Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Акупацыя

Найбольш поўна нацысцкая палітыка ў адносінах да народаў Усходняй Еўропы выкладзена ў генеральным плане "Ост", надрыхтаваным у 1940 г. Дакумент прадугледжваў знішчэнне, высяленне і анямечванне савецкага насельніцтва. З выкананнем гэтага плана гітлераўцы звязвалі канчатковае рашэнне так званага "славянскага пытання". Гэта азначала знішчэнне на тэрыторыі Савецкага Саюза і Польшчы 120 — 140 млн. чалавек і засяленне там 8 — 9 млн. немцаў. Планавалася таксама правядзенне шэрага мер, якія б скарацілі біялагічны патэнцыял народаў СССР і тармазілі натуральны прырост насельніцтва. Размова вялася аб утрыманні на самым высокім узроўні смяротнасці насельніцтва, ліквідацыі медыцынскага абслугоўвання, "давядзенні нараджэння рускіх да больш нізкага ўзроўню". З ліквідацыяй Савецкага Саюза меркавалася тэрыторыі Прыбалтыйскіх рэспублік, Украіны, Беларусі і еўрапейскай часткі Расіі засяліць немцамі і ўключыць у склад III рэйха.

Гарады на захопленай тэрыторыі гітлераўцы планавалі пераўтварыць у апорныя пункты новых улад, цэнтры дыслакацыі буйных ваенных гарнізонаў, СС і паліцыі. Вакол іх і ўздоўж лініі камунікацый у выглядзе паясоў павінны былі размяшчацца паселішчы каланістаў і мелкія гарнізоны войскаў СС. Уся ўлада ў раёнах каланізацыі павінна была знаходзіцца ў руках ваенных чыноў СС і паліцыі. Ядром паселішча ў сельскай мясцовасці меркавалася зрабіць маёнтак, а вакол яго — прыкладна 40 сядзіб. Дапускалася толькі стварэнне рамесных майстэрань для абслугоўвання каланістаў, прадпрыемстваў па пярвічнай перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Тэрыторыі СССР адводзілася месца сыравіннага прыдатку III рэйха. Мясцовае насельніцтва разглядалася як танная рабочая сіла як для самой Германіі, так і для германскіх каланістаў. Для гэтага частку насельніцтва меркавалася вывезці з акупіраваных тэрыторый, а астатнюю частку ўтрымліваць у лагерах і працоўных калоніях, ізалявана ад германскіх каланістаў.

Генеральны план "Ост" прадугледжваў знішчэнне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва, астатнія 25 працэнтаў беларусаў падлягала анямечванню, прычым мелася на ўвазе іх выкарыстанне як сельскагаспадарчых рабоў. З мэтаю масавага знішчэння і падаўлення беларускага народа гітлераўскае камандаванне накіравала ў Беларусь шматлікія карныя, чыноўныя і паліцэйскія часці, войскі СС і інш.

Беларусь была раздзелена па розных рэйхскамісарыятах. У адміністрацыйным плане Беларусь разам з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй увайшла ў склад рэйхскамісарыята "Остланд". Але Беластоцкая вобласць і паўночная частка Брэсцкай вобласці былі аднесены да Усходняй Прусіі. Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і паўднёва-заходняя частка Гомельскай вобласці ўвайшлі ў склад рэйхскамісарыята "Украіна". "Генералбецырк Беларусь" складалі Баранавіцкая, заходняя частка Мінскай, паўночныя раёны Пінскай і паўночназаходнія раёны Брэсцкай абласцей, а таксама ўсходнія і паўднёва-ўсходнія раёны Вілейскай вобласці. Тут пражывала каля 2,5 млн. чалавек, менш трэці ўсяго насельніцтва Беларусі.

Акупанты разглядалі нашу рэспубліку як адно вялікае гета, і сюды гітлераўцы планавалі высяляць "нежаданыя элементы" з іншых дзяржаў Еўропы. Дарэчы, пад тэрмінам "высяленне" нацысты разумелі акцыі фізічнага знішчэння людзей. З гэтай мэтай планавалася ў буйных гарадах стварыць шырокую сетку канцэнтрацыйных лагераў, а таксама адкрыць іх на ўсіх буйных чыгуначных станцыях.

Адной з найменш даследаваных старонак вайны дагэтуль застаецца дапамога фашыстам з боку мясцовых здраднікаў.

Урывак з артыкула Уладзіміра Гуленкі (Звязда. 1992. 7 жн.)

"Мала хто ведае, што яшчэ напярэдадні вайны гітлераўская ваенная разведка — абвер — пільную ўвагу звярнула на ўкраінска-беларускае Палессе. Меркавалася, што лясіста-балоцістая мясцовасць не дазволіць нямецкай арміі выкарыстоўваць тут сваю тэхнічную магутнасць. А без яе войскі маглі надоўга ўвязнуць у працяглых кровапралітных баях. Вырашана было абысці рэгіён Пінск — Мазыр — Корасцень, пакінуць яго ў сваім тыле. Але ў такім выпадку значныя сілы чырвонаармейцаў, што апынуцца ў акружэнні, на "нічыйнай" тэрыторыі, пагражалі б вялікімі непрыемнасцямі тылам нямецкай арміі.

