Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Карныя аперацыі фашыстаў

Да канца 1942 г. на тэрыторыі Пінскай вобласці ўжо больш ці менш сфарміраваліся і ўмацаваліся партызанскія атрады. Яны прыступілі да актыўных баявых дзеянняў. Немцы выкарысталі гэта для расправы над мірным насельніцтвам, быццам бы пад прычынай барацьбы з "бандытамі". За час нямецка-фашысцкай акупацыі жыхары раёна пацярпелі ад 3 буйных карных экспедыцый пад кодавымі назвамі: ("Горнунг") "Люты" у лютым 1943 г., "Русалка" — у лютым — сакавіку 1943 г. (поўдзень раёна) і ("Фен") "Цёплы ведер" — у сакавіку 1943 г. (цэнтр раёна).

"Горнунг" ("Люты"), кодавая назва карнай аперацыі акупантаў супраць партызан Пінскага і Слуцкага партызанскага злучэнняў і мірнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Чырвонаслабодскім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім раёнах у лютым 1943 г.

Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў і 5 батальёнаў, у тым ліку асобым батальёнам СС Дырлевангера. У загадзе на карную аперацыю адзначалася, што раён аперацыі — "сапраўдная Савецкая рэспубліка", дзе адноўлены мясцовыя органы Савецкай улады, камендатуры, праводзіцца агульная мабілізацыя, у сувязі з чым усім сілам карнікаў загадваецца ў гэтым раёне знішчаць усё, "што можа служыць абаронай і жыллём", ператварыць раён у "нікім не занятую прастору, мясцовае насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжаі прадукты забраць".

Пінскае партызанскае злучэнне некалькі дзён стрымлівала націск ворагаў.

З кнігі В.Ф. Раманоўскага "Забыццю не падлягае" (Мн.: Беларусь, 1985):

"9 лютага 1943 г. гітлераўцы з боку Чырвонай Слабады, Сямежава, Морачы і Ганцавіч павялі наступленне у бок орлікаўскага і ражанскага лясоў, дзе размяшчаліся брыгады 300-ая імя Варашылава і 27-ая імя Чапаева Слуцкага партызанскага злучэння (камандзір — Ф.Ф. Капуста) Разам з атрадам В.А. Васільева з Пінскага злучэння на працягу двух дзён яны стрымлівалі націск карнікаў. У ноч на 11 лютага партызаны адышлі ў глыб зоны, да в. Гоцк.

Размясціўшы насельніцтва па цяжкапраходных месцах балота Грычын, 12 лютага ўступілі ў бой партызаны Пінскага злучэння. Атрады імя Шыша і імя Чапаева трымалі абарону ў раёне вёсак Беразнякі і Цімашэвічы, атрад А.І. Дамброўскага — ля в. Грычынавічы, некалькі злучэнняў на чале з камандзірам Пінскага злучэння Каржом — ля в. Яскавічы. На наступны дзень гітлераўцы акружылі партызан двух злучэнняў у раёне вёсак Пузічы, Хорастава і Чэланец. Камандаванне партызанскіх фарміраванняў распрацавала план выхаду з блакады. У ноч на 14 лютага абодва злучэнні разам з насельніцтвам падрыхтаваліся для прарыву. Зрабіўшы на працягу ночы вельмі цяжкі пераход па балоту, яны выпшлі да вёсак Велута і Баравікі. Праз два дні Слуцкае злучэнне накіравалася да в. Ліпск, затым у раён Малых Чучавічаў. Гітлераўцы палічылі, што злучэнне пайшло на ўсход за раку Случ, і спынілі праследаванне".

