• Багданаўскі сельсавет
  • Бастынскі сельсавет
  • Вулькаўскі сельсавет
  • Гарадоцкі сельсавет
  • Дварэцкі сельсавет
  • Дзятлавіцкі сельсавет
  • Лахвенскі сельсавет
  • Лунінскі сельсавет
  • Мікашэвіцкі пассавет
  • Рэдзегіраўскі сельсавет
  • Сінкевіцкі сельсавет
  • Чучавіцкі сельсавет
  • г. Лунінец

  • Памяць
    Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

    Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

    Родныя Вы нашы.
    У смутку вялікім схіліўшы галовы,
    стаім перад Вамі.
    Вы не скарыліся лютым забойцам
    у чорныя дні фашысцкай навалы.
    Вы смерць прынялі,
    ды полымя сэрцаў Вашай любові
    да Радзімы
    навек незгасальна.
    Памяць пра Вас у нас назаўсёды,
    як неўміручая наша зямля
    і як вечна яркае сонца над ёю!

    Загінуўшыя ўдзельнікі падполля, партызаны і партызанскія сувязныя

    Багданаўскі сельсавет

    Калгас "Гігант"
    Вёска Багаданаўка
    Кавалевіч Іван Іванавіч, н. у 1915, з 14.06.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 10.02.1944.

    Бастынскі сельсавет

    Калгас "Зара"
    Вёска Велута
    Кавелька Адам Цімафеевіч, партызан брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў.

    Максімчык Міхаіл Іванавіч, н. у 1920, з 26.07.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 8.03.1944.

    Максімчык Павел Іванавіч, н. у 1923, з 18.05.1943 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 16.04.1944, пахаваны ў в. Велута.

    Радзюк Фёдар Іванавіч, н. у 1916, са снежня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 13.04.1943.

    Калгас "Шлях Леніна"
    Вёска Бастынь
    Бяляк Цімафей Адамавіч, н. у 1921, з 13.02.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 18.03.1944.

    Вярэніч Сяргей Ігнатавіч, н. у 1924, партызан брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 24.06.1944.

    Вячорка Любоў Данілаўна, н. у 1903, сувязная партызанскага атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, расстраляна 3.09.1943 на месцы масавых расстрэлаў Баханова ў г. Лунінец. Яе імя ўвекавечана на мармуровай дошцы на Кургане Славы.

    З успамінаў дачкі загінуўшай Ірыны Вітальеўны Гец (Вячорка), жыхаркі г. Лунінец:

    — Мая маці — настаўніца з горада Століна — маладой, вельмі прыгожай дзяўчынай выйшла замуж за праваслаўнага свяшчэнніка з Бастыні, які быў старэйшы за яе на 26 гадоў. Іх шлюб быў заснаваны на сапраўдным вялікім каханні, нягледзячы на няроўны ўзрост.

    У свой час польскія ўлады забаранілі бацьку працаваць на чыгунцы з-за таго, што не захацеў перайсці ў каталіцкую веру, таму ён і стаў свяшчэннікам. Бацька высока цаніў сапраўдную інтэлігентнасць, лічыў нямецкую нацыю адной з самых адукаваных і культурных. Першыя ж дні акупацыі поўнасцю змянілі яго погляды. На яго вачах знішчалі мірных жыхароў: забілі Юлю Петраградку (гэта мясцовая мянушка, на жаль, не памятаю прозвішча жанчыны) з мужам, а яўрэйскага равіна Флаксмана прывязалі да каня і пусцілі галопам па дарозе. Узрушаны бацька толькі паўтараў:

    — Гэта нелюдзі! Людзі так рабіць не могуць!

    З узнікненнем партызанскага руху сям'я стала падтрымліваць сувязь з лесам. У бацькоў была вялікая хатняя бібліятэка, грамафон, таму дом часта наведвалі вартавыя чыгункі — казакі, былыя ваеннапалонныя чырвонаармейцы. Такім чынам можна было атрымліваць каштоўныя звесткі, а потым, пасля доўгіх перагавораў, у якіх удзельнічалі і бацькі, многія казакі наогул пайшлі ў лес, сталі партызанамі. Да пары да часу наша сям'я не выклікала падазрэння ў гітлераўцаў. Але пасля таго як партызаны ўзарвалі лесазавод, дзе я працавала машыністкай, штосьці насцярожыла акупантаў і за домам устанавілі назіранне. А ўлетку 1943 года маці і мяне арыштавалі.

    Некаторы час мы разам сядзелі ў турме ў Лунінцы, у наручніках, на нарах з няструганых дошак (1-ы паверх цяперашняга будынку друкарні). Адсюль вадзілі на допыты ў СД (цяпер — жылы шматкватэрны дом насупраць былога касцёла). Там страшна здзекаваліся над зняволенымі, білі, прыпальвалі цела цыгарэтамі, а каб не былі чутныя крыкі няшчасных людзей, ігралі на піяніна ці на губным гармоніку. Аднойчы мне пераклалі здзіўлены вокліч аднаго з нямецкіх афіцэраў:

    — Нічога не разумею ў гэтай праклятай краіне! Тут усе партызаны. Нават свяшчэннік дапамагае партызанам!

    Так я здагадалася, чаму на волі аказаўся бацька. Нямецкія салдаты, насіўшыя на спражках надпіс "З намі Бог", хацелі захаваць выгляд прыстойнасці ў адносінах да духоўнай асо6ы. Відавочна, іх меркаванні былі такія: заб'ём жонку і дачку, дык ён і сам памрэ, у гадах ужо.

    Маці сапраўды расстралялі. А мяне пад канвоем адвезлі ў пінскую турму. Шчаслівая выпадковасць: знаёмы яшчэ па гімназісцкіх часінах турэмны ўрач Міхаіл Канстанцінавіч Пугач выратаваў і ад вывазу ў Германію, і ад расстрэлу (потым ён сам з сям'ёю пайшоў у партызаны). Тым часам і бацька абіваў ганкі архірэя і свецкага начальства: дапамажыце вызваліць адзіную дачку. I мяне выпусцілі з умовай штодзённай рэгістрацыі ў паліцэйскім участку па месцы жыхарства...

    Галямін Іван Мікалаевіч, н. у 1928, да вайны — вучань Люшчанскай школы, член ВЛКСМ, з 22.10.1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 24.06.1944, пахаваны ў в. Бастынь.

    Дырман Рыгор Аляксандравіч, н. у 1923, з 25.11.1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 20.02.1944, пахаваны ў в. Бастынь.

    Успамінае Канстанцін Рыгоравіч Дырда, жыхар ст. Дзятлавічы:— Разведчык Рыгор Дырман па заданню сустрэўся з сувязным Васілём Трафімавічам Малайчуком, які жыў на хутары Палетак. Нечакана хутар ачапілі гітлераўцы. Партызан і гаспадар перабраліся праз саламяны дах і пабеглі да лесу, але каля балота іх дагналі смяротныя варожыя кулі. Фашысты і на гэтым не супакоіліся, жорстка расправіліся з сям'ёю Малайчука і суседзямі.
    Зылевіч Апанас Паўлавіч, н. у 1923, са снежня 1942 — сувязны партызанскай брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у верасні 1943.

    Зылевіч Іван Мікалаевіч, н. у 1918, з чэрвеня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у верасні 1943.

    Зылевіч Павел Радзівонавіч, н. у 1901, з 13.03.1943 — сувязны партызанскай брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 20.09.1943.

    Кунайка Іван Мікалаевіч, н. у 1923, са снежня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у чэрвені 1943.

    Марко Васіль Трафімавіч, н. у 1924, з 1.05.1943 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 15.02.1944, пахаваны ў в. Лахва.

    Вулькаўскі сельсавет

    Калгас "Рассвет"
    Вёска Бродніца
    Ванюк Сямён Іосіфавіч, н. у 1925, з мая 1943 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, схоплены гітлераўцамі і закатаваны 17.09.1943.

    Грэбень Іван Гаўрылавіч, н. у 1916, з 10.05.1943 - партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 26.11.1943, пахаваны на х. Сітніцкі Двор.

    Прыбаровіч Цімафей Іванавіч, н. у 1909, да вайны працаваў млынаром у в. Дрэбск, з 1.01.1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, памёр ад тыфу 3.05.1944, пахаваны ў в. Гоцк Салігорскага раёна Мінскай вобл.

    Вёска Добрая Воля
    Краўчук Міхаіл Рыгоравіч, н. у 1913 у г. Драгічын, да вайны працаваў бракаром леспрамгаса і жыў у в. Добрая Воля, з чэрвеня 1942 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 23.09.1943, пахаваны ў в. Бастынь.
    Калгас "Чырвоны Кастрычнік"
    Вёска Красная Воля
    Дземідовіч Рыгор Мікалаевіч, н. у 1915, з 12.02.1943 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, памёр ад тыфу 7.03.1944.

    Грудзько Яфім Мікалаевіч, н. у 1907, з 7.10.1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у кастрычніку 1943.

    З успамінаў дачкі загінуўшага Ганны Яфімаўны Мухінай (Грудзько), жыхаркі г. Лунінец:

    — Наша сям'я бедна жыла. Пабудавалі хату, мелі карову і каня, але зямлі не было, так што ці ў мацінага бацькі прасілі (ён у Добрай Волі жыў, шмат зямлі меў), ці па людзях садзілі. А ў сям'і толькі дзяцей было дзевяць душ, праўда, хутка памерлі чатыры.

    Бацьку дапамагалі яго майстэрскія рукі. За пуд жыта рабіў людзям кросны, бочкі ці вёдры. На гулянкі не было калі хадзіць. Зрэдку па вечарах выйдзе да мужыкоў, пасядзіць крыху.

    Пры Саветах бацьку прызначылі нарыхтоўшчыкам: лён збіраў, воўну. Быццам бы да лепшага жыццё стала наладжвацца. Ды тут вайна. Толькі немцы прыйшлі, тут жа і паліцаяў з мясцовых аб'явілася некалькі. Аднойчы прыйшлі і страшна пабілі бацьку. Вяскоўцы потым казалі, быццам у кагосьці з іх 2-ім сортам лён прыняў, за гэта і здзекаваліся. Магчыма і так. Пасля гэтага некуды знік бацька. Доўга яго не было, а потым ужо аб'явіўся з партызанамі. Бралі ў вёсцы кароў, іншыя неабходныя прадукты і рэчы. А нас вырашылі не пакідаць у вёсцы. Мяне і малодшага брата Адама адправілі да бабы ў Добрую Волю, сястру Тоню — да цёткі, а маці з Ільёй і Надзеяй засталіся побач з бацькам, у сямейным партызанскім лагеры.