Для вырашэння гэтай задачы абвер прыцягваў украінскія нацыяналістычныя арганізацыі. На акупіраванай тэрыторыі Польшчы іх было нямала. Аднак на Палессі найбольшы ўплыў мела прапятлюраўская ваенная арганізацыя — Украінскае нацыянальнае вызваленне. Узнікла яна яшчэ ў сярэдзіне 30-ых гг. Сваёй мэтай ставіла вызваленне Украіны ад бальшавікоў і стварэнне многапартыйай (без камуністаў, вядома) дэмакратычнай рэспублікі. Тактыка УНВ — быць з тымі, хто будзе ваяваць супраць камунізму і рускага імперыялізму, хто прызнае суверэннасць украінскай дзяржавы. Абвер, натуральна, абяцаў прызнаць гэту суверэннасць.

Ідэйным натхняльнікам арганізацыі быў апошні прэзідэнт Заходнеўкраінскай рэспублікі А. Лівіцкі, які жыў у Польшчы. Непасрэдным арганізатарам — Т. Баравец (псеўданім "Т. Бульба", адсюль — бульбаўцы).

У 1940 г. Т. Баравец нелегальна прыбыў на тэрыторыю Украіны і да 22 чэрвеня 1941 г. аднавіў парушаныя ў выніку дэпартацый і рэпрэсій НКУС сувязі.

22 чэрвеня 1941 г. ўсе не легальныя ячэйкі УНВ аўтаматычна выйшлі з падполля і, як прадугледжвалася раней, стварылі Палескую Сеч Украінскай паўстанцкай арміі (ПС УПА) на чале з атаманам Т. Бульбай. Першыя дзеянні ПС УПА зводзіліся да дэзарганізацыі тылу адступаючай Чырвонай Арміі: захоп складоў са зброяй, нападзенне на транспарт, разгон калон мабілізаваных...

З прыходам нямецкай арміі Т. Бульба становіцца ў Сарнах акруговым камендантам паліцыі, створанай на базе ПС УПА.

У адрозненне ад усіх астатніх рэгіёнаў, дзе немцы дазволілі нацыяналістам мець аднаго паліцэйскага на 100 жыхароў, прытым з абмежаванымі правамі і функцыямі, Т. Бульба атрымлівае ўсю паўнату ўлады над вялікай тэрыторыяй. Пад ружжом у яго знаходзіцца больш за 10 тысяч байцоў. Яго гарнізоны стаялі ў Пінску, Лунінцы і некаторых іншых гарадах. Звязана гэта з актыўнасцю савецкіх партызан. Менавіта для барацьбы з імі немцы імкнуліся выкарыстаць бульбаўцаў.

У тых жа раёнах, дзе працэс станаўлення партызанскага руху зацягнуўся, з мясцовай паліцыяй немцы амаль не лічыліся.

На тэрыторыі беларускага Палесся сітуацыя была падобная. Таму ужо летам 1941 г. дэлегацыя бульбаўцаў начале з П. Даўмацюк-Налівайкам едзе "да беларусаў устанавіць самы цесны кантакт на цяпер і на будучае".

Прадстаўнікі Беларускай самаабароны (БСА) Усевалад Радзько і Міхаіл Вітушка, якія дзейнічалі пад палітычным кіраўніцтвам будучага прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р. Астроўскага поўнасцю пагадзіліся з планам сумеснай аперацыі па ачыстцы ўсіх палескіх зямель ад руска-бальшавіцкага тэрору. Штабам ПС УПА і БСА было даручана распрацаваць план аперацыі. Усе раёны на ўсход па лініі Слуцк — Лунінец у напрамку Мазыра павінны былі "вызваляць" беларусы, а ПС УПА — раёны Столін — Сарны — Олеўск — Звяльге — Оўруч.

Пачынаючы з 20 жніўня 1941 г. 10 тысяч бульбаўцаў і 5 тысяч чалавек з БСА, разбітыя на "лятучыя" брыгады, раптоўнымі начнымі налётамі захопліваюць горад за горадам, вёску за вёскай, пакуль, нарэшце, не аб'ядноўваюцца ў раёне Мазыра. Ні адзін нямецкі салдат у аперацыі не ўдзельнічаў. Немцы толькі збоку назіралі за развіццём падзей. Яшчэ б, не страціўшы ніводнага салдата, яны маюць магчымасць захапіць вялікую тэрыторыю ў трохкутніку Слуцк — Гомель — Жытомір. I гэта ў той час, калі іх армія ўжо ўзяла Кіеў, Смаленск...

