Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Вязень Дахау

З успамінаў Міхаіла Іосіфавіча Ігнаткевіча, жыхара г. Лунінец:

— У маі 1942 немцы прыгналі нас на станцыю, загрузілі ў таварныя вагоны і павезлі з Лунінца.

У Арнцвальдэ мяне прызначылі да баўэра Пауля Мільца. Прапрацаваўшы 1,5 месяца, вырашыў уцякаць. Але далека збегчы не ўдалося. У Торуньскіх лясах (Польшча) мяне дагналі паліцэйскія, паранілі ў нагу. Праз месяц турмы адправілі ў штрафлагер Штуттоф (Усходняя Прусія).

Мяне пераапранулі ў паласаты касцюм накшталт піжамы, далі № 44173. Падыходзім да штуба (барака). Стаіць здаравенны паляк з зялёным трохкутнікам (гэта абазначэнне асуджаных за бандытызм). Першае пытанне: "Злоты зэмбы маеш?" Я разумеў па польску, таму адказаў адмоўна. У каго ж былі залатыя зубы, іх адразу выдзіралі.

Паказалі мае нары, выдалі на трох чалавек дзве коўдры, адну на салому замест прасціны, другую — на сябе. Але першую ноч не змог заснуць: так шамацелі вошы ў "пасцелях".

Ранак пачынаўся даволі непрыемнай працэдурай — умываннем. З умывальніка павінен быў прыйсці да пояса мокры. Штосьці не падабалася штубавому, біў дрынам і зноў адпраўляў мыцца. Але ўжо калі прыставаў, адчапляўся не хутка. Разы чатыры туды-сюды паганяе, а потым са сваім памочнікам у начоўкі ўкіне. А абагрэцца няма дзе. Людзі прастуджваліся і паміралі.

Пасля "водных працэдур" гналі на работу. Нага баліць, а ісці трэба. Мае напарнікі падтрымлівалі мяне ў страі, каб канваіры не заўважылі. Хто зусім не мог ісці, закідвалі на павозкі, потым выкідвалі на рабочай пляцоўцы, Дзе яны валяліся да канца дня.

Працавалі на вялікай будаўнічай пляцоўцы. Грузілі баласт у ваганеткі, штурхалі іх у патрэбнае месца, выгружалі і раўнялі рукамі. Закончыўшы адзін участак, пракладвалі рэйкі да наступнага і зноў грузілі, вазілі і ўтрамбоўвалі. А ўся ежа за гэтую цяжкую работу — буханка хлеба на 11 чалавек ды баланда.

Праз пару дзён нага мая распухла, як слуп. А тады рускіх яшчэ не лячылі, хаця прадстаўнікам іншых краін — чэхам, французам, бельгійцам і г.д. аказвалі медыцынскую дапамогу. Але нада мною зжаліўся адзін чэх, які працаваў у лабараторыі, паклікаў паглядзець на мае мучэнні блок фюрэра. Той, праўда, пацягнуў мяне палкай, але паклаў у рэвір (медыцынскі блок).

Аперыравалі без усякага наркозу: урач-паляк рэзаў нагу прама да косці. Аднак няўдала — пайшло заражэнне. Зноў на стол. Потым яшчэ з месяц лячыўся. Пасля гэтага слабейшых адабралі і ўпіхнулі ў вагон. Пакуль везлі, я стаяў на адной назе. Потым паставіў другую — адчуваю, што на нагу побач стаячага. Ён маўчаў. Прыгледзеўся — мёртвы. Заўважыў яшчэ і яшчэ нябожчыкаў. Злажыў іх адзін на аднаго, а сам прымайстраваўся, быццам на падушцы. Везлі доўга. З 50 чалавек выкінулі толькі 4. А ў многіх трупаў нават лыткі былі з'едзены — нас жа не кармілі ўвесь тэты час.

I вось мы — у Дахау. Памылі пад струменем вады — яна лёгка збівала з ног, так што мы ляжалі. I потым ледзьве ўсталі, таму размясцілі нас у каранціне. Там ужо буханку хлеба давалі на пяцярых. Трохі ачунялі. Атрымаў новы лагерны нумар — 40478 з літарай "Р" (рускі).

