Выхаванцы Лунінецкага дзіцячага сада. 1959 г.


СШ № 1 г. Лунінец.
60-ыя гг.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Адукацыя

У 1944/45 навучальным г. у раёне было 29 школ (На цянерашні час у Лунінцы дзейнічаюць рускамоўныя школы, у вёсках — беларускамоўныя.) (4751 вучань), а да 1948 г. іх колькасць павялічылася да 53 (8359 вучняў). Адкрыліся адна сярэдняя (СШ № 5, пабудаваная ў Лунінцы вясной 1945 г. нямецкімі ваеннапалоннымі), 5 няпоўных сярэдніх школ, 2 школы ФЗН, 13 вячэрніх школ.

За 1944 — 1947 гг. на адукацыю было накіравана 4,6 млн. руб. У 1948 г. 51 лунінчанін паступіў у ВНУ.

У 1953 г. у горадзе і раёне дзейнічалі 6 сярэдніх, 20 сямігадовых, 36 пачатковых школ з 6840 навучэнцамі. У Лахве існаваў дзіцячы дом, дзе знайшлі прытулак каля 100 сірот. Аднак значная частка класаў у вясковых школах знаходзіліся ў наёмных памяшканнях. За 1954 — 1957 гг. у раёне пабудавана 5 новых школ, 4 школьныя інтэрнаты, абсталявана 13 вучэбных майстэрняў. У 1959 г. уведзена абавязковае сямігадовае навучанне — у гэты час у раёне дзейнічала 57 школ з 7458 вучнямі, чыгуначная СШ, школа рабочай моладзі, у горадзе існавалі 2 дзіцячыя сады і 2 ясляў. У самым канцы 60-ых гг. у Лунінцы была пабудавана СШ № 1. З другой паловы 50-ых у школах пашырыўся працэс авалодвання тэхнічнымі ведамі (напрыклад, у Дварэцкай школе быў створаны гурток па вывучэнню матацыкла), ствараліся вучнёўскія вытворчыя брыгады. Праводзіліся раённыя злёты выпускнікоў і 10-класнікаў, якія збіраліся ісці працаваць на вытворчасць (у 1957 г. са 141 выпускніка 40 паступілі ў ВНУ і тэхнікумы, 59 пайшлі працаваць).

У 1963 г. у горадзе пабудавалі школу-інтэрнат, у 1966 г. — СШ № 3. У раёне за гэтыя гады выраслі 8 новых школ. У канцы 1961 г. дзейнічалі 12 СШ (з іх 6 — з вытворчым навучаннем), 5 — 8-гадовых, 19 — 7-гадовых і 43 пачатковыя школы, дзе працавалі 728 педагогаў (210 з вышэйшай і 136 з незакончанай вышэйшай адукацыяй). У вёсках існавалі 16 школьных інтэрнатаў на 273 месцы, палова навучэнцаў харчавалася бясплатна. Паляпшаўся адпачынак у час канікул — напрыклад, у 1963 г. каля 5 тысяч вучняў ажыццявілі экскурсіі і турпаходы ў розныя гарады, 150 вучняў адпачывалі ў 3 калгасных піянерлагерах.

У 1964 г. новая школа адкрылася ў Лахве. У Лунінцы ў той час існавалі 2 сярэднія школы, школа рабочай моладзі, аддзяленне Пінскай завочнай школы, а ва ўсім раёне — 13 сярэдніх, 28 — 8-гадовых і 51 пачатковая школы (15205 вучняў і 808 настаўнікаў). У школах і класах рабочай і сельскай моладзі займаўся 961 чалавек, 500 завочна вучыліся ў ВНУ і тэхнікумах. У сярэдзіне 60-ых гг. усе школы былі пераведзены з наёмных памяшканняў ва ўласныя будынкі.

