Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Палыхала чырвонае зарыва

Хроніка грамадзянскай вайны

Грамадзянская вайна дасягнула прыфрантавой Лунінеччыны хутка і спачатку ў выглядзе варожай інтэрвенцыі. 18 лютага 1918 г. нямецкія войскі пачалі наступленне ў Беларусі, Прыбалтыцы і на Украіне. На Лунінецкім напрамку яны яшчэ ў час першай сусветнай вайны захапілі Пінск. Ад яго ўздоўж чыгункі на Гомель рушыла армейская група генерала Г. Гранау (у сакавіку пераўтвораная ў 41-ы рэзервовы корпус). Ва ўмовах, калі старая руская армія распалася, а новай, Чырвонай Арміі, яшчэ не існавала, вораг амаль не сустракаў супраціўлення. Ужо ў першы дзень ён захапіў Лунінец.

Акупацыя і грабеж насельніцтва працягваліся да восені, калі ў Германіі пасля паражэння ў першай сусветнай вайне пачалася рэвалюцыя. Гэта выклікала незадавальненне і пратэст працоўных.

Удзельнік падзей Іван Наздроў успамінаў:

"З красавіка па ліпень 1918 года я працаваў на станцыі Лунінец тэлеграфістам. I мне, 17-гадоваму хлопцу, давялося быць удзельнікам забастоўкі чыгуначнікаў.

У канцы лютага 1918 г. войскі кайзераўскай Германіі пачалі акупацыю Украіны, Беларусі і часткі РСФСР. На Украіне немцамі была створана "Украінская рада", якая распаўсюдзіла сваю "ўладу" на тэрыторыі лініі Лунінец — Гомель. Нямецкія войскі, пятлюраўцы вывешвалі загады аб суровым пакаранні тых, хто не будзе выконваць іх распараджэнні. Па чыгунцы на захад пачалі ісці эшалоны з нарабаваным немцамі харчаваннем, сыравінай, іншымі каштоўнасцямі. У сялян забіралі жывёлу і збожжа.

Настрой у рабочых і служачых, сялян Лунінеччыны быў варожым да акупантаў і "Украінскай рады". Летам тэлеграфісты станцыі Лунінец прынялі з Кіева адозву забастовачнага камітэта да ўсіх чыгуначнікаў. У ёй быў заклік да ўсеагульнай забастоўкі.

Адозва хутка разышлася. Паўсюдна прайшлі кароткія мітынгі. А праз некаторы час раздаўся гудок. Чыгуначнікі спынілі работу. У першы дзень рух цягнікоў быў поўнасцю паралізаваны. Пакінулі працу і нашы тэлеграфісты.

Ноччу пачаліся аблавы і арышты. У першую чаргу затрымліваліся машыністы цягнікоў. Іх пад канвоем прыводзілі да лакаматываў і прымушалі працаваць. На кожным цягніку прысутнічалі нямецкія салдаты. Пасля работы машыністаў і іншых чыгуначнікаў саджалі пад ахову ў спецыяльнае памяшканне.

Аднак чыгуначны рух ішоў з перабоямі. Настрой у працоўных быў баявы. Камітэт, які кіраваў забастоўкай, на сценах расклейваў ад рукі напісаныя лістоўкі. Яны заклікалі працягваць забастоўку.

У іх гаварылася, што сяляне навакольных вёсак збіраюць харчаванне і будуць аказваць дапамогу забастоўшчыкам. Спачувальна адносіліся да чыгуначнікаў і жыхары горада. Уладальнікі магазінаў, сталовых адпускалі ім харчы.

Ішлі дні. Рух па чыгунцы па-ранейшаму быў з перабоямі. Частка чыгуначнікаў, каб пазбегнуць арышту, пакінула горад і пайшла ў вёскі. Нават пасля таго, як паступілі звесткі, што ў Роўна і Сарнах забастоўка спынілася, лунінецкія чыгуначнікі працягвалі стойка трымацца. I толькі праз два тыдні работа часткова аднавілася.

Я ў гэты час вырашыў звольніцца, а праз некалькі дзён перайшоў лінію фронту. Спачатку працаваў тэлеграфістам, а потым служыў у Чырвонай Арміі".

У кастрычніку 1918 г. пачалося Палескае паўстанне ў тыле ворага, цэнтрам якога сталі Пінскі і Ровенскі паветы. 3 — 5 снежня паўстанцы перамаглі ў Дубровіцы, захапілі побач з ёю замак графоў Пляцераў. 6 снежня сюды прыбыў на дапамогу атрад С.У. Майсяевіча, ураджэнца Лунінеччыны.
Адным з кіраўнікоў паўстання стаў Аляксандр Мікалаевіч Ільін. Ён паходзіў з рабочых. У 1917 г. уступіў у РСДРП(б), быў членам Харкаўскага рэўкама. Пасля наступлення немцаў пераехаў у Маскву, дзе працаваў на чыгуначным вузле, быў грамадскім сакратаром будаўнікоў і чыгуначнікаў, сакратаром камячэйкі Цэнтрабуда. 22 кастрычніка 1918 г. падаў у раённы чыгуначны камітэт РКП (б) заяву з просьбай накіраваць яго на фронт. 16 лістапада, калі германская армія пачала адыход з акупіраваных зямель, СНК вырашыў накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў, каб яны не далі вывезці ўзбраенне былой царскай арміі. Ільін накіраваны з гэтай мэтай на ст. Відзібор, дзе былі артылерыйскія склады аднаго з карпусоў рускай арміі.

25 снежня гэтага ж года ў Століне на пасяджэнні паўстанцкага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта быў выбраны Палескі РВК у складзе: старшыня — Р.М. Астроўскі, загадчыкі аддзелаў: адміністрацыйнага — К.Ф. Русак, прадуктова-рэквізіцыйнага — Канякін, распарадчага — Паўловіч, агітацыйнага — М.С. Кавалевіч, агульнага — А.Г. Палхоўскі, сакратарыята — Г.З. Сахнік, судова-адміністрацыйнага — М.Ц Лазнуха. Агульнае камандаванне было ўскладзена на Рыгора Астроўскага і Андрэя Нагорнага.

27.12.1918 г. Палескі РВК размясціўся на станцыі Відзібор у вагоне (было вырашана, што пасля адыходу немцаў з Лунінца ён пяройдзе ў гэта мястэчка). Былі ўстаноўлены сувязі з лунінецкімі рэвалюцыянерамі і падпольшчыкамі. Фарміраваліся 1-ы (камандзір А.Ф. Разановіч) і 2-і (камандзір Ф.А. Казубоўскі) Палескія камуністычныя палкі. Добраахвотнікамі ўступалі ў іх і нашы землякі. Камісарам 2-га ПКП быў ураджэнец вёскі Люшча Пётр Якаўлевіч Гошч, які потым стаў камандзірам 2-га батальёна палка. Тут жа ваявалі Фёдар Сафронаў, Якаў Антонавіч Сафронаў, Іван Феліксавіч Мазур, Пётр Герасімаў, Аляксандр Раманавіч Трухноў — усе з Луніна, Фёдар Карлюк з Чырвонай Волі.

На Палессі дзейнічала каля сотні атрадаў паўстанцаў, якія неўзабаве былі зведзены ў роты і батальёны і аб'яднаны ў тры камуністычныя паўстанцкія палкі.

