Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Вязні лагера Марыензіль

З успамінаў Ільі Адамавіча Качановіча жыхара г. Лунінец:

— Карэнны лунінчанін, пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі я пачаў вучыцца ў чыгуначным вучылішчы. Выбралі старастам групы, уступіў у камсамол.

Калі прыйшлі немцы, на мяне данеслі. I ўжо пры першым наборы было заяўлена: не прыйдзеш на месца збору — расстраляем сям'ю. Бацька мой да гэтага часу памёр ужо, заставаліся маці, бабуля і два браты. Не мог жа ахвяраваць іх жыццямі? Піхнулі ў таварняк, павезлі.

31 ліпеня 1942 г. пачаў працаваць на прадпрыемстве Вільгельмсгафэн каля Паўночнага мора (гэта паблізу Брэмена і Гамбурга, ля граніцы з Даніяй). Жылі ў лагеры Марыензіль, што азначае "луг" ці "балота". Кіламетрах у двух знаходзіўся завод па рамонту суднаў, дзе на адной з верфяў працаваў слесарам. Вучыць мяне асабліва не прыходзілася — яшчэ да вайны займаўся слясарнай справай у пана. Але хіба можна параўнаць умовы работы? Тут усё было пад рукою — любыя інструменты і матэрыялы.

Адзенне мянялі нам кожныя дзесяць дзён: маракі скідвалі форму, якая станавілася для нас спецвопраткай. На нагах — драўляныя калодкі. Канешне, зімой было холадна, таму мы прыстасаваліся рваць маскіровачныя шторы на анучы і шалікі.

Значна цяжэй было прывыкнуць да ежы: снеданне — кава і 125 грамаў хлеба, абед — бруква ці рэдзька, прапушчаная праз мясарубку, нават без солі, вячэра — бруква і 125 грамаў хлеба. Пастаянна хацелася есці. Нам плацілі 40 марак у месяц, але за іх нічога нельга было купіць — у Германіі дзейнічала карткавая сістэма. Праўда, у 1944 г. нам ужо дазвалялі выходзіць за вароты лагера. За 32 маркі маглі купіць паўбуханкі хлеба, на астатнія — піва, а потым хадзілі па горадзе і збіралі акуркі.

Калі нас вызвалілі, я важыў 50 кілаграмаў. Яшчэ большая страта — атрымаў траўму рукі, згубіў тры пальцы. Тады ляжаў месяц у шпіталі. А вось больш, дзіўна, не хварэлі, хаця іншы выхадны па 2 гадзіны нас трымалі пад дажджом на пляцу, адкрытым усім вятрам.

6 мая 1945 г. нас вызвалілі англа-польскія войскі. За тыдзень да гэтага ўсіх зняволеных звезлі ў адзін лагер, які мелі намер узарваць. Але камендант горада не ўзяў на сябе такі смяротны грэх. Горад своечасова капітуляваў.

А ў лагер сталі часта наведвацца вярбоўшчыкі з Рускай вызваленчай арміі. Паверце, іх абяцанні зусім не былі пустым гукам — цыгарэты і паёк для знясіленых людзей здаваліся мяжою мараў. Да гонару вязняў, ніхто з нашых таварышаў не прадаўся.

На працягу двух тыдняў усіх разабралі: французаў, бельгійцаў, чэхаў, палякаў, амерыканцаў (у палоне знаходзіліся збітыя лётчыкі). Потым і нас вывезлі ў рускую зону.