В. П. Гразноўскі

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Рэха вайны

У ліпені 1944 года, калі фронт прайшоў праз Лунінеччыну на захад, тут доўга яшчэ адчуваўся спякотны подых вайны, якая нагадвала пра сябе перш-наперш пахавальнымі. Але нашы землякі гінулі не толькі ў далёкай Еўропе — яшчэ не адзін год працягвалі гучаць стрэлы і выбухі ў палескіх лясах і вёсках. Тых, хто змагаўся супраць Савецкай улады, называлі "бандытамі". Сярод іх былі былыя гітлераўскія памагатыя, якія хаваліся па лясах ад пакарання, трапляліся і людзі з больш складанымі біяграфіямі, якіх штурхнула на шлях узброенай барацьбы крыўда, выкліканая сталінскімі рэпрэсіямі і прымусовай калектывізацыяй. З поўдня на Палессе нярэдка завітвалі атрады бандэраўцаў... Лілася кроў, палалі хаты. Гінулі салдаты і міліцыянеры, партыйныя і савецкія работнікі, актыўныя ўдзельнікі новага ладу жыцця. Гінулі і людзі, далёкія ад палітыкі. У людской свядомасці "бандыты", "банды" ўспрымаліся менавіта як групоўкі крымінальных злачынцаў, якія перашкаджалі нармальнаму жыццю, трымалі насельніцтва ў напружанні. Да пачатку 50-ых гадоў яны былі ліквідаваны. Але не павінна знікаць памяць пра ахвяр той "лясной" вайны.
Бастынец Конан Пятровіч, н. у 1904 у в. Дрэбск, паромшчык, забіты 10.09.1951 на рацэ Прыпяць, пахаваны ў в. Кажан-Гарадок.

Велясюк Даніла Іванавіч, н. у 1906, фінагент Дварэцкага с/с, забіты 29.08.1946 у в. Язвінкі, пахаваны ў в. Дварэц.

Вярэніч Іван Сцяпанавіч, н. у 1902, намеснік старшыні Дварэцкага с/с, забіты 29.08.1946 у в. Язвінкі, пахаваны ў Курганскай вобл.

Гаргун Нічыпар Майсеевіч, н. у 1910, ляснік Чучавіцкага лясніцтва, забіты 10.09.1948 на х. Бор, пахаваны ў в. Вялікія Чучавічы.

Гразноўскі Васіль Пятровіч, н. у 1905 у в. Калпеніца Крупскага р-на Мінскай вобл., з 1930 — курсант школы міліцыі ў Мінску, участковы ўпаўнаважаны Талачынскага РА НКУС, слухач школы міліцыі ў Ленінградзе, у гады вайны — аператыўны работнік войскаў НКУС. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны", медалём "За Перамогу над Германіяй у Вялікую Айчынную вайну 1941 — 1945 гг.", з 1946 — маёр, намеснік начальніка Ленінскага РА НКУС, загінуў 24.04.1949 на Чэрабасаўскіх хутарах, пахаваны ў р.п. Мікашэвічы. Яго імем названа вуліца ў рабочым пасёлку.

З летапісу Лунінецкага ГРАУС:

"На Вялікдзень у міліцыю паведамілі, што ў хляве адной з хутаранак хаваецца група бандытаў. Аператыўная група выехала на іх затрыманне. Прыбыўшы ва ўрочышча Погань (адзін з Чэрабасаўскіх хутароў), міліцыянеры акружылі пабудовы, пачалі адчыняць дзверы хлява. Адтуль выйшаў зяць гаспадыні і заявіў, што больш нікога няма. Зайшоўшы праверыць яго словы, аператыўнікі выпусцілі з поля зроку сенавал. Адтуль бандыты адкрылі агонь. Пачаўся бой, у якім быў смяротна паранены Гразноўскі. Калі яго хацелі адцягнуць ад палаючага хлява і аказаць першую дапамогу, ён крыкнуў: "Не ратуйце мяне, біце бандытаў!.."

Грышчанка Аляксандр Сяргеевіч, у гады вайны змагаўся на фронце, з 1945 — участковы ўпаўнаважаны Ленінскага РА НКУС, загінуў 18.05.1947 у в. Любань, пахаваны ў р.п. Мікашэвічы.
З летапісу Лунінецкага ГРАУС:

"Аператыўная група міліцыі выехала ў Любань, якая падверглася налёту банды. Перад вёскай іх сустрэла засада бандытаў. Больш трох гадзін цягнуўся бой, які стаў апошнім для Грышчанкі..."

