Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

З гета з паўстаннем

Лахва была маленькім яўрэйскім мястэчкам у Лунінецкім раёне Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. 3 верасня 1942 г. стаў апошнім днём у векавой гісторыі лахвенскіх яўрэяў...
"Галоўнае ўпраўленне СС Бергаль Расп Камандзіру СД у Пінску Раску і Гебітскамісару (асабіста).

Галоўнае ўпраўленне СС даручае вам арганізаваць у перыяд са жніўня па лістапад 1942 г. ліквідацыю яўрэйскага насельніцтва раёна.

Гебітскамісарыят (грамадзянская ўлада на акупаваных гітлераўцамі тэрыторыях Савецкага Саюза і Польшчы) абавязаны паклапаціцца ў найкарацейшыя тэрміны аб падрыхтоўцы да акцыі. Акцыя павінна быць праведзена ў адпаведнасці з наступным планам:

  1. Належыць раней падрыхтаваць ямы для пахавання трупаў.
  2. Герметычна закрыць гета.
  3. Яўрэі павінны быць сканцэнтраваны ў адным месцы дзеля больш арганізаванага суправаджэння да месца акцыі.
  4. Маршавы строй у суправаджэнні аховы-калоны на сто чалавек (100).
  5. Яўрэі выстройваюцца каля рвоў спінаю да ўзброеных аўтаматчыкаў.
  6. Наступныя партыі павінны класціся на трупы і расстрэльвацца з блізкай дыстанцыі.
  7. Перад акцыяй і пасля яе сілы бяспекі і СД атрымліваюць гарэлку".
Са стэнаграмы франкфурцкага працэсу 1973 г. "Яд Вашэм", дакумент ТР-Ю (786). (Яд Вашэм. Музей Катастрофы і Гераізму, мемарыял ахвяр фашысцкіх ганенняў у Ізраілі).

"Выконваць "акцыю" даручана паліцэйскаму батальёну 306 (звыш 300 чалавек), дзевятаму ўзводу трэцяй роты пятнаццатага паліцэйскага батальёна (35 чалавек), кавалерыйскаму эскадрону (160 чалавек), батальёну ТОТ № 69 (адабрана 40 чалавек), сілам СД "Дзінсштштэле" у Пінску (50 чалавек) і некалькім сотням украінскіх і беларускіх памагатых гітлераўцаў.

Гаўптштурмфюрэру СС камандзіру роты Заўэру:

1. ...Сілам, якія ўвойдуць у гета, неабходна мець пры сабе сякеры і ламы для узлому зачыненых памяшканняў і пошуку яўрэяў, якія схаваліся.
2. Кожны падвал і гарышча павінны абследавацца з дапамогайп сабаю. Пасля заканчэння пошукаў падвалылы і гарышчы закідваюцца гранатамі.
3. Дзеля пошукаў у стагах сена і іншых месцах карыстацца шомпаламі.

"Дакументы абвінавачваюць", с. 35 — 36.

2 верасня ў гета даведаліся, што немцы падрыхтавалі ямы недалёка ад яўрэйскіх могілак, дзе будуць расстраляны ўсе яўрэі мястэчка Лахва. Старшыня Юдэнрата Берл Лапацін звярнуўся да намесніка гебітскамісара Пінска Адольфа Ібнера з просьбай аб літасці. Той у якасці высакароднага ўчынку прапаноўвае Лапаціну разам з іншымі яўрэямі-спецыялістамі выратаванне: усе яны будуць абслугоўваць германскую армію.

Лапацін вярнуўся ў гета і знясіленым голасам пераказаў змест размовы: "Я жывым не здамся! Хто яшчэ?"

Ноч застае гета за працай. Збіраюцца ўсе бутэлькі і бляшанкі, каністры і ёмістасці, Раскладваецца вата і анучы. Зброі няма. Ёсць толькі нянавісць і жаданне жыць...

Ранкам 3 верасня 1942 г. ідылічную цішыню маленькага і закінутага мястэчка парушае далёкі гул матораў. Рухаюцца грузавікі і камандкеры са станковымі і ручнымі кулямётамі. Яўрэі, якія заселі ў засадзе, налічылі каля пяцісот экзекутараў. Удзельнікі маючай адбыцца акцыі ў добрым падпіцці. Яны равуць песні.

Берл Лапацін падпальвае будынак Юдэнрата. У сцены і дахі ляціць град бутэлек з гаручай сумессю. Ляцяць яны і ў эсэсаўскіх памагатых.

Камандзір паўстання яўрэяў Іцхак Рахчын абрушвае сякеру на эсэсаўца, які наблізіўся, той валіцца мёртвы. Яўрэі, скарыстаўшы разгубленасць катаў, кідаюцца да варот. Усё навокал гарыць.

Людзі бягуць у бок Прыпяці, туды, дзе цямнее густы лес. Але да яго далека. Жанчыны з малымі на руках, мужчыны з бутэлькамі з гаручай сумессю ў руках, старыя.

Гітлераўцы і іх памагатыя пачынаюць страляць з кулямётаў. Людзі падаюць, чутны стогны параненых...

З дзвюх тысяч параненых яўрэяў трапілі ў лясы каля шасцісот. Большасць — у так званыя "сямейныя лагеры".

Тыя, што маладзейшыя, просяцца да партызан... Адзін з тых, каму ўдалося далучыцца да партызан, жыве зараз у Ізраілі: гэта Іегошуа Ліёр (Ліхтштэйн). Спачатку атрад Ціхана Бумажкова, потым атрад імя Суворава 275-ай партызанскай брыгады. Другі нумар кулямёта Дзегцярова, дыверсійныя акцыі, нападзенні на цягнікі, мініраванне чыгуначных пуцей.

Да партызан удалося далучыцца і яго семнаццацігадоваму брату Бенцыёну. Ён загінуў ужо пасля таго, як партызаны з яго атрада ўліліся ў рады Чырвонай Арміі...

Лахва была адным з соцень яурэйскіх мястэчак, сцёртых з твару зямлі бязлітасным шквалам ванны. Але Лахва так і не стала жывой легендай.

Хто чуў аб ёй? Хто ведае прыклад мужнасці і адчаю яўрэйскага насельніцтва?

Чвэрць стагоддзя збірае матэрыялы аб Лахве і яе ахвярах Іегошуа Ліёр. Хто і калі збярэ аб усіх астатніх?

Ім зараз па семдзесят і больш. Тым, хто прайшоў праз усе колы пекла і выжыў насуперак усім смерцям. Тым, хто не саромеецца сваіх слёз у Дзень памяці Гераізму і Катастрофы.

Для іх гісторыя — не сухія радкі падручніка, але выпаленае ў памяці жорсткае кляймо лёсу. Кляймо чужыны і пагібелі цэлага свету...

З. Яноўскі (Газета "Наша страна", 5 мая 1989, Ізраіль).

На верх старонкі