М. П. Кудзінаў

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Кудзінаў Пётр Мікалаевіч нарадзіўся ў 1921 г. Перад вайной закончыў Кіеўскае артылерыйскае ваеннае вучылішча, атрымаў званне лейтэнанта.

З 1941-га ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе 46-га гаўбічнага артылерыйскага палка 100-ай ордэна Леніна стралковай дывізіі, 84-га ордэна Суворава III ступені артылерыйскага палка 55-ай Мазырскай Чырванасцяжнай дывізіі. Апошнія два гады вайны камандаваў артылерыйскім дывізіёнам 107-га Лунінецкага стралковага палка той жа дывізіі.

Узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.

Пасля вайны закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. Падпалкоўнік у адстаўцы. Ваенны журналіст.

Жыве ў Рызе.
Ганаровы грамадзянін горада Лунінец.

З кнігі П.М. Кудзінава "Вогненным мячом" (Запіскі артылерыйскага афіцэра) (Мн., Беларусь, 1979)

Лунінец вызвалены

"...Павінен адбыцца бой за горад Лунінец — буйны чыгуначны вузел. 107-ы стралковы полк атрымаў задачу фарсіраваць раку Цна у раёне Дрэбска і наступаць на Лунінец з поўначы. 111-ы стралковы полк наносіў удар з паўночнага захаду.

Праціўнік шалёна супраціўляўся. Гітлераўцы зноў сталі паўсюдна мініраваць дарогі, падрываць масты. Яны імкнуліся любой цаной не даць нам выйсці з балот. Усю ноч ішла пяхота і з ёю мы, упраўленцы. З кіламетр ззаду — агнявыя ўзводы.

Калі стала віднець, старшы лейтенант Мартынаў папрасіў дазволу пайсці з разведчыкамі наперад. З імі пайшло ўсё аддзяленне разведкі ўпраўлення дывізіёна: Зуйкоў, Валынкін, Асланаў і Сарджаеў. Яны пайшлі, а мы працягвалі рухацца. Рыпелі вазы, нагружаныя мінамётамі, фыркалі коні, гулі машыны, якія ішлі ззаду.

Выглянула сонца. Адразу стала цяплей і больш прыемна пасля халаднаватай ночы. Сыходжу з дарогі, гляджу ў бінокль. Справа наперарэз нам ідзе другая калона. Наперадзе кавалерыя, затым пяхота, далей цягнецца вялікі абоз. "Хто б гэта мог быць? Нашы ці немцы?" — разважаю. На адлегласці цяжка пазнаць, чые гэта падраздзяленні. Я выклікаў камандзіра 1-ай батарэі капітана Анціпава і загадаў яму падрыхтаваць падраздзяленне да стральбы прамой наводкай. Пачуліся каманды. Гарматы зняты з крукоў, развернуты на паўночны захад. Машыны адведзены ў тыл і замаскіраваны.

Эскадрон паехаў у вёску Лахва. Туды ж наблізілася пяхота. Падыходзіў абоз. "Ці ўзляціць чырвоная ракета? Свае ці чужыя?" Чырвоная ракета — праціўнік. Чакаем сігналу разведчыкаў. I раптам над вёскай узляцелі і рассыпаліся на мноства вогненна-чырвоных іскраў некалькі сігнальных ракет. Дружна застракаталі аўтаматы, пачуліся ўзрывы гранат.

Камандзір батарэі спакойна аддаў каманду. I ў той жа час вырваліся снапы агню з чатырох гарматных ствалоў. Бачым, як сталі на дыбкі спалоханыя коні. У розныя бакі паімчаліся брычкі і двуколкі. У вёсцы пачалося нешта неверагоднае. Загаварыў варожы кулямёт, аднекуль забухалі мінамёты. Перакананы, што Мартынаў і пяць разведчыкаў увязаліся ў бой. Шасцёра супраць сотні. Смеласць ці глупства?

Варожая калона ўцягнулася ў населены пункт. Біць па ёй больш нельга. Пасылаю на дапамогу разведчыкам 2-ую батарэю — Стрыжкова. На поўнай скорасці яна ўехала ў вёску. Артылерысты развярнулі машыны, знялі з крукоў гарматы і з ходу выпусцілі ўздоўж вуліцы па некалькі снарадаў. Варожыя салдаты кінуліся ў розныя бакі. Спрабавалі бегчы назад па шашы, але толькі яны выбеглі з вёскі, іх накрыў агонь анціпаўскай батарэі.

Не да бою стала гітлераўцам. Яны пачалі хавацца ў скляпах і падваротнях. Аб гэтым паведамляў па рацыі Мартынаў. З яго данясення я даведаўся, што немцы акружылі дом, дзе знаходзіліся разведчыкі, і, калі б Стрыжкоў не падаспеў са сваёй батарэяй, цяжка давялося б старшаму лейтэнанту з падначаленымі.

Падышла наша пяхота. У некалькі хвілін усё было скончана. Мы захапілі трыццаць павозак. Здаліся ў палон некалькі дзесяткаў варожых салдат і афіцэраў.

