Помнік загінуўшым ваеннапалонным чырвонаармейцам у камуне Лянгельмякі (Фінляндыя)

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Памятаюць Ізраіль і Фінляндыя

У 1990 г. устаноўлены кантакты паміж Лунінеччынай і яе ўраджэнцамі — цяпер грамадзянамі Ізраіля. Менавіта тады на сваю малую радзіму прыехала першая дэлегацыя Лахвенскага зямляцтва на чале з Копелем Калпаніцкім. Ён стаў ініцыятарам рэканструкцыі помніка вязням Лахвенскага гета. Ізраільскае таварыства часткова прафінансавала работы, у якіх прымалі ўдзел скульптар Акадэміі мастацтваў Беларусі Уладзімір Слабачыкаў і архітэктар Ігар Марозаў, а арганізоўваў — старшыня Лахвенскага сельсавета Мікалай Цяльпук. Таксама ў Лахве па просьбе замежных землякоў устанаўліваецца помнік на старых яўрэйскіх могілках, якія абносяцца сімвалічнай агароджай — цапамі на невялікіх слупках.

Памяць жа аб сваіх загінуўшых родных яўрэі ў Ізраілі пачалі ўвекавечваць адразу пасля вайны. Пра могілкі яўрэйскіх гета ў Хулоне (аналаг могілак вёсак у Хатыні) расказаў кандыдат гістарычных навук Іешуа Ліор (Ліхтштэйн). Ён даслаў шэраг цікавых матэрыялаў, у тым ліку — спісы ахвяр лахвенскага гета, фотаздымак і апісанне помніка ў памяць аб Лахве на гэтым святым месцы ў Ізраілі. Потым такія ж дадзеныя па іншых яўрэйскіх мястэчках — Лунінцу, Кажан-Гарадку, Мікашэвічах — даслалі ці прывезлі ўраджэнцы гэтых мясцін Доў Левін, Шлома Альпінер, Моша Дрэбскі, Ісаак Бакальчук.

Ізраільскія сябры зрабілі краязнаўцам Лунінеччыны яшчэ адзін каштоўны падарунак: падарылі кнігі "Ізкор. Памінальная малітва. Лунінец — Кажан-Гарадок" (Тэль-Авіў, 1952) і "Лахва. Першае паўстанне ў гета" (Тэль-Авіў, 1957) — своеасаблівыя аналагі гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць", якія занатавалі шматвяковую яўрэйскую гісторыю названых мястэчкаў і імёны ўсіх ахвяр гета.

Па прыкладу Лахвы была праведзена рэканструкцыя помніка ахвярам Кажан-Гарадоцкага гета — яе фінансаваў калгас-камбінат "Крыніца", а арганізатарамі сталі яго работнік Пётр Уліцкі і дырэктар Мікалай Лятчэня. Рэканструкцыю помніка на магіле ахвярам Лунінецкага гета зрабілі на сродкі Сары і Ісера Круглін — выхадцаў з горада Лунінец, грамадзян ЗША.

Дзякуючы арганізатарскім намаганням Копеля Калпаніцкага сустрэчы дэлегацыі Ізраіля на лунінецкай зямлі з таго часу сталі штогадовымі. Зразумела, нашы землякі — ужо састарэлыя людзі, але многія прыязджаюць са сваімі дзецьмі. З успамінаў замежных землякоў удалося больш даведацца пра даваенную гісторыю Лунінеччыны. Трагічнымі падзеямі вайны нашы народы звязаны навечна — нам належыць мацаваць кантакты мірнымі справамі.

Выпадкова ўдалося ўстанавіць перапіску з Барысам Верыкавым — старшынёю "Рускага клуба" горада Тамперэ (Фінляндыя). Ад яго даведалася, што ў 1941 — 1942 гг. побач з мястэчкам Лянгельмякі знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных, якія вялі тут стужку чыгункі ад горада Орывесці да Ярмса. I гінулі. Мова вердыкту смерці, паводле дакументаў ваеннага архіва, не падлягае ні эмоцыям, ні падрабязнасцям — "агульная слабасць", "заражэнне крыві", "туберкулёз", "агнястрэльнае раненне". Хавалі салдат тут жа непадалёку ад баракаў на лясной паляне.

Пасля вайны ўрад Фінляндыі ўвекавечыў памяць усіх савецкіх воінаў, загінуўшых на тэрыторыі краіны, узвядзеннем на месцах масавых захаванняў (такіх на зямлі Суомі 70, дзе ляжыць 18 тысяч 300 чалавек) бетонных абеліскаў. Адзін з іх стаяў на памянёнай паляне... На ім быў адзіны надпіс: "Тут пахаваны 177 савецкіх ваеннаслужачых".

Высветліць іх сапраўдную колькасць, імёны і паставіў сабе на мэце Барыс Верыкаў. У выніку вялікай архіўнай працы ён адшукаў і ўзнавіў 260 прозвішчаў пахаваных тут байцоў.

Высветлілася, што сярод пахаваных — 4 чалавекі з Пінскай вобласці, у тым ліку і наш зямляк з вёскі Малыя Чучавічы. Родным яго я паведаміла пра магілу чырвонаармейца, якая тут нечакана знайшлася. На жаль, здароўе старога брата не дазваляе яму зрабіць далёкае замежнае вандраванне, хаця і фінансуе такія паездкі Таварыства Чырвонага Крыжа. Але заспакоены душы сваякоў тым, што месца апошняга прытулку загінуўшага па-хрысціянску даглядаюць жыхары камуны Лянгельмякі Як паведамляе Барыс Верыкаў у сваім лісце, помнік на магіле, дзе пахаваны загінуўшыя савецкія ваеннапалонныя, рэканструяваны. Абеліск — цэнтральны стрыжань нядаўна пабудаванага новага мемарыяльнага ансамбля, які акружаюць чатыры трохметровыя гранітныя пілоны. Пілоны, дзе выбіты прозвішчы пакутнікаў, увекавечаны крыжам са звонам.

Таццяна Канапацкая