Дабрынеўскі Эдуард Адамавіч, н. у 1923, загадчык Чучавіцкага магазіна, забіты вясной 1949 у Загорскім лесе.

Жачкін Сяргей Аляксандравіч, сакратар Лунінецкага райкама КП(б)Б, забіты 25.04.1949 у в. Цна, пахаваны ў г. Лунінец. У 1967 на магіле ўстаноўлена стэла.

Калаур Васіль Майсеевіч, н. у 1911 у в. Лемяшэвічы Пінскага р-на, з 1939 — участковы інспектар Пінскага РА НКУС, у гады вайны — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння. Узнагароджаны медалямі "За баявыя заслугі", "Партызану Айчыннай вайны" I ступені, "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.", з 1944 — малодшы лейтэнант, аператыўны ўпаўнаважаны Лунінецкага РА НКУС, асабіста абясшкодзіў каля трох дзесяткаў бандытаў, загінуў 31.12.1948 у в. Вічын, пахаваны ў г. Лунінец.

З летапісу Лунінецкага ГРАУС:

"У пераднавагоднюю ноч міліцыю ўзняла "ў ружжо" трывожная вестка: бандыцкі налёт на Вічын. Узначаліўшы групу знішчальнага батальёна, Калаур выехаў на месца здарэння. Дакладна вызначыўшы задачу кожнаму ўдзельніку баявой аперацыі, ён разам з адным з "ястрабкоў" пайшоў у заслон на край вёскі. Як і прадбачыў Калаур, адступаўшыя бандыты завязалі перастрэлку. Смяротна паранены камандзір ужо не даведаўся пра перамогу свайго атрада ў гэтым баі..."

Клімаў Рыгор Тарасавіч, н. у 1907, дэпутат Вялуцкага с/с, забіты ў верасні 1947 каля в. Велута па дарозе на г. Лунінец.

Князеў Анатоль Іванавіч, н. у 1919 на Далёкім Усходзе, з першага дня вайны — на фронце, сяржант, камандзір аддзялення, з 12.06.1942 — камандзір узвода, палітрук роты партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, партызанская мянушка "Кусік", пасля вызвалення — загадчык канторы "Нарыхтоўжывёла", баец знішчальнага батальёна, загінуў 24.11.1944 у в. Бастынь, пахаваны ў брацкай магіле 2 у гарадскім скверы г. Лунінец.

Па даных архіўнага ўліку, радавы Князеў значыўся прапаўшым без вестак у жніўні 1941-га. На самай справе ён трапіў у нямецкі палон, адкуль двойчы збягаў. У другі раз — паспяхова, на Палессі сустрэўся з партызанамі. У баявой характарыстыцы адзначаны асобныя аперацыі, у якіх удзельнічаў:

"У маі 1943 г. камандаваў дыверсійнай групай пры падрыве чыгуначнага састава ў раёне Дрэбск-Ракітна. Знішчана 30 нямецкіх салдат і афіцэраў, узарваны цягнік, 17 вагонаў;
24 красавіка 1944 г. камандаваў ротай у маштабе атрада па знішчэнню карнага падраздзялення СС, якое накіроўвалася расстрэльваць мірнае насельніцтва хутароў Мокрава і Манасеева. Знішчана 97 і паранена 17 салдат і афіцэраў праціўніка;
з 2 па 10 ліпеня 1944 г. камандаваў партызанскай ротай, удзельнічаў у баях у раёне вёскі Бастынь-Дзятлавічы з адступаючымі часцямі нямецкай арміі. Знішчана 70 салдат і афіцэраў ворага..."

У партызанскім атрадзе Анатоль Князеў пазнаёміўся з сувязной Любоўю Літвінка. Яны сталі мужам і жонкай. Вяселле гулялі ў лесе, усім атрадам.

Сын Анатоль нарадзіўся пасля гібелі бацькі...

Колбік Іван Трафімавіч, н. у 1903, дэпутат Язвінскага с/с, забіты 19.08.1946 у в. Ракітна, пахаваны там жа.