Працаваць прымушалі на розных работах: плантацыях, транспарце і г.д. Сярод усіх выпрабаванняў самымі цяжкімі былі, як бы дакладней назваць, медыцынскія: арганізм заражалі рознымі хваробамі і сачылі за іх працяканнем. Гэта адбывалася ў рэвіры. Мяне асабіста на працягу месяца прымусілі трымаць паміж ног невялікую скрыначку з дзірачкамі, у якой знаходзіліся малярыйныя камары. Але на іх укусы не рэагаваў. Тады ад хворага югаслава ўзялі кроў і пералілі мне, і я захварэў малярыяй. Праўду кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Хворым давалі дадатковы паёк. Без яго ногі працягнуў бы з голаду, а так — выжыў.

Але, дзякуй Богу, не трапіў пад іншую працэдуру. Аднаго палоннага лётчыка ўкладвалі ў ванну з вадой і штучна замарожвалі, а потым — размарожвалі. Дзеля гэтага яму нават дазволілі мець валасы, а нам выстрыглі паласу ўпоперак галавы. Што потым здарылася з гэтым лётчыкам — не ведаю.

За час знаходжання ў Дахау памяняў некалькі блокаў: 17-ы, 19-ы, 23-і. Адразу на рускіх не звярталі ўв'агі: здыхаеш — туды табе і дарога. А вось пасля Сталінграда пачалі прыглядваць, нават аказваць медыцынскую дапамогу. Таму ў 1944 г. мяне пёравялі ў блок № 6, які змяшчаў здаровых рускіх рабочых.

Здаровыя, зразумела, адносна. Калі шанцавала, перападала крыху хлеба і бульбы ад польскіх ксяндзоў, якім дазвалялася атрымліваць перадачы. А так шукалі на сметніках харчовыя рэшткі, збіралі лупіны.

Вокны ў блоку — на паўсценкі. Нават пры 25-градусным марозе яны былі адчынены. Тыф — звычайная з'ява. Асабліва гінулі больш ці менш поўныя людзі. Аднойчы прачнуўся: з аднаго боку — халодны напарнік, з другога — таксама. А я худы быў, пры вызваленні 36 кілаграмаў важыў, мяне хвароба не ўзяла.

Памятаю некаторых нашых катаў. Асабліва здзекаваўся армянін, белаэмігрант, былы афіцэр царскай арміі. Патрабаваў, каб яго звалі дзядзя Валодзя. Рускіх забіваў, як мышэй. Калі каму прызначана 25 удараў палкай — першы вызываўся выконваць экзекуцыю.

Раз у два-тры тыдні нас вадзілі ў лазню. Аднойчы паслізнуўся і ўпаў, а ён аб мяне спатыкнуўся, але не пазнаў. Потым усё ж даняслі яму на мяне. Аддаў загад: 40 вёдзер вады выліць. Лілі, пакуль я не ўпаў.

А калі прыйшлі амерыканскія салдаты, клікаў нас на дапамогу: "Рускія, выратуйце!" Але такіх не знайшлося. Загналі яму ствол у глотку і выстралілі.

У маі 1945 г. нас вызвалілі амерыканцы. Пасля паўгалоднага існавання людзі з прагнасцю накінуліся на ежу, якую шчодра давалі саюзнікі. Зразумела, падскочыла смяротнасць. I амерыканцы сталі прасіць вязняў дапамагчы ўбіраць трупы. Ужо нават да іх прыходу ў лагеры да спальвання прыгатавалі 6 тысяч чалавек: былі складзены кастры з чалавечых цел...

Вось тады і нам давялося папрацаваць каля крэмацыйных печаў. Быў арганізаваны рускі камітэт, які размяркоўваў заданні.

У чэрвені нас перавезлі ў рускую зону. У Аўстрыі і Венгрыі праходзіў праверку. Потым служыў у арміі. Нават узнагароджаны медалём "За перамогу над Германіяй".

У верасні 1946 г. вярнуўся дамоў. Хапіла складанасцей з уладкаваннем на работу. Доўга яшчэ скоса паглядалі, я нават знішчыў даведку рускага камітэта лагера Дахау, каб не было лішніх пытанняў.

На верх старонкі