Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

"Даеш кіно!"

Частка фашыстаў, якія ў лістападзе 1942 г. знішчылі вёску Сітніцкі Двор, неўзабаве знайшлі сваю магілу ў Мікашэвічах, у мясцовым кінатэатры. Пра гэта распавядае В.А. Літвінчук у кнізе "Там, за Днепра-Бугам" (Брэст, 1992).

Дзёрзкай па сваёй задуме была аперацыя па знішчэнні кінатэатра у Мікашэвічах. Кінамеханікам там працаваў камсамолец Іван Канапацкі. Восенню 1942 г. выйшаў да яго на сувязь цераз разведчыцу Аліну Кірбай капітан Чорны, які ў жніўні прызямліўся на парашуце ў раёне Чырвонага возера, побач з базай атрада будучага Героя Савецкага Саюза Г.М. Лінькова. Капітан Чорны, які прыняў у лістападзе дыверсійна-разведвальны атрад Лінькова, меў загад у найкарацейшы тэрмін арганізаваць збор інфармацыі аб праціўніку ў Пінску, Брэсце, Жыткавічах, Баранавічах, Ковелі, Сарнах, Лунінцы, Ганцавічах. Сустрэча Івана Мікалаевіча Чорнага з Канапацкім адбылася на шостым кіламетры дарогі Мікашэвічы — Залюцічы. Чорны даручыў Канапацкаму сачыць за чыгуначнымі перавозкамі на станцыі Мікашэвічы і перадаваць даныя праз краўчыху Леакадзію Дзямчук, што жылаў тым жа пасёлку. Неўзабаве да падпольшчыкаў прыйшла ідэя — узарваць кінатэатр. Тол да Канапацкага прыносіў Ілья Прышкель, хавалі яго ў двары дома Канапацкага. А потым кінамеханік шашкамі па 400 грамаў перанёс тол у падвал клуба. Непрыкметна туды ж правёў ён электраправодку для дэтанатараў. Канапацкаму параілі папрасіць першага ж паліцая падзяжурыць у будцы, пакуль не будуць выпраўлены міфічныя дэфекты, і хвілін праз пяць пасля ўходу кінамеханіка ўключыць "для праверкі" агульны рубільнік. Вечарам 17 лістапада 1942 г. немцы сабраліся ў зале на нараду і прагляд кінахронікі. Канапацкі пакінуў будку. У ёй застаўся знаёмы паліцай. Праз некалькі хвілін у клубе прагрымеў выбух. Пазней стала вядома, што загінулі 43 фашысты. Іван Канапацкі разам з памочнікам Арсеніем Журахоўскім у той жа вечар пайшлі да партызан.

Іван Барысавіч Канапацкі вярнуўся ў Мікашэвічы пасля вайны, з баявымі ўзнагародамі. Працаваў тут кінамеханікам да сваёй смерці ў 1968 г. Адбылося так, што сам ён дэманстраваў дакументальную стужку "Беларусьфільма" "Даеш кіно", адзін з эпізодаў якой — гісторыя яго подзвігу.