Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Остарбайтэр

Гэты знак памятны тысячам жыхароў Лунінеччыны, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі вывезены ў Нямеччыну.

Прамавугольнік размерам 6x7,5 см, на сінім фоне белыя літары "OSТ". Знак насілі на левым баку грудзей. Ён быў уведзены з канца 1941 г. і прызначаны для ўгнаных з СССР.

У канцы 1943-га (відавочна, гэта звязана з пераломам у вайне) былі ўведзены знакі па нацыянальнасцях. Іх насілі не вязні канцлагераў, а толькі тыя, хто адносна свабодна рухаўся па горадзе ці вёсцы, хто працаваў у гаспадароў лавак і майстэрань, на заводах і фабрыках, у баўэраў, хто жыў у рабочых лагерах. Нашэнне гэтых знакаў было неабавязковым. А насілі іх на рукаве, зрэдку — на грудзях.

Рускі знак — авал белага фону, у цэнтры якога "X". Што гэта азначае, можна толькі здагадвацца. Магчыма, сімвал андрэеўскага крыжа? Нешта падобнае насілі ўласаўцы на каўнярах — чырвоныя "X". Па авалу — кветкі, накшталт сланечніку.

Гэтыя ж кветкі абрамлялі знакі ўкраінцаў і беларусаў.

Украінскі знак адпавядаў колерам нацыянальнага сцяга: у авале жоўтага колеру — блакітны трохзубец.

Беларускі знак выкарыстоўваў белы і чырвоны колер: у цэнтры авала — калоссе жыта і шасцярэнька ў стылізаваным выглядзе.

Леў Коласаў