Удзельнік падзей М. Вішнеўскі ўспамінаў:

"1-ы Палескі (камандзір А. Разановіч) і 2-і Палескі (Ф. Казубоўскі) палкі разам з часцямі 1-га Дубровіцкага палка разгарнулі баявыя аперацыі супраць нямецкіх акупантаў, гетманаўцаў, пятлюраўцаў на чыгуначнай лініі Сарны — Дубровіца — Лунінец — Пінск".

Ільін прыехаў у Відзібор і правёў мітынг. Высветлілася, што германскае камандаванне загадала сваім салдатам зняць з рускіх і трафейных аўстрыйскіх гармат, кулямётаў замкі і іншыя дэталі, каб зброя не дасталася чырвонаармейцам. Ільін вырашыў звярнуцца непасрэдна да нямецкіх салдат з Лунінецкага гарнізона. А тым не вельмі хацелася ваяваць. Яшчэ 1 снежня 1918 г. начальнік штаба Заходняй арміі А.В. Новікаў паведаміў у Рэўваенсавет рэспублікі аб дамоўленасці з нямецкімі салдацкімі дэпутатамі, згодна з якой акупанты адыходзілі з раёна Рэчыца — Калінкавічы — Лунінец, і аб намеры немцаў "застацца нейтральнымі пры барацьбе за ўстанаўленне Савецкай улады ў названых пунктах".

31.12.1918 г. 2-і батальён 152-га палка 17-ай стралковай дывізіі выгрузіўся з эшалона на станцыі Дзятлавічы. Камісар палка Дзергачоў правёў у Лунінцы перамовы з нямецкім камандаваннем аб паскарэнні вываду іх войскаў у Германію. У той жа дзень камісарам станцыі Лунінец быў назначаны Апанас Міхайлавіч Кужалёў — настаўнік з вёскі Калоднае Столінскай воласці, які стаў працаваць у цесным кантакце са старшынёю Лунінецкага рэўкама К. Топалевым.

05.01.1919 г. У Лунінец прыбыў прадстаўнік ЦК РКП (б) Аляксандр Мікалаевіч Ільін. На пасяджэнні нямецкага салдацкага камітэта ён патрабаваў, каб за 2 дні іх дывізія эвакуіравалася з лініі Калінкавічы — Лунінец. Немцы згадзіліся перадаць Лунінецкаму рэўкаму чыгунку, рухомы састаў, усё абсталяванне, таксама вялікія склады былой царскай арміі. усю маёмасць узяла пад ахову сфарміраваная 3 студзеня Камуністычная рота з 250 чалавек.

З тэлеграмы А. Ільіна: "Масква, Ваенны Савет Рэспублікі, Народнаму камісару замежных спраў, рэдакцыі газеты "Известия"... Сёння адбылося пасяджэнне Лунінецкага армейскага Савета, на якім я прапанаваў: германская дывізія, размеркаваная ад Калінкавіч да Лунінца ўключна, прыступае да неадкладнага эвакуіравання сваіх часцей, абавязана выкарыстаць увесь свой рухомы састаў, прадастаўляемы для эвакуацыі, прычым эвакуацыя павінна закончыцца не пазней 7 студзеня 1919 года да 24 гадзін... Германскі лунінецкі савет абавязаўся неадкладна вярнуць узятыя германскімі войскамі замкі і часткі ад рускіх гармат і кулямётаў... З 12 гадзін ночы 8 студзеня дазваляецца перавозка чырвонаармейцаў і паўстанцкіх войск па ўсіх напрамках праз Лунінец..."

Гэта быў, безумоўна, дыпламатычны поспех маладога рэвалюцыянера, бо германскі савет прыняў усе пункты без паправак. Больш таго, было дасягнута пагадненне аб стварэнні на вызваленай тэрыторыі органаў Савецкай улады.

Партызаны кантралявалі чыгунку ад Сарнаў да Ганцавіч. На ўсе станцыі і ваенныя склады былі назначаны каменданты. 2-і Палескі полк заняў станцыю Лунінец. Але неабходна было аб'яднацца з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. Апрача немцаў, супраць паўстанцаў актывізавалі сваю дзейнасць пятлюраўцы і гайдамакі, а з захаду паступова прасоўваліся польскія войскі, якім немцы дазволілі заняць Брэст.

06.01. У распараджэнне Лунінецкага рэўкама накіраваны 30 чалавек пад камандаваннем Астроўскага Антона Максімавіча (брат старшыні Палескага РВК) — камандзіра Камуністычнага атрада і начальніка народнай міліцыі Лунінца. У сувязі з наступленнем пятлюраўскіх войскаў на Сарны і пагрозай Лунінецкаму вузлу для адзінага кіраўніцтва быў створаны Ваенны савет паўстанцкіх камуністычных войскаў Беларусі і захаду Украіны на чале з Ільіным. Тады ж Ільін тэлеграфаваў Леніну і Свярдлову з просьбай аб дапамозе:

"Паўстанцкія камуністычныя войскі, якія аперыруюць (у раёне) Сарны — Лунінец і адбіваюць пятлюраўскія і іншыя белагвардзейскія банды, знясілены ў няроўнай барацьбе. У іх няма адзення, абутку і харчавання, няма грошай, няма кіраўнікоў — ваенных спецыялістаў. Сярод шматлікіх атрадаў пятлюраўскіх войск, прымусова мабілізаваных, раздаюцца крыкі абурэння пятлюраўскай авантурай; так, усе атрады Корасценя, Роўна і іншыя дасылаюць нам прывітанне. Сялянскае насельніцтва Палесся і Валыні памятае Пятлюру... яно жадае сапраўднай улады рабочых і сялян...

Паўстанцы-камуністы да гэтага часу ўсё харчаванне атрымлівалі выключна ад сялян, і бясплатна, сяляне аказвалі ім дапамогу. Але нельга злоўжываць імкненнем сялян да стварэння Савецкай улады.

Цяпер мы звяртаемся за сяброўскай дапамогай да нашых братоў — рабочых Масквы і Піцера: умацуйце нам тыл, дашліце грошай, адзення, абутак, дайце камандны састаў, а мы дапаможам рабочым Кіева і іншых гарадоў і дашлём вам харчаванне, лішкі зброі. Чакаем вашай дапамогі".

I дапамога прыйшла. Перадгісторыя яе такая. Ленін сінім алоўкам напісаў на тэлеграме Ільіна: "Склянскаму. На водгук. Што зроблена". Э.М. Склянскі, тады намеснік старшыні РВС рэспублікі, запытаў Рэўваенсавет Заходняй арміі: "Хутка паведаміць, якая аказана дапамога."

З загада войскам Заходняй арміі аб далейшым руху ў Беларусі:

"Пінскі баявы ўчастак — 17-ая стралковая дывізія: авалодаць Пінскам — Лунінцом — Мазыром..."

На дапамогу паўстанцам, што вялі баі з немцамі і пятлюраўцамі, былі накіраваны рэгулярныя злучэнні Чырвонай Арміі. З Пецяргофскіх курсаў чырвоных камандзіраў былі прысланы і назначаны на камандныя пасады афіцэры Я. Куляшоў, І. Волкаў, І. Аляксееў, С. Якаўлеў. Мінскі губваенкам прыслаў фельчароў М. Гарбачова, А. Кеўліча, А. Манкевіча, А. Глінскага. З санаддзела 17-ай дывізіі з Бабруйска прыбыў лекарскі памочнік Б.В. Бойка.

