Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

З чырванафлоцкай газеты "Победа" за ліпень 1944 г.

Наперадзе — марскія пехацінцы

"...Дзейнічаючы сумесна з дэсантнікамі марской пяхоты, якія ішлі ўверх па рацэ Прыпяць на катэрах, пры падтрымцы артылерыі, мы ў жорсткіх і гераічных баях авалодалі буйнымі населенымі пунктамі Петрыкаў, Брынёў, Грэбень і выйшлі на подступы да важнага чыгуначнага вузла Лунінец. Гэты важнейшы вузел, камунікацыя паўднёвай і паўночнай груповак немцаў у Беларусі, старанна ўмацоўваўся, таму што меў выключную значнасць для манеўравання і забеспячэння фронту боепрыпасамі і тэхнікай.

Загад камандавання авалодаць горадам быў атрыманы ноччу. Першымі ў тыл праціўніка выйшлі катэры Дняпроўскай флатыліі з дэсантнікамі на борце. Марскія пехацінцы, захапіўшы чыгуначны мост, часткова разбурылі і моцна замініравалі яго, а дэсантнікі пакінулі ахову і пайшлі па рацэ ўверх, каб адрэзаць шляхі адступлення і не даць магчымасці яму падкідваць падмацаванні.

Па лясных сцяжынках, праз непраходныя балоты неслі байцы на сабе мінамёты, кулямёты, боепрыпасы. Спатрэбілася выключная загартоўка, мужнасць, вынослівасць, вялікае маральнае і фізічнае напружанне, каб паспяхова выканаць пастаўленую задачу. Усе воіны жылі адной марай — хутчэй вызваліць горад роднай Беларусі.

Нарэшце падышлі да паўднёва-заходняй ускраіны Лунінца, дзе праходзіла лінія абароны гітлераўскіх галаварэзаў. Спыніўшыся ў горадзе, яны не чакалі так хутка савецкіх байцоў.

Цемра яшчэ хавала абрысы руін, якія засталіся ад горада, калі загрымела наша артылерыя дальняга дзеяння. Гітлераўцы адказалі, чым далі магчымасць выявіць іх агнявыя кропкі. Ва ўстаноўлены тэрмін, калі ў неба ўзвілося шмат ракет, адначасова з усіх бакоў загаварылі на розныя галасы нашы станковыя і ручныя кулямёты. Адкрылі агонь і мінамёты, пакрываючы разрывамі артылерыю праціўніка.

Загрымела дружнае, шматгалосае "Ура!", і байцы з заклікам "За Радзіму!" кінуліся ў атаку.

Гітлераўцы не вытрымалі імклівага і магутнага ўдару і пакінулі горад Лунінец".

Канстанцін Цюменцаў