    Так пражылі больш года. Наш бок немцы быццам бы не чапалі, было ціха і спакойна, таму маці з намі, дзецьмі, вярнулася дамоў. А восенню прыязджае Скрыпка, партызанскі сябар бацькі, і кажа: "Забілі вашага бацьку на лані". Праз пару дзён цела бацькі прывезлі і пахавалі на вясковых могілках.

    Ох, і прыпала нам бядоты пасля вайны. Маці пайшла з самага пачатку ў калгас, а ўся хатняя гаспадарка — на мне, старэйшай. А я ж толькі з 30-га года. Торбу жыта маці дасць і загадае: змялі на млыне, карову падаі, градкі выпалі, за малодшымі прыглядзі. Штосьці не паспею зрабіць, яна прыйдзе з работы стомленая, ды і мяне яшчэ за косы адцягае.

    У 1952 годзе Антаніна па вярбоўцы паехала на Урал, а потым і мяне забрала. Працавала я ў Свярдлоўскай вобласці, у леспрамгасе. Кучу грошай атрымлівалі. У калгасе бедна было, дык мы маці то цукру, то матэрыялу дашлём.

    За маці вельмі крыўдна было. Яна ж не лічылася салдацкай удавой. Калі ў 60 — 70-ыя гады ветэранам ільготы далі, мы таксама запытанне зрабілі. Адусюль адзін адказ: звестак аб знаходжанні вашага мужа ў партызанскім руху не маецца. А паўсюдна ж у горадзе і ў вёсках жывуць партызаны, якія разам з ім ваявалі. Ніхто не паклапаціўся. Так за ўсё жыццё наша маці і сям'я не атрымалі ніякай дапамогі ад дзяржавы за бацьку, загінуўшага за гэту самую дзяржаву. I толькі ўлетку 1992-га года, калі ўжо ні дзяржавы, ні льгот асаблівых не было, рэдакцыя раённай газеты знайшла пацвярджэнне ў архіве. Маці афіцыйна стала салдацкай удавой, паўвека пасля гібелі мужа...

    А ў маці наогул вайна забрала не аднаго блізкага чалавека. На Вісле загінуў дзядзька, брат бабулі. А брат маці, таксама чырвонаармеец, ужо з Берліна ліст даслаў: "Святкуем Перамогу. Чакайце, хутка дамоў". Чакалі яго, чакалі, потым у вышук падалі. I прыйшло паведамленне: прапаў без вестак.


    Л. Д. Вячорка


    П. А. Янкевіч


    Магіла партызан А. Ф. і П. А. Янкевічаў
    у в. Кажан-Гарадок

    Гарадоцкі сельсавет

    Калгас "Маяк"
    Вёска Дрэбск
    Арашкевіч Іван Васільевіч, н. у 1922, да вайны ўступіў у камсамол, з чэрвеня 1943 — разведчык партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 2.04.1944, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.
    Вёска Кажан-Гарадок
    Янкевіч Пётр Антонавіч, н. у 1921, да вайны — рахункавод Кажан-Гарадоцкага с/с, з 1942 — член ВЛКСМ, з 17.06.1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, памёр ад ран 18.03.1944, пахаваны ў в. Кажан-Гарадок.
    У 1967 на магіле пастаўлены помнік і на будынку выканкама Гарадоцкага с/с устаноўлена мемарыяльная дошка. Імем партызана названа вуліца ў в. Кажан-Гарадок.

    Успамінае партызанскі сябар Пятра, былы камандзір узвода атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Рыгор Савіч Юрцэвіч:

    — У складзе партызанскага атрада імя Кірава, які ў ліпені 1943-га перарос у брыгаду з трох атрадаў, мы з Пятром Янкевічам удзельнічалі ў многіх баявых аперацыях. Вызвалялі пасёлак Леніна ў верасні 1942 года, дзе разграмілі нямецкі гарнізон, усе фашысцкія ўправы, вызвалілі каля 20 чалавек, якіх акупанты трымалі ў турме. Разам узрывалі чыгуначны мост у вёсцы Сінкевічы, каб перашкодзіць фашыстам перапраўляць на фронт жывую сілу і тэхніку. Удзельнічалі ў баях за вызваленне пасёлка Свента Воля былога Целяханскага раёна. Гэтая аперацыя была цяжкай і рызыкоўнай. Сваім жыццём пасля тых баёў партызаны ўзводаў многім абавязаны Пятру Янкевічу. Таварышы ведалі, што з Пятром можна ісці на любую, самую небяспечную і рызыкоўную аперацыю. Ён ніколі не разгубіцца, не пакіне таварыша ў бядзе, выратуе, нават калі для гэтага спатрэбіцца ўласнае жыццё. Знаходлівага, смелага мсціўцу палюбілі партызаны.

    У партызанскім атрадзе знаходзілася і маці Пятра Янкевіча — Марыя Данілаўна. Яна пякла хлеб для народных мсціўцаў, гатавала ежу.

    У сакавіку 1944 года ў партызанскую брыгаду паступіла распараджэнне не даць немцам вывезці з раёна вёскі Сінкевічы вялікую партыю лесу, які падрыхтавалі для адпраўкі ў Германію. На гэтую аперацыю накіравалася невялікая група партызан на чале з Рыгорам Іванавічам Шуляком. Каля хутара Хобат зрабілі засаду. Бой быў нялёгкім, але пастаўленую задачу партызаны выканалі. Гэты бой стаў апошнім для Пятра Янкевіча.

    У лагер прынеслі яго яшчэ жывога, але цяжкае раненне ў грудзі не пакідала надзей на жыццё. Пётр памёр у той жа дзень. Баявыя таварышы пахавалі яго непадалёку ад хутара і пакляліся адпомсціць ворагу за смерць таварыша па зброі.

    Дварэцкі сельсавет

    Калгас "Расія"
    Вёска Вічын
    Сумар Аляксей Ільіч, партызан, загінуў.
    Вёска Дварэц
    Калянковіч Фёдар Усцінавіч, партызан, загінуў.

    Коўшык Міхаіл Клімавіч, партызанскі сувязны атрада імя Калініна брыгады імя Кірава, закатаваны гітлераўцамі 7.07.1944.

    Яраховіч Васіль Маркавіч, н. у 1915, з верасня 1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава, загінуў 4.06.1944, пахаваны ў в. Дварэц.

    Вёска Сасноўка
    Грэбень Міхаіл Данілавіч, н. у 1922, з 13.06.1942 — партызанскі сувязны атрада імя Кірава, загінуў 23.09.1942, пахаваны ў в. Цна.
    З успамінаў сястры загінуўшага Таццяны Данілаўны Грэбень, жыхаркі г. Еўпаторыя (Украіна):

    — Мы з хутара Сасноўкі пайшлі тады ў лес. Кантакт з партызанамі ўстанавіў мой старэйшы брат Міхаіл. Яшчэ ў верасні 1942 года ён сказаў нам, што ёсць магчымасць уступіць у партызанскі атрад. Такі, маўляў, паблізу дзейнічае. Дамовіўся нават быццам наконт усёй сям'і.

    На сустрэчу з партызанамі адправіліся два браты — Міхаіл і Грыша — і з імі бацька Даніла Сямёнавіч. Пайшоў і жыхар вёскі Язвінкі Несцер.

    Здавалася, нічога не прадвяшчала бяды. З вінтоўкай нават і з гранатамі пайшлі да партызан — не з голымі рукамі! А няшчасце быццам падпільнавала. Справа ў тым, што вінтоўка і гранаты былі фрыцаўскія, з паліцэйскага ўчастка. Каб набыць іх, Грыша спецыяльна ўладкаваўся ў паліцыю. Ну, а калі знік, прапажу выявілі. Гадаць, куды дзяваўся паліцай, доўга не патрабавалася. Пусціліся "бобікі" ў пагоню. Па дарозе хтосьці з паліцэйскіх выпадкова выстраліў. Бацька і браты прынялі гэты выстрал за сігнал ад партызан: тут, маўляў, мы, сюды хадзіце. Параіўшыся, вырашылі праверыць. Гэта ўзяліся зрабіць Міхаіл з Несцерам. Пакрочылі на выстрал і напароліся на праследавацеляў. Міхаіл быў адразу забіты напавал, Несцер паранены ў жывот. Паліцаі забралі труп брата і параненага Несцера з сабой. А бацька з Грышам, пачуўшы стральбу, зразумелі памылку, але было позна.

    Калгас "Сацыялізм"
    Вёска Азярніца

    Бярозка Максім Міхайлавіч, н. у 1922, партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у лістападзе 1943, пахаваны ў в. Азярніца.

    Канановіч Васіль Сцяпанавіч, н. у 1926, з кастрычніка 1943 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава, загінуў 8.07.1944, пахаваны ля в. Белае Возера.

    Вёска Любачын
    Чэркас Фёдар Яфімавіч, н. у 1906, у перыяд вайны — солтыс у в. Любачын, партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, расстраляны вясной 1944, пахаваны ў в. Лахва.
    З успамінаў Пелагеі Канстанцінаўны Крэмянеўскай (Дэйлід), жыхаркі г. Лунінец:

    — Старэйшыя браты і я ўжо ваявалі ў партызанах, паспеў выратавацца і бацька. Маці схапілі немцы і расстралялі. Хату нашу спалілі. Чацвярых малодшых дзяцей (у сям'і нас было дзевяць) не даў кінуць у агонь Фёдар Чэркас. Ён забраў іх да сябе, дзе яны спакойна перазімавалі. Але вясной паліцаі пачалі абурацца:

    — Партызанскіх дзяцей хаваеш!
    Выратавальніка расстралялі.