У кастрычніку 1961 г. быў адкрыты Дом піянераў, дзе працавалі гурткі фотааматараў, мастацкай самадзейнасці, лялечны, прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Дзейнічалі гурткі і ў школах (напрыклад, радыёаматараў у Мікашэвічах).

У 1966 г. меліся 19 сярэдніх, 20 васьмігадовых і 38 пачатковых школ, школа-інтэрнат (873 настаўнікі і 17257 вучняў), было пабудавана 8 дзіцячых садоў. На тысячу жыхароў прыпадала 35 студэнтаў ВНУ.

У 1968 г. будаўнікі Міжкалгасбуда ўзвялі піянерлагер на Белым возеры. Да паслуг дзяцей былі 2 дамы піянераў, станцыя юных натуралістаў. Піянеры збіралі пасылкі з падарункамі для дзяцей В'етнама, сродкі для будаўніцтва Палаца піянераў на Чукотцы.

За 1971 — 1972 гг. адчынілі дзверы сярэднія школы ў вёсках Дварэц і Дзятлавічы, крыху пазней — у пасёлку Палескім. У 1973 г. колькасць школ дасягнула 74 (1150 педагогаў і звыш 17 тысяч вучняў). Паспяхова ажыццяўлялася праграма па вытворчаму навучанню вучняў. У 1975 г. 33 выпускніцы пайшлі працаваць на фермы. У некаторых школах ствараліся гурткі "Юны меліяратар". У 70-ыя гг. у Лунінцы былі адкрыты СПТВ-60 (пазней — СПТВ-160), разлічанае на 968 навучэнцаў, і ГПТВ-146 на 480 месц і ўзведзены інтэрнаты абодвух ПТВ. У школах за 1976/77 гг. 573 выпускнікі атрымалі разам з атэстатамі сталасці пасведчанні шафёра або механізатара. У 1981 г. былі пабудаваны новая СШ № 2 у Лунінцы (на 1176 месцаў) і школа ў Ракітна. У 1985 г. у ПТВ-160 пачаў дзейнічаць радыёклуб "Патрыёт". У рамках праграмы "Мастацтва належыць народу" вучні збіралі прадметы для створанага краязнаўчага музея... У Язвінскай школе ў 70-ыя гг. поспехам карыстаўся клуб "На арбітах глобуса", члены якога вялі работу па збору гістарычных матэрыялаў. Сярод тых, з кім перапісваліся дзеці, былі С.М. Будзённы, касманаўт Г.С. Цітоў, міністр нацыянальнай абароны ГДР Г. Гофман... Трэцякурснік СПТВ-160 А. Яцушкевіч удзельнічаў ва Усесаюзным конкурсе на лепшага аратага...

У студзені 1985 г. СШ № 3 Лунінца наведаў Герой Савецкага Саюза Б.І. Коўзан, адзіны ў свеце чалавек, які здзейсніў 4 паветраныя тараны.

СПТВ-160 да 1986 г. выпусціла 4000 спецыялістаў сельскай гаспадаркі. У 1986 г. яно мела 50 трактароў, 8 камбайнаў, 12 аўтамабіляў. Навучэнец Генадзь Голуб перамог на міжнародным конкурсе аратых сярод навучэнцаў ПТВ.

У другой палове 80-ых гг. пачаліся змены, якія неадназначна адбіліся на адукацыі. Тым не менш і тут былі пэўныя здабыткі і дасягненні. У 1991 г. у Лунінцы адкрыты ліцэй. Прадугледжваецца будаўніцтва ў горадзе яшчэ 2 школ. Музычная школа перасялілася ў будынак былога райвыканкама, а Дом піянераў (разам з Домам культуры і рэдакцыяй раённай газеты) атрымаў будынак былога гаркама КПБ. У адукацыі адбываюцца змены, звязаныя з ломкай былых ідэалагічных догмаў, укараненнем 6еларускай мовы і г.д. Вось толькі адзін яскравы факт — пры СШ № 3 у Лунінцы адкрылася нядзельная рэлігійная школа.