Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Рабы XX стагоддзя

Асноўным метадам "набору" рабочай сілы былі аблавы. Калі людзей захоплівалі ў вёсках, іх часцей за ўсё перапраўлялі ў лунінецкія канцлагеры, а ўжо адтуль — на прымусовыя работы ў Германію. Акупанты актыўна захоплівалі моладзь, але да чэрвеня 1943 г. гэтыя меры не прыносілі жадаемага выніку, таму што юнакі і дзяўчаты, папярэджаныя партызанамі, пры з'яўленні немцаў хаваліся ў лясах. Тады немцы сабралі ў Лунінцы нараду вясковых стараст, на якой аб'явілі аб правядзенні медкамісіі. Атрымаўшы павесткі, моладзь павінна была прыехаць быццам бы на медагляд.

Практыкаваўся і такі метад. Праз вясковых стараст жыхарам вёсак паведамлялася аб тэрміновай яўцы на зборны пункт. У адваротным выпадку ім пагражалі пакараннем "па законах ваеннага часу", г.з. расстрэлам.

Людзей таксама выклікалі павесткамі ў райцэнтр, вербавалі праз біржу працы.

Адпраўлялі арыштаваных са станцыі Лунінец у зачыненых таварных вагонах. Па дакументах ДАБВ выяўляецца 6 партый вывазаў: май — чэрвень 1942, верасень 1942, чэрвень 1943, верасень 1943, красавік 1944, чэрвень 1944. Асноўныя пункты назначэння ў Германіі — Ноймюнстэр, Гановер, Хайдэльберг, Оснабрук, Нерліберг.

Гаварыць аб жыцці на чужыне адназначна не даводзіцца: вельмі рознымі былі ўмовы пражывання. Хтосьці пакутаваў у канцлагеры, над кімсьці здзекаваліся гаспадары, а кагосьці трымалі нават як члена сям'і. Так, людзі былі рознымі, таму так адрозніваліся іх адносіны да ўсходніх работнікаў. Але паднявольная праца ёсць паднявольная праца, а сама мара аб вяртанні на родную зямлю здавалася немагчымай. Людзі ў думках развітваліся з блізкімі, быццам загадзя рыхтавалі сябе да канца жыцця на чужыне.

Прыйшло вызваленне. Хто б ні прынёс свабоду остарбайтэрам — Чырвоная Армія ці саюзныя войскі, — але выпрабаванні лесу на гэтым не закончыліся. Іх жорстка дапытвалі ў рознага ўзроўню карных органах: ад армейскай контрразведкі "Смерш" да ўчастковага міліцыянера. Многія з былых остарбайтэраў расказвалі мне, што следчыя пыталі ў лоб:" Чаму цябе не забілі? Чаму цябе не расстралялі?"

Што можна было адказаць на гэтыя пытанні? Напэўна, менш вытрыманыя людзі рэагавалі эмацыянальна, напэўна, адпаведна былі пакараны. Але большасць былых зняволеных проста не мелі сілы абвяргаць немагчымае, здаваліся на літасць лёсу. Пасля пільных праверак мужчын звычайна бралі ў армію, жанчын адпускалі дамоў. Прыходзіла і адыходзіла тайная думка пра тое, як папярэджвалі прадстаўнікі саюзных войск: на радзіме вас ніхто не чакае — па-першае, там попел; па-другое, вас будуць лічыць здраднікамі. Але людзі гатовыя былі вяртацца хаця б на попел, да роднага дома, і верылі ў велікадушнасць сваіх суайчыннікаў.

На жаль, і гэтага не было. Многім былым остарбайтэрам забаранялі работу па жаданню, некалькі радкоў у абавязковай анкеце перакрэслівалі ім шлях да вучобы, да выбранай прафесіі. Калі ўсё ж здаралася дасягнуць больш-менш належнага сацыяльнага становішча, жылі пад вечным страхам раскрыцця іх мінулага.

Асабліва ж крыўдзілі пастаянныя папрокі блізкіх людзей, якія больш за іншых павінны былі разумець асуджанасць прызначаных у Германію. З цяГам часу дэталі акупацыі забываліся, і некаторыя ветэраны дазвалялі абражваць сваіх аднагодкаў, не прайшоўшых баявы шлях у Чырвонай Арміі ці ў партызанскім атрадзе. I прывыклі былыя остарбайтэры да свайго маўклівага лёсу, надзейна пахавалі ў памяці ўсе падрабязнасці паднявольнага існавання. А загаварылі ўпершыню ледзь не пару год назад, калі з'явіліся чуткі аб магчымай кампенсацыі за адпрацаваныя ў Нямеччыне гады.

Так, нарэшце патрабаванні некалькіх мільёнаў былых остарбайтэраў пачуты. Германія выдзеліла 1 мільярд марак для кампенсацыі былым усходнім рабочым — цяпер грамадзянам Беларусі, Украіны, Расіі. Але атрымаць прызначаныя ім грошы змогуць толькі тыя, хто застаўся ў жывых да гэтага часу.

Не менш значным здаецца і змяненне адносін грамадства да гэтых шматпакутных людзей, ліквідацыя маральнага асуджэння, якое перавалодвала амаль паўстагоддзя.

Адной з першых пачала своеасаблівую маральную рэабілітацыю прымусовавывезеных у Германію газета "Лунінецкія навіны" — яшчэ ў 1990 годзе. Некалькі ўспамінаў, апублікаваных на яе старонках, прадстаўлены тут.

Таццяна Канапацкая