    Дзятлавіцкі сельсавет

    Калгас імя Калініна
    Вёска Дзятлавічы
    Велясюк Кірэй Ерамеевіч, н. у 1912, з 22.08.1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава, загінуў 26.02.1944, пахаваны на могілках в. Дзятлавічы.
    З успамінаў аднавяскоўцаў, запісаных вучнямі Дзятлавіцкай СШ:

    — Кірэй ужо ў 5 год застаўся без маці. Двух сыноў і дачку выхоўваў бацька. Жыла сям'я на хутары Смолькава. Дзеці дапамагалі бацьку па гаспадарцы.

    З прыходам Савецкай улады Кірэй стаў працаваць на чыгуначнай станцыі Дзятлавічы, спачатку — рабочым, потым — абходчыкам.

    Першыя гады акупацыі, расправы над мірнымі жыхарамі хутароў прымусілі Кірэя пайсці ў рады лясных мсціўцаў. У жніўні 1943 ён стаў партызанам. За гэта фашысты спалілі хаты яго бацькі і брата, а жонку ўзялі пад варту ў спадзяванні, што выявяць месцазнаходжанне партызан. Але Агаф'і Назараўне ўдалося збегчы ад вартаўнікоў і таксама знайсці партызан. Там яна мыла бялізну, варыла ежу, рамантавала вопратку. З цягам часу ў сямейны лагер удалося пераправіць і іх малалетніх дзяцей Алену і Надзею.

    Кірэй Ерамеевіч быў камандзірам падрыўной групы, разам з таварышамі вёў "рэйкавую вайну" на чыгунцы. У час адной з дыверсій на перагоне Лунінец — Дзятлавічы загінуў.

    Пасмяротна ён быў прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны I ступені. Узнагароду атрымала жонка ў Пінску. Са слязьмі на вачах Агаф'я Назараўна сказала:

    — Не ў радасць мне гэты ордэн. Лепш бы ён сам атрымліваў узнагароды за свае заслугі. Мае дочачкі засталіся без бацькі. Няхай жа такога злога лёсу не ведаюць больш дзеці на зямлі, няхай ніколі больш не паўторыцца вайна.

    Імем загінуўшага партызана Кірэя Велесюка названа вуліца ў в. Дзятлавічы.

    Гарадкавец Мікалай Ігнатавіч, н. у 1918, з 15.05.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, затрыманы фашыстамі ў засадзе паміж вёскамі Купаўцы і Добрая Воля, у снежні 1943 расстраляны ў г. Лунінец.

    Зіновік Адам Іванавіч н. у 1920, партызан, прапаў без вестак у 1944.

    Канапацкі Павел Назаравіч, н. у 1913, партызанскі сувязны, загінуў у 1943.

    Касач Тарас Сяргеевіч, н. у 1918, партызанскі сувязны, загінуў у 1943.

    Кацуба Павел Дзям'янавіч, н. у 1910, партызан атрада імя Будзённага, загінуў у 1943, пахаваны ў в. Хлопнічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.

    Кацуба Фёдар Фаміч, н. у 1922, партызанскі сувязны атрада імя Кірава, загінуў у 1943.

    Насковіч Павел Рыгоравіч, н. у 1904, партызанскі сувязны атрада імя Кірава, загінуў у 1943.

    Хартановіч Уладзімір Гардзеевіч, н. у 1897, партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 4.07.1944.

    Чарнавокі Серафім Мініч, н. у 1925, партызан атрада імя Будзённага, загінуў у 1943, пахаваны ў в. Хлопнічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.

    З успамінаў аднавяскоўцаў, запісаных вучнямі Дзятлавіцкай СШ:

    — Серафім уступіў у камсамольскую арганізацыю адным з першых у вёсцы. З прыходам фашыстаў ён стаў партызанам атрада, які размяшчаўся каля Бабруйска. Выконваючы адно з заданняў, група партызан наткнулася на засаду фашыстаў. У няроўным баі ўсе чатыры лясныя мсціўцы загінулі. Камандзір атрада Б.М. Цыкункоў, які жыве ў Чэлябінску, падтрымлівае сувязь з бацькамі загінуўшага юнака.

    Чарнавокі Сяргей Мацвеевіч, н. у 1911, партызан, загінуў у 1943.

    Лахвенскі сельсавет

    Калгас "Новае Палессе"
    Вёска Барсукова
    Астаповіч Пётр Калістратавіч, н. у 1923, кулямётчык атрада імя Катоўскага, загінуў у 1944 каля в. Ельня Ленінскага раёна.

    Кішкевіч Міхаіл Данілавіч, н. у 1922, партызан атрада імя Катоўскага, загінуў у кастрычніку 1942, пахаваны ў в. Атаманчыцы Салігорскага раёна Мінскай вобл.

    Краўчук Серафім Андрэевіч, н. у 1922, партызан атрада імя Катоўскага, загінуў.

    Цімончык Іван Іванавіч, н. у 1921, партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 18.11.1942, пахаваны ў в. Сухое Іванаўскага раёна.

    Цімончык Іван Ільіч, н. у 1886, партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, закатаваны гітлераўцамі 12.06.1943, пахаваны ў брацкай магіле 2 у гарадскім скверы г. Лунінец.

    Вёска Лахаўка
    Калянковіч Андрэй Міхайлавіч, партызан, загінуў у 1943.

    Калянковіч Іван Аляксеевіч, н. у 1929, партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 22.06.1944 пахаваны ў в. Любань.

    З успамінаў сястры загінуўшага Таццяны Аляксееўны Ермалінскай, жыхаркі Крыма (Украіна):

    — Брат Ваня рос не па гадах сур'ёзным і цікаўным. Прагу да ведаў выхоўваў у яго наш бацька. Хаця сам быў малапісьменным, але сына прымушаў займацца не толькі польскай мовай, якую вывучалі ў школе, але і рускай. Ваня чытаў і ведаў напамяць шмат вершаў рускіх паэтаў, асабліва любіў казкі Пушкіна. З дзяцінства брата цікавіла і нескладаная тэхніка — мог разабраць і сабраць веласіпед, радыёпрыёмнік. У 39-ым, калі бацька стаў участковым міліцыянерам у м. Леніна, ён з курсаў прывёз кнігі Аркадзя Гайдара, Дзмітрыя Фурманава, Янкі Маўра, якія Ваня прачытаў запоем, а потым чытаў мне і маці.

    Пачатак вайны застаў нашага бацьку, Аляксея Міхайлавіча, у Мінску. Адтуль ён даслаў вестачку, што з навучэнцаў міліцэйскіх курсаў фарміруюць апалчэнне. Больш пра яго нам нічога не вядома.

    Сям'я засталася на акупіраванай тэрыторыі. Каб пазбегнуць расправы фашыстаў, пайшлі ў лес пад абарону партызан.

    З успамінаў дзядзькі загінуўшага, былога партызана атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Сцяпана Міхайлавіча Калянковіча, жыхара в. Лахаўка:

    — У атрад паступілі звесткі, што ў вёсцы Красная Воля паліцаі будуць праводзіць рэквізіцыю кароў і гнаць іх у Лунінец. Вырашана было паслаць у разведку Івана, каб высветліў у сувязнога тэрмін угону жывёлы. Разам з ім пайшлі яшчэ некалькі хлопцаў.

    Дабраўшыся да вёскі, партызаны высветлілі, што менавіта ў гэты час паліцаі забіраюць кароў у вяскоўцаў. Вяртацца ў атрад за дапамогай было далёка. Хлопцы вырашылі зрабіць засаду на дарозе Красная Воля — Вулька 2, напасці на паліцаяў і адбіць жывёлу. Але юнакі не прадумалі дэталі аперацыі так, як гэта зрабілі ворагі. Чатыры чалавекі гналі з дзесятак кароў. Партызаны адкрылі стральбу. Але гэта была толькі першая група паліцаяў. Астатнія, пачуўшы перастрэлку, паспяшаліся на дапамогу. Мясцовыя жыхары, добра ведаючыя мясцовасць, яны хутка акружылі разведчыкаў. Каб не здацца жывымі, партызаны падарвалі сябе апошняй гранатай. На жаль, акрамя Вані, не ведаем імёны яшчэ двух хлопцаў.

    Яраховіч Павел Лукіч, н. у 1925, партызан злучэння С.А. Каўпака, загінуў восенню 1943 у Карпатах.
    Вёска Любань
    Антановіч Фёдар Васільевіч, н. у 1881, партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, расстраляны фашыстамі ў ліпені 1943 на Баханова ў г. Лунінец.

    Канапацкі Іван Іванавіч, н. у 1926, з 20.01.1943 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 12.04.1944, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    З успамінаў аднавяскоўцаў, запісаных завучам Любанскай СШ Сцяпанам Паўлавічам Нефідовічам:

    — Да вайны сям'я Івана Ільіча Канапацкага жыла на Чэрабасаўскіх хутарах. З пачаткам партызанскага руху бацька і старэйшы сын-цёзка ўстанавілі сувязь з ляснымі мсціўцамі, дапамаглі ім, чым маглі. Каб пазбегнуць гібелі ад карніцкіх акцый, у студзені 1943 года сям'я прыйшла ў партызанскі атрад імя Сталіна брыгады імя Кірава. Вясной ад тыфу памерла дачка Ева. Праз год яшчэ адно гора прыйшло ў сям'ю.

    Па ўспамінах былога камісара атрада А.А. Машчыца, вясной 1944 г. партызаны апынуліся фактычна ў прыфрантавой зоне, пакутавалі ад недахопу харчавання. Было вырашана прабрацца ў вёску Сінкевічы, знайсці сувязных і з іх дапамогаю набыць прадукты. Такое заданне атрымаў Іван Канапацкі — юнак 1926 года нараджэння. Праз некалькі дзён у лесе знайшлі яго цела. Як высветлілі партызаны, Іван наткнуўся на засаду, быў паранены, але яшчэ здолеў вярсту прайсці ў напрамку лагера, а потым абяссілеў, зваліўся, сышоў крывёю і памёр. Яго імя ўвекавечана на помніку загінуўшым у вёсцы Сітніцкі Двор.

    Караніха Сцяпан Пятровіч, н. у 1907, партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у лістападзе 1943, пахаваны ў в. Лахва.

    Сергіевіч Фёдар Іванавіч, н. у 1922, партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у 1943.