У студзені 1919 г. у Лунінец прыбылі эшалоны з чырвонаармейцамі 17-ай стралковай дывізіі. Яна была сфарміравана ў асноўным са смаленскіх і віцебскіх рабочых і сялян, у той час ёю камандаваў Г.М. Барзінскі. (Дывізія ваявала ў Беларусі ўсю грамадзянскую вайну, за што ў 1932 г. была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.)

З данясення начштаба Заходняй арміі А. Новікава ў палявы штаб Рэўваенсавета рэспублікі:

"...часці 153-га палка ўступілі ў Лунінец і занялі яго".

Тэлеграма Ільіна ў Маскву: "8 студзеня а 17-ай гадзіне праз Лунінец прайшоў першы эшалон чырвоных войск. Усе працоўныя, чыгуначнікі, насельніцтва з энтузіязмам — з аркестрам, з чырвонымі сцягамі — сустракалі нашу слаўную Чырвоную Армію. А пасля сустрэчы чыгуначнікі, насельніцтва са сцягамі прайшлі па вуліцах пасёлка. Настрой бадзёры, упэўнены".

Прыход чырвонаармейцаў узняў баявы дух паўстанцаў. У радах пятлюраўскіх войск — перапалох. Ільін паведаміў тэлеграмай у штаб 17-ай дывізіі Чырвонай Арміі:

"Сёння разведка данесла, што ў пятлюраўскіх войсках поўная дэзарганізацыя, адмаўляюцца ваяваць з бальшавікамі, разыходзяцца па хатах. Астаткі банд... падрываюць масты каля Сарнаў. Калі нам акажуць дапамогу, якую мы прасілі раней, узяцце Сарнаў і вызваленне нашымі паўстанцкімі атрадамі Корасценя — справа некалькіх дзён".

У сваёй дзейнасці А.М. Ільін абапіраўся на мясцовых жыхароў Кузьму Фёдаравіча Русака, Фёдара Андрэевіча Казубоўскага, Івана Іванавіча Жука, Сцяпана Мікалаевіча Кавалевіча, Фёдара Іванавіча Рамановіча, Аляксея Сцяпанавіча Карася, Мадэста Вікенцьевіча Вішнеўскага і іншых лунінчан. Актыўна праяўляла сябе моладзь. У Лунінцы ў 1918 г. пад кіраўніцтвам бальшавікоў дзейнічала падпольная маладзёжная арганізацыя, якая налічвала да 30 чалавек. Маладыя падпольшчыкі разбуралі чыгуначныя пуці, выводзілі са строю тэлефонную сувязь, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі.
Мужнасць і гераізм праявілі падпольшчыкі і чырвонаармейцы ў баі на станцыі Лахва, калі экіпаж бальшавіцкага бронецягніка ўступіў у бой з двума батальёнамі праціўніка і трапным кулямётным і артылерыйскім агнём разграміў іх.

Паўстанцы Палесся выдавалі газету "Лесное эхо", членамі рэдакцыйнай калегіі якой былі Ф.А. Казубоўскі, М.В. Вішнеўскі, Ф.І. Рамановіч, О.Ф. Растаргуеў, К.Ф. Русак, А.С. Карась.

15.01. Пасля ўступлення ў Лунінец часцей Чырвонай Арміі нямецкая дэлегацыя заявіла, каб чырвонаармейцы ачысцілі мястэчка для праходу яшчэ 50 тысяч іх войскаў з Гомеля. Немцы адкрылі агонь па чырвонай ахове, параніўшы трох і арыштаваўшы некалькі чалавек з Камуністычнага атрада. Інцыдэнт быў ліквідаваны на перамовах. Па дасягнутай згодзе станцыя аб'яўлялася нейтральнай, а мястэчка — у падпарадкаванні рэўкама. Нямецкі бок прынёс прабачэнні, вызваліў арыштаваных, вярнуў ім зброю. Рэўкам патрабаваў выплаціць параненым 90 тысяч рублёў.

У сярэдзіне студзеня 1919 г. пятлюраўцы і гайдамакі сканцэнтравалі свае сілы ў раёне г. Сарны і працягвалі наступленне. Стварылася складанае становішча.

У той жа час, 18 студзеня, упаўнаважаныя надзвычайнай камісіі па забеспячэнні Чырвонай Арміі камісары Дзмітрыеў і Гросман паведамілі ва Усерасійскі галоўны штаб І.І. Вацэцісу з Мінска (копія тэлеграмы была накіравана У.І. Леніну і Э.М. Склянскаму):

"Паўстанцкі атрад Ільіна, налічваюты тры тысячы, з'яўляецца амаль што адзіным абаронцам Лунінецкага ўчастка, у якім засталася каласальная колькасць маёмасці. На жаль, атрад, маючы добрага палітычнага кіраўніка ў асобе Ільіна, камандзіраванага ЦК РКІІ у раён Украіны, пакутуе ад адсутнасці вопытнага начштаба, ваенкіраўніка, таксама дрэнна забяспечаны абмундзіраваннем і абуткам". Паведамлялася, што атрад "мае па 10 рублёў на 4 месяцы кожнаму паўстанцу; таксама, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы... Ваенны Савет Заходняга фронту не аказвае апошняму дапамогі, кінуўшы фактычна Лунінецкі ўчастак на Ільіна. Неабходна ваша тэрміновае садзейнічанне... у аказанні дапамогі людзьмі і маёмасцю, таксама неабходна прысылка Ільіну добрых баявых кіраўнікоў, таксама — прадпісанне штаба 17-ай стралковай дывізіі аб аказанні ў неабходны момант узброенай падтрымкі... Дзмітрыеў, Гросман".
Баі паўстанцкіх палескіх палкоў супраць гайдамакаў праходзілі пад Дубровіцай з 14 студзеня. Палескі рэўкам пасылае адну за другой тэлеграмы ў РВС рэспублікі з просьбай аб дапамозе: "...інакш страцім мільёны ваенных грузаў і дадзім магчымасць ўмацавання белагвардзейцам".

19.01. Паўстанцы нясуць вялікія страты ў жывой сіле. Сярод загінуўшых у баі ля вёскі Беражкі, што на паўднёвы захад ад м. Дубровіца, — ураджэнец с. Лунін Аляксандр Раманавіч Трухноў, чырвонаармеец 3-яй роты 2-га Палескага палка. Паўстанцы адступілі ад вышэйназваных населеных пунктаў да с. Высоцк і ст. Гарынь, утрымліваючы Рэчыцу, Столін, Манькавічы, Пераброды.

Напярэдадні ў Лунінец прыбылі эшалоны з усім саставам 152-га стралковага палка пад камандаваннем Я.В. Шэка і С.К. Дзергачова. 2 роты, батальённая кулямётная каманда і 2 палявыя гарматы былі пасланы па чыгунцы на дапамогу паўстанцам. Гэты атрад павінен быў засланіць Лунінец з поўдня ў выпадку прасоўвання пятлюраўцаў.

20.01. Атрад высадзіўся на станцыі Гарынь.

Кароткія біяграфічныя даведкі пра яго кіраўнікоў.

Якаў Васільевіч Шэка (1893 - 1938) удзельнічаў у першай сусветнай і грамадзянскай войнах, кавалер двух ордэнаў Чырвонага Сцяга. У 1917-ым — штабс-капітан, з чэрвеня 1918-га — у Чырвонай Арміі: памочнік камандзіра 5-га Быхаўскага палка, камандзір 152-га стралковага палка 17-ай стралковай дывізіі. Пасля вучобы працаваў ваенным карэспандэнтам, камандзірам для асобых даручэнняў Рэўваенсавета Першай Коннай арміі, начальнікам штаба 6-ай кавалерыйскай дывізіі. Закончыўшы Акадэмію Генштаба, служыў начальнікам інспекцыі кавалерыі Чырвонай Арміі, камандаваў 1-ай Томскай дывізіяй, быў памочнікам камандзіра 16-ай і 20-ай стралковых дывізій, камандуючага Маскоўскай ваеннай акругай, саветнікам ваеннага міністра Мангольскай Народнай Рэспублікі, а потым — на камандных пасадах у Паўночна-Каўказскай ваеннай акрузе. Рэпрэсіраваны.

