты, а ўмела прыстасоўваюць іх з улікам мясцовых умоў. Таму і атрымліваюць высокапрадукцыйную аддачу.

Пачалі з наладжвання сістэмы кармлення. Ва ўсёй рэспубліцы яно сухое, як, напрыклад, у ЗША. Але там камбікармы так збалансаваны па пажыўных рэчывах, як мы нават дзіцячае харчаванне не ў стане вырабіць. I комплекс адзіны рашаецца перайсці на вільготныя змешаныя кармы. Гэта вельмі складана. Давялося рэканструяваць серыйныя механізмы, якія пастаўляліся, частку кормараздатчыкаў вырабляць самім. Рэканструявалі кармацэх у Дварцы, пабудавалі новы — у Ракітна. I цяпер маюць магчымасць у сутачным рацыёне збалансаваць 30 відаў кармоў. У бункерах і дазатарах перапрацоўваецца адгон, караняплоды, а з 1984 г. — адходы мясакамбінатаў і бойняў. Сістэма кормараздачы і кармлення атрымалася універсальнай: раздаюцца любыя кармы ў любой колькасці і любой кансістэнцыі.

— Інакш і не павінна быць, — упэўнены Уладзімір Іосіфавіч, — прадуктыўная жывёлагадоўля на 60 працэнтаў залежыць ад кармлення, у астатнім напалову — ад племянной работы і ад мікраклімату.

Комплекс працуе на двух рэжымах: зімнім і летнім. Для першага памяшканні абсталяваны прыточна-выцяжной вентыляцыяй і каларыферамі. Улетку свінарнікі "адпачываюць", а іх "насельнікі" гуляюць у летнім лагеры з мая да глыбокай восені.

Гэта толькі на словах усё атрымліваецца гладка. У перыяд усеагульнага дэфіцыту кожная неабходная вытворчасці дробязь выбівалася літаральна з боем. Уявіце: комплекс нарошчвае прадуктыўнасць з 1985 г., менавіта з таго часу, як па ўсёй краіне пачалося разбурэнне. Здавалася б, ці можа асобна ўзяты калектыў супрацьстаяць агульнаму працэсу эканамічнага крызісу? Аказваецца, і адзін у полі воін. Аднойчы былы старшыня калгаса М.М. Канюшык ахарактарызаваў начальніка комплексу: "настырны арганізатар". З такой ацэнкай згаджаецца і сам Урбан. Напэўна, яго глыбокія тэарэтычныя веды і вялікі практычны вопыт не ўвасобіліся б у рэальныя дасягненні, калі б адсутнічалі арганізатарскія, упраўленчыя здольнасці. Што ж, Уладзіміру Іосіфавічу лепш ведаць сутнасць сваіх пераваг. У адным нельга не пераканацца: той, хто не хоча працаваць, шукае прычыны. Той, хто хоча працаваць, шукае магчымасці.

Капітан моцны сваёй камандай — гэта шырокае правіла прыгоднае для любога калектыву. 20 спецыялістаў, з якіх 6 маюць вышэйшую адукацыю, забяспечваюць выкананне тэхналагічнага працэсу на комплексе.

Галоўны інжынер Васіль Уладзіміравіч Каховіч, галоўны ветэрынарны ўрач Людміла Іванаўна Застаўная, ветэрынарны ўрач Фаіна Паўлаўна Мянько, начальнік цэха аднаўлення парасят Надзея Сцяпанаўна Леснік — вось тыя спецыялісты, на якіх заўсёды можна цалкам спадзявацца.

Важкі ўклад у павышэнне прадуктыўнасці пагалоўя ўносіць племянная работа. З 1991 г. комплекс працуе з вучоным Гродзенскага філіяла сельгасакадэміі З.Д. Гільманам — лепшым свінаводам былога Саюза. Яму належыць ідэя пераменнага скрыжавання парод, якую ўкаранілі ў "Расіі" з дапамогаю прафесіяналаў — практыкаў А.А. Сарвася і Ф.I. Кавалёва — работнікаў Мінсельгасхарчу Беларусі. Непасрэдна занята гэтай справай аператар пункта штучнага асемянення Надзея Васільеўна Смерцянюк — лепшая па прафесіі ў вобласці, другая — у рэспубліцы.

Аказваецца, і да парасят неабходны індывідуальны падыход. Пераканаліся ў гэтым на асабістым вопыце.