Краўцоў Андрэй Яўлампіевіч, н. у 1911 у в. Баргуцен Сувораўскага р-на Стаўрапольскага краю, брыгадзір калгаса імя Жданава, забіты 4.12.1950, пахаваны ў в. Дварэц.

Курак Рыгор Андрэевіч, н. у 1888, брыгадзір калгаса "Чырвоны партызан", забіты 25.09.1948 у в. Малыя Чучавічы, пахаваны там жа. Адначасова быў паранены яго сын Антон, н. у 1916, старшыня Чучавіцкага с/с.

Лосеў Іван Ільіч, н. у с. Пералюб Пералюбскага р-на Саратаўскай вобл. (Расія), з ліпеня 1944 — капітан, нач. 4-га аддзялення Лунінецкага РВК, загінуў 24.11.1944 у в. Бастынь, пахаваны на могілках у г. Лунінец. У 1967 на магіле ўстаноўлена стэла.

Іван Лосеў быў на фронце з першага дня вайны. Двойчы быў паранены, асабліва цяжка — у баях на Курскай дузе. Як толькі здолеў трымаць пяро ў руцэ, напісаў дамоў:

"Прашу вас, пра мяне не хвалюйцеся. Старайцеся сваёй працай дапамагаць біць фашыстаў. I ты, мой малеча-сынок, дапамагай дзядулі, працуй. Уся краіна ваюе і працуе. Ты ж мужчына, Юрка... Прызнаюся: у жывых застаўся нейкім цудам. 12 сутак быў без прытомнасці. Але медыцына наша з мёртвых нас уваскрашае, ставіць на ногі: некалі разлежвацца... Засумаваў па вас вельмі. Асабліва па Юрку. Ніна, беражы яго. Я бачыў пакуты жанчын і дзяцей. Таму ворага трэба біць і біць..."

Выздаравеўшы, Іван Лосеў зноў у страі. Вызваляў Беларусь. Яшчэ раз быў паранены вясною 44-га. Са шпіталя яму дазволілі заехаць дамоў. А потым прапанавалі застацца ў вызваленым Лунінцы: участак адказны, напружанне — не менш франтавога.

З рання да ночы капітан Лосеў аддаваўся рабоце. Час быў неспакойны, у лясах блукалі бандыты, рабілі напады на актывістаў мірнага жыцця. Зрэдку знаходзіў час, каб напісаць ліст дахаты. Звяртаўся да сына:

"Трымайся, мацак. Расці. Тата хутка вернецца. Работы потым хопіць і табе. Вораг хутка будзе знішчаны. Засталося зусім мала, Беларусь ужо свабодная. Цудоўны гэты край, Юрка. Бачыць яго трэба! У нас — стэп, а тут лясы, балоты, дубровы, хваёвае паветра, гэта значыць, сасновае. Пажывем — усё ўбачыш, сын мой..."

Гэта быў апошні ліст капітана Лосева. 24 лістапада ён у складзе знішчальнага батальёна выехаў у вёску Бастынь. Калі наблізіліся да клуба, што знаходзіўся недалёка ад чыгуначнага пераезда, на іх напалі бандыты. Чацвёра партыйных і савецкіх работнікаў загінулі на месцы. Цяжка параненага капітана Лосева ўзялі жывым. Доўга катавалі, потым знявечанага кінулі ў лесе. Толькі праз тры дні ўдалося знайсці і пахаваць яго цела...

Ляскоўскі Пётр Кузьміч, н. у 1905, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, старшыня Гоцкага с/с, забіты 19.06.1949 у в. Гоцк, пахаваны ў в. Вялікія Чучавічы.

Пятроў Мікалай Мікалаевіч, н. у 1925 у в. Перунова, у гады вайны — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, з 1944 — супрацоўнік Лунінецкага РА НКУС, загінуў 15.04.1949, пахаваны ў в. Лахва.

З летапісу Лунінецкага ГРАУС:

"У райаддзел міліцыі паступіла паведамленне аб з'яўленні на тэрыторыі Лахвенскага сельсавета двух злачынцаў, якія здзейснілі шэраг крадзяжоў магазінаў. Выявіць і затрымаць іх было даручана Пятрову. Аднаго хутка ўдалося абясшкодзіць. Стала вядома, што другі знаходзіцца на шляху да Лунінца. Пятроў вырашыў перахапіць яго па дарозе, але, заўважыўшы міліцыянера, злачынца заскочыў у дом сваяка і схаваўся за дзвярыма. На жаль, Мікалай не прадбачыў небяспеку і зайшоў у сені. Забойца нечакана ўсадзіў яму ў спіну нож, потым нанёс яшчэ 14 нажавых раненняў".