Украінскія і беларускія нацыяналісты-паліцаі на кароткі час атрымалі магчымасць адчуць сябе гаспадарамі становішча. У кожным раёне яны ўстанаўліваюць свае органы ўлады, выдаюць газеты, дзеляць зямлю і г.д. Здавалася, вось-вось і ажыццявіцца мара: немцы прызнаюць іх як лідэраў самастойных дзяржаў. Але, выкарыстаўшы нацыяналістаў для вырашэння сваіх задач, гітлераўцы і не думалі прадастаўляць ім якую-небудзь самастойнасць. У пачатку лістапада 1941 г. у раёны Палесся прыбылі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі (гебітскамісары) і пачалі ўстанаўліваць свой "новы парадак". Перш за ўсё падначалілі сабе нацыянальную паліцыю. У адказ ПС УПА афіцыяльна аб'явіла аб сваім самароспуску і ўсю зброю здала немцам. У пачатку 1942 г. тым жа Т. Бараўцом яна зноў была адноўлена, але ўжо нелегальна і больш на словах, чым на справе, вяла антыфашысцкую барацьбу. БСА ж, як вядома, не пайшла на афіцыяльны разрыў з акупантамі. Са сваімі ўкраінскімі "калегамі" падтрымлівала самыя цесныя сувязі на працягу ўсяго перыяду акупацыі".

Згодна з ваенна-адміністрацыйным дзяленнем акупіраваных нямецкімі войскамі тэрыторый, Пінская вобласць, у склад якой уваходзіў Лунінец, была рэарганізавана ў Пінскую акругу і ўключана ў склад генеральнай акругі Валынь — Падолія — часткі рэйхскамісарыята "Украіна".

Па звестках Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці (ДАБВ), асновай эканомікі Лунінеччыны перыяду акупацыі была сельская гаспадарка. Гітлераўцы імкнуліся атрымаць для сябе як мага болей харчу шляхам канфіскацый і кантрыбуцый. Канфіскоўвалі ўсё, што толькі маглі: збожжа, жывёлу, садавіну і гародніну, хатнюю птушку і г.д. Існаваў яшчэ і такі спосаб "нарыхтоўкі" харчу, як закупка яго ў насельніцтва. I гэта было на карысць акупантам, таму што яны плацілі за харч бескаштоўнымі папяровымі грашамі. За перыяд з ліпеня 1941 па ліпень 1944 фашысцкімі захопнікамі было канфіскавана 40574 цэнтнеры прадуктаў земляробства і 35793 галавы сельскагаспадарчай жывёлы.

Гітлераўцы таксама кантралявалі ўсе млыны і ваўначоскі ў Лунінцы, Луніне, Вульцы 2, Вічыне, Язвінках, Новым Двары і Дварцы. Тут працавалі 76 рабочых, прычым у ваўначосках гэта былі выключна асобы арыйскага паходжання, бо воўна лічылася стратэгічнаю сыравінаю(з яе вырабляліся цёплыя рэчы для нямецкіх салдат).

Важнае значэнне акупанты надавалі Лунінцу як чыгуначнаму вузлу, дзе перакрыжаваліся шляхі з Расіі, Украіны і Польшчы. Значнае месца ў эканамічным жыцці Лунінеччыны займала і лясная гаспадарка. I акупанты пастараліся выцягнуць з гэтага найбольшую для сябе карысць. Пры Лунінецкай валасной управе быў створаны аддзел лясной гаспадаркі. Потым яго рэарганізавалі ў лясное ўпраўленне з трох аддзелаў. У падначаленні прамысловага аддзела знаходзіліся лесапільні, смалакурні і рамеснікі, якія займаліся работамі па дрэву (цесляры, сталяры і г.д.). Гаспадарка таксама налічвала 5 буйных лесапільняў у Лунінцы, Дзятлавічах, Бастыні і Мікашэвічах. У абавязкі аддзела лясной гаспадаркі ўваходзіў кантроль за лугавой гаспадаркай, за аднаўленнем лесапасадак і догляд за імі. Без уліку чыноўнікаў упраўленчага персаналу, гэты аддзел налічваў 438 чалавек (у асноўным леснікі і аб'ездчыкі). Трэці аддзел — эксплуатацыйны — займаўся рэалізацыяй прадукцыі лесапільняў і смалакурняў.

Асабістыя патрэбы прымусілі нямецкія ўлады выкарыстоўваць не толькі дзеючыя прадпрыемствы, але і тыя, якія прастойвалі. Так, напрыклад, патрэба ў будаўнічых матэрыялах, а дакладней у цэгле, прымусіла іх увесці ў дзеянне цагляны завод у в. Мелясніца.

Электраэнергіяй акружныя ўлады дазволілі карыстацца толькі воінскім часцям і нямецкім чыноўнікам. Грамадзянскаму насельніцтву гэта было забаронена. За парушэнне загаду нямецкіх улад прадугледжвалася прыцягненне да крымінальнай адказнасці, як за крадзеж па савецкіх законах.

