Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Дзейнасць спецгруп

З кнігі М. Калінковіча "Лунінец" (Мн., Полымя, 1990):

"Канец 1943 г. Блізкі ўжо час вызвалення Беларусі. Аднак пазіцыі гітлераўцаў на нашай зямлі яшчэ моцныя. Яны ўяўляюць сур'ёзную перашкоду і для партызан, і для армейскага камандавання. Дзеля гэтага для дыверсійнай і разведвальнай дзейнасці ў пачатку 1944 года ў глыбокі тыл праціўніка адправіліся атрады спецыяльнага прызначзння, два з якіх — "Волаты" і "Барацьбіты" — дыслацыраваліся ў Лунінецкім і Ганцавіцкім раёнах і былі нацэлены на магістраль Лунінец — Баранавічы.

Былы камандзір атрада "Барацьбіты" Дзмітрый Паўлавіч Распопаў паведаў: "Базіраваліся мы у раёне Вялуцкіх хутароў. У атрадзе было 36 чалавек. Абыходзячы населеныя пункты і ажыўленыя дарогі, мы рухаліся да чыгуначнай лініі Баранавічы — Лунінец. Пасля цяжкага маршу па балотах, смяротна стомленыя і прамёрзлыя, выйшлі да берага ракі Прыпяць... Нарэшце апынуліся на месцы, ля вёскі Велута. Спачатку нас абагналі партызаны атрада імя Калініна. А потым прыступілі да баявой работы... У нас дзейнічалі тры групы падрыўнікоў, якія ўзначальвалі сяржанты Аляксандр Собалеў, Мікалай Харламаў і Васіль Бяздумаў... Да ліпеня 1944 г. на рахунку "Барацьбітоў" было 36 узарваных варожых зшалонаў.

З 25 лютага па 1 ліпеня 1944 г. атрад Распопава правёў 55 аперацый. Буйнейшая з іх — у раёнах населеных пунктаў Люшча, Лахва, Ракітна, Лунінец, Малькавічы, Буды, Бастынь... За час знаходжання ў тыле ворага атрад вытрымаў 5 баявых сутыкненняў з праціўнікам, у час якіх было забіта і паранена 40 салдат і афідэраў ворага"...

Архіў расказвае, што спецатрад "Волаты" за час знаходжання ў глыбокім тыле праціўнікаў студзені-ліпені 1944 г. правёў 63 аперацыі. Напрыклад, 1 сакавіка 1944 г. на чыгунцы Баранавічы — Лунінец падарваны эшалон праціўніка з жывой сілай. Разбіта 8 вагонаў і цягнік, забіта і паранена 160 нямецкіх салдат і афіцэраў...

"За час знаходжання ў тыле ворага атрад "Волаты" вытрымаў 11 баявых сутыкненняў з праціўнікам, знішчыў пры гэтым 25 салдат і афіцэраў ворага, згубіўшы са свайго боку толькі два чалавекі забітымі".

Акрамя дыверсійна-баявой дзейнасці спецатрадамі праведзена вялікая разведвальная работа па ўстанаўленню колькасці, нумарацыі і перадыслакацыі войскаў праціўніка, а таксама месцаў знаходжання яго гарнізонаў, баз, складоў і аэрадромаў. Усе гэтыя звесткі рэгулярна і своечасова перадаваліся ў цэнтр..."

З успамінаў падпалкоўніка Баранавіцкага ГРАУС Сцяпана Сямёнавіча Вярэніча:

— 22 жніўня 1943 г. у тыл ворага на тэрыторыю былой Пінскай вобласці была закінута разведвальна-дыверсійная група "Адважныя" ў складзе 6 чалавек. Яна дзейнічала ў Лунінецкім, Пінскім, Ганцавіцкім раёнах. Па чэрвень 1944 г. групай былі падарваны 5 чыгуначных эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай немцаў, выведзены са строю пуцеразбіральнік на станцыі Лунінец, узарваны воінскія ўмацаванні на чыгуначнай станцыі Дзятлавічы, узарвана і разбурана каля 5 км чыгуначнага палатна, каля 4 км тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі. З засад у баях групай былі знішчаны 30 нямецкіх акупантаў.

Летам 1942 г. з-за лініі фронту ў Чэрвеньскі раён быў накіраваны спецыяльны кавалерыйскі атрад Флегантава, які аб'яднаў усе атрады. У 1943 годзе ён быў пераўтвораны ў 12-ую кавалерыйскую партызанскую брыгаду імя Сталіна (у складзе атрадаў № 754, 755 і 756). Брыгада дзейнічала ў Бабруйскім, Старобінскім, Краснаслабодскім і іншых раёнах.

З успамінаў Віктара Іосіфавіча Філіповіча, былога камісара атрада № 755, потым камісара брыгады імя Сталіна, запісаных у 1975 г.:

"Партызаны брыгады дзейнічалі і паблізу Лунінецкага раёна, і ў самім раёне. Група на чале з камандзірам Пятром Міхневічам 23 снежня 1943 г. на участку дарогі Дзятлавічы — Лунінец падарвала і пусціла пад адхон варожы цягнік з жывой сілай. А праз тры дні другая група пад камандаваннем Аляксандра Райкава таксама падарвала цягнік у гэтым жа раёне. У правядзенні ўказаных аперацый актыўна дапамагаў нам жыхар дзятлавіцкага хутара, сувязны Адам Іванавіч Зіновік. А калі яго не аказвалася дома, то бацьку падмянялі і рабіліся праваднікамі нашых груп яго сыны Аляксей і Сяргей. Вельмі шкада, што Адам Іванавіч заўчасна памёр. Яго сын Аляксей пражывае цяпер у Лунінцы і працуе на вузле сувязі, а Сяргей працуе на будаўніцтве Лунінецкага завода электрарухавікоў".