    Шэўчык Іван Кузьміч, н. у 1923, да вайны — чыгуначны рабочы, з 15.06.1943 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, памёр 25.05.1944, пахаваны на х.Чэрабасава.

    Вёска Перунова
    Гец Стэфан Патапавіч, н. у 1922, з лістапада 1943 — партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава, памёр ад ран 6.02.1944, пахаваны ў в. Любань.
    Калгас "Перамога"
    Вёска Лахва
    Барышын Мікалай Фёдаравіч, н. у 1927, партызан, схоплены гітлераўцамі ў в. Лахва і пасля пытак расстраляны летам 1942 у г. Лунінец на Баханова.

    Бекеш Іван Якаўлевіч, н. у 1918, да вайны — брыгадзір па рамонту грунтавых дарог у в. Лахва, партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў пры падрыве варожага эшалона 30.06.1943, пахаваны ў в. Лахва.

    Дубойскі Аляксандр Дзям'янавіч, н. у 1929, партызан, схоплены гітлераўцамі 14.04.1944 у в. Лахва і пасля пытак расстраляны 20.06.1944 у г. Лунінец на месцы масавых расстрэлаў Баханова.

    Лапацін Барыс Якаўлевіч, н. у 1900, да вайны — начальнік забеспячэння буфетаў, з верасня 1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 2.11.1943, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Лусевіч Міхаіл Іванавіч, н. у 1922, да вайны — лабарант Лунінецкай канторы "Нарыхтоўзерне", член ВЛКСМ, з 9.06.1942 — партызан атрада імя Кірава, загінуў 25.07.1942.

    З успамінаў брата загінуўшага Пятра Іванавіча Лусевіча, жыхара в. Лахва:

    — Мой брат быў толькі на 4 гады старэйшы за мяне, але як я ім ганарыўся! Ён быў узорным вучнем у школе, выдатна паспяваў па ўсіх прадметах, займаўся грамадскай дзейнасцю ў харцэрскай арганізацыі. У якасці заахвочвання лепшых вучняў вазілі ў розныя гарады Польшчы. Памятаю, з якім захапленнем ён расказваў пра экскурсію па Лодзі.

    З прыходам Савецкай улады Міхаіл таксама актыўна ўключыўся ў новыя справы, у 1940-ым уступіў у камсамол. Свой выбар ён зрабіў свядома. Натуральна, што, калі пачалася вайна, юнак стаў барацьбітом з акупантамі.

    Як сведчыць партызанскі архіў, ён загінуў пры нявысветленых абставінах. Цела яго таксама не знайшлі. Ды і шукаць не было каму — мяне адправілі ў Германію, а маці і бабулю хутка расстралялі.

    Слуцкі Ісак Ліповіч, н. у 1913, да вайны — граў на скрыпцы, пісаў вершы, якія друкаваліся ў пінскай газеце, партызан, загінуў.

    Хейфец Мовша Залманавіч, н. у 1913, да вайны — сартавальшчык ільнонасення, з 23.09.1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 24.04.1944.

    Лунінскі сельсавет

    Калгас "Авангард"
    Вёска Вулька 1
    Каховіч Сяргей Васільевіч, н. у 1927, да вайны — навучэнец, член ВЛКСМ, з 10.06.1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 26.06.1944, пахаваны ў в. Вулька 1.

    Кляўцэвіч Алена Уладзіміраўна, н. у 1911, з 15.08.1943 — партызанская сувязная брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінула 15.07.1944.

    Вёска Мелясніца

    Сувязныя партызанскай брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, якія загінулі пры знішчэнні вёскі гітлераўцамі 1.10.1943:

    Ільючык Васіль Давыдавіч, н. у 1914.
    Канапацкі Агей Трафімавіч, н. у 1898.
    Канапацкі Аляксей Трафімавіч, н. у 1920.
    Канапацкі Мікалай Сямёнавіч, н. у 1908.
    Канапацкі Спірыдон Кірылавіч, н. у 1898.
    Нігацін Васіль Дзям'янавіч, н. у 1870.
    Паўлюкавец Павел Андрэевіч, н. у 1898.

    Канапацкі Дзяніс Васільевіч, н. у 1900, партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, памёр ад тыфу 10.07.1944, пахаваны ў в. Багданаўка.

    Калгас "Лунінскі"
    Вёска Лунін
    Дударга Аляксандр Сямёнавіч, н. у 1913, са снежня 1942 — сувязны партызанскай брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у красавіку 1944.

    Карпец Пётр Данілавіч, н. у 1913, з мая 1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 10.02.1944, пахаваны ў в. Багданаўка.

    Якавец Аляксандр Паўлавіч, н. у 1903, партызан, загінуў 14.04.1943, пахаваны на х. Харынец Пінскага р-на, яго імя ўвекавечана на помніку ў в. Лунін.

    Калгас імя Фрунзе
    Вёска Дубаўка
    Пятровіч Дзмітрый Дзмітрыевіч, н. у 1927, партызан, загінуў у 1944.

    Труш Мікалай Піліпавіч, н. у 1925, партызан, загінуў у 1944.

    Труш Піліп Антонавіч, н. у 1905, партызан, загінуў у 1944.

    Мікашэвіцкі пассавет

    Калгас "Дружба"
    Вёска Запроссе
    Шыманскі Міхаіл Мартынавіч, н. у 1890 у в. Мажулеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., з 30-ых — жыхар в. Запроссе, працаваў цесляром, у 1939 — старшыня Мікашэвіцкага с/с, па заданню райкама партыі пакінуты для падпольнай работы, расстраляны гітлераўцамі 11.11.1942 па абвінавачванню ў падрыве нямецкага цягніка на ст. Сітціна.
    Пасёлак Мікашэвічы
    Петухоў Іван Рыгоравіч, партызан, загінуў 10.06.1944, пахаваны ў в. Атспавані Палескай вобл.

    Сергіевіч Іван Сцяпанавіч, н. у 1899 на х. Ваган, з лістапада 1942 — партызан атрада імя Кірава, загінуў 12.02.1943 пры бамбёжцы лагера варожай авіяцыяй, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Шчур Абрам Васільевіч, н. у 1923, сяржант, партызан, загінуў 12.11.1943, пахаваны ў в. Начы Ганцавіцкага р-на.

    Вёска Сітніца
    Ходзін Канстанцін Канстанцінавіч н. у 1912, да вайны — чыгуначнік, сувязны партызанскага атрада імя Кірава Пінскага злучэння, расстраляны ў 1943.
    З успамінаў аднавяскоўцаў, запісаных вучнямі Сітніцкай НСШ:

    — Разам з бацькам схаплі ўсю сям'ю. Старэйшая дачка паспела зняць з "чырвонага кута" ікону і на допыце не выпускала яе з рук. Гітлераўцы не спрабавалі адняць, але спыталі: навошта трымаеш? Дзяўчынка адказала: "Божая маці абароніць нас". Невядома, што сапраўды дапамагло, але забілі толькі іх бацьку, а маць з дзецьмі адпусцілі.

    Ярмоліч Пётр Іванавіч, н. у 1925, разведчык партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у 1943.

    Рэдзігераўскі сельсавет

    Калгас "Запаветы Ільіча"
    Вёска Манасеева
    Лук'яновіч Іван Васільевіч н. у 1911, са снежня 1942 — кулямётчык партызанскага атрада імя Кірава, загінуў 5.02.1943, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор

    Сухоцкі Іван Фёдаравіч, н. у 1915, з 1.02.1943 — партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 28.04.1944, пахаваны ў в. Мокрава

    Вёска Рэдзігерава
    Буневіч Сцяпан Паўлавіч, н. у 1092, першы старшыня Рэдзігераўскага с/с, старшыня Сінкевіцкага с/с, з лістапада 1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, узнагароджаны медалём "Партызану Айчыннай вайны" 1 ступені, загінуў 6.06.1943, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Саноцкі Канстанцін Вікенцьевіч, з кастрычніка 1943 — сувязны партызанскага атрада імя Калініна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў у маі 1944, пахаваны ў вю Сітніцкі Двор.

    Вёска Флярова
    Скрыпка Павел Яўсеевіч, н. у 1926, з 20.06.1943 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 25.04.1944, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор
    Вёска Чэрабасава
    Калошыц Андрэй Ільіч, н. у 1898 в. Лахаўка, з 20-ых жыў на х. Чэрабасава 6.11.1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 5.06.1943 пахаваны ў в. Сітніцкі Двор
    З успамінаў дачкі загінуўшага Веры Андрэеўны Калошыц, жыхаркі г. Лунінец:

    — Бацька займаўся сялянскай гаспадаркай. Хаця і вялікая сям'я была, але без хлеба не сядзелі. Працаваў у полі ад світанку да заходу сонца, але яшчэ пяток вулляў трымаў, мёдам частаваліся.

    Калісьці бацька закончыў царкоўнапрыходскую школу, таму і дзяцей прывучаў вучыцца грамаце. Хадзілі за 2 кіламетры ў Чэрабасава. Многіх маіх аднагодкаў не пускалі ў школу — маўляў, няхай лепш кудзелю прадуць; а ў мяне ўрокі бацька асабіста правяраў. Іншы раз здасца яму, што крыху павольней чытаю, тут жа строга папярэдзіць.

    Калі пачалася вайна, з хутароў многія пайшлі ў партызаны. Да нас заходзілі за харчамі, за звесткамі. Мы вязалі ім цёплыя наскі, прыносілі з Лахвы медыкаменты. А ў лістападзе 1942 годаўся сям'я пайшла ў лес.

    Бацька стаў байцом. Загінуў ён разам з двума таварышамі ў разведцы, напароўшыся на засаду.

    Кужбар Мікалай Мікітавіч, н. у 1885 у Драгічынскім р-не, бежанец у час першай сусветнай вайны, потым жыў на х. Чэрабасава, са жніўня 1942 — партызанскі сувязны атрада імя Кірава, загінуў 18.11.1942 пры знішчэнні вёскі, яго імя ўвекавечана на помніку загінуўшым у в. Любань.

    Кужбар Раман Мікалаевіч, яго сын, н. у 1923, член Чэрабасаўскай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі, загінуў 18.11.1942 пры знішчэнні вёскі.