Спірыдон Карпавіч Дзергачоў (1882 — 1944) удзельнічаў у трох войнах — першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Апчыннай. Марак-балтыец, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1918 г. арганізаваў з сялян партызанскі атрад для барацьбы супраць нямецкіх акупантаў у родных мясцінах на Быхаўшчыне. Яго атрад стаў касцяком 152-га палка 17-ай стралковай дывізіі, а сам ён — камісарам. Пасля ранення ў 1920-ым у баях з белапалякамі арганізаваў дома камуну "Пралетарская рэспубліка" і стаў яе старшынёю. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні калгаса "Чырвоны баец". Нягледзячы на непрызыўны ўзрост, дабіўся ўступлення ў 1941-ым у Чырвоную Армію. Памёр ад ран у шпіталі ў Саратаўскай вобласці.

22.01. У штодзённай зводцы, падпісанай начальнікам гаспадарчай часткі палка Елістратавым, адзначана размяшчэнне падраздзяленняў 152-га палка: у Лунінцы — штаб палка, каманда сувязі, ветэрынарны лазарэт, палкавы склад; у Лагішчаве (так у дакументах ЦДАСА. — І.К.) — 1-ая рота і палкавая кулямётная каманда; у Крыўчыцах — 7-ая рота і ўзвод палкавой кулямётнай каманды; у раёне м. Дубровіца — 2-і батальён (4-ая і 6-ая роты) і батальённая кулямётная каманда, накіраваны ў раён Пінска — 1-ы батальён, 8-ая Смаленская рота, каманда коннай разведкі і музычная каманда.

Падзеі ў Пінску разгортваліся наступным чынам. На станцыі Парахонск да атрада Шэка далучыўся партызанскі атрад пад камандаваннем Е.І. Кавалевіча, былога унтэр-афіцэра з в. Калоднае. У ноч на 22 студзеня 152-і полк заняў Пінск. Але нямецкае камандаванне выступіла на баку пятлюраўцаў і прымусіла чырвонаармейцаў здацца ў палон.

Аб тым, што адбылося далей, успамінаў старшыня Палескага рэўкама Р.М. Астроўскі:

"...рэўкам пастанавіў не прапускаць эшалоны з Лунінца, якія вярталіся ў Германію, пакуль немцы не здадуць Пінск. У неабходных месцах мы расставілі кулямёты. У Лунінцы скапілася некалькі эшалонаў. Немцы не разумелі, чаму іх затрымліваюць. У рэўкам прыйшла група афіцэраў і 2 генералы. Сталі пратэставаць. Адзін з генералаў заявіў, што яны і без нашага дазволу змогуць паехаць у Пінск. Але рэўкам прадугледзеў гэта. Мы папярэдзілі, што пуці замініраваны і могуць быць узарваны разам з эшалонамі.

...Прыйшла дэлегацыя нямецкіх салдат. Мы растлумачылі ім прычыну затрымкі, прапанавалі правесці перамовы па прамому проваду з Пінскам і паведаміць нашы патрабаванні.

На плошчы адбыўся мітынг. Я выступіў з прамовай, у якой імкнуўся растлумачыць ім, хто мы і за што змагаёмся. Нямецкія салдаты заапладзіравалі, пачалі зрываць пагоны са сваіх афіцэраў. Паўстанцы ў Пінску былі вызвалены. Толькі адну нашу ўмову нямецкае камандаванне не выканала — гайдамакі не былі перададзены нам, яны збеглі да сваіх, перад адыходам абрабаваўшы мірных жыхароў. 25 студзеня чырвонаармейцы зноў занялі Пінск".

Рыгор Максімавіч Астроўскі (1890 — 1974) — удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, Кастрычніцкай рэвалюцыі, падпольнага руху ў Заходняй Беларусі. Нарадзіўся ў в. Остраў Пінскага павета. З 1914 г. — член партыі левых эсэраў, з 1918 — у РКП(б). Дэлегат II, IV, V з'ездаў Усерасійскіх Саветаў. У лістападзе 1917 г. — загадчык зямельнага аддзела Палескага павятовага рэўкама ў Лунінцы. На I з'ездзе Саветаў Пінскага павета зацверджаны наркамам земляробства павета. З прыходам акупантаў пераехаў у Смаленск. Старшыня Палескага рэўкама ў Лунінцы з канца снежня 1918 г. У 30-ыя гады працаваў памочнікам галоўнага пракурора транспарту СССР, пражываў у Маскве.

25.01. З данясення па камандзе: "Пятлюраўцы ў Дубровіцах. Сёння апошні эшалон немцаў выйшаў з Лунінца на Пінск. Немцаў больш няма ў Лунінцы. Шэка, Дзергачоў".

26.01. У Лунінец з Баранавіч прыбыў штаб і каманды 2-ой брыгады 17-ай стралковай дывізіі (камбрыг — Чэкатоўскі, ваенкам - Кудраўцаў).

У пятлюраўскіх войсках поўная дэзарганізацыя. Уздоўж чыгункі ад Лунінца да Дамбровіцы зачырванелі сцягі свабоды. Ільін тэрмінова адпраўляецца ў Оўруч дамовіцца з мясцовымі партызанамі аб сумесных дзеяннях.

Аднак Ільіна і яго загартаваных у штодзённых баях паплечнікаў чакаў удар у спіну. І ад каго? Ад начальніка 17-ай дывізіі Барзінскага. Не хацелася гэтаму валынскаму двараніну, каб чырвоныя байцы занялі Сарны, а потым і Дубна, дзе прытаілася яго радня. Барзінскі зрабіў усё, каб сарваць тактычныя і стратэгічныя планы войск Ільіна. На жаль, шмат што яму ўдалося. Быў упушчаны час. Да гэтага ж па сфабрыкаванаму абвінавачанню Ільіна аддалі пад суд трыбунала. Трыбунал, аднак, поўнасцю апраўдаў адданага справе рэвалюцыі камандзіра. А хутка падышла дапамога — новыя чырвонаармейскія часці. Захаваныя службамі Ільіна воінскія склады аказаліся як нельга дарэчы. Ізноў авалодалі чыгункай бронецягнікі, упрыгожаныя чырвонымі сцягамі.

20.02.1919. Стварылася становішча пагрозы Пінску і Лунінецкаму вузлу. Камандзір 2-ой брыгады Чэкатоўскі і ваенкам М.Н. Кудраўцаў вырашылі, што Ф.А. Казубоўскі не зможа належным чынам арганізаваць абарону. Начальнікам Пінскага баявога ўчастка быў назначаны камандзір 146-га стралковага палка А. Пятроў, які адразу ж з Лунінца накіраваўся ў Пінск. Камандзірам 2-га Палескага палка быў назначаны Каралёў, ваенкамам — Аляксей Іўлічаў, былы ваенны камісар Звянігарадскага павета Маскоўскай губерні.

