Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Гонар зямлі нашай...

Лунінеччына здаўна лічылася краем сялян і рамеснікаў. Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі з'явілася тут буйная прамысловасць. Але адвечная праца на зямлі ні раней, ні сёння не перашкаджала таленавітым і здольным лунінчанам "выходзіць у людзі". Можна ганарыцца землякамі, якія сталі вядомымі ў вобласці, рэспубліцы альбо нават далёка за яе межамі. Сярод лунінчан ёсць Героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, пісьменнікі, навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы... Аб некаторых з іх расказваюць асобныя нарысы.

Ураджэнцы Лунінеччыны працуюць у шэрагу навучальных і навукова-даследчых устаноў былога СССР. Павел Аляксандравіч Паўловіч з Дварца, паэт, кандыдат філасофскіх навук, у свой час быў самым маладым у краіне дэканам, узначальваў адзін з факультэтаў Ленінградскага універсітэта. У Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце халадзільнай прамысловасці працуе кандыдат тэхнічных навук Аляксей Фёдаравіч Дубініч з Любачына. А Аляксандр Канстанцінавіч Дземянчук — кандыдат фізіка-матэматычных навук, супрацоўнік Інстытута матэматыкі АН РБ. Алег Іванавіч Пустаход з Лунінца — кандыдат тэхнічных навук, працаваў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі. Выпускнік Лахвенскай школы Павел Мікалаевіч Калошыц — кандыдат медыцынскіх навук, зараз жыве ў Мінску.

Памятаюць на Лунінеччыне і пра людзей, якія некалі працавалі тут. Былы дырэктар Бродніцкай 8-гадовай школы Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук — кандыдат філалагічных навук, аўтар некалькіх кніг па беларускай драматургіі. Анатоль Сямёнавіч Фядосік у свой час працаваў дырэктарам Сінкевіцкай школы, а сёння ён доктар філалогіі, узначальвае аддзел фальклору ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Казімір Адамавіч Рэвяка працаваў у той жа школе, а зараз выкладае ў БДУ, кандыдат гістарычных навук, аўтар шэрага прац, у тым ліку манаграфіі "Пунічныя войны" (Мн.: Універсітэцкае, 1988).

Няпроста пералічыць усіх, чый лёс быў так ці інакш звязаны з Лунінеччынай, бо край гэты нябедны на таленты.