Садчанка Аляксандр, фінагент Язвінскага с/с, забіты ў 1948.

Трошын Міхаіл Пятровіч, н. у 1903 у с. Папярэчнае Калышлейскага р-на Пензенскай вобл. (Расія), з 1925 — у Чырвонай Арміі, з 1927 — член ВКП(б), з 1928 — у органах НКУС у Пензенскай, Куйбышаўскай і Чкалаўскай абласцях, начальнік раённага аддзела міліцыі, начальнік крымінальнага вышуку абласнога ўпраўлення міліцыі, удзельнік барацьбы за ўмацаванне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі, з ліпеня 1944 — капітан, начальнік Лунінецкага РАМ, загінуў 24.11.1944 у в. Бастынь, пахаваны ў г. Лунінец. Імем М.П. Трошына названа вуліца ў г. Лунінец.

Вытрымка з ліста ў Лунінецкі ГРАУС удавы загінуўшага Ніны Фёдараўны Трошынай, жыхаркі г. Раздольнае Крымскай вобл. (Украіна):

"Вы просіце папоўніць музей якімі-небудзь матэрыяламі, што датычаць майго мужа. Але ў мяне нічога няма. Справа ў тым, што пасля яго гібелі я паехала з Лунінца на цалінныя землі ў Казахстан. Праз некаторы час наш дом там згарэў, у агні загінула ўсё.

Я не пакрыўдзіла памяць майго мужа — лепшы помнік яму тое, што выхавала нашага сына Вячаслава дастойным чалавекам, а цяпер такімі ж імкнуся выхаваць унукаў".

Туркевіч Аляксандр Сцяпанавіч, н. у 1922, забіты 29.08.1946 у в. Ракітна, пахаваны там жа.

Туркевіч Іван Макаравіч, н. у 1906, дэпутат Язвінскага с/с, забіты 29.08.1946 у в. Ракітна, пахаваны там жа.

Хілюк Сяргей Мікалаевіч, н. у 1898, дэпутат Язвінскага с/с, забіты стрэлам праз вакно 5.11.1948, пахаваны ў в. Яжаўкі.

Швед Максім Іванавіч, н. у 1900, член праўлення калгаса "Шлях Леніна", забіты 28.04.1947 на Бастынскіх хутарах, пахаваны ў в. Бастынь.

Шпонька Андрэй Васільевіч, н. у 1922 у в. Сінкевічы, у гады вайны — член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, потым партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння. Узнагароджаны медалямі "Партызану Айчыннай вайны" II ступені і "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.", з 1944 — участковы ўпаўнаважаны Ленінскага РА НКУС па Сінкевіцкім с/с, загінуў у ліпені 1947 у в. Азярніца, пахаваны ў в. Сінкевічы.

З летапісу Лунінецкага ГРАУС:

"Расследуючы крадзёж у магазіне, Шпонька прыбыў у Азярніцу. Па падазрэнню ў злачынстве ён затрымаў аднаго з вяскоўцаў, каб даставіць у райаддзел. Але пры выхадзе з дому злачынцы грымнуў стрэл: з паляўнічага ружжа ў міліцыянера пацэліў другі саўдзельнік крадзяжу".

Шэўчык Іван Ігнатавіч, н. у 1902, старшыня Любанскага с/с, забіты ў чэрвені 1949 на лузе, дзе касіў сена, пахаваны ў в. Любань. У 1967 на магіле ўстаноўлены абеліск.

Шэўчык Міхаіл Іванавіч, н. у 1908, намеснік старшыні Любанскага с/с, забіты дома 9.08.1948, пахаваны ў в. Любань. У 1967 на магіле ўстаноўлены абеліск.

На верх старонкі


А. С. Грышчанка


Э. А. Дабрынеўскі


В. М. Калаур


А. І. Князеў


П. К. Ляскоўскі


М. М. Пятроў


А. В. Шпонька