Тры гады будавалі новы свінарнік, які адпавядае самым перадавым тэхналогіям. Традыцыйныя суцэльныя падлогі заменены шчыліннымі — гэты італьянскі метад начальнік комплексу ўбачыў у Малдавіі. Але і там прымяняецца сістэма выдалення гною транспарцёрам, а тут яе зрабілі па-новаму: самацечна-сплаўной бесперапыннага дзеяння. Аблегчана праца аператараў, якім не трэба чысціць клеткі, зменшаны страты вады, павысілася прадукцыйнасць працы. У свінарніку для дарошчвання на 4 тысячы галоў працуе ўсяго 4 чалавекі. Але прывагі на гэтым сучасным участку іншы раз ніжэйшыя, чым у свінарніках, дзе адзін аператар даглядае 400 галоў. Аказваецца, у меншым пагалоўі свіней лягчэй знайсці індывідуальны падыход да кожнага парсючка, а ў вялікім гэта зрабіць практычна немагчыма, што і адлюстравана ў вытворчых выніках.

Калектыў комплексу складаецца са 150 чалавек з дапаможнымі рабочымі. Занадта — калі браць па заходніх стандартах. Але людзей тут не скарачаюць, улічваючы, што і так маюць самую высокую прадукцыйнасць на аднаго чалавека ў вобласці. Больш таго, комплекс 18-тысячнік штогод здае 2400 тон мяса, што на чвэрць больш яго праектнай магутнасці.

Хто ж забяспечвае такі высокі вытворчы ўзровень комплексу? Нават цяжка вызначыць імёны лепшых. Зразумела, што больш вопытныя працаўнікі, дасягнуўшыя вышынь прафесіяналізму, і цяпер утрымліваюць перадавыя пазіцыі. Але яны шчодра дзеляцца сваімі навыкамі з маладзейшай зменай.

Адна з самых заслужаных свінарак, ці, як дакладна называецца яе занятак, аператар па дарошчванні парсюкоў — Кацярына Барысаўна Коўшык. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 10-га склікання, удзельнік ВДНГ СССР, майстар жывёлагадоўлі 1 класа, заслужаная калгасніца — далёка не поўны пералік яе працоўных адзнак.

Свінарка Марыя Мікалаеўна Кіндрук за высокапрадукцыйную працу выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання, а цяпер таксама добрасумленна і старанна працуе ветэрынарным аператарам.

Дыпломам ВДНГ I ступені і аўтамабілем "Масквіч" была ўзнагароджана аператар па дарошчванні парсюкоў Кацярына Фёдараўна Дубіна, якая і цяпер пацвярджае сваё працоўнае майстэрства высокімі вытворчымі паказчыкамі.

Лепшыя з лепшых працаўніц — старшы заатэхнік Таццяна Іванаўна Коваль, аператар па дарошчванні парасят Надзея Максімаўна Нагорная. Гаворачы аб комплексе, у калгасе "Расія" не маюць на ўвазе памяшканні і тэхналогіі, а толькі ўзаемасувязь, адладжанасць, дапасаванасць усіх элементаў жыццядзейнасці вытворчага арганізму: людзей, жывёл, механізмаў. Таму і лічаць: комплекс можа функцыяніраваць і на ферме з 200 галовамі свіней, а ў свінушнік можна ператварыць і 30-тысячнік.

У размовах з працаўнікамі комплексу неаднаразова падкрэслівалася роля былога старшыні калгаса ў развіцці свінагадоўлі. Вось і стыль кіравання, які М.М. Канюшык назваў "справядлівай дыктатурай", тут дагэтуль лічаць стрыжнем вытворчай дзейнасці. Падтрымліваецца строгая дысцыпліна працы, якую забяспечваюць начальнік і савет комплексу. Гэтую форму дэмакратычнага ўпраўлення перанялі ў калгасе "Моталь" Іванаўскага раёна. Членаў савета выбіраюць 1 раз у 5 гадоў. Дзесяць самых аўтарытэтных працаўнікоў комплексу штомесячна збіраюцца на пасяджэнні, і яго рашэнні не адменіць і вялікае праўленне.

Сярод вытворчых пытанняў, якія выносяцца на парадак дня, ёсць аператыўныя і пастаянныя. Да апошніх адносіцца зацвярджэнне дадатковай аплаты працы. На комплексе распрацавана сістэма грашовых налічэнняў па ўсіх катэгорыях работнікаў, якая складае ад 20 да 100 працэнтаў тарыфнай стаўкі. Пры абмеркаванні вартасцей кожнага працаўніка, у залежнасці ад чаго будзе складацца яго заробак, разглядаюцца яшчэ 2 пытанні: парушэнне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны і захаванасць пагалоўя. Папярэджанне за правіннасць у першы раз азначае пазбаўленне 10-працэнтнай аплаты працы. Вымова, вынесеная саветам комплексу, азначае пазбаўленне 30 працэнтаў аплаты. Парушэнняў па комплексу іншы раз больш, чым па калгасу ў цэлым. Іх тут выяўляюць і не замоўчваюць.

