Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Ці ёсць яшчэ месца, дзе дзеці гуляюць і не баяцца?

Эвелін Раманоўская-Рып — цяпер доктар гуманітарных навук Нью-Йоркскага універсітэта — цудам выратавалася ў час знішчэння Лахвенскага гета, а ўспаміны пра той страшны перыяд замацавала ў мемуарах, апублікаваных у часопісе "Інтэрнэшнл Мэгэзін" (1983, ЗША).

"...Згубіўшы сваю сям'ю, я таксама бегла пад градам куль, бегла з усіх сіл па вуліцах Лахвы ў поле, пакуль не дабегла да ўзлеску. У страху азірнулася. Неба над маім любімым мястэчкам было ў полымі. У той момант найвышэйшага болю і пакуты ўпершыню ў жыцці ўсвядоміла сябе разлучанай з бацькамі. Магчыма, яны загінулі, а я засталася жывая. Знясіленая, глыбока ўздыхнула, каб упэўніцца, што я сапраўды жывая. Ад страху і жаху забралася на дрэва, каб чакаць. Чаго? Я не ведала. Выбраўся яшчэ хто-небудзь ці не? Некалькі мужчын прайшлі міма, але яны не маглі падабраць мяне, 12-гадовую дзяўчынку, таму што згубілі ўласныя сем'і і не ведалі, што іх саміх чакае. Я была ўпэўнена, што немцы і іх памагатыя сяляне будуць хапаць уцекачоў з гета. Нечакана адчула шорах у хмызняку. Я не рухалася. З заміраючым сэрцам убачыла Нему, хлопца з Лахвы, які трымаў за руку маю 8-гадовую сястру, а потым бацьку, які ішоў з другога боку ад яе. Мы абняліся.

Бацька сказаў мне, што ў мітусні паўстання згубілася маці Маня і мая старэйшая 16-гадовая сястра.

Мы былі адзінай сям'ёй, у якой трое засталіся жыць.

Маленькая група гета, якая здолела ўцячы ад нямецкіх куль, перасекла лес за Лахвай і выйшла да прыпяцкіх далёкіх балот, дзе мы правялі астатак дня. Нечакана пачулі галасы і ўбачылі чырвоныя твары нямецкіх патрулёў-эсэсаўцаў, якіх суправаджалі іх памагатыя, мясцовыя сяляне. Яны шукалі ўцёклых яўрэяў. Мы ляжалі, не дыхаючы, пад хмызняком, паблізу кювета. Немцы спыніліся каля развілкі перш чым працягваць свой шлях налева. Мы засталіся незаўважанымі Хвіліну пасля раздалася кулямётная чарга ўсляпую. Зноў Бог быў з намі.

Быў цёплы бясхмарны дзень бабінага лета. Здавалася, сонца збіраецца свяціць заўсёды. Калі мы беглі, выкінулі амаль усё сваё адзенне і згубілі абутак, а пасля заходу сонца ў верасні нечакана наступілі халады. Шэрань пакрыў зямлю. Мяне трасло з галавы да ног.

Я напхала сена пад кофту, каб сагрэцца. Гэта была першая ноч удалечыні ад хаты. Галодныя і празяблыя, мы зарыліся ў вялікі стог сена. Я заснула, але была разбужана мужчынамі, якія вялі спрэчку шэптам. Я пачула, як адзін з іх сказаў майму бацьку: "Кідай сваіх дзяцей і бяжым з намі!" I я пачула цвёрды бацькаўскі адказ: "Ніколі!" Калі мы прачнуліся на досвітку, мужчыны ўжо пайшлі. Сярод іх былі рыбак і гандляр лесам, якія добра ведалі балота. Пазней мы даведаліся, што іх злавілі на другі дзень і расстралялі на месцы.