У Дрэбску, які знаходзіцца на ўсход ад Лунінца, была папярэдне падрыхтавана абарона. Пакуль ішлі сюды галоўныя сілы палка, разведчыкі здолелі ўдакладніць варожыя пазіцыі, размяшчэнне агнявых кропак, месца штаба. Падышлі стралковыя падраздзяленні. Завязаўся бой. Толькі раніцай наступнага дня пасля флангавага ахопу Дрэбск узялі. За храбрасць і смеласць разведчыкаў узнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

Нягледзячы на тое, што на Палессі было не так ужо і многа савецкіх войскаў, наступленне ішло ўдала. Істотную дапамогу нам аказвалі беларускія партызаны, асабліва злучэнне легендарнага героя генерал-маёра Васіля Захаравіча Каржа. Яно граміла варожыя тылы, узрывала масты, разбурала дарогі, выводзіла са строю лініі сувязі. Менавіта ў гэты момант, калі наша дывізія атрымала загад разам з 23-яй стралковай дывізіяй захапіць Лунінец, партызаны рашуча атакавалі станцыі Люшча, Бастынь, Лобча — вывелі са строю чыгунку Лунінец-Баранавічы.

У 3 гадзіны 9 ліпеня 55-ая дывізія фарсіравала раку Лань, авалодала Сінкевічамі, прасунулася да ракі Цна. Хутка 107-ы стралковы полк пераадолеў раку ў раёне Дрэбска, пачаў наступленне на Лунінец. Пяхота ўварвалася на станцыю Вулька, што на захад ад горада, перарэзала варожыя камунікацыі. 111-ы стралковы полк перабраўся цераз раку ў раёне Кажан-Гарадка і пачаў наступленне на паўночна-заходнюю ўскраіну горада.

Праз 12 дзён бесперапыннага самастойнага наступлення наша 55-ая стралковая захапіла станцыю Вулька і злучылася з 55-ай гвардзейскай стралковай дывізіяй. 10 ліпеня, пад покрывам цёмнай ночы, 107-ы і 111-ы стралковыя палкі зрабілі манеўр і злучыліся з партызанамі. Яны выйшлі на чыгунку Лунінец — Баранавічы.

З вёскі Навіна гітлераўцы пачалі моцны агонь. Пяхота залегла, спроба з ходу ўзяць Лунінец сарвалася. У 6 гадзін 30 мінут батарэі, якія стаялі на прамой наводцы, адкрылі агонь. А затым пайшлі ў атаку пехацінцы. Немцы, відаць, не чакалі такога наступлення. Яны спачатку аказалі невялікае супраціўленне, затым сталі хутка адыходзіць.

Пад самым Лунінцом гітлераўцы паспрабавалі перайсці ў контратаку. Але ім далі рашучы адпор гарматы прамой наводкі. Усе восем гармат, якія ішлі разам з пяхотай, дружна ўдарылі па немцах, і тыя пачалі адыходзіць. Стралкі дапамагалі разлікам цягнуць гарматы амаль усю ноч па бездарожжы. Салдатам было цяжка. Яны ж неслі з сабою зброю, боепрыпасы, але ніхто не хацеў адставаць ад артылерыі, ды яшчэ перад штурмам горада. Агнявыя кропкі немцаў падавілі. Пяхота паскораным крокам пайшла наперад, а гарматы працягвалі страляць у прамежках паміж узводамі і ротамі. У той час, калі адны гарматы стралялі, другія перамяшчаліся на новае месца. I так да самага Лунінца.

У 10 гадзін раніцы горад быў узяты. У Лунінцы захапілі палонных. Вечарам таго ж дня да мяне падбег радасны парторг.

— Толькі што па радыё перадалі: нашай дывізіі аб'яўлена падзяка ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Хутка да нас дайшла новая прыемная вестка. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 5-ая Мазырская дывізія ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.

107-ы і 111-ы стралковыя палкі атрымалі найменні Лунінецкіх. Быў апублікаваны ўказ аб узнагароджанні тых, хто вызначыўся ў баях, у тым ліку і артылерыстаў. Капітана Кернажыцкага ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны II ступені, Анціпава, Бандарэнку, Дзенісенку, Плаксіна і Султанава — ордэнам Чырвонай Зоркі. Яфрэйтараў Ілью Уладзіміравіча Рыскіна, Дзмітрыя Якаўлевіча Якаўлева, Віктара Мікалаевіча Курчава, Паўла Іванавіча Муханава, старшага сяржанта Івана Пракопавіча Юдакова таксама адзначылі высокімі ўзнагародамі. Салдаты Георгій Сцяпанавіч Лісіцын, Мамадалі Усманаў, Тахтабай Юлдашаў, Аляксей Андрэевіч Ерафееў, Хаджы Ковелеў, Ціхан Міхайлавіч Кірылаў, Андрыян Уладзіміравіч Ганжа, Мікіта Паўлавіч Шчацінін, Аляксей Беражэнцаў удастоіліся медаля "За баявыя заслугі".