Я. П. Сергіенка

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Сергіенка Яўгенія Паўлаўна нарадзілася ў г. Дэрбенце (Дагестан). У 1940 г. скончыла 10-гадовую школу і паступіла ў Маскоўскі электрамеханічны інстытут інжынераў транспарту. У верасні 1941 г. добраахвотна пайшла на фронт, працавала ў санчасці стралковага палка дывізіі народнага апалчэння. Пазней служыла чарцёжніцай 38-га маставога батальёна 3-яй брыгады чыгуначных войск 1-га Беларускага фронту, удзельнічала ў вызваленні Беларусі, Польшчы, Германіі. У сакавіку 1945 г. брыгада была перададзена ў склад 1-га Далёкаўсходняга фронту, удзельнічала ў вызваленні Маньчжурыі. Дэмабілізавана ў званні яфрэйтара ў лістападзе 1946 г. у Харбіне. Мае ўзнагароды. Пасля заканчэння інстытута з 1950 г. жыве ў Маскве. У 1959 г. у перыядычным друку з'явілася яе першае апавяданне, у 1966 г. — першая кніга, у 1968 г. — першы зборнік апавяданняў "Чырвоная кветка". Я.П. Сергіенка — аўтар больш як 20 апавяданняў і нарысаў, аповесці "Клопаты Мешадзі-бека", раманаў "Мае масты" і "Штрафны батальён". Раман "Мае масты" расказвае, у прыватнасці, аб вызваленні Лунінеччыны ў ліпені 1944 г. — гэтаму прысвечаны нарысы "Лунінец", "Дрэбск", "Лахва".

З батальёна беларускіх арлянят...

У 70-ыя гг. пры рэдакцыі газеты "Зорька" быў створаны батальён беларускіх арлянят. Туды залічвалі тых юных мсціўцаў, хто ў агнявыя саракавыя гады разам з бацькамі набліжалі перамогу над ворагам. У ліку іх і прадстаўнік Лунінеччыны, аб якім распавядае нарыс "Сярод народных мсціўцаў" у кнізе М. Ткачова "Побач з бацькамі" (Мн.: Народная асвета, 1978 г.).

"Дзьмуў вецер, парывісты і злы. Амаль датыкаючыся да верхавін таполяў, плылі хмары. Імжэў дробны і абрыдлы дождж. Немцы пахаваліся ва ўцалелых ад бамбёжак хатах і толькі адзін вартавы хадзіў вакол машын. У накрытых брызентам кузавах ляжалі скрыні з патронамі і гранатамі.

Паўлік Канапацкі застаўся каля хлява і напружана назіраў за вартавым. Калі той зайшоў за вугал хаты, Паўлік кінуўся да машыны, хутка адгарнуў брызент і схаваўся ў кузаве. Там ён адчыніў скрынку і запіхаў па кішэнях боепрыпасы. Але калі Паўлік хацеў саскочыць з кузава, паказаўся вартавы. Ён прыхінуўся да грузавіка і закурыў. Больш гадзіны чакаў Паўлік, калі салдат адыдзе ад машыны. Затым, выбраўшы момант, саскочыў на зямлю.

На другі дзень ён разам з бацькам перадаў гранаты і патроны партызанам.

Не адзін раз, апрануўшыся пастушком, Паўлік разведваў, дзе колькі размяшчаецца фашысцкіх салдат, танкаў, гармат. Звесткі ён перадаваў партызанам.

Аднойчы ноччу сям'я Канапацкіх пайшла ў партызанскую брыгаду імя Кірава: фашысты даведаліся аб яе сувязях з партызанамі. Паўлік стаў разведчыкам пры штабе атрада.

5 лістапада 1943 г. партызаны разграмілі атрад карнікаў. Удзельнічаў у гэтым баі і Паўлік Канапацкі. Паход за паходам. Аперацыя за аперацыяй... Партызаны любілі Паўліка, паважалі яго за храбрасць.

Калі Чырвоная Армія вызваліла нашу рэспубліку, Паўлік пайшоў вучыцца. Цяжка яму даводзілася — столькі гадоў прайшло. Але хіба ж партызаны ўтрымаюцца перад цяжкасцямі? Умеў ён і за веды змагацца.

У 1960 г. Павел Канапацкі разам з сям'ёй паехаў у Казахстан на цалінныя землі і працаваў кавалём у саўгасе "Гвардзеец" Цаліннага краю. Машыны, да якіх датыкаліся ўмелыя рукі былога партызана, доўга служылі людзям.

А потым ён вярнуўся ў сваю родную вёску Лахва... Цяпер Павел Іванавіч Канапацкі працуе механізатарам у калгасе "Перамога".