24.02. У Лунінец прыбылі 3 роты 145-га стралковага палка. Тут жа з 14.02 знаходзіўся 146-ы полк з камандзірамі разведчыкаў, сувязі, акалодкам і інш. Адсюль яны накіроўваліся па чыгунцы ў раён Сарнаў для дзеянняў супраць пятлюраўцаў і гайдамакаў.

25.02. 2-і Палескі полк з Пінска пераведзены ў Кажан-Гарадок, штаб размясціўся на станцыі Лахва. Перадыслакацыя была звязана з цяжкім становішчам у палку: працягвалася партызаншчына, добраахвотнікі-сяляне, якія не мелі франтавога вопыту, былі няўстойлівымі ў баявых сутычках з праціўнікам, да таго ж яны выказвалі незадаволенасць адлучэннем ад камандавання любімага камандзіра.

26.02. Начальнікам Сарненскага баявога ўчастка назначаны А. Пятроў, які здаў Пінск камандзіру 148-га палка Раудэ і праз Лунінец накіраваўся са сваім палком на фронт да Сарнаў, дзе і загінуў 03.03.1919.

03.03. Узнікла рэальная пагроза Лунінецкаму чыгуначнаму вузлу як з поўдня, дзе дэмаралізаваны гібеллю камандзіра і стомленасцю 146-ы полк і 21-ы Валынскі полк, у склад якога ўваходзілі партызаны, адмовіліся выступіць на пазіцыі і пакінулі Сарны, так і з захаду, дзе польскія легіянеры буйнымі сіламі падышлі да самога Пінска, утрымаць які не было чым.

05.03. Ранішні поезд, які выйшаў з Пінска на Лунінец, быў абстраляны польскім раз'ездам у 8 вёрстах ад Пінска. Праз 2 гадзіны пасля інцыдэнту польскія войскі занялі Пінск. 148-ы полк, парушыўшы загад абараняць Пінск, паддаўся паніцы і збег, не ўступіўшы ў бой, па лясных дарогах і балотных гацях на Відзібор. Становішча Лунінецкага вузла станавілася крытычным. Камандзір 1-ай брыгады 17-ай стралковай дывізіі А. Баркоў і ваенкамбрыг Ф. Маёраў дакладвалі са станцыі Дубровіца ў Лунінец, што 21-ы Валынскі полк мітынгуе, "патрабуючы неадкладнага адводу іх у тыл на адпачынак, інакш усе разбягуцца, калі іх накіраваць на Дамбровіцы. У палку засталося не больш 150 чалавек, астатнія ж, мясцовыя, разышліся па хатах". Да канца дня камбрыг вымушаны быў адправіць рэшткі 21-га палка з раз'езда Белая ў Лунінец.

06.03. У Лунінец прыбылі начальнік 17-ай стралковай дывізіі Рыгор Міхайлавіч Барзінскі, ваенкамдыў Жано Іванавіч Лаур, начштаба Кахоўскі. Яны падпісалі аператыўны загад N 016, згодна з якім камбрыгу Баркову неабходна было працягваць адыход з боем на ст. Гарынь, знішчаючы масты, а камбрыгу Чэкатоўскаму — упарта абараняць Парахонск.

У той жа дзень былі размеркаваны сілы для абароны Лунінецкага вузла. Тры батальёны 152-гапалка, адна рота 145-га і артдывізіён з 6 гарматамі вылучаліся ў в. Лунін з мэтаю абароны подступаў да Лунінца. Адна-дзве роты накіроўваліся ў Лобчу з мэтаю вядзення разведкі на лініі Парахонск — Дубнавічы. Камандзе коннай разведкі было загадана заняць в. Багданаўка. 4-ая рота 145-га палка накіроўвалася ў Дзятлавічы для абароны і разведкі ў бок ст. Люшча, в. В.Мазуры.

09.03. Батальён 150-га палка пад камандаваннем Цімафеева выступіў у Лоўчу для змены 152-га. Яму было загадана заняць Парахонск, калі той не заняты палякамі, і вылучыць моцныя разведвальныя партыі на лінію Камень — Дубнавічы. У Багданаўку накіроўваўся Асобны добраахвотніцкі камуністычны атрад, сфарміраваны з мясцовай, поўнасцю беспартыйнай моладзі яшчэ ў пачатку студзеня, які адтуль павінны быў весці разведку на Пагост — Лагішын.

10.03. Камандзір АДКА далажыў у Лунінец, што раз'езд палякаў выяўлены ў в. Плоскінь у напрамку ракі Бобрык. 4-ая рота 145-га палка мела перастрэлку з легіянерамі каля Замошша, заўважаны яны былі таксама ў в. Заазер'е на Ясельдзе. На поўдзень ад Лунінца часці 1-ай брыгады адышлі на раз'езд Прыпяць. "Кругом вада", — адзначалася вясенняя паводка ў данясеннях. Гэты ўчастак у зводках і загадах працягваў называцца Сарненскім баявым. Камандзір 145-га палка К. Сямёнаў, ваенкам I.У. Маляўскі вызначылі сілы, якія абаранялі подступы да Лунінца з паўднёвага напрамку: тры батальёны 145-га палка, каманда конных разведчыкаў — 34 шаблі, па дзве гарматы 21-га Валынскага стралковага палка, 1-га і 2-га артдывізіёнаў, дзве гаўбіцы 33-га марцірнага дывізіёна. Дзве роты палка з дзвюма гарматамі склалі прамы авангард участка ля ст. Відзібор, дзве роты — бакавы авангард ля в. Беражное. Разведка вялася па лініі вёсак Сіціцк — Рухча — Глінка — Белауша. У выніку адступлення планавалася адыходзіць праз Давыд-Гарадок на Тураў — Жыткавічы.

Пятлюраўцы не наступалі з-за мацнейшай паводкі, многія з іх наогул адмаўляліся ваяваць супраць Чырвонай Арміі. Галоўным праціўнікам станавіліся войскі Польшчы, якія імкнуліся захапіць Лунінец і рухацца далей на Калінкавічы — Мазыр — Рэчыцу.

У сакавіку 1919 г. А.М. Ільін перадаў "арганізаваныя ім 21-ы Валынскі і 2-і Палескі палкі, 2 браневікі, артылерыю" ў распараджэнне штаба 17-ай стралковай дывізіі і паехаў у Мінск. Яго чакаў новы адказны ўчастак. 14 сакавіка 1919 г. ён накіраваў Э.М. Склянскаму тэлеграму:

"Са сваім штабам, камандным саставам выязджаю ў глыбокі тыл праціўніка. Зноў выдзеленыя Вашым загадам 2 мільёны рублёў будуць выкарыстаны на фарміраванне, утрыманне палкоў у тыле праціўніка. Утрыманне 21-га Валынскага і 2-га Палескага палкоў павінна здзяйсняцца звычайным для чырвонаармейскіх палкоў парадкам..."
Аднак гэтыя палкі і некаторыя іншыя часці неўзабаве паказалі сябе не лепшым чынам.

