Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Еравой Фёдар Максімавіч нарадзіўся ў 1913 г. у сялянскай сям'і ў сяле Чыстазёрка Заўялаўскага раёна Алтайскага краю. З 1929 г. працаваў у калгасе "Чырвоны араты" конюхам, учотчыкам жывёлагадоўлі, старшым рахункаводам. У маі 1935 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў у Забайкальскай ваеннай акрузе. Член КПСС з 1939 г. Вайну пачаў капітанам, камандзірам стралковага батальёна. Быў начальнікам штаба 111-га Лунінецкага стралковага палка 55-ай Мазырскай Чырванасцяжнай дывізіі. Ваяваў на Паўночна-Заходнім, Цэнтральным і Прыбалтыйскіх франтах. 4 студзеня 1956 г. выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка. Жыве ў Маскве.

Узнагароджаны ордэнамі Суворава III ступені, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Ганаровы грамадзянін горада Лунінец.

З кнігі Ф.М. Еравога "Толькі мацнейшымі выходзілі з агню" (серыя "Расказваюць франтавікі", М., Ваенвыдат, 1972)

Сталь загартоўваецца ў агні

"...Наш 111-ы стралковы полк пад покрывам цемнаты фарсіраваў раку Смердзь і замацаваўся на захопленым плацдарме. Першы батальён пад камандаваннем капітана Мікалая Трохіна асядлаў дарогу Бродніца — Лунінец, другі батальён на чале з капітанам Аляксандрам Дзюкавым акапаўся на подступах да вёскі Дварэц, а трэці батальён пад камандаваннем капітана Ягора Арлова, як найбольш баяздольны, быў накіраваны па балотах ў абход Бродніцы.

Байцы біліся стойка. Па ланцугу з вуснаў у вусны перадаваліся словы нашага зампаліта Дзвінскага: "Рака Смердзь — фашысцкая смерць!"

Галаўныя танкі былі падбіты бранябойшчыкамі парторгам роты старшыной Фёдарам Авечкіным, малодшым сяржантам Мікалаем Рускіх і радавым Іванам Сарока. Астатнія танкі далей не пайшлі. Пяхоту мы сустрэлі залпавым агнём. Яна адкацілася, а з тылу па ёй ударыў трэці батальён, які абышоў вёску. Бродніца ў нашых руках. З ходу фарсіравалі раку Цна. Першы батальён замацаваўся на яе беразе, а батальён капітана Арлова паварочвае на поўдзень і атакуе вёску Вічын. Гітлераўцы апынуліся ў пастцы. Кінуўшы тэхніку, яны шукаюць выратавання ў балотах. Цяпер яны ўвязаюць у багне, мы ж па-гаспадарску размяшчаемся на сушы. У дывізійнай зводцы аб гэтым было сказана коратка: разгромлена да двух палкоў варожай пяхоты з танкамі.

На рубяжы ракі Цна полк некалькі затрымаўся: трэба было падвесці боепрыпасы і размініраваць мясцовасць. Сапёры палка знялі больш чым пяць тысяч мін і фугасаў. У вёсцы Бродніца нашы байцы пачулі дзіцячы плач. Зайшлі ў хату. Пад ложкам ляжаў хлапчук гадоў адзінаццаці. Салдаты хацелі яго падняць.

— Не чапайце, дзядзечкі, — закрычаў хлапчук, — да мяне правадкі прывязаны.

Паклікалі сапёраў. Сапраўды, ад хлопчыка цягнецца провад у склеп. Адчынілі падзямелле, а там цэлая скрыня ўзрыўчаткі. Хлопчык паведаміў, што бачыў, як немцы спусцілі скрыню ў падполле. Потым яны злавілі хлопчыка, зрабілі яму ўкол, і ён заснуў. Прачнуўся, убачыў правады і адчуў нядобрае.

Жах, што рабілі тут фашысцкія вылюдкі. Месяцы тры назад яны сілай адабралі ў маці дзяцей ад 8 да 14 гадоў, пасадзілі на аўтамашыны і павезлі ў спецыяльны лагер, дзе выпампоўвалі ў дзяцей кроў для сваіх параненых саддат. Калі нашы войскі захапілі лагер, дзяцей у ім засталося нямнога, ды і тыя ледзь жывыя.

Мы працягвалі баі за асобныя вёскі і хутары на подступах да чыгункі. Дзейнічалі выпрабаваным прыёмам: двума батальёнамі атакуем з двух бакоў, а трэці — батальён, капітана Арлова з ротай аўтаматчыкаў пад камандаваннем старшага лейтэнанта Васіля Міхалёва — накіроўваецца ў абход, наносіць удар з тылу.