У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С. Цубы. 8 — 9 лютага карнікі ўчынілі масавае знішчэнне савецкіх грамадзян у Слуцку, цынічна зашыфраваўшы крывавую акцыю назвай: Тэрыторыя перасялення — яма № 1, яма № 2, потым пачалі прачэсваць міжрэчча Случ — Морач — Цна. Прачэсванне праводзілі баявыя групы "Норд" і "Вест", 7 каманд СД, мінамётны ўзвод, спецыяльныя фарміраванні — сотні пад камандаваннем эсэсаўцаў Бібля і Графа, асобны батальён СС Дырлевангера. Спалілі вёскі, у тым ліку 20.02.1943 г. — Лугі Лунінецкага раёна. Усяго загубілі больш за 10 тысяч савецкіх грамадзян, захапілі 16700 галоў жывёлы, 223 тоны збожжа. ПрацяГам "Горнунга" была аперацыя "Русалка".

"Фён" ("Цёплы вецер"), кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва абапал чыгункі Лунінец — Баранавічы (Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Клецкі раёны) з 2.03.1943 па 23.03.1943 г. Праводзілася баявымі групамі Бінца (23-і, 57-ы, 271-ы паліцэйскія батальёны, батальён так званай Рускай нацыянальнай народнай арміі пад камандаваннем У. Гіль-Радыёнава і батальён СС Дырлевангера), групай (2-і паліцэйскі полк і 13-ы паліцэйскі полк) пад аб'яднаным камандаваннем обергрупэнфюрэра СС Баха-Зелеўскага і брыгадэнфюрэра СС Готберга.

Знішчыць партызанскія фарміраванні, якія вырваліся з блакады ў час карнай аперацыі "Русалка", гітлераўцам не ўдалося. Яны загубілі больш за 540 савецкіх грамадзян, 1226 чалавек схапілі для вывазу на катаржныя работы ў Германію. Карнікі разрабавалі і спалілі дзесяткі вёсак, у тым ліку Пясчанікі (загубілі 38 чалавек) і Флярова (23 чалавекі) Лунінецкага раёна, забралі ў насельніцтва 2890 галоў жывёлы, у тым ліку 282 кані, 122 павозкі, больш за 7 тон ільновалакна, 5 тон ільнасемя, 563 тоны збожжа. Акупантам удалося на кароткі час аднавіць адносна бесперапынны рух на чыгунках Лунінец — Баранавічы Пінск — Мікашэвічы. Гэтыя даныя прыводзіць У.С. Пасэ ў энцыклапедыі "Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945".

Вынікі гітлераўскай акупацыі адлюстраваны ў актах расследаванняў, якія праводзілі Лунінецкая і Ленінская раённыя камісіі садзейнічання ў Рабоце Надзвычайнай камісіі па расследаванню і ўстанаўленню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі Лунінецкага і Ленінскага раёнаў Пінскай вобласці. За час акупацыі ў г. Лунінец і населеных пунктах Лунінецкага раёна былі расстраляны 12 453 чалавекі (па навейшых даных — 16 637 чалавек), з іх 4437 жанчын і 3 674 дзіцяці. У канцэнтрацыйных лагерах закатаваны 3242 ваеннапалонныя салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі. У Германію прымусова ўгнана 2319 чалавек.

За час акупацыі моцна пацярпелі 19 населеных пунктаў раёна. Колькасць загінуўшых жыхароў склала 3354 чалавекі. У г. Лунінец існавалі тры месцы масавых знішчэнняў мірных грамадзян: урочышчы Мачула, Бараўшчына, Баханова. Загінулі 5384 жыхары горада, у тым ліку 4244 яўрэі.

Урон, нанесены акупантамі эканоміцы раёна, склаў 201 338 983 рублі (дарэформенная лічба). Было разбурана 1020 жылых пабудоў, хаця, па сучасных падліках, гэта лічба павінна быць разы ў 2 большай. Агульная плошча разбурэнняў склала 603,3 тыс.кв. метраў. Было таксама знішчана і вывезена 27,2 тыс. галоў сельскагаспадарчай жывёлы, 7955 галоў хатняй птушкі і 40,6 тыс. цэнтнераў сельгаспрадуктаў.