11.03. Малаколькасны АДКА самавольна пакінуў Багданаўку і накіраваўся ў Лунінец, парушыўшы баявы загад камандавання. Не павінны ўводзіць у зман найменаванні "камуністычны", якія паўсюдна прысвойваліся на мітынгах і афармляліся ў загадах пры сфарміраванні партызанскіх, паўстанцкіх палкоў і атрадаў у гады пасля рэвалюцыі 1917 г. Папулярнасць слова "камунізм" была масавай, так што пераважна або поўнасцю беспартыйныя палкі і атрады часта іменаваліся "камуністычнымі". I вось гэтыя "камуністычныя" фарміраванні, якія праявілі сябе ў першыя месяцы барацьбы з неарганізаванымі пятлюраўцамі, праз некаторы час станавіліся небаяздольнымі, схільнымі да панікі, нават пагромаў, што вымушала савецкае камандаванне іх расфарміроўваць. Асабліва пацярпела мірнае насельніцтва м. Лахва. Пасля пагромаў адтуль былі адпраўлены на расфарміраванне 2-і Палескі і 21-ы Валынскі "камуністычныя" палкі. Не ўтрымаліся ад пагромаў таксама 148-ы, 146-ы і 152-і стралковыя палкі, створаныя яшчэ ў 1918 г. з партызан Віцебскай губерні, і яны былі расфарміраваны.

У Рагачове з часткі паўстанцаў быў створаны атрад асобага прызначэння на чале з Ільіным. Але хутка камандзір загінуў.

З газеты "Звезда" ад 14 мая 1919 г. паведамленне "Пахаванне А.М. Ільіна": "Учора ў скверы плошчы Свабоды адбылося пахаванне загінуўшага на фронце старшыні ваеннага савета паўстанцкіх камун часцей заходняй ускраіны Беларусі таварыша Аляксандра Мікалаевіча Ільіна. Цела прыбыло з фронту на Віленскі вакзал, адкуль у 11 гадзін у суправаджэнні інтэрнацыянальнага атрада Чырвонай Арміі пры гуках марша перавезена ў малы сквер. Пры апусканні труны ў магілу быў выкананы трохразовы залп з ружжаў..."

У Лунінцы на доме, дзе быў штаб палескіх паўстанцаў, у 1978 г. адкрыта мемарыяльная дошка. Імем Ільіна названа адна з вуліц горада.

Але вернемся ў сакавік 1919 г., на Лунінеччыну.

15.03. На ст. Лоўча па чыгунцы прыбылі з Нясвіжа праз Лунінец 1-ы, 2-і і 3-і батальёны 9-га пагранічнага палка (камандзір Леанід Мікалаевіч Зацяплінскі, былы палкоўнік, ваенкам Леў Міхайлавіч Гейман, былы студэнт Кіеўскага універсітэта). Імі былі заняты старыя акопы на лініі Сошна — Стараселле — Вылазы, размясціліся таксама на захад ад вёсак Чухава і Новы Двор, штабы адпаведна знаходзіліся ў Парахонску і Пагост-Загародскім. Такім чынам, 150-ы полк быў зменены. Разведка выявіла палякаў у Заазер'і і Лагішыне. Актыўных дзеянняў ніводзін бок не прадпрымаў: уся Палеская нізіна была заліта вадой. 1-ы батальён быў накіраваны ў Ганцавічы для абароны подступаў да Лунінецкага вузла з боку Баранавіч.

22.03. Пачалося контррэвалюцыйнае выступленне ў Давыд-Гарадку былых царскіх афіцэраў, узняўшых частку насельніцтва. На яго ліквідацыю пасылаўся атрад з Лунінца. Мяцежнікі нават звярталіся да пятлюраўцаў за дапамогай. Разведчыкаў, якія апынуліся ў той дзень у Давыд-Гарадку, "акружылі і хацелі абяззброіць, разбурыўшы ў іх тыле мост. Аднак ім удалося знікнуць, згубіўшы аднаго цяжкапараненага і аднаго забітага... Днямі выязджаю сам туды з атрадам... Ваенкам 145-га палка Маляўскі. 07.04.19 г.".

24.03.1919. Са зводкі аб размяшчэнні часцей па абароне Лунінецкага вузла: 3-яя рота 21-га Рослаўльскага палка пад камандаваннем П. Юзэфовіча налічвала 114 чалавек і знаходзілася ў Дзятлавічах; эскадрон кавалерыйскага дывізіёна (камандзір Красцелаў, ваенкам Якімовіч) — у Лахве. Адзін узвод апошняга ахоўваў мост цераз Прыпяць (Азяранская пераправа). 19 сакавіка начальнік коннай разведкі 145-га стралковага палка 17-ай дывізіі І.Ф. Шубін падарваў чыгуначны мост цераз Гарынь. Бронепаязды N1 і N2, якія прыбылі з Відзібора ў Лунінец напярэдадні, цяпер былі накіраваны ў Баранавічы. Штаб 2-ой брыгады 17-ай дывізіі па-ранейшаму размяшчаўся ў Лунінцы. 1-ы батальён (камандзір Цімафееў) 150-га палка адбыў са ст. Лоўча ў в. Лунін і заняў абарончыя пазіцыі.

Шубін Іван Філарэтавіч (1881 — 1937), член РКП(б), з сялян, рабочы Пуцілаўскага завода ў Петраградзе, удзельнік першай сусветнай вайны. У Чырвонай Арміі з 1918-га. Быў на розных пасадах: у сакавіку 1919 — студзені 1920-га — камандзір 1-га асобнага кавалерыйскага дывізіёна 17-ай стралковай дывізіі, з сакавіка 1920 г. — памочнік камандзіра, потым камандзір кавалерынскага палка 57-ай стралковай дывізіі на Заходнім фронце. За перыяд грамадзянскай і савецка-польскай вайны 1920 г. узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга. У далейшым на камандных пасадах і гаспадарчай рабоце. Рэпрэсіраваны.
26.03. Дакументы сведчаць аб удзеле мясцовых жыхароў у барацьбе супраць белапольскіх акупантаў. "Грамадзянін пас. Лунінец Макар Чашэцкі правёў разведку раёна Церабяжаў — ст. Гарынь і далажыў абстаноўку штабу Чырвонай Арміі.

04.04. У данясеннях памочніка камісара 145-га палка ў палітаддзел 17-ай дывізіі адзначалася, што настрой чырвонаармейцаў добры, харчаванне палепшылася. Аднак з-за адсутнасці абутку здараюцца правакацыі... Маецца наплыў моладзі ў полк з мясцовых добраахвотнікаў. Аб змене пазіцый не перастаюць гаварыць... Няма газет і брашур. Многія босыя, нельга прызначыць у нарад на службу. За ваенкама А. Галубкоў".

16.04. У разведзводцы Беларуска-Літоўскай арміі адзначалася: "На Пінскім напрамку палякі часта праводзілі ўзмоцненыя пошукі ў накірунку на Парахонск, але былі адбіты артылерыйскім агнём. Гэтыя спробы насілі характар дэманстрацыі, каб адцягнуць увагу Чырвонай Арміі ад галоўных удараў на Баранавіцкім і Лідска-Віленскім накірунках. Агентура адзначае прыбыццё ў Пінск усё новых эшалонаў з польскімі часцямі. Чакаецца прыезд начальніка Палескай дывізіі Лістоўскага ў Пінск і затым плануецца наступленне на Лунінец". Гэтай жа ноччу з Калінкавіч у Лунінец прыбыў першы эшалон 64-га палка 8-ай стралковай дывізіі, крыху пазней — яшчэ два эшалоны.

17-ую дывізію на Лунінецкім напрамку замяніла 8-ая. Яе баявы шлях пачаўся на некалькі месяцаў раней, але на ім ужо адбыліся драматычныя падзеі.

