Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Не ратавацца, а змагацца

З успамінаў былой партызанкі брыгады імя Молатава Пінскага злучэння Розы Абрамаўны Герасімавай (Юлевіч), ураджэнкі в. Лахва:

— Наша яўрэйская сям'я адносілася да бедных. Бацька — Абрам Овадзіевіч Юлевіч — займаўся шавецтвам, але яго заробку ледзь-ледзь хапала, каб пракарміць жонку і чацвярых дзяцей. Упершыню ўдосталь стала хлеба толькі пасля 1939-га. Назіраючы такія відавочныя змяненні, мы не маглі не падтрымаць новую ўладу. Заўзятым савецкім актывістам стаў бацька. З'явіліся спадзяванні на ажыццяўленне яго даўняй мары: з апошніх сіл вучыў старэйшага сына на музыканта — Барыс цудоўна граў на скрыпцы, але даць яму сапраўдную музычную адукацыю бацька быў не ў стане. А тут у школе пачалі бясплатна выкладаць музычную грамату для ўсіх дзяцей!

Прыкладу бацькі паследавалі дзеці. Перш-наперш мы імкнуліся добра вучыцца ў школе, дзе цяпер крытэрыем ацэнкі былі асабістыя веды, а не матэрыяльнае становішча бацькоў. Па-другое, мы прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх грамадскіх справах, якіх тады хапала, палітычнае жыццё літаральна кіпела. З якой радасцю ўспрыняла я прапанову ўступіць у камсамол! Толькі шэсць чалавек з мястэчка Лахва, самых лепшых, як сказалі ў райкаме ВЛКСМ, былі ўдастоены такога гонару, у тым ліку я і мой брат Саламон.

З невычэрпным натхненнем браліся камсамольцы за новыя справы. Даводзілася выконваць шмат даручэнняў. Асабліва часта выступалі з лекцыямі і канцэртамі. Работа актывізавалася у час выбараў. Мы агітавалі за Савецкую ўладу не толькі словамі, але і песнямі, вершамі, танцамі. А якія святы арганізоўвалі! У клуб заносілі ўсё, што маглі: дываны, кветкі, вазоны. Бацька здзіўляўся і захапляўся: ах, я так не жыў, але дзеці мае нарэшце дачакаліся шчаслівай долі.

Перад вайной змянілася кола абавязкаў — вывучалі санітарную справу, займаліся спортам, у першыя дні вайны разносілі павесткі ваенкамата тым жыхарам, якія прызываліся на фронт. Праводзілі мы ў Чырвоную Армію і старэйшага брата Барыса (дарэчы, ён дайшоў да Берліна, пасля вайны жыў у Іванава, дзе і памёр). Войскі адыходзілі на ўсход, з апошнімі часцямі пайшлі многія савецкія актывісты, у тым ліку і мой брат Саламон, які ў час эвакуацыі працаваў у Саратаве (цяпер ён грамадзянін ЗША). Разам з Мікашэвіцкім фанерным заводам эвакуіравалася сястра Соф'я (яна жыве ў г. Крывы Рог).

Малодшая, я засталася з бацькамі. Бацька ў першую імперыялістычную вайну 9 гадоў правёў у нямецкім палоне, вельмі паважаў гэтую нацыю, маўляў, яны культурныя і адукаваныя. Не такая наіўная маці, асэнсоўваючы, што гітлераўцы ў першую чаргу распраўляюцца з актыўнымі прыхільнікамі Савецкай улады, ад граху далей адаслала мяне да дзядзькі ў мястэчка Леніна. Але і туды даходзілі жудасныя весткі, што акупанты знішчаюць людзей.

Дырэктару млына, бацьку маёй сяброўкі Вольгі Ганюк, з якой разам уступалі ў камсамол, пры расстрэле адарвала галаву. Яе маці, цётка Парасся, прынесла яе ў фартуху — так пахавала. У Леніна на маіх вачах расстралялі местачковых камсамольцаў — 12 чалавек.

Арыштавалі майго бацьку. усё жыццё я пакутую ад адной думкі, што ён пацярпеў за нас, дзяцей. Кажуць, што менавіта пра гэта яго пыталі: куды падзеліся твае сыны і дочкі? Ён маўчаў і быў забіты.