Наша група зараз складалася з майго бацькі, сястры і мяне, напалоханага краўца Зейліка, яшчэ аднаго мужчыны, Сары, маладой жанчыны, і 9 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Нашай мэтай было дабрацца да лініі фронту, да рускіх, і мы правялі другі дзень, ідучы да ракі Прыпяць. Пераплылі на маленькай лодцы на другі бераг. Калі сцямнела, мой 16-гадовы дваюрадны брат Ітцэ Фішман, які пасля загінуў у партызанскім баі, пераплыў раку і накіраваў лодку да нас. Яна не магла ўсіх змясціць. Дзеці баяліся, што мой бацька пакіне іх, калі пераплыве раку са сваімі дочкамі. Яны патрабавалі, каб адна з нас засталася.

Ён тры разы пераплываў у тую ноч каб перавезці ўсіх. Супраць ветру, вядома, і ўлічваючы тое, што маторныя лодкі немцаў патрулявалі раку. Кожная група баялася, што больш ніколі не ўбачыць другую. Але лодка перавезла ўсіх на другі бок.

Апынуўшыся на другім беразе Прыпяці, мы пайшлі да хаты Кіруша, селяніна, якога мой бацька добра ведаў. Члены яго сям'і былі пастаяннымі пакупнікамі ў нашым магазіне тканін. Спалоханы Кіруш не дазволіў нам увайсці, але адвёў нас ва ўтульнае месца ў густым лесе на некаторай адлегласці ад яго гаспадаркі. Кожную ноч мы чакалі яго з хлебам і навінамі аб месцазнаходжанні рускіх партызанскіх атрадаў. Дзеці ўважліва сачылі за тым, каб бацька пароўну дзяліў хлеб. Кожнай порцыі было дастаткова, каб падзяліць яе на два вялікія кавалкі. Дзеці з'ядалі маленькі кавалачак, а астатняе хавалі на потым. Мы задавальнялі смагу ранішнімі кроплямі расы. Ноччу наша скура рабілася падобнай на гусіную. Добры Зейлік збіраў дзяцей вакол сябе і сядзеў з імі, абняўшы рукамі некалькі хвілін. Часам ён лажыўся на дзіця, каб сагрэць яго. Мы не маглі доўга заставацца на тэрыторыі, акупіраванай немцамі. Адзіным нашым шанцам выжыць было дабрацца да тэрыторыі, якую кантралявалі рускія партызаны. З вялікай рызыкай Кіруш хаваў нас 8 – 9 дзён, пакуль не знайшоў вернага правадніка, які адвёў нас праз дзікія абшары Грычынскіх балот, найвялікшых балот Усходняй Польшчы, на партызанскую тэрыторыю. Мой бацька вынес з сабой грошы, золата, якія ён схаваў у тую апошнюю раніцу ў гета. Відаць, спадзяваўся на тое, што яны яму спатрэбяцца потым, каб выкупіць сваё жыццё. Ён аддаў усё гэта Кірушу і нашаму правадніку, паабяцаўшы аддзякаваць яшчэ і пасля вайны.

Ноччу мы ішлі ланцужком крок у крок, назіраючы за нашым правадніком. Ураджай ужо быў сабраны, і пожня рэзала нам ногі. Бацька зняў кашулю, разарваў яе і абвязаў анучамі ногі мне і сястры. Гэта надало сілы працягваць наш шлях. На пэўнай адлегласці праваднік пакінуў нас. Мы працягвалі ісці ва ўсходнім напрамку ў надзеі, што за некалькі тыдняў дабяромся да рускай тэрыторыі. Згубіўшы лік часу і адлегласці, мы неўзабаве дабраліся да рускіх салдат. Адрэзаныя хуткім наступлением немцаў, яны сталі партызанамі, разам з якімі мы спадзяваліся дачакацца канца вайны. Мы таксама сустрэліся з іншымі яўрэямі, якія, як і мы, хаваліся. Некалькі дзяцей нашай групы знайшлі тут сваіх сяброў і сваякоў. Калі яны пакідалі нас, то сказалі, што абавязаны сваім жыццём майму бацьку.