Што датычыць рабочых для прадпрыемстваў, то недахопу ў іх акупанты не адчувалі. Каб ніхто не ўхіляўся ад працы на карысць ІІІ рэйху, раённымі ўладамі быў праведзены перапіс працаздольнага дарослага насельніцтва (гл. табліцы).

Даныя аб колькасці насельніцтва па г. Лунінец на 20.01.1942 г.
нацыянальнасцьна 1.09.1939 г.на 20.01.1942 г.

муж.жан.дзяц.усягомуж.жан.дзяц.усяго
германцаў122535412
украінцаў2328106133351381
беларусаў16501920119047601347164910764072
рускіх21829611362711916779365
палякаў54172051617774246003131337
яўрэяў17431470940415311411896131816
інш. нацыян.6741789623
усяго419244432777114003654204821047806
ДАБВ, ф. 2136, воп. 1. с. 7, л. 1.

Даныя аб колькасці насельніцтва па Лунінецкай воласці 1939 — 1942 гг.
Месцанасельніцтвамужчынжанчын


без яўрэяўна 1.09.1939 1.01.1942 1.09.1939 1.01.1942
1.Лобча855394418292437
2.Дварэц1189484519591670
3.Лунін24691143122411471245
4.Вулька 11048476509475539
5.Добрая Воля860400425396435
6.Замошша16274767386
7.Язвінкі728334368322360
8.Яжаўкі392159187156205
9.Мелясніца308145151147157
10Дубаўка319142151135168
11Белае Возера24810111392135
12Ракітна995444490445505
13Вічын1210549593536617
14Любажэрдзе16575777388
15Сасноўка465196207201258
16Купаўцы768323363353405
17Бастынь26321141123112711401
18Дзятлавічы30271407148914511538
19Бараўцы486206235201251
20Бродніца795343390356405
21Вулька 2826376406737420
Усяго*1999789129622908610325
* (без уліку дзвюх вёсак, якія цяпер не ўваходзяць у Лунінецкі раён)

ДАБВ, ф. 2149,воп. 1, С . Сьл. 22.

Нацыянальны склад насельніцтва па г. Лунінец (на 6.11.1942 г.) і некаторых вёсак Лунінецкай воласці (на 1.06.1944 г.)
Назва населенага пунктанацыянальнасць

немцаўбелар.рускіхукраін.палякаўінш.яўрэяўусяго
1.Лунінец9413037811015244318998093
2.Бастынь12274
1742

2338
3.Бараўцы
501
151

517
4.Белае Возера



195

195
5.Вулька 1
857

17

875
6.Вічын
1137
88

1153
7.Дзятлавічы224752225

2504
8.Дварэц
1157




1157
9.Лунін
1865

34

1899
10.Лобча
1018




1018
11.Любажэрдзе
168

18

186
12.Ракітна
813




813
13.Язвінкі
884




884
14.Яжаўкі
351




351
ДАБВ. ф. 2136, воп. 1, с. 7, п. 5.

Улічваючы тое, што прадпрыемствы (лесапільні, смалакурні, цагляныя заводы і г.д.) былі невялікімі і патрабавалі не болей 20 чалавек, гэтай колькасці працаздольных было больш чым дастаткова. Акрамя таго, былі перапісаны ўсе спецыялісты, якія прадстаўлялі 13 розных прафесій. Статыстычны перагляд рабочых ад 20.04.1943 г. сведчыць, што ў Лунінецкай воласці сярод 17474 сельскага насельніцтва 8184 мужчыны і 9290 жанчын, з якіх рабочых ва ўзросце ад 15 да 55 гадоў 9265 (адпаведна 4170 і 5095), а малалетніх рабочых ад 12 да 15 гадоў — 1634 (736 і 898). Асобна выдзяляліся спецыялісты (усіх 323): 145 цесляроў, 25 печнікоў, 16 шаўцоў, 15 слесараў, 5 качагараў, 6 вадзіцеляў, 21 кравец, 46 сталяроў, 2 гарбары, 1 рымар, 32 кавалі, 7 механікаў, 1 фельчар ветэрынарны і 1 — медыцынскі.

Акупацыйныя ўлады праводзілі падатковую палітыку, накіраваную на выцягванне грашовых сродкаў у мясцовага насельніцтва. Згодна з даведкай-патрабаваннем, немцы збіралі наступныя падаткі: з абароту капіталу, падаходны, падатак з будынкаў і арандную плату за знятае ў наём памяшканне. У горадзе за своечасовае ўнясенне падатку адказнасць нёс бурГамістр (гарадскі старшыня), а ў сельскай мясцовасці — вясковы стараста. За пратэрміноўку з падатку спашуквалася пеня ў памеры 0,2 працэнта ад сумы падатку за кожны пратэрмінаваны дзень, а таксама грошы на выдаткі па яго прымусоваму ўтрыманню. Нярэдка гэтыя "расходы по принудительному взыскиванию налога" перавышалі яго памер у некалькі разоў. З прыбыткаў жыхара любога населенага пункта ўтрымлівалася 5 працэнтаў іх памеру "на нужды здравоохранения". У залежнасці ад якасці зямлі жыхары сельскай мясцовасці плацілі за яе ад 10 да 100 рублеў за 1 га.