    З успамінаў былога сакратара Сінкевіцкай камсамольскай падпольнай арганізацыі Міхаіла Іванавіча Клеўжыца:

    — Раман уступіў у камсамол да вайны і з таго часу, як і сястра Еўдакія, што працавала ў школе піянерважатай, марыў стаць настаўнікам. Днём дапамагаў па гаспадарцы маці, а вечарамі прагна чытаў кнігі, газеты, вельмі цікавіўся падзеямі ў краіне і за мяжой. Калі раён акупіравалі фашысты, стаў сувязным партызанскага атрада імя Кірава. Каштоўныя звесткі, якія здабывалі нашы камсамольцы-падполыпчыкі, траплялі ў атрад без усялякага спазнення, з поўным захоўваннем тайны, правілаў канспірацыі.

    Фашысты даведаліся аб дзейнасці партызанскага сувязнога. Нечакана прыехаўшы на аўтамашыне, крытай брызентам, узброеныя нямецкія салдаты і паліцаі адразу ж ачапілі хутар і, шчыльным колам ахапіўшы хату Кужбараў, узяліся за крывавую справу. Спачатку на падворак з хаты выпхнулі Рамана, потым сюды ж, да калодзежа, прывялі яго стрыечнага брата Пятра. Пачаўся допыт... Раман упарта сцвярджаў, што ніякіх партызан ён не ведае, больш таго — упершыню чуе аб гэтым. Адзін з паліцаяў пачаў біць Рамана прыкладам аўтамата, але той, нічога не сказаўшы, з нянавісцю глядзеў на фашыстаў. Тады паліцаі звалілі яго з ног і пачалі мясіць яго цела ботамі. Але Раман па-ранейшаму маўчаў. Нямецкі афіцэр загадаў паліцаям побач з хатай выкапаць яму. Прыкладна праз паўгадзіны братоў расстралялі.

    Мікіцюк Емяльян Антонавіч, н. у 1903, да вайны працаваў паштальёнам, з ліпеня 1942 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, партызанская мянушка "Емяльян Пугачоў", загінуў 20.02.1943, пахаваны ў в. Мокрава.

    Сінкевіцкі сельсавет

    Калгас "40 год Кастрычніка"
    Вёска Мокрава
    Брык Францішак Лаўрэнцьевіч, н. у 1899, з 12.05.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 21.05.1944.

    Буневіч Аляксандр Сяргеевіч, н. у 1904, з ліпеня 1942 — партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у маі 1944, пахаваны ў в. Мокрава.

    Буневіч Сямён Іванавіч, н. у 1924, з 1943 — член ВЛКСМ, член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, сувязны партызанскай брыгады імя Кірава, закатаваны 3.03.1944, пахаваны ў в. Сінкевічы.

    Бярозка Пётр Раманавіч, н. у 1916, з 18.12.1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 2.05.1944.

    Гоза Іван Андрэевіч, партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, прапаў без вестак у 1944.

    Гоза Іван Аўрамавіч, з ліпеня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 6.07.1943, пахаваны ў в. Дрэбск.

    Гоза Лявон Арцёмавіч, з ліпеня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 28.04.1944.

    Губіч Міхаіл Піліпавіч, н. у 1916, партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у маі 1944.

    Дзем'яновіч Андрэй Цярэнцьевіч, н. у 1913, зсакавіка 1943 — партызанскі сувязны атрада імя Сталіна, брыгады імя Кірава, загінуў у маі 1944.

    Зубкоў Аляксандр Трафімавіч, з чэрвеня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, прапаў без вестак у маі 1944, яго імя ўвекавечана на помніку ў в. Лахва.

    Капліч Андрэй Дзмітрыевіч, н. у 1903, са снежня 1943 — сувязны партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, расстраляны гітлераўцамі 4.05.1944, пахаваны ў Мокрава.

    Капліч Іван Кузьміч, н. у 1904, з 19.12.1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 21.05.1944.

    Капліч Сцяпан Мікітавіч, з ліпеня 1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў у маі 1944.

    Крывулец Арцём Міхайлавіч, н. у 1898, партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, расстраляны ў чэрвені 1943 у г. Лунінец, пахаваны ў брацкай магіле 2 у г. Лунінец.

    Крывулец Герасім Фёдаравіч, з красавіка 1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў у маі 1944.

    Крывулец Павел Фёдаравіч, н. у 1904, з мая 1943 — партызанскі сувязны брыгады імя кірава, загінуў у маі 1944.

    Лукашэвіч Максім Апанасавіч н. у 1906 ліпеня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, расстраляны 28.04.1944 на ст. Сінкевічы

    Малайчук Васіль Маркавіч, н. у 1926 сакавіка 1944 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, памёр ад хваробы ў ліпені 1944

    Марза Пётр Іванавіч, з ліпеня 1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава загінуў 28.04.1944.

    Пракаповіч Аляксей Мікітавіч, н. у 1906 з 10.05.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 21.05.1944.

    Шкут Андрэй Сцяпанавіч, н. у 1925, партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава, расстраляны гітлераўцамі ў маі 1944.

    Шкут Мікалай Васільевіч, партызан атрада імя Калініна брыгады імя Кірава, загінуў у красавіку 1944.

    Яроцкі Уладзімір Міхайлавіч, н. у 1924, з 1943 — член ВЛКСМ, член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, з 10.02.1944 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, закатаваны 16.03.1944, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Вёска Сінкевічы
    Буневіч Іван Данілавіч, н. у 1920, з верасня 1942 — партызан брыгады імя Кірава, загінуў 19.02.1943, пахаваны ва ўрочышчы Грычын, 15 км ад в. Сінкевічы, на магіле ўстаноўлены абеліск.

    Губіч Васіль Андрэевіч, н. у 1925, з лістапада 1942 — член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, закатаваны гітлераўцамі ў сакавіку 1944, пахаваны на могілках в. Сінкевічы.

    Калянковіч Васіль Емяльянавіч, н. у 1921, да вайны — навучэнец ФЗВ, з верасня 1942 — разведчык партызанскага атрада імя Кірава, загінуў 8.11.1942, пахаваны ў в. Сінкевічы.

    Капліч Мікалай Міхайлавіч, н. у 1922, партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у 1943.

    Катовіч Аляксандр Васільевіч, н. у 1924, член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, расстраляны гітлераўцамі 19.08.1941.

    Катовіч Емяльян Міхайлавіч, н. у 1887 на х. Хобат, з 20.05.1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў 16.06.1944, пахаваны ў в. Сінкевічы.

    Кацуба Іван Андрэевіч, н. у 1913, сакратар Сінкевіцкага с/с, з чэрвеня 1943 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 6.07.1944, пахаваны ў в. Мокрава.

    Кіслюк Якаў Пятровіч, н. у 1908, з чэрвеня 1942 — партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, падарваўся на міне 10.07.1944.

    Клеўжыц Мікалай Васільевіч, н. у 1922, да вайны — чыгуначны абходчык, член ВЛКСМ, член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, з 9.05.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, закатаваны гітлераўцамі ў красавіку 1944, пахаваны на могілках в. Сінкевічы.

    Клеўжыц Міхаіл Сямёнавіч, н. у 1914, з 6.09.1943 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 25.04.1944, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Клеўжыц Сцяпан Мікалаевіч, н. у 1911, з 15.05.1943 — партызан брыгады імя Кірава, падарваўся на міне 15.07.1944.

    Клімовіч Трафім Емяльянавіч, н. у 1908, да вайны працаваў чорнарабочым на Мікашэвіцкім фанерным заводзе 1, з кастрычніка 1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у красавіку 1944, пахаваны ў в. Мокрава.

    Кулакевіч Мікалай Апанасавіч, н. у 1924, з 1942 — член ВЛКСМ, член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, з 7.12.1942 — разведчык партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 25.04.1944, пахаваны на могілках в. Сінкевічы. У 1949 на магіле ўстаноўлены абеліск. Яго імя носіць вуліца ў в. Сінкевічы. Праводзяцца раённыя спартыўныя спаборніцтвы на прыз імя Мікалая Кулакевіча.

    Марачкоўскі Канстанцін Іванавіч, н. у 1906 на х. Хобат, з 20.05.1942 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, загінуў у чэрвені 1944, пахаваны ў в. Сінкевічы.

    Марачкоўскі Канстанцін Фёдаравіч, н. у 1907, з ліпеня 1943 — партызанскі сувязны атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава, загінуў у чэрвені 1944.

    Пятроў Дзмітрый Мікалаевіч, н. у 1920 у в. Перунова, да вайны — брыгадзір на чыгунцы, у 1941 прызваны ў Чырвоную Армію, сяржант, кам. аддзялення, пасля акружэння вярнуўся дамоў, з ліпеня 1942 — член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, з 15.12.1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, узнагароджаны медалём "Партызану Айчыннай вайны" I ступені, загінуў 25.04.1944, пахаваны на могілках в. Сінкевічы. У 1949 на магіле ўстаноўлены абеліск.

    Пятроў Сцяпан Мікалаевіч, яго брат-блізнюк, н. у 1920 у в. Перунова, у 1940 прызваны ў Чырвоную Армію, лейтэнант, кам.узвода, пасля акружэння вярнуўся дамоў, са студзеня 1943 — член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, з 15.08.1943 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 27.01.1944, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Танчынскі Васіль Іванавіч, н. у 1922, да вайны — чыгуначны абходчык, член ВЛКСМ, з мая 1943 — член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі, з 9.05.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава, закатаваны гітлераўцамі ў красавіку 1944, пахаваны на могілках в. Сінкевічы.

    Цітовіч Мікалай Пятровіч, н. у 1908, са студзеня 1943 — партызанскі сувязны атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў у чэрвені 1944.

    Вёска Сітніцкі Двор
    Баранцэвіч Аляксандр Адольфавіч, н. у 1918 у г. Нью-Йорк (ЗША), да вайны — каваль, у 1940 — старшыня ўчастковай камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет СССР, з 1.07.1942 — партызан атрада імя Кірава, загінуў 8.11.1942, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Крашчук Якаў Несцеравіч, н. у 1908, з 26.11.1942 — партызан, кам. аддзялення атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 6.06.1943, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    Леўчык Мікалай Маркавіч, н. у 1923, член Сінкевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі.з лістапада 1942 — партызан атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава, загінуў 12.06.1943, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.