...Мы вырашылі застацца ў лесе, таму што спробы дабрацца да лініі фронту аказаліся безвыніковымі. Наша група налічвала 11 чалавек, уключаючы 5 дзяцей. Мы пабудавалі маленькую зямлянку ў лесе з дапамогай беднага селяніна Сцепанэчкі, паабяцаўшы аддзякаваць яго пасля вайны. Мы заўсёды падтрымлівалі агонь у жыллі, і амаль заўсёды там была печаная бульба. Мы праводзілі бясконцыя гадзіны над агнём, раздзьмухаючы вуглі, каб яны не згаслі. Але вось аднойчы зімовай, снежнай, марознай ноччу іскра папала на страху. Бацька хацеў патушыць яе палкай, але, нягледзячы на намаганні, усё наша жыллё было знішчана агнём. Мы ішлі па глыбокім снезе дзве мілі, пакуль дабраліся да такой жа хібары сяброў, зробленай на чацвярых. Зараз яна павінна была ўмясціць яшчэ адзінаццаць. Праз некалькі дзён пачалі будаваць яшчэ адно жыллё з дапамогай таго ж Сцепанэчкі. Вызначалі час па сонцу і порах года і знаходзілі напрамак па зорках ноччу.

Самыя страшэнныя выпрабаванні прыйшлі зімой 1943/44 г. Мы выйшлі з нашага жылля пад покрывам ночы і прабіраліся глухімі лясамі праз хмызняк, які абдзіраў скуру і пакідаў сінякі.

Ішлі след у след. Сястра і я стараліся рабіць вельмі доўгія крокі, такія, як у дарослых. Снегу намяло па калена, і было вельмі цяжка выцягнуць сваю нагу. Калі прайшлі некалькі гадзін, знайшлі прытулак у закінутай будцы. На другі дзень, як толькі сабраліся паесці, раздаўся крык: "Немцы!" Хутка кінуліся ў гушчар. Немцы прыйшлі ў лес на лыжах. Праз некалькі імгненняў яны падышлі да будкі і знішчылі яе гранатай.

Аблава працягвалася некалькі дзён. Як толькі яна закончылася, вярнуліся шукаць свайго сябра Сцепанэчку. Калі падышлі да яго хаты, то знайшлі яго і яго сям'ю зверскі забітымі, жывёлу зарэзанай, гаспадарку спаленай. Немцы падазравалі Сцепанэчку ў сувязі з партызанамі. Такі ж лёс спасціг многіх сялян гэтага раёна.

У руінах хаты Сцепанэчкі знайшлі нямецкі нож, які тырчаў у шыі каровы. Карыстаючыся ім, разабралі яе і з'елі. Затым абышлі ўсе іншыя сялянскія сядзібы, якія былі разбураны, у пошуках чаго-небудзь, што магло яшчэ спатрэбіцца. Нашай лепшай знаходкай была сякера і маленькае вядро: абодва сапсаваныя агнём, якія выкарысталі, каб падрыхтаваць вогнішча.

Усе трымаліся разам. Як толькі вецер качаў дрэвы, з трывогай азіраліся вакол. Слухалі і меркавалі, адкуль ідзе кожны гук.

Нашай мэтай было выжыць, але ноччу под покрывам цемры, схаваныя густымі купамі дрэў, маглі крыху адпачыць і паспяваць. Кожны з нас навучыў другога тым песням і малітвам, якія ён ведаў сам, пакуль не вывучылі ўвесь рэпертуар на некалькіх мовах. Нашай любімай песняй была папулярная на ідзіш (Золд Шэйн, Зайн, Дзі, Геула), у якой задавалі пытанні нашаму Месіі: дзе ён і чаму ён так доўга чакае?

У час такіх вечароў з пустымі жыватамі прыдумвалі самыя цудоўныя рэчы.