Своеасаблівай была тады і плата за жыллё. Улічваліся ўсе жыллёвыя ўмовы: наяўнасць водаправода ці вокнаў у памяшканні і г.д. Плата складала ад 80 кап. да 1 руб. 10 кап. за кв. метр. Дадаткова халастыя плацілі па 2 рублі з чалавека.

Зарплата нават з улікам інфляцыі была малая. У залежнасці ад узросту кваліфікаваныя рабочыя атрымлівалі ад 90 кап. да 1 руб. 20 кап. у гадзіну, некваліфікаваныя — ад 70 кап. да 1 руб. Рамеснікам за працу плацілі ад 1 руб. 40 кап. да 1 руб. 70 кап. у гадзіну, а майстрам — 2 руб. 50 кап. Асобы нямецкага паходжання займалі прывілеяванае становішча: яны атрымлівалі дадаткова яшчэ 50 працэнтаў ад сумы вышэй пералічаных ставак. Але каб чалавек мог нармальна жыць — наколькі было магчыма ў той час — есці (тры разы ў дзень), трэба было траціць не меней 6 рублёў у дзень, а значыцца, каля 200 рублёў у месяц.

Служачыя былі ў некалькі лепшым становішчы. Яны атрымлівалі фіксаваную, гарантаваную заработную плату ў суме ад 52 руб. 80 кап. да 123 руб. 50 кап. Пасля вылічэння ўсіх выплат ім на рукі выдавалася ад 36 руб. 86 кап. да 83 руб. 44 кап.

Паралельна з адміністрацыйнымі выканаўчымі структурамі, якія складаліся з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, дзейнічалі нямецкія ваенныя ўстановы і падпарадкаваныя ім паліцэйскія фарміраванні. Па сутнасці, менавіта ў іх руках была рэальная ўлада, сканцэнтраваная ў асобе ортскаменданта Лунінецкай ортскамендатуры. Па вуліцы Рамкавай (цяпер Клубная), насупраць каталіцкага касцёла размяшчаліся ўстановы СС і СД. У завулку Вузкім размяшчалася паліцыя колькасцю 50 — 60 чалавек. У былых польскіх казармах (цяпер казармы Лунінецкага гарнізона) знаходзілася шутц-паліцыя колькасцю 20 — 25 чалавек, у распараджэнні якой мелася 70 аўтамабіляў.

Кантроль над акупіраванымі тэрыторыямі забяспечвала сістэма нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў.

Да 1942 г. найбольш буйным з іх быў гарнізон у г. Лунінец. Не ўлічваючы колькасць паліцыі і шутц-паліцыі, колькасць нямецкіх ваеннаслужачых, якія былі раскватараваны ў горадзе і наваколлі, складала не менш 750 чалавек. Гэта натуральна, таму што чыгуначны вузел меў важнае значэнне, а каля горада размяшчаўся ваенны аэрадром.

Другім па колькасці быў гарнізон у Мікашэвічах — 250 чалавек. Па астатніх населеных пунктах гарнізоны складаліся з наступнай колькасці: Дрэбск і Кажан-Гарадок — да 100 немцаў і паліцэйскіх, Бастынь і Сітніца — да 35 немцаў у кожнай з вёсак, Вялікія Чучавічы — 30 паліцэйскіх, Лахва — да 80 немцаў, Сінкевічы — 50 немцаў, 40 паліцэйскіх, каманда Тотда з 8 немцаў і 21 паляка. У астатніх вёсках раёна паліцэйскія ўчасткі былі меншымі па колькасці.

Абапіраючыся на сістэму жандарска-паліцэйскіх і ваенных гарнізонаў, акупанты кантралявалі новыя тэрыторыі. У наступным усе акцыі, звязаныя з адабраннем у насельніцтва жывёлы, зерня і т.д., а таксама з адпраўкай людзей на работы ў Германію, не праходзілі без удзелу якога небудзь з буйных гарнізонаў.

Маючы перавагу ў ваеннай сіле і абапіраючыся на мясцовых добраахвотнікаў, акупацыйныя ўлады праводзілі палітыку генацыду і "выпаленай зямлі". Ужо праз некалькі дзён пасля іх прыходу ў Лунінец жыхары адчулі "новы нямецкі парадак". Перш за ўсё акупанты сталі выяўляць і расстрэльваць камуністаў і камсамольцаў. Потым нямецкія ўлады сталі арганізоўваць канцэнтрацыйныя лагеры і гета для яўрэяў.