    З успамінаў партызан, запісаных вучнямі Сінкевіцкай СШ:

    — Камсамольцы-разведчыкі Мікалай Кулакевіч і Мікалай Леўчык, аказаўшыся акружанымі ў хаце 45 гітлераўцамі, прынялі няроўны бой, знішчылі кулямётны разлік і 8 фашыстаў. Выкарыстаўшы зручны момант, Кулакевіч здолеў вырвацца з пасткі, а Леўчык, паранены, падарваўся апошняй гранатай.

    Саноцкі Васіль, н. у 1923, партызан атрада імя Кірава, загінуў 8.11.1942, пахаваны ў в. Сітніцкі Двор.
    З кнігі В.А. Літвінчука "Там, за Днепра-Бугам" (Брэст, 1992):

    "Хлопец гадаваўся без бацькі, можа, таму пяшчотна любіў сваю маці, сваю радзіму... У час бою за Сітніцкі Двор, пачуўшы каманду аб адыходзе, Васіль павярнуўся назад, каб адпаўзці. I менавіта ў гэты момант варожая куля прабіла грудзі партызана".

    Чучавіцкі Сельсавет

    Вёска Вялікія Чучавічы
    Гаргун Пётр Іванавіч, партызан, загінуў у 1944.

    Гушчэня Адам Сямёнавіч, н. у 1922, партызан атрада імя Суворава брыгады "Савецкая Беларусь", загінуў 21.06.1944, пахаваны на могілках х. Дворшча Бярозаўскага р-на.

    З успамінаў начальніка разведкі і камісара атрада І.Д. Серага ("Буг в огне", Мн., Беларусь, 1977):

    "...Усё бліжэй фронт. Перад наступленнем Чырвонай Арміі атрымалі радыёграму з Цэнтральнага штаба партызанскага руху: нанесці масіраваны ўдар па чыгунках. Для выканання задання па плану "Рэйкавая вайна" стварылі ўдарную групу пад камандай камісара брыгады Пятра Іванавіча Масалава.

    Ноччу 20 чэрвеня разгорнутым фронтам падыходзім да чыгуначнага палатна. Закладваем толавыя шашкі. Вось ужо чутны загад:

    — Падпальвай!

    Цемру асвятлілі ўспышкі, пачуўся трэск выбухаў. Гэта быў сапраўдны феерверк.

    Калі мы вярталіся, натыкнуліся на адну з засад праціўніка ў в. Заклеценне Драгічынскага раёна. Нягледзячы на знішчальны агонь са станкавых кулямётаў, мінамётаў і аўтаматаў, партызаны ўварваліся ў вёску і выбілі адтуль ворага. Перамога далася нам дарагой цаною. Загінулі многія таварышы.

    Напярэдадні Мікалай Цыганкоў і Адам Гушчэня, не ведаючы аб тым, што ў вёсцы праціўнік, смела пад'ехалі да яе. Іх падпусцілі блізка і цяжкапараненых захапілі ў палон. Ноччу жорстка катавалі, калолі раны шомпаламі, але нічога ад іх не дамагліся. Ад катаванняў Адам Гушчэня памёр..."

    У 1942 былі расстраляны чатыры медыцынскія работнікі вёскі:

    Патаялава Надзея Іосіфаўна, н. у 1919, да вайны — медсястра, партызанская сувязная.

    Пятрова Аляксандра, н. у 1921, да вайны — урач, партызанская сувязная.

    Тум Вера Антонаўна, н. у 1920 у в. Ганчароўка Юзэфаўскага с/с Дрысенскага р-на Віцебскай вобл., выпускніца Полацкага медыцынскага вучылішча, да вайны — медсястра, партызанская сувязная. На фронце загінулі абодва яе браты, бацькоў расстралялі гітлераўцы.

    Шаўчэнка Фядора Якаўлеўна, н. у 1920, да вайны — акушэрка, сакратар Чучавіцкай камсамольскай арганізацыі, партызанская сувязная.

    З успамінаў Марыі Цімафееўны Гаргун, жыхаркі в. Вялікія Чучавічы:

    — Дзяўчаты жылі ў суседняй хаце. Маладзенькія, неўладкаваныя, яны часта забягалі па розных патрэбах: то хлеба пазычыць, то туфлікі адрамантаваць — вельмі цяжка было тады з абуткам, а мой бацька Цімафей Яфімавіч трохі ведаў шавецкую справу.

    Нядоўга лячылі медсёстры мірных жыхароў. Пачалася Вялікая Айчынная, і дзяўчаты вымушаны былі аказваць медыцынскую дапамогу параненым немцам. Верныя прафесіянальнаму абавязку, яны не дзялілі хворых на"сваіх" і "ворагаў". Але хутка ўстанавіўшы сувязь з партызанамі, перадавалі ў лес медыкаменты, харчаванне, звесткі. Падпольная работа не магла працягвацца доўга. Заўважыўшы падазрэнне акупантаў, Вера, Надзея, Дора і Саша сталі збірацца да партызан, але не паспелі...

    У адзін з вечароў дзяўчат схапілі фашысты, доўга мучылі, але не выбіўшы ні слова, вывелі амаль распранутых на дарогу і расстралялі ля нейкіх кустоў. I хаваць не дазволілі, так і засталіся ляжаць чатыры целы ў гразі. Праз нейкі час, калі немцы крыху супакоіліся, мясцовыя жыхары сабралі солі (а яна тады была даражэй за золата!) свяшчэнніку, угаварылі яго, і ён дастаў дазвол на пахаванне дзяўчат. Прыняла іх чучавіцкая зямля на мясцовых могілках, а ўжо пасля вайны — перазахавалі ў брацкую магілу.

    Вёска Малыя Чучавічы

    Латоўчыц Павел Фёдаравіч, партызан атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Леніна, загінуў у 1944 у час абстрэлу фашыстамі падрыўнікоў на чыгунач. ст. Люшча.

    А. І. Калошыц


    Магіла ахвяр фашызму
    ў в. Чэрабасава


    С. І. Буневіч


    У. М. Яроцкі


    Помнік падпольшчыкам
    у в. Сінкевічы


    В. А. Губіч


    А. В. Катовіч


    М. В. Клеўжыц


    Помнік на магіле М. А. Кулакевіча


    Д. М. Пятроў


    В. І. Тачынскі

    Горад Лунінец

    Анісімаў Усевалад Іванавіч, н. у 1903 у г. Магілёве, вучань слесара, чырвонаармеец, з 1929 — член КПБ(б), партыйны работнік, некалькі гадоў працаваў старшынёю Магілёўскага гарсавета, з 1939 — першы сакратар Лунінецкага райкама партыі, у 1940 выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з ліпеня 1941 — камандзір партызанскага атрада "Лунінецкі", у верасні 1941 схоплены гітлераўцамі і закатаваны ў канцлагеры. Яго імя ўвекавечана на мармуровай дошцы на Кургане Славы ў г. Лунінец.

    Вярэніч Дзмітрый Дзмітрыевіч, камісар партызанскага атрада УМДБ па Калінінскай вобл., прапаў без вестак 30.04.1943.

    Голдыраў Мікалай Сцяпанавіч, н. у 1908 у в. Камарова Кішэрскага р-на Уральскай вобл. (Расія), з лістапада 1939 — начальнік Лунінецкага РА УНКДБ, прапаў без вестак у ліпені 1941.

    Выпіска з дакладной запіскі начальніка УН КДБ Пінскай вобл. ад 31.07.1941 у НКУС БССР:

    "...З дыверсінных груп, якія дзейнічалі ў Лунінецкім раёне, не вярнуўся начальнік Лунінецкага РА т. Голдыраў..."

    Жук Аляксей Аляксандравіч, н. у 1920, з 1940 — член ВЛКСМ, старшыня Бастынскага с/с, восенню 1940 прызваны ў Чырвоную Армію, пасля акружэння вярнуўся дамоў, арганізатар Лунінецкага камсамольска-маладзёжнага падполля, з мая 1943 — ст. сяржант, кам. разведчыкаў атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, з 1.11.1943 — член Лунінецкага падпольнага райкама ЛКСМБ, загінуў 6.12.1943, пахаваны ў г. Лунінец. У 1967 на магіле ўстаноўлена стэла. З 1973 праводзяцца раённыя спаборніцтвы па стральбе з мелкакалібернай вінтоўкі на прыз А.А. Жука.
    З успамінаў сястры загінуўшага Раісы Аляксандраўны Дзямідавай (Жук), жыхаркі г. Лунінец:

    — Наш бацька працаваў падрадчыкам па камунальным абслугоўванні чыгуначных збудаванняў на ўчастку Лунінец-Жыткавічы. Ён карыстаўся аўтарытэтам у жыхароў горада: выбіраўся валасным суддзёю, царкоўным старастам. У сярэдзіне 20-ых гадоў бацька паехаў на заробкі ў Амерыку, адтуль праз 10 гадоў вярнуўся камуністам і пачаў адкрыта зневажаць паноў. Напрыклад, каня свайго назваў Ляхам, у грамадскіх месцах сварыў польскую ўладу. На яго данеслі і арыштавалі, 2 гады адбываў зняволенне ў пінскай палітычнай турме. Выйшаў адтуль і зразумеў, што жыць яму тут не дадуць, таму зноў паехаў у Амерыку.

    З гэтага можна зрабіць вывад, што бацька не вельмі займаўся выхаваннем дзяцей, але ўсё ж уплыў на нас меў значны. Нельга сказаць, што жылі багата: калі бацька дасылаў грошы, маці выкупала пашу і сенажаці. Але і старэйшыя сёстры Вера і Надзея, брат Алёша і я, малодшая, усе займаліся ў паўшэхнай школе. Лепш за ўсіх навука давалася брату. Ён быў такі цікаўны да жыцця, што ў імкненні зведаць яго не абмяжоўваўся школьнымі падручнікамі. Шмат чытаў, а яшчэ — падлеткам разам з сябрам пайшоў у падарожжа па Польшчы. Грошай, натуральна, хлопцы не мелі, на харчаванне зараблялі падзённай працай у гаспадароў той мясцовасці, да якой даходзілі пешшу ці падвозіліся добразычлівымі рамізнікамі. Так дабраліся да Познані. Вярнуліся, праўда, распранутыя і разутыя, але вельмі задаволеныя ўбачаным.