Асабліва караецца п'янства. Пры першым выпадку "сур'ёзную размову" з парушальнікам вядуць усе — ад свінаркі да начальніка. Пры паўторнай спакусе "зялёным зміем" чалавек пазбаўляецца 100 працэнтаў аплаты працы на ўвесь год.

I ўсё ж такі строгі стыль кіраўніцтва тут падтрымліваюць. Спецыялісты і калгаснікі спасылаюцца пры гэтым на сапраўдны аўтарытэт начальніка. Па-першае, людзям гарантавана прафесійнае вядзенне справы, якая дае ім прыстойныя матэрыяльныя перавагі. Па-другое, Урбан пастаянна зацвярджае маральнае права быць кіраўніком: на дапаможных і санітарных работах, калі даводзяцца пэўныя нормы кожнаму члену калектыву, ён працуе, як і іншыя. У службовым кабінеце нават вісіць каса, якой начальнік абкошвае замацаваны за ім участак вытворчай тэрыторыі.

— Я сялянскі сын, — падкрэслівае Уладзімір Іосіфавіч. — Святое пачуцце да зямлі, да ўсяго, што расце і гадуецца на ёй, перадаў мне бацька. Таму і імкнуся, каб мае адносіны да работы падзялялі тыя, хто працуе побач. Няма большага задавальнення, калі адчуваю людзей паплечнікамі, аднадумцамі.

На комплексе прадугледжаны шэраг сацыяльных паслуг. У медпункце ўважліва сочыць за станам здароўя працаўнікоў медсястра Вольга Сцяпанаўна Коўшык. Раз у два тыдні ў калектыў прыязджае цырульнік. Не хвалююцца работнікі комплексу, як гараджане, з-за адсутнасці гарачай вады — рэгулярна працуе сауна. У фізкультурна-аздараўленчым комплексе жадаючыя займаюцца на трэнажорах ці гуляюць у більярд, а ў пакоі адпачынку можна пагутарыць за самаварам, адзначыць дзень нараджэння, прыняць гасцей.

Не дазваляе калектыву комплексу спыняцца на дасягнутых рубяжах пастаянная стажыроўка ў вядучых аналагічных гаспадарках галіны. Тут паважаюць "Белавежскі" за навядзенне парадку і тэхнічнай дысцыпліны, у Оршы ўражвае гібрыдна-селекцыйны цэнтр і племянная работа, а свінакомплекс калгаса "Шлях да камунізму" Гродзенскага раёна лічаць самай аўтарытэтнай гаспадаркай па розных напрамках. Дарэчы, якраз апошні з'яўляецца пастаянным працоўным сапернікам "Расіі". Менавіта з ім лунінецкія свінаводы па прадуктыўнасці вытворчасці дзеляць 1 — 2 месцы ў рэспубліцы, трывала ўтрымліваючы першынство ў вобласці.

— Пры цяперашнім узроўні тэхналагічнай аснашчанасці і патэнцыяле кармавой базы — нават не рэспублікі, а ўсіх краін СНД, наша галоўная задача — захаваць стабільнасць, утрымацца на дасягнутым, — лічыць У.I. Урбан. — Ёсць аб'ектыўныя фактары, якія стрымліваюць наша развіццё. Напрыклад, у нашых камбікармах 70 працэнтаў зерня, ў Галандыі толькі 10, астатняе складаюць разнастайныя адходы вытворчасці. Тэхналагічныя працэсы там таксама больш удасканалены, таму і іх прадукцыйнасць працы застаецца для нас недасягальнай.

Так, хаця мы і заявілі аб ліквідацыі ідэалагічнага супрацьстаяння паміж Усходам і Захадам, эканамічныя адрозненні не знікаюць ад дэкларацый. Па нашаму ж узроўню развіцця грамадства комплекс калгаса "Расія" — узор для пераймання вопыту. На яго базе з 1985 г. праводзяцца рэспубліканскія семінары па свінагадоўлі. Апошні адбыўся ў мінулым годзе. Калегі з усіх абласцей Беларусі цікавіліся летнім лагерам, сістэмай кармлення і кормапрыгатавання, асабліва — перапрацоўкай субпрадуктаў і выкарыстаннем зялёнай масы.

На калегіі аблсельхарчу яго старшыня А.М. Вайцешык паўжартам-паўсур'ёзна адзначыў: "Урбан трымае парадак у сваёй дзяржаве".

Таццяпа Канапацкая

На верх старонкі