У самім горадзе і паблізу яго знаходзілася некалькі лагераў ваеннапалонных. Адзін з іх размяшчаўся на тэрыторыі ліквідаванага восенню 1942 г. яўрэйскага гета па вуліцы Акруговай. Другі — на тэрыторыі цяперашняга парку. У першым стаяў толькі адзін дом, абнесены калючым дротам, у ім утрымлівалася каля 50 — 60 савецкіх палонных, а ў другім, у пабудаваных круглых фанерных бараках, утрымліваліся савецкія і італьянскія ваеннапалонныя. Вялікі лагер італьянскіх ваеннапалонных знаходзіўся ў 6 км. на паўночны захад ад Лунінца — каля вёскі Багданаўка.

Узаемаадносіны паміж ваеннай і цывільнай уладамі характарызуе адзін эпізод. У адзін са снежаньскіх дзён 1941 г. у магазіне вёскі Занась Мікашэвіцкай воласці сялянам прадаваліся соль і газа. У гэты момант зайшла чыгуначная нямецкая варта і патрабавала вызваліць памяшканне, што было адразу ж выканана. Магазін быў зачынены, а мясцовым жыхарам аб'явілі, што, згодна з нямецкімі законамі, усё, што належыць якой-небудзь установе, у першую чаргу належыць ім, салдатам. I бурГамістр Мікашэвіч ніяк не адрэагаваў на гэты выпадак, разумеючы, што салдат вермахта мае большую ўладу.

Захапіўшы вялікія тэрыторыі, нямецкія ўлады пачалі ажыццяўляць планы іх выкарыстання. Але паспяховае іх правядзенне ў жыццё не магло быць забяспечана толькі з дапамогай ваенна-паліцэйскага тэрору. Гітлераўцы пачалі шукаць падтрымку ў мясцовага насельніцтва. Вылілася гэта ў арганізацыю мясцовых органаў кіравання. Узнікла неабходнасць у мала-мальскі адукаваных людзях, акрамя гэтага, для больш эфектыўнай работы рамёслаў, сельскай гаспадаркі і прамысловасці некаторым асобам неабходна была і мінімальная спецыяльная адукацыя.

Зыходзячы з вышэйпералічанага, цэнтральныя ўлады рэйхскамісарыята "Украіна" (куды ўваходзіў Лунінецкі раён) разаслалі ў акругі ўказанні аб адкрыцці замест скасаваных савецкіх пачатковых і сярэдніх школ пачатковых народных. Аб гэтым было паведамлена ў "Правительственном вестнике Пинского окружного комиссариата" за 1942 г., дзе прапанавалася (а не загадвалася) адкрыць іх да 1 сакавіка 1942 г. У гэтых школах меркавалася выкладаць чытанне, пісьмо і асновы арыфметыкі.

Планавалася таксама адкрыць спецыяльныя школы (гандлёвыя і рамесныя), майстэрні для рамесных вучняў і сельскагаспадарчыя школы для падрыхтоўкі неабходнай у інтарэсах акупантаў колькасці аграномаў і шэрага іншых сельскагаспадарчых спецыялістаў.

Не былі пазбаўлены магчымасці атрымаць адукацыю і жанчыны. Для іх меркавалася арганізаваць школы хатняй гаспадаркі. Нямецкія ваенна-адміністрацыйныя ўстановы мелі патрэбу ў сакратарах-машыністках і перакладчыках. Нярэдка на гэтыя пасады бралі жанчын з асяроддзя мясцовай інтэлігенцыі. У сувязі з гэтай патрэбай узнікла неабходнасць у спецыяльных класах, дзе б рыхтаваліся такія спецыялісты. Там выкладалі стэнаграфію, машынапіс і нямецкую мову. На практыцы сакратары-машыністкі часта выконвалі абавязкі і перакладчыка.

Для кантролю за дзейнасцю школ у акружных і раённых камісарыятах уводзілася пасада школьнага інспектара, у абавязкі якога ўваходзіла і вырашэнне ўсіх узнікаючых дробязных праблем. Інспектары таксама распараджаліся настаўніцкімі кадрамі на месцах.

Штат школы ў гэты перыяд заставаўся нешматлікім і складаўся з загадчыка школы, настаўніка і яго памочніка. Правы загадчыка былі абмежаваны, і ён знаходзіўся ў моцнай залежнасці ад раённага школьнага інспектара.

Трывожнае становішча, хваляванні людзей за свой лёс і лёс сваіх дзяцей прывялі да таго, што ўжо да пачатку красавіка 1942 г. колькасць вучняў у пачатковых школах рэзка знізілася. З 1 красавіка 1942 г. у Бастынскай, Язвінкаўскай і Дварэцкай школах былі звольнены пяць настаўнікаў, а з 1 чэрвеня — загадчыкі гэтых школ і школ у Бараўцах і Любані. I гэта рабілася ў той час, калі настаўнікаў і так не хапала! Згодна са справаздачай Лунінецкага раённага інспектара Пінскаму акруговаму школьнаму інспектару ад 20.08.1942 г., толькі па Лунінецкай воласці не хапала 8 настаўнікаў і 6 памочнікаў. Недахоп настаўнікаў, у многім з-за нежадання настаўнікаў працаваць у арганізаваных акупантамі школах, прымусіў Пінскі акружны камісарыят арганізаваць у пачатку верасня 1942 г. у Пінску гадавыя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў. Гэтыя курсы былі абавязковымі для тых слухачоў, якім прыходзілі павесткі.