    Пасля заканчэння школы працаваць не было дзе. Неяк уладкаваўся ў пажарную каманду, але там амаль не плацілі. Не памятаю, каб Алёша цікавіўся палітыкай. Праўда, марыў збегчы ў СавецкуюРасію, нават лесаналаджвальнікам дапамагаў з гэтай мэтай: хадзіў па лесе, шукаў найбольш небяспечнае месца, дзе б зручней было перайсці мяжу. Відаць, не знайшоў, дома дачакаўся прыходу Саветаў.

    Алёша адразу ж уступіў у камсамол. Як пісьменнага, яго накіравалі на курсы савецкіх работнікаў, а пасля прызначылі старшынёю Бастынскага сельсавета. Было гэта вясной 1940 года, а восенню Алёшу ўжо прызвалі ў Чырвоную Армію.

    З пачатку вайны брат раздзяліў лёс большасці нашых салдат — трапіў у акружэнне, потым у палон. Чырвонаармейцаў трымалі ў лагеры, акружаным калючым дротам, вартавымі з аўчаркамі. Аляксей адразу ж вырашыў бегчы, хадзіў, прыглядаўся, як гэта можна зрабіць. Яго вытрымцы ўсе зайздросцілі. I яшчэ — шчырасці. Яго таварыш потым расказваў, што, калі ўжо хацеў пайсці з жыцця, не ў сілах перанесці голад і здзекі, у Алёшы нейкім цудам у кішэні аказалася скарынка хлеба, якую той працягнуў з адным толькі словам: "Трымайся". Так чалавек вярнуўся да жыцця... Неяк з тыдзень не кармілі, а потым раптам прывезлі ежу. Аляксей заўважыў: напярэдадні з вышкі знялі вартавых. I калі ўсе кінуліся на паўмёрзлыя бульбу і буракі, ён з таварышам залезлі на вышку.

    Пасля такога "абеду" многа палонных памерла, а астатніх у той жа дзень некуды пагналі. Перачакаўшы яшчэ некаторы час, Алёша з таварышам рушылі ў дарогу. Зайшоўшы ў першую ж вёску, узялі ў старасты даведку, што прабіраюцца на радзіму. Давялося прайсці ўсю Украіну, частку Беларусі. Непрыемных спатканняў на шляху хапала: адабралі і чаботы, і гімнасцёрку, у адных лахманах дамоў заявіўся.

    У Лунінцы Алёшу паставілі на ўлік у паліцыю, куды ён штодня павінен быў хадзіць і адзначацца. Быў на падазрэнні: савецкі актывіст, чырвонаармеец. Уладкаваўся на працу ў паравознае дэпо слесарам, але марыў пайсці ў партызаны, якія ўжо аб'явіліся ў нашых мясцінах. Алёшу ўдалося сустрэцца з імі, і яму загадалі: арганізоўвай падпольную работу ў горадзе.

    Так пачала дзейнічаць падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя ў паравозным дэпо. Выконваліся заданні па збору інфармацыі аб праціўніку, праводзілася работа па разлажэнню паліцэйскіх гарнізонаў, устрайваліся дыверсіі на чыгунцы і ў дэпо. Задумаў Алёша яшчэ адну рызыкоўную аперацыю: атруціць немцаў у афіцэрскай сталовай. З гэтай мэтай ён знаёміцца, а потым і жэніцца на афіцыянтцы — мясцовай дзяўчыне, што там працавала. Спачатку яна згадзілася выканаць заданне, а потым адмовілася. Ратуючыся ад выкрыцця, Алёша разам з ёю быў вымушаны ісці ў атрад.

    Тут жа арыштавалі ўсю нашу сям'ю: маці, бабулю, трох сясцёр з малымі дзецьмі. З месяц давялося сядзець у лунінецкай турме. Тым часам добрыя людзі збіралі подпісы ў нашу абарону: маўляў, уся сям'я благанадзейная, толькі адзін Аляксей дрэнны, але ён ужо даўно адарваўся ад родных і ў Бога не веруе. Нас выпусцілі на волю. Але мы разумелі, што нас будуць падазраваць і праследаваць, таму пры першай жа магчымасці пайшлі ў лес, у сямейны лагер.

    Я заўсёды паважала свайго брата, такі ён быў правільны, справядлівы, заўсёды выступаў за праўду. Але толькі ў партызанах адчула яго сапраўдны аўтарытэт. Алёшу называлі сумленнем атрада. Зразумела, розныя людзі былі сярод партызан: хто прасіў, а хто і забіраў рэчы ў мясцовага насельніцтва. Брат сурова ставіўся да такіх выпадкаў, быў бязлітасны да парушальнікаў дысцыпліны. Сам не браў і нам не дазваляў нічога ні ў каго браць. Ён нават у нас ніколі кавалка хлеба не з'еў: шкадаваў дзяцей. Калі ж мы пачыналі скардзіцца і плакаць, толькі заспакойваў:

    — Нічога, вось скончыцца вайна і ўсе зажывём добра.

    Мне іншы раз здавалася: Аляксей са сталі створаны, нішто чалавечае яго быццам не кранае. Ён меў толькі адну думку: вызваліць край ад ворагаў...

    На працягу многіх гадоў пра смерць Аляксея Жука ў розных выданнях паведамлялася аднолькава: "...загінуў у баі". I толькі ў кнізе С. Балахонава "Сцяжынкі вядуць да дарогі" /Пермскае кніжнае выдавецтва, 1991/ упершыню напісана праўда:

    "Адыходзячы ў гісторыю, 1943 год падводзіў вынікі. Розныя яны былі. Радасць і смутак ішлі побач.

    У тыя дні атрад "За Радзіму" страціў цудоўнага разведчыка Аляксея Жука. Ён загінуў выпадкова, з-за ўласнай неасцярожнасці. Аляксей на свой страх і рызыку вырашыў вырабіць з запала гранаты ўзрывальнік для міны. I аднойчы стаў гэтую задуму ажыццяўляць. У шалашы, акрамя яго, знаходзіліся яго дваюрадны брат Мікалай Жук са сваёй маці...

    Заўважыўшы занятак Аляксея з гранатай, Мікалай спытаў:
    — Ты што там робіш?
    — Не бачыш? Гранату рамантую.
    — Кінь балавацца, — сказала цётка Вера. — Цацку знайшоў.
    — Не бойцеся вы. Зашыпіць — адразу кіну.
    — Тады адыдзі.
    — Калі ласка!

    Але ледзь ён зайшоў за дуб, як раздаўся выбух.

    Усе выбеглі з будана. Аляксей ляжаў на зямлі. Выбухам у яго па локаць адарвала абедзьве рукі, выбіла вочы, прабіла грудзі. Але ён быў яшчэ жывы. Імкнуўся ўзняцца, штосьці сказаць. Нават не стагнаў, а толькі хрыпла прасіў вады. Аднак піць ужо не мог. У апошні раз варухнуў кульцямі, выцягнуўся і заціх.

    Партызаны доўга маўчалі, не заўважаючы слёз, глядзелі на недарэчна загінуўшага сябра.

    Пра смерць Жука паведамілі ў штаб. Потым пад Бастынню, дзе знаходзіліся партызанскія могілкі, адбылося пахаванне. Партызаны выстраіліся перад магілай агульнага любімца. Камісар сказаў кароткую прамову. I калі пад залп салюта ў магілу пасыпалася зямля, многія заўважылі, як камандзір атрада Каштанаў правёў пад вачамі пальцам..."

    Нашаму бацьку паведамілі ў Амерыку пра гібель сына толькі пасля вайны. А сёстры Вера і Надзея назвалі ў гонар брата сваіх сыноў — Алёшам...

    Жук Ігнат Сцяпанавіч, н. у 1899, да вайны — машыніст паравознага дэпо, з 18.03.1943 — партызанскі сувязны атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, паранены ў час баявой аперацыі на Грушаўскіх хутарах каля вёскі Бастынь 31.10.1943, каб не трапіць жывым у рукі ворага, падарваў сябе гранатай.

    Кароль Павел Васільевіч, н. у 1910, з лютага 1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, расстраляны ў 1943 на месцы масавых расстрэлаў Баханова ў г. Лунінец. У 1946 там устаноўлены помнік у памяць пра яго і расстраляных разам з ім членаў яго сям'і.

    Лімант Іван Васільевіч, н. у 1923, да вайны — навучэнец школы ФЗН, з пачатку вайны — кіраўнік падпольнай камсамольска-маладзёжнай дыверсійнай групы ў паравозным дэпо, з 3.12.1943 — разведчык атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 3.07.1944, пахаваны ў г. Лунінец. У 1967 на магіле ўстаноўлена стэла.


    У. І. Анісімаў
    З успамінаў сястры загінуўшага Алены Васільеўны Сушч (Лімант), жыхаркі г. Лунінец:

    — Карані нашага бацькі знаходзяцца ў Баранавіцкім раёне. Там ён пачаў працаваць на чыгунцы, ажаніўся, але хутка змяніў месца жыхарства — уладкаваўся на работу ў Лунінецкае дэпо, ды так тут і застаўся. На непрацяглы тэрмін сям'я пакінула Лунінец толькі ў 1914 годзе — у пачатку першай сусветнай вайны як бежанцы знаходзіліся ў розных гарадах Тамбоўскай губерні. Жыццё брала сваё нават у выгнанні — там нарадзіліся старэйшыя дзеці Уладзімір і Сяргей, Марыя і Груня.

    Вярнуліся ў Лунінец ужо пасля рэвалюцыі. Зведалі галечу, калі будаваліся. Ва ўсім сабе адмаўлялі, збіралі сродкі, прычым золата было ненадзейнай рэччу, больш верылі папяровым грашам. Але як бы цяжка ні было, хутка і іх дом прывабліваў навізной на Залессі — раёне пражывання лунінецкіх чыгуначнікаў.