У Леніна я ўзяла свой камсамольскі білет, паклала яго ў слоік і закапала ў двары. Нашы сваякі не мелі дзяцей, таму перад немцамі мяне выдалі за дачку. Улетку наступнага года нас загналі ў гета. Большасць людзей хутка расстралялі, а самых лепшых майстроў і іх сем'і — усяго 36 чалавек — пакінулі для абслугоўвання нямецкага гарнізона. Дзядзька быў славутым шаўцом, яго не кранулі. У жывых засталася яшчэ адна прыгажуня Фаіна — узрушаны яе хараством, яе выратаваў пажылы нямецкі афіцэр, калі яна стаяла ў агульнай чарзе перад расстрэлам.

Нас пасялілі ў сінагогу. На вопратку прымусілі нашыць жоўтыя зоркі, каб здалёк было відаць яўрэяў. Тыя, хто меў спецыяльнасць, працавалі на месцы, а нам, маладым дзяўчатам, загадалі выконваць розныя работы.

Аднойчы мяне ўбачыў знаёмы дарожны інжынер з Лахвы:

— Я цябе не выдам, але ты павінна прыходзіць да мяне і прыбіраць кватэру.

Ад яго я і даведалася аб трагедыі Лахвенскага гета. А потым расказалі больш падрабязна, што маю маці Хаву Ісакаўну імкнуліся выратаваць суседзі, далі ёй беларускую сялянскую вопратку, і яна пайшла з гета, але па дарозе трапіла на нейкую кабету, якая і выдала маму фашыстам...

А 11 верасня 1942 г. партызаны разбілі фашыстаў ля Леніна. Памятаю, як адчыніліся дзверы сінагогі і хтосьці крыкнуў: "Разбягайцеся, хто куды можа!" Пад бокам быў выратавальны лес, маладым і больш спрытным пашчасціла ў ім захавацца. А вось старыя загінулі. I мае дзядзька і цётка таксама...

Не памятаю дакладна, як доўга мы блукалі па лесе. З групай партызан разам ішлі ўсю ноч. На світанку трапілі на паляну, дзе гарэлі кастры. Да высвятлення нашага лесу нас размеркавалі па палатках.

Я была самай малодшай у атрадзе, таму мяне не пускалі на баявыя заданні. Але хапала работы ў лагеры: на кухні, у санчасці і г.д.

Партызанскі атрад, у які мяне прывёў лёс, насіў імя свайго першага камандзіра Мікалая Цімафеевіча Шыша. Пасля яго гібелі камандзірам стаў Міхаіл Іванавіч Герасімаў. Вельмі малады і вельмі строгі, ён устанавіў сапраўдную армейскую дысцыпліну. Сачыў за паводзінамі партызан не толькі ў баі, але і на адпачынку, правяраў зямлянкі, іншы раз браў мяне ў суправаджэнне, калі выязджаў на іншыя заставы. Здавалася, што, нягледзячы на субардынацыю, паміж намі завязваюцца нейкія чалавечыя адносіны. Але пра каханне размовы не было. Камандзір не заахвочваў "сямейшчыну" сярод таварышаў, таму не мог дазволіць і сабе расслабіцца. Наша яднанне адбылося проста і натуральна: калі атрады расфарміроўвалі, Герасімаў прапанаваў мне разам з ім ехаць у брыгаду.

Прыйшло вызваленне, але сапраўднага сямейнага спакою давялося чакаць яшчэ не адзін год. Справа ў тым, што Міхаіла Іванавіча накіравалі старшынёй райвыканкама ў Іванава. Вакол дзейнічалі банды. У сваёй хаце я амаль не начавала. Не раз былі выпадкі такія ж небяспечныя, як і ў партызанах, але ўдавалася выратавацца.

У 1945 г. у нас нарадзіўся першы сын, у 1952-ім — другі. Паміж гэтымі дзвюма шчаслівымі падзеямі, крыху перадыхнуўшы ад напружання абстаноўкі, мы зарэгістравалі свой шлюб.

10 гадоў пражылі ў Іванава. Затым муж узначаліў бытавое абслугоўванне ў Пінску, потым працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення ў Мінску, дзе жыву цяпер.

Камандзір партызанскай брыгады імя Молатава Пінскага злучэння Міхаіл Іванавіч Герасімаў памёр 5 лістапада 1971 г., у дзень майго 47-годдзя. Засталіся двое сыноў, якім я прысвяціла сваё жыццё. Цяпер у нашай сям'і дзве цудоўныя нявесткі, чацвёра ўнукаў — дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Адзін нядаўна ажаніўся. Калі пашчасціць, дачакаюся і праўнукаў.

На верх старонкі