У Лунінцы працягваў функцыяніраваць кінатэатр. Два дні ў тыдзень паказвалі кіно для ўсіх за плату (збор даходзіў да 3 тысяч рублёў за тыдзень), а астатнія дні кінатэатр наведвалі толькі немцы бясплатна.

Вуліца Садовая (цяпер Савецкая) была выселена, а ў дамах сталі жыць нямецкія салдаты. У 1943 г. акупанты адкрылі ў Лунінцы ваенны шпіталь.

Ужо праз некалькі месяцаў пасля акупацыі немцы заняліся рэканструяваннем абодвух воінскіх могілак у Лунінцы. На могілках у Баханова былі выкапаны астанкі нямецкіх і аўстрыйскіх салдат і афіцэраў і разам з надмагільнымі помнікамі перавезены на могілкі па вуліцы Чырвонай, туды былі перазахаваны астанкі воінаў рускай, польскай і бальшавіцкай армій (так сцвярджаюць адны, а іншыя кажуць, што неарыйскія астанкі былі проста вывезены і недзе выкінуты). Астатнія асобныя магілы таксама раскапалі, і ўсе астанкі перазахавалі ў некалькіх доўгіх брацкіх магілах, на якіх устанавілі крыжы. Астанкі немцаў і аўстрыйцаў былі захаваны ў асобнай магіле. Могілкі агарадзілі, узвялі прыгожую браму з датамі "1914 — 1941" і адлюстраваннем нямецкага ваеннага ўзнагароднага крыжа. I на саміх могілках, на брацкіх магілах былі зроблены агароджы з тоўстых дубовых суччаў-галін, з іх жа вырабілі лаўкі. Перазахаванне суправаджалася воінскай цырымоніяй з аркестрам і залпам з аўтаматаў.

Такім чынам, немцы выдзелілі "сваіх" і вызвалілі месца для будучых пахаванняў тых, хто загіне ў наступныя дні вайны. Пазней на некаторых з надмагільных помнікаў з'явіліся вянкі са штучных кветак, дасланыя сваякамі загінуўшых з Германіі. Памятаюць лунінчане і аб выпадках прыезду нямецкіх сваякоў да старых магіл. I ўсе ваенныя гады на могілках падтрымліваўся належны парадак. Гэту работу выконвалі па загаду нямецкай управы жыхары горада — жанчыны і падлеткі.

Яўрэйскія могілкі былі за горадам, у раёне старога аэрадрома, які знаходзіўся ў канцы цяперашняй вуліцы Чапаева. У 1941 г. савецкія войскі, адступаючы, узарвалі ўзлётную паласу і поле. Немцы ўсё аднавілі і расшырылі, але адначасова знеслі цалкам яўрэйскія могілкі.

Яшчэ з лета 1942 г. немцы пачалі ўмацоўваць горад. На некаторых перакрыжаваннях вуліц каля будынкаў, дзе рашмяшчаліся ваенныя і акупацыйныя грамадзянскія ўстановы, з'явіліся драўляныя земляныя агнявыя кропкі(дзоты). Адзін з такіх дзотаў быў пабудаваны на вуглу цяперашніх Савецкай і Паркавай вуліц. Бетонныя доты (жалезабетонныя збудаванні з тоустымі сценкамі, амбразурамі сталёвымі дзвярамі) былі пабудаваны ля ўсіх асноўных дарог, якія вялі ў Лунінец. Два такія доты пабудавалі каля былых ваенных могілак (цяперашняя вуліца Чапаева) па абодва бакі дарогі з Лахвы, на выпадак мяркуемага наступлення савецкіх войск (адзін з гэтых дотаў поўнасцю захаваўся да сярэдзіны 80-ых гадоў). Самая буйная агнявая кропка знаходзілася ў канцы вуліцы Маскоўскай на пясчаным узгорку ля чыгуначнага пераезда.

Пры ўзвядзенні гэтых умацаваных кропак нямецкая ваенная будаўнічая арганізацыя Тодта выкарыстоўвала працу савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных, жыхароў горада і навакольных вёсак.

Да лютага 1944 г. перасоўванне па тэрыторыі раёна было адносна свабодным. Пры сустрэчы з патрулём дастаткова было прад'явіць пашпарт. З набліжэннем фронту пашпартны рэжым узмацніўся. Распараджэннем Пінскага гебітскамісара ад 25.02.1944 г. забаранялася свабоднае перасоўванне мясцовых жыхароў па тэрыторыі раёна і ўводзіліся малыя пропускі, маючыя дзеянне на тэрыторыі ўсёй акругі. Афармленне і выдача дадзеных дакументаў ускладаліся на орткамендатуры, а таксама на камендатуры раскватараваных у гэтай мясцовасці воінскіх часцей. У горадзе і раёне з 14.02.1944 г. быў уведзены каменданцкі час, першапачаткова з 18 гадзін да 6.50, у пачатку красавіка — з 19.00 да 5.00, літаральна праз некалькі дзён - з 20.00 да 6.00, які застаўся да канца акупацыі.