Так быў разгромлены вялікі варожы гарнізон у вёсцы Бараўцы. 37 гітлераўцаў узялі ў палон. У баі быў цяжка паранены лейтэнант Барысаў. Радавы Іван Кадала вынес яго з-пад ураганнага агню, сам быў паранены, але, зыходзячы крывёю, не пакінуў камандзіра, даставіў яго ў бяспечнае месца. Хутка яны абодва былі эвакуіраваны ў шпіталь.

Нас дагналі суседзі злева — 228-ы і 107-ы стралковыя палкі нашай дывізіі. Праціўнік зноў кідае на нас танкі, але цяпер яны і ў нас з'явіліся — прыйшлі па насыпе разбуранай немцамі чыгункі.

Гарачы танкавы бой разгарэўся каля хутара Навінка. Другі раз я бачыў танкавы таран. Наша трыццацьчацвёрка ўсім цяжарам наляцела на "тыгра". Удар быў такой сілы, што варожы танк адразу згубіў ход. Каля яго апынуўся цяжка паранены баец Мікалай Караткоў. Двойчы адчынялася века люка на вежы "тыгра". I двойчы зачынялася пасля аўтаматных чэргаў Караткова. За параненым прыйшлі санітары. Але баец згадзіўся легчы на насілкі толькі пасля таго, як экіпаж танка быў узяты ў палон. Да жалю, Караткоў не выжыў. Рана яго была смяротнай.

Мы ўварваліся ў горад. Вулічныя баі працягваліся ўсю ноч. Гітлераўцы спешна адпраўлялі на захад эшалоны, якія сабраліся на станцыі. Батальён капітана Арлова захапіў вакзал, калі чарговы эшалон на поўных парах пакаціў на захад. Сяржант Іван Грышын і байцы яго аддзялення ўскочылі на тармазныя пляцоўкі вагонаў. Уступіўшы ў бой з паліцаямі, якія заселі на вагонах, нашы байцы адчэплівалі ад састава вагон за вагонам. Хутка з эшалона засталіся толькі паравоз з адным вагонам. Але і яны не паехалі далека — паляцелі пад адхон ад міны, якая была закладзена мясцовымі партызанамі.

Саскочыўшы з адчэпленых вагонаў, якія спыніліся, нашы байцы занялі пазіцыі ўздоўж чыгуначнага палатна. Грышын быў паранены. Каманду ўзяў на сябе радавы Міхаіл Свірыдзенка. Па палатну чыгункі натоўпам беглі адступаючыя немцы. Свірыдзенка і яго таварышы адкрылі па іх агонь. Невядома чым закончыўся б гэты бой — немцаў было ў многа разоў больш, чым нашых байцоў, але ў гэты момант з лесу ўдарылі аўтаматныя чэргі — на дапамогу падаспелі партызаны. А потым па чыгуначным палатне падышлі танкі з дэсантам.

Вечарам 10 ліпеня 1944 года 20 залпамі з 220 гармат Масква салютавала вызваліцелям горада Лунінец. Двум палкам нашай дывізіі — 111-му і 107-му — было прысвоена найменне Лунінецкіх, іх узнагародзілі ордэнамі.

Па загаду камандзіра дывізіі камендантам горада Лунінец прызначаны мой памочнік капітан Іван Фёдаравіч Сушкоў. Пытаю яго:

— Што ж ты са сваімі каровамі рабіць будзеш?

Мой памочнік па тылу вельмі гаспадарлівы чалавек. Адступаючы, гітлераўцы кідалі нарабаванае дабро, у тым ліку і адабраную ў сялян жывёлу. Сушкоў і яго падначаленыя адразу ж бралі на ўлік гэтых кароў і авечак, і з нашымі тыламі цяпер ішоў унушальны статак. Вы думаеце, за кошт гэтага павялічыўся наш мясны рацыён? Як бы не так! Сушкоў сачыў за сваім статкам больш пільна, чым любы калгасны жывёлавод. I нам даставалася толькі малако, ды і яно амаль цалкам аддавалася параненым.

Але стаў Сушкоў камендантам, і статак пачаў катастрафічна змяншацца. Камендант шчодра раздаваў кароў мясцовым калгасам, якія толькі пачалі падымацца на ногі, дзіцячым установам горада. Нас ён заспакойваў:

— Нічога, на Захадзе гэтага дабра мы яшчэ здабудзем!"