Да сваёй перадыслакацыі дывізія стаяла ў раёне Гомеля. 24 сакавіка адна з яе брыгад, што размяшчалася ў горадзе, узняла мяцеж. На чале яго быў былы царскі афіцэр, эсэр М. Стракапытаў, які дзейнічаў сумесна з "Палескім паўстанцкім камітэтам". Захапіўшы горад, мяцежнікі абвясцілі стварэнне "Першай Расійскай рэспублікі". 65 партыйных і савецкіх работнікаў доўгі час трымалі абарону ў гасцініцы "Савой". Амаль усе яны загінулі або трапілі ў палон і былі расстраляны... Сярод мяцежнікаў былі і рабочыя, і сяляне, незадаволеныя дзейнасцю бальшавікоў; частка з іх не мела нічога супраць Савецкай улады. Праз 5 дзён Гомель быў вызвалены Чырвонай Арміяй. Стракапытаўцы падаліся ў Польшчу, частка з іх потым ваявала пад сцягам Юдзеніча, намагаючыся захапіць Петраград. Тут яны, дарэчы сустрэліся ў баі са сваімі былымі сябрамі па зброі, бо адна з брыгад 8-ай дывізіі была накіравана на дапамогу "гораду рэвалюцыі".

А астатняя частка дывізіі на чале з Е.Н. Еўдакімавым, згодна з аператўным загадам па Беллітарміі N 57 ад 09.04.1919 г., заняла абарону ад белапалякаў на ўчастку Лунінец — Сіняўка (пад Ляхавічамі).

17.04. На ст. Лунінец быў аддадзены аператыўны загад N 107 па 1-ай брыгадзе 8-ай дывізіі, у якім ставілася задача настойліва абараняць Сарненскі баявы ўчастак (начальнік — камандзір 64-га стралковага палка А.М. Новікаў). Гэтым жа загадам гаспадарчая частка палка размяшчалася ў Лунінцы. На ст. Лунінец знаходзіліся камандзір 1-ай брыгады Уладзімір Уладзіміравіч Шашкін, камісар Сяргей Мікалаевіч Ждановіч, за начальніка штаба — Касперскі.

18.04. У склад Лунінецкага вузла на гэты дзень уваходзілі: адзін батальён 150-га палка, 1-ая рота 34-га Малавішэрскага палка чыгуначнай аховы, 14 гармат, два эскадроны кавалерыі, сапёрная рота, лазарэты, гаспадарчыя падраздзяленні, каманды і тылавыя часці. Астатнія часці праз некалькі дзён сталі пакідаць Лунінец па новых назначэннях: 9-ы пагранічны полк быў накіраваны пад Баранавічы ў раён Сіняўкі, а яго тылавыя часці пераводзіліся ў Слуцк; 145-ы полк — у Бабруйск; 64-ы стралковы полк вылучаўся на раз'езд Прыпяць для заняцця пазіцый Сарненскага баявога ўчастка, а яго 1-ая рота (камроты Лукс Яніс Якаўлевіч, н. у 1892 г., латыш, удзельнік першай сусветнай вайны, дзе быў паранены і кантужаны, член РКП(б), у полк уступіў у Маскве ў 1918г.) — да ст. Ганцавічы, дзе займала пазіцыі на лініі Забярэззе — Мал. Плотніца — Багданаўка — Камень — левы бераг ракі Бобрык — Дубнавічы — Парахонск. Яе дзеянні на гэтым участку падтрымлівалі мясцовыя невялікія партызанскія атрады з сялянскай моладзі і былых франтавікоў.

У гэты ж дзень камандзір 64-га палка Новікаў загадам № 012 назначыў начальнікаў участкаў лініі фронту па абароне подступаў да Лунінецкага вузла з поўдня. Правы ўчастак узначаліў часова выконваючы абавязкі камандзіра 3-га батальёна (ён жа і камандзір 7-ай роты) Ілья Яфімавіч Сямёнаў (н. у 1892 г. у в. Клашня Сухдаўскай воласці Алксінскага павета Тульскай губерні), са штабам у панскім двары Цмень; сярэдні — камандзір 2-ой роты Статноў Васіль Майсеевіч (н. у 1896 г. у Маскве), са штабам на ст. Відзібор; левы — камандзір 2-га батальёна Засецкі Пётр Пятровіч (н. у 1895 г. у Маскве, удзельнік першай сусветнай вайны, двойчы паранены, спачуваючы РКП(б)). У в. Малыя Арлы была ўстаноўлена артылерыя пад прыкрыццём з 20 чалавек 4-ай роты (камандзір Баранаў Піліп Аляксандравіч, н. у 1897 г. у Маскве, удзельнік першай сусветнай вайны, дзе быў паранены). У раёне в. Беражное займала пазіцыі 3-яя рота (камандзір Пуцілаў Канстанцін Дзмітрыевіч, н. у 1896 г. у в. Халуй Вязнікаўскага павета Уладзімірскай губерні, удзельнік першай сусветнай вайны).

Кароткая гісторыя 64-га палка 8-ай стралковай дывізіі пачынаецца з лета 1918 г. фарміраваннем 3-га Маскоўскага савецкага палка. Аснову яго склалі вядомыя па кастрычніцкіх баях 1917 г. у Маскве салдаты 193-га пяхотнага палка, адзін батальён якога на чале з выпускніком Тыфліскага ваеннага вучылішча Сулацкім-Сіу Уладзімірам Акімавічам (н. у 1895 г., член РСДРП(б) з чэрвеня 1917 г.) удзельнічаў у падаўленні мяцяжу левых эсэраў у Маскве і Яраслаўлі ў ліпені 1918 г., раззбройваў анархістаў.

28.09.1918 г. полк быў перайменаваны ў 64-ы стралковы полк і пераведзены з 5-ай у 8-ую стралковую дывізію. Камандзірам быў прызначаны Новікаў Аляксей Мікалаевіч, былы штабс-капітан старой арміі, адзначаны за мужнасць у першай сусветнай вайне георгіеўскай зброяй. Ваенкамам быў назначаны У.А. Сулацкі-Сіу.

27.12.1918. Палку ўручаны сцяг Замаскварэцкага раёна Масквы. Да гэтага часу ў яго ўліліся кадравыя рабочыя маскоўскіх заводаў і фабрык, многія з іх — былыя франтавікі. Ад'ютантам (начальнікам штаба) стаў былы пісар старой арміі Малаткоў Пётр Васільевіч (н. у 1898 г.), камандзірам 1-га батальёна і памочнікам камандзіра палка — Крумін Аўгуст Пятровіч (н. у 1896 г., латыш, рабочы эвакуіраванага з Рыгі ў Маскву завода, член РКП(б)), камандзірам 1-ай роты — Лукс Яніс Якаўлевіч. Чырвонымі камандзірамі ў палку сталі іншыя масквічы-добраахвотнікі: друкар Гудкоў Дзмітрый Іванавіч, н. у 1897 г.; слесар Удалаў Уладзімір Міхайлавіч, н. у 1896 г., былы унтэр-афіцэр; браты Мікалай і Аляксей Дабраковы, Аляксандр і Іван Талбузіны, Фёдар і Сяргей Курганавы, Панцеляймон і Сяргей Карнеевы, трое братоў Макеевых. Усе яны ўдзельнічалі ў абароне Лунінецкага вузла ад пятлюраўцаў і белапалякаў.

29.12.1919 г. 64-ы полк выступіў з Масквы ў г. Нова-Барысаў, куды прыбыў праз паўмесяца. 19 студзеня са сцягам полк прайшоў маршам па г. Барысаву, 23 лютага, у 2-ую гадавіну Чырвонай Арміі, параднае шэсце паўтарылася.