З сярэдзіны мая 1944 г. Лунінец рэгулярна кожную ноч бамбіла савецкая авіяцыя. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, данясенне партызанскіх сувязных ад 8.06.1944 г.: "С 27-го по 28-е мая советская авиация бомбила город Лунинец и Лахву, так что оба места до половины спаленные" (НАРБ, ф. 4117, воп. 1,с. 6, л. 97). Самалёты прыляталі бліжэй да поўначы, скідвалі некалькі асвятляльных бомб, якія на парашутах віселі ў небе, заліваючы ўвесь горад яркім белым святлом. Нямецкія зенітчыкі і проста салдаты вялі агонь па гэтых бомбах, але іх ніколі не ўдалося збіць. Пры яркім асвятленні горада пачыналася бамбёжка, якая працягвалася дзве-тры гадзіны. У вышку гінулі і мірныя жыхары. Напрыклад, партызанскае разведданясенне за 16.05.1944 г. сведчыла: "Лунинец подвергся бомбардировке советской авиации. В 21.20 было сброшено двадцать бомб. Две из них не взорвались. В результате бомбежки было уничтожено здание на улице Лермонтова, где временно расквартировался штаб прибывшей сюда с востока части во главе с генералом. Сгорело десять домов, занимаемых солдатами этой части. Разбиты две легковые и восемь грузовых автомашин, радиостанция штаба. Убито 109 немцев, из жителей пострадало 19 человек" (НАРБ, ф. 411, воп. 1, с. 6, л. 95). А такіх бамбардзіровак было мноства. У зводцы Саўінфармбюро ад 28.06.1944 гаварылася: "На железнодорожном узле Лунинец наши летчики разбили несколько эшелонов с войсками и техникой. На территории узла возникло десять пожаров и прогремело шесть сильных взрывов". У час аднаго з налётаў агонь цалкам знішчыў жылыя дамы па вуліцы 17 Верасня, тут жа быў разбураны паравы млын, які пасля не быў адноўлены (ён знаходзіўся на перакрыжаванні вуліц 17 Верасня і Савецкай). У полымі загінулі мірныя жыхары, у тым ліку некалькі дзяцей.

У час налётаў быў разбураны і другі лунінецкі млын на вуліцы Млынавай (сучасны раён гарадской паліклінікі), які таксама не быў адноўлены. Адна з бомб трапіла ў правае крыло будынка шпіталя, якое таксама не аднавілі пасля вайны. Бомбы трапілі ў дзот і разбурылі яго. Не пашчасціла і лагеру ваеннапалонных — некалькі чалавек загінулі, многія атрымалі апёкі, згарэлі ўсе фанерныя баракі.

Напалоханыя начнымі бамбардзіроўкамі, жыхары горада масава пакідалі свае дамы і кожны вечар з дзецьмі і хатнімі рэчамі ўладкоўваліся ў лесе на начоўку. Раніцай натоўп людзей вяртаўся ў горад і кагосьці чакала папялішча замест хаты.

Яшчэ больш інтэнсіўнай бамбардзіроўцы падвергся Лунінец у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня. Сляды бамбёжак былі бачныя на кожнай вуліцы горада — разбураныя і спаленыя дамы, вырваныя з каранямі дрэвы, вялізныя варонкі. Адступаючы пад націскам савецкіх войскаў, гітлераўцы пачалі разбураць тое, што яшчэ засталося цэлым у горадзе.

Асноўныя баі разгарнуліся за навакольныя вёскі, а горад немцы пакінулі, баючыся акружэння. Пра гэта сведчыць параўнальна невялікая колькасць загінуўшых пры вызваленні Лунінца байцоў і партызан (у гарадскія брацкія магілы пасля вызвалення іх звезлі з некалькіх месцаў. Тут пахаваны, напрыклад, партызаны атрада "За Радзіму", якія загінулі яшчэ да баёў за Лунінеччыну). Удзельнікі вызвалення Лунінецкага раёна ў сваіх успамінах больш расказваюць менавіта пра баі за вёскі, абагульняючы іх пад назвай "Баі за Лунінец", бо райцэнтр быў канчатковай мэтай усёй наступальнай аперацыі.<з align=right>Таццяна Канапацкая, Леў Коласаў, Аляксандр Харытановіч

На верх старонкі



Нямецкія танкі на ўскраіне г. Лунінец. 1942 г.


Разваліны нямецкага дота па вул. Чапаева ў г. Лунінец. 1949 г.