    У новым доме нарадзіліся малодшыя дзеці — Іван, я, Ніна. Бацька Васіль Іванавіч выйшаў на пенсію, маці Марыя Андрэеўна займалася хатняй гаспадаркай, неяк зводзілі канцы з канцамі. Але не было сям'і спакою з боку польскіх улад. Справа ў тым, што сястра маці выйшла замуж за чэкіста. Сваякі жылі ў Савецкай Расіі і іншы раз прыязджалі ў госці. З-за гэтага і праследавалі сям'ю паліцэйскія, лічыўшыя Васіля Іванавіча камуністам-падпольшчыкам. Бацьку арыштавалі ў першы дзень другой сусветнай вайны. 1 верасня 1939 года ў 6 гадзін раніцы ў хату ўвайшлі паліцэйскія:

    — Збірайся, пан!

    Як ні здзекліва гучаў гэты зварот, але такой ужо знешне культурнай ставіла сябе польская ўлада. Якой яна была на справе, сям'я пераканалася пасля 17 дзён, калі бацьку вызвалілі Саветы з Бярозы-Картузскай. Ён непазнавальна змяніўся, забіралі здаровага мужчыну ў росквіце сіл, вярнуўся збіты і замучаны, на якога страшна было глядзець. Ён нікому не прызнаваўся, што з ім рабілі. Але пражыў пасля гэтага толькі год. Так і пайшоў са сваёю тайнаю ў магілу.

    Маці засталася адна з шасцю сіротамі (толькі адна з дачок была замужам). Дзеці перажылі ваеннае ліхалецце Вялікай Айчыннай. Але не пра нас размова, а толькі пра аднаго Івана.

    Ён не дажыў да ўзросту, калі чалавека называюць па бацьку. У памяці родных і сяброў так і застаўся Іванам, нават хутчэй Ванькам. Хлопчык з той пароды, якія дастаўляюць шмат клопату і родным, і акружаючым. Не заўсёды дастаткова сыты, але заўсёды гатовы на нейкія гарэзы, Іван жыў весела і бесшабашна, адзіным учынкам, адзіным днём, асабліва не задумваючыся над будучым жыццём. Дарэчы, каму ў 16 год яно не здаецца вечным?

    Аб шырыні і шчырасці яго натуры сведчыць такі прыклад. Калі ў Лунінец у 1939-ым уваходзілі чырвонаармейцы, Ванька кінуўся на гарышча: ведаў, што маці прыхоўвае там да часу пару кашоў з зімняй садавінай, каб потым прадаць яе і прыдбаць нейкую капейку. Імгненна скочыў адтуль; і не паспела маці рот раскрыць, як пачаў частаваць грушамі салдат. Чырвонаармейцы ўсміхаліся і дзякавалі.

    Як змяніўся Іван з новым жыццём! Атрымаў работу — пры Польшчы гэта было немагчыма, у яго з'явілася прага да ведаў, грамадскай актыўнасці, вакол заўсёды віхурылася моладзь. Хлопец сталеў на вачах, але юнацтва закончылася не па жаданню — натуральна і паступова, а адразу ж — грымнула Вялікая Айчынная.

    Іван не вагаўся над выбарам: ён асэнсавана ўступіў на шлях супраціўлення фашызму. Уладкаваўся грузчыкам-вугальшчыкам у паравознае дэпо і пачаў выконваць заданні партызан. Па просьбе сына, маці прышыла яму доўгую кішэню ў адну са штанін, дзе ён мог насіць міны. Чорныя, плоскія міны з гадзіннікавым механізмам яму перадавалі з атрада. Іван наводзіў на пэўны час, потым непрыкметна пакідаў міну ў адным з вагонаў. Выбух адбываўся далека ад Лунінца, так што юнак быў упэўнены ў сваёй бяспецы.

    Але аднойчы, адкрыўшы вагон, Іван убачыў у ім вартавога. Той зразумеў мэту хлопца і гатовы быў узняць трывогу. Часу на роздум не было. I падпольшчык упершыню быў вымушаны забіць ворага, пасля чаго вельмі перажываў. Натуральная рэакцыя нармальнага чалавека, а родныя губляліся ў дагадках, што прыгнятае іх Ваньку. Ён нікому не расказваў пра свае перажыванні і адначасова абвострана назіраў за паводзінамі фашыстаў на станцыі — адчуваў сціскаемае кола слежкі. I аднойчы сказаў маці:

    — Трэба ісці ў лес.

    Маці, здагадваючыся пра небяспечныя справы сына, ні пра што не стала пытаць. Хуценька сабраліся і той жа восеньскаю ноччу 1943 года пайшлі ў сямейны лагер партызанскага атрада "За Радзіму".

    А 20-гадовы Іван Лімант стаў партызанскім разведчыкам. Былыя народныя мсціўцы расказваюць проста легенды, што хадзілі пра смеласць і ліхасць гэтага не ведаючага страху маладога чалавека. I кожны расказ пра яго чарговы подзвіг болем адклікаўся ў сэрцы маці, сясцёр, братоў. А калі прасілі Ваньку паберагчы сябе быць больш асцярожным, ён толькі смяяўся ў адказ, паўтараючы любімую прымаўку:

    — Ці грудзі ў крыжах, ці галава ў кустах.

    Відаць, на раду было Івану напісана загінуць у баі. З далечыні сённяшняга часу няхай нехта і скажа: сам на смерць напароўся. Недакладныя словы і несправядлівыя. У вайну няма смерці заканамернай або выпадковай. Вайна — гэта сама смерць, і выратаваннем можна быць абавязаным толькі волі лёсу.

    Апошняя ў жыцці Івана баявая аперацыя адбывалася на дарозе Дзятлавічы — Бастынь. Засада партызан трапнымі стрэламі спыніла рух аўтамабіля з нямецкімі афіцэрамі. Калі, выканаўшы заданне, партызаны пачалі па дрыгве адыходзіць у выратавальны гушчар лесу, прагучаў адзіночны стрэл: з-за машыны цэліўся паранены фашыст. Куля была бязлітаснай да Івана — ён памёр адразу. Там жа, на балоце, партызаны і пахавалі свайго баявога сябра. Гэта было 3 ліпеня. Праз тыдзень вызвалілі Лунінеччыну...

    Панцялееў Сцяпан Васільевіч, н. у 1912 у с. Плотнічае Усцюжанскага р-на Валагодскай вобл. (Расія), з 1939 — член КПБ(б), чырвонаармеец з 1934, з 1937 — інструктар райкама камсамола, закончыў Мінскую юрыдычную школу, з 1939 — памочнік пракурора Полацкага р-на, удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939, з 1940 — пракурор Лунінецкага р-на, з пачатку вайны пакінуты на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі падполля і партызанскага руху, у ліпені 1941 пры выкананні задання нарваўся на засаду ворага ля в. Гаўрыльчыцы (Салігорскі р-н) і загінуў у баі, пахаваны каля в. Дубіца Салігорскага р-на Мінскай вобл. У 1979 у памяць пра яго ўстаноўлена мемарыяльная дошка на будынку Лунінецкай міжрайпракуратуры. Яго імем названа вуліца ў г. Лунінец.

    Рабкавец Фёдар Нічыпаравіч, н. у 1923, да вайны — навучэнец школы ФЗН, у гады вайны — член падпольнай камсамольска-маладзёжнай дыверсійнай групы ў паравозным дэпо, з 26.09.1943 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 17.02.1944, пахаваны ў брацкай магіле 2 у г. Лунінец у гарадскім скверы.

    З успамінаў маці загінуўшага Антаніны Сазонаўны Рабкавец, жыхаркі г. Луцк (Украіна):

    — Сын закончыў 7 класаў у 1939 годзе і паступіў у рамеснае вучылішча. Праз 2 гады стаў працаваць слесарам у дэпо. Федзя быў вельмі добрым па натуры, працалюбівым, здольным, на ўсе рукі майстар. Захапляўся радыёсправай, сталярнічаў. Сябраваў з Міхаілам і Мікалаем Слізнямі, Паўлам Бесанам, Мікалаем Каўко, Васілём Жыляевым... Усе яны жывуць, памятаюць пра сына, Вася быў з імі разам у партызанскім атрадзе.

    Мой муж Нічыпар Фёдаравіч, сыны Фёдар і Васіль яшчэ з 1942 года сталі падпольшчыкамі, збіралі разведвальныя даныя аб праціўніку і перадавалі іх у лес. У верасні 1943-га мы вымушаны былі ўсёй сям'ёй пайсці ў лес. Напярэдадні муж узарваў вадакачку на станцыі, чым выклікаў затрымку руху паяздоў на 3 дні, сыны здолелі раздабыць рацыю.

    Калі яшчэ быў сувязным, Фёдар сустракаўся з партызанамі ў хаце Валянціны Мікшы, яна жыла каля лесу ва ўрочышчы Дубрава. Сын добра ведаў мясцовасць, праводзіў на заданні парашутыстаў. Вось і апошняе заданне ён выконваў у групе з дзесяці чалавек, сярод якіх былі і дэсантнікі. Яны трапілі ў засаду. Чацвёра загінулі, адзін быў паранены. Федзю гітлераўцы схапілі, відавочна, жывым: ён быў страшна знявечаны. Гэта здарылася на выхадзе з Грычынскіх балотаў...

    На наступны дзень загінуўшых пахавалі на горцы за вёскай Красная Воля, а праз некалькі гадоў адбылося ўрачыста-жалобнае перазахаванне ў брацкую магілу.

    Сяргейчык Гаўрыла, з 1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, расстраляны ў 1944 на месцы масавых расстрэлаў Баханова г. Лунінец.

    Харытановіч Аляксандр Еўдакімавіч, н. у 1925, да вайны — жасцяншчык, у гады вайны — член падпольнай камсамольска-маладзёжнай дыверсійнай групы ў паравозным дэпо, з 1.03.1944 — партызан атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 24.06.1944, пахаваны ў г. Лунінец, у 1967 на магіле ўстаноўлена стэла.

    Хоміч Уладзімір Васільевіч, н. у 1909 у в. Сноў Баранавіцкага р-на, з 30-ых гадоў працаваў качагарам кацельні Лунінецкага паравознага дэпо, з 5.04.1943 — партызанскі сувязны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, загінуў 6.11.1943, пахаваны ў в. Язвінкі.

    На верх старонкі



    І. В. Лімант