28.03.1919 г. дывізіі было загадана выступіць на фронт. Праз два дні полк прыбыў у Жлобін. Адсюль першы батальён накіравалі часова на ст. Калінкавічы, каб дзейнічаць супраць стракапытаўскага мяцяжу. Сюды ж падцягваліся і астатнія сілы палка. Пасля разгрому мяцяжу некаторыя стракапытаўцы пераправіліся на пароме на правы бераг Прыпяці, заняты пятлюраўцамі, якія захапілі Мазыр. Супраць іх пачаліся баявыя дзеянні, у якіх 10 дзён прымаў удзел 64-ы полк. 10 красавіка чырвонаармейцы занялі горад.

30.04. Пятлюраўцы адступалі. Пакінулі Столін, ст. Гарынь, м. Дубровіца Не збыліся іх планы наконт далучэння Лунінца і ўсяго Беларускага Палесся да так званай "Украінскай народнай рэспублікі". Дарэчы, напярэдадні адыходу яны накіравалі "ультыматум" Лунінецкай групе савецкіх войскаў: "...ваше военное положенне безнадежно. Предлагаю вам прекратить с 11 апреля вооруженную борьбу против Украинской народной республики, сдать все оружие... украинскому командованию... предоставить нам занять Лунинец нашими частями. Атаман (подпись неразборчива), временный квартирмейстер полковник Стецький". Савецкае камандаванне ў Лунінцы не адказала на гэты "ультыматум" і ўзмацніла ваенныя дзеянні супраць пятлюраўцаў.

15.05. Разведка выявіла прасоўванне новага праціўніка — белапалякаў, якія замянілі пятлюраўцаў на подступах да Лунінца з поўдня і паўднёвага захаду. Аднак разведаўшы, што супраць іх выдзелены баявы атрад з рэзерву 64-га палка, 150 легіянераў з гарматай адступілі за р. Стыр, узарваўшы мост цераз яе.

Савецкае камандаванне ў Лунінцы разгадала планы праціўніка. У разведзводцы штаба Заходняга фронту з 15 мая па 1 чэрвеня 1919 г. адзначалася, што палякі мелі намер адрэзаць Лунінецкую групу.

19.05. Днём нашай разведкай чырвонаармейцаў быў знішчаны паром праціўніка на р. Стыр, аднак белапалякі ўсё ж прайшлі ад Лапаціна да в. Фядоры.

20.05. У Лунінец прыбыло папаўненне з Нова-Барысава для 64-га палка: 10 інструктараў (камандзіраў), 68 чырвонаармейцаў, 4 кулямёты, 5 коней, 1 павозка, 7 паходных кухань. Камандзірам зводнага батальёна быў Громаў Іван Іванавіч (н. у 1895 г. у Маскве, з настаўнікаў, удзельнік першай сусветнай вайны, член РКП(б)). Суткамі раней у 64-ы полк улілі 2-ую роту 66-га стралковага палка: 5 інструктараў, 6З чырвонаармейцы. Громаў стаў камандаваць сярэднім баявым участкам і 3-ім батальёнам.

25.05. Улічваючы вопыт баёў з белапалякамі, была праведзена цэнтралізацыя разрозненых груп і ўчасткаў 64-га палка. Усе яго падраздзяленні былі зведзены ў 2 групы. Першую, Прыпяцкую, узначаліў памочнік камандзіра палка А.П. Крумін. Яна ўключыла 2 атрады: першы ў складзе палкавой школы на чале з начальнікам Радзіёнавым Аляксандрам Георгіевічам (н. у 1895 г. у Маскве, удзельнік першай сусветнай вайны, дзе быў атручаны газамі), 2-ой роты 66-гапалка, 2-ой і 6-ай рот 64-га палка, дзвюх гармат, другі — на чале з камандзірам 2-га батальёна П.П. Засецкім у складзе 4-ай, 5-ай і 7-ай рот 64-га палка, атрада камуністаў з Лунінца — 60 чалавек, адной гарматы 1-ай батарэі 2-га артылерыйскага дывізіёна.

Другую, Столінскую, групу ўзначаліў Громаў. Яна не раздзялялася на атрады і складалася з кадраў 8-ай і 9-ай рот, 3-яй роты 64-га палка, браняпоезда, што прыбыў з Лунінца з адной гарматай, якім камандаваў былы шахцёр з Горлаўкі камуніст Архіпаў Дзмітрый Іванавіч.

27.05. Камандзір 64-га палка Новікаў і ваенкам Сулацкі-Сіу рапартавалі ў Лунінец аб цяжкім, крытычным становішчы палка: "Ужо 12 дзён бясконцых баёў. Людзі знясілены, настрой у іх кепскі. Каля двух месяцаў ніхто не быў у лазні. Улічваючы ўсё гэта, просім даць адпачынак палку".

Але нават у такіх невыносных умовах чырвонаармейцы наносілі адчувальныя страты легіянерам, здзяйснялі подзвігі.

29.05. У распараджэнне камандзіра 64-га палка да Волянскіх мастоў на Прыпяці прыбыў з Кіева бронепараход № 11 "Адмірал" (камандзір Істрын Пётр Пятровіч), які ўваходзіў у склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі, меў на ўзбраенні дзве 76-міліметровыя гарматы і 4 кулямёты з камандай у 40 чалавек. Разам з ім на Прыпяці сталі дзейнічаць яшчэ два дапаможныя судны.

Тым часам роты 64-га палка і атрад лунінецкіх камуністаў стрымлівалі наступленне белапалякаў уздоўж палатна чыгункі на лініі в. Осава — будка № 51.

30.05. Атакі легіянераў былі адбіты з немалымі стратамі для іх. Гэта дазволіла савецкаму камандаванню правесці невялікую перагрупоўку сіл. У распараджэнне камандзіра 2-ой брыгады 8-ай стралковай дывізіі ў Лунінец былі накіраваны 1-ая рота 69-га палка, 3-яя рота 66-га палка і першыя ўзводы 2-ой і 1-ай батарэй, браняпоезд Архіпава. Частка гэтых сіл была перакінута на поўнач, каб вызваліць ст. Ганцавічы. Бронепараход быў адпраўлены ў Давыд-Гарадок для падтрымкі 6-ай, 8-ай і 9-ай рот 64-га палка, якія дзейнічалі там. У ходзе бою карабель быў адрэзаны і абыйдзены праціўнікам. Але маракі ўсё ж здолелі прарвацца ў Тураў.

Супраць 1-ай брыгады 8-ай стралковай дывізіі дзейнічалі добра ўзброеныя 22-і і 34-ы пяхотныя палкі, 250 чалавек рускіх белагвардзейцаў, дружына з мясцовых багацеяў, чатыры эскадроны кавалерыі, рачная флатылія з шасці ўзброеных катэраў і пантонаў. У Пінску белапалякі мелі цяжкія гарматы, шмат войскаў, поўнасцю іншаземнае забеспячэнне, якое гарантавалі прадстаўнікі амерыканскай і французскай місій.

31.05. У поўдзень да Азяранскай пераправы (стратэгічны мост цераз Прыпяць каля в. Боркі ніжэй Турава) падышоў з Кіева параход сувязі Дняпроўскай ваеннай флатыліі "Асцёр" з чынам для асобых даручэнняў камандуючага флатыліяй В.П. Крупчынскім. З раз'езда Прыпяць ён адправіўся на дрызіне ў Лунінец з дакументамі штаба флатыліі для перагавораў і ўстанаўлення сувязі з камандаваннем Чырвонай Арміі.