У лясах мы былі палонныя і вольныя адначасова. У нас было мала ежы, але паветра прымушала нас адчуваць сябе жывымі. Я слухала лясных птушак і звяроў, палюбіла пах зямлі вясной і салодкі водар квецені. "Ці ёсць яшчэ на зямлі месца, дзе дзеці гуляюць, дзе яны ўстаюць раніцай, снедаюць, ідуць у школу і не баяцца?" — пытала я сябе. Адзін з нашых аптымістаў увесь час адказваў: "Я магу ўявіць вас вырасшымі ў шаўковых панчохах, у бліскучых лакавых туфельках і з пяром у капелюшы". Усе смяяліся.

Тыдзень ішоў за тыднем, і поры года змянялі адна адну. Нарэшце нашы сябры-партызаны прынеслі вельмі добрыя навіны. "Чырвоная Армія гоніць фашыстаў. Калі вы прыставіце вуха да зямлі і ўважліва прыслухаецеся, то зможаце пачуць гул кананады". Так і зрабілі ноччу, калі гукі можна было разлічваць лепш, чым днём. Аднойчы прыскакаў селянін на кані і сказаў: "Чырвоная Армія пройдзе праз вёску Бярэзнік. Змораныя салдаты дзеляцца сваім хлебам з усімі". Мы былі вызвалены. Немцы адступілі так хутка, што не было баёў на нашай тэрыторыі. Вайна прайшла міма нас, і мы засталіся жывымі, сталі вольнымі. Быў ліпень 1944 года.

За два гады ў лесе, у час нашых пабегаў і пастаяннага голаду ніколі не плакалі. Пакутуючы ад голаду і холаду, апранутыя ў лахманы, пазбаўленыя чалавечага грамадства, чапляліся за надзею, а зараз ішлі ў пошуках тых, хто мог выжыць. "Магчыма, мая маці..." Я гаварыла сама сабе, я шаптала малітву: "Госпадзі памілуй, мой лёс у тваіх руках". Усе былі ў напружанні, калі падыходзілі да Лахвы. Мястэчка больш не існавала. На яго месцы было поле, дзе расла морква. Доўга шукалі тое месца, дзе стаяла наша хата. Там, дзе быў сад, знайшлі пустазелле. Я стаяла пад вербамі, дзе стаяла тысячу разоў маленькай дзяўчынкай. Слёзы цяклі з вачэй.

Мы пабеглі да нашых сяброў-хрысціян і суседзяў-сялян, чые хаты захаваліся. Спачатку яны шарахаліся ад нас, быццам мы прыйшлі з таго свету. Але ў хуткім часе пачалі называць нашых сваякоў і сяброў, якіх яны бачылі мёртвымі. Мы плакалі без перапынку, калі яны называлі імя за імем.

У тую ноч я спрабавала зноў маліцца, але маё сэрца не ляжала да гэтага. Чаму Бог дазволіў чалавечым істотам загубіць веру ў яго? Я адчула незваротную страту. Я хадзіла на агульную магілу яўрэйскіх ахвяр кожны дзень і адчула, што засталася жыць замест іх таксама. Аб тых, хто не дажыў, мы павінны памятаць. Я пачала авалодваць глыбокай здольнасцю адчуваць...

Нягледзячы на вельмі занятае жыццё, ніколі не магла запоўніць той пралом, створаны ад пагубы ўсяго, што кахала і ў што верыла: маёй сям'і, майго народа, майго Бога. Я жыву ў Двух розных светах, і ўсякія новыя перажыванні абуджаюць у мяне малюнак мінулага. Я іду па скверы і нечакана ўспамінаю сябе ў 8 гадоў, калі ішла па полю ля Лахвы са сваёй маці. Кожны раз, калі думаю аб Лахве, а думаю аб ёй кожны дзень, я ўспамінаю смерць у гета ў тую вераснёўскую раніцу.

Я не магу нешта змяніць, але жыву ў цісках маіх успамінаў аб знішчэнні нацыі".

Пераклад Сяргея Богдана

На верх старонкі