Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Герой "Весны на Одере"

Варонін Павел Андрэевіч (1922 — 1992). Нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям'і на Валагодчыне. У 30-ыя гады яго бацькі падаліся шукаць шчасця на поўдзень Украіны. З першага дня вайны 19-гадовы Павел на фронце. Узнагароджаны ордэнамі Славы II і III ступеняў, Вялікай Айчыннай ванны 2 х ступеняў, Чырвонага Сцяга, медалямі. З 1957 г. і да выхаду на пенсію працаваў вадзіцелем на Палескай доследнай меліярацыйнай станцыі. Пахаваны ў п. Палескім Лунінецкага р-на.
З кнігі М. Калінковіча "Лунінец" (Мн., Полымя, 1990):

"Снайпер Павел Варонін толькі што вярнуўся з задання. Да яго падышоў начальнік штаба разведкі Эмануіл Генрыхавіч Казакевіч:

— Значыць, ворагаў пад аптычным прыцэлам трымаеце? Гэта добра. А ці не жадаеце вы ў разведку? Фізічна, я бачу, вы здаровы. Ды і, відаць, не з палахлівых.

Будучы вядомы пісьменнік, тады камандзір разведроты, уважліва разглядаў моцна складзеную фігуру байца, дадаў:

— Хачу вас папярэдзіць, што ў разведку мы бяром толькі добраахвотнікаў.

Варонін сказаў коратка:

— Я згодзен.

Доўга ваяваў і служыў салдат пад камандаваннем Э.Г. Казакевіча, які ўважліва прыглядваўся да дзеянняў франтавога разведчыка. I калі прыступіў да работы над кнігай "Вясна на Одэры", то сумнення адносна аднаго з прататыпаў — старшыны Вароніна — у яго не было.

Чым спадабаўся бясстрашны воін, якія баявыя эпізоды, у якіх ён удзельнічаў, пісьменнік трансфармаваў у канву твора?

Буг. Яго трэба было фарсіраваць. Па загаду генерала Волкава група разведчыкаў павінна пераправіцца на супрацьлеглы бераг, знішчыць гітлераўцаў, якія рыхтаваліся ўзарваць мост, затым акапацца.

На тым баку бераг абрывісты. З аўтаматамі і гранатамі выскачылі на пясчаную водмель. У гэты час немцы пачалі страляць. Павел разгубіўся: кінуўся да вады, пераплыў раку, замаскіраваўся. На тым беразе засталіся ляжаць забітыя таварышы.

Непадалёк ад яго з'явіўся салдат-сувязіст з дротам у руцэ. Ён цягнуў лінію. Не паспеў сувязіст выйсці з трыснягу, як над галавой Вароніна прасвісцела доўгая кулямётная чарга. Сувязіст упаў.

Разведчык закідаў гранатамі кулямётную кропку праціўніка, выскачыў з укрыцця. Зусім побач пачулася магутнае "Ур-ра!". Байцы фарсіравалі Буг.

Пасля бою генерал Волкаў моцна абняў Вароніна, падзякаваў за гераізм. На старонках франтавых газет было расказана пра подзвіг мужнага разведчыка...

Камандаванне загадала ўзяць у палон нямецкага афіцэра, і шэсць разведчыкаў адправіліся за лінію фронту. У адным месцы наткнуліся на тэлефонны дрот. Прытрымліваючыся яго, папаўзлі. Калі дрот абарваўся, паказалася варожая зямлянка. Каля яе разведчыкі ўбачылі машыну. Імгненна паспеў план дзеянняў. У комін зямлянкі паляцела звязка гранат. Гітлераўцы, якія засталіся жывымі, выбеглі з зямлянкі. Першым — афіцэр. Таварышы Вароніна схапілі яго, укінулі ў машыну. Павел ускочыў за руль, даў поўны ход і паімчаўся да лініі фронту. Гітлераўцы прынялі машыну за сваю, а калі апамяталіся, было позна...

Савецкія войскі вызвалялі тэрыторыю Германіі. На подступах да адной з невялікіх вёсак завязаўся ўпарты бой. Толькі дваім удалося прарвацца да вёскі. Яны замацаваліся ў хаце, прынялі бой. Хутка капітан адаслаў радавога за падмацаваннем.

На дапамогу падаспелі разведчыкі. Доўга шукалі капітана. Нарэшце знайшлі. Савецкі афіцэр ляжаў на каменнай падлозе. На яго твары застыў боль. На спіне — дзве зоркі. Каля загінуўшага афіцэра разведчыкі пакляліся адпомсціць ворагу. Адправіліся за "языком". Няспешна адпаўзлі ад сваіх траншэй. Нейтральная зона. Уперадзе мільганулі цені: нямецкая разведка. Колькі чалавек там — невядома. Добра ведаючы прывычкі праціўніка, разведчыкі былі ўпэўнены, што на наступную ноч фашысты абавязкова з'явяцца тут.

Група разведчыкаў укрылася ў склепе на нейтральнай паласе. Сталі чакаць. Гітлераўцы адкрылі агонь па "нейтралцы".

— Абстрэльваюць перад вылазкай, — зразумелі разведчыкі. — Адцягваюць увагу.

Тым часам пачалі дзейнічаць разведчыкі гітлераўцаў. Два здаравенныя фашысты спрабавалі ўзяць у акопе савецкага байца. "Вось з гэтых і пачнём", — вырашылі савецкія разведчыкі. Гітлераўцы самі сталі "языкамі", групу іх прыкрыцця знішчылі.

Пры ўдзеле старшага сяржанта Вароніна было ўзята 76 "языкоў". Ён прайшоў дарогамі трох франтоў — Паўночна-Заходняга, 1-га Прыбалтыйскага і 2-га Беларускага. Разам з таварышамі ўдзельнічаў і ў аперацыі, якая стала асновай сюжэту яшчэ адной аповесці Э.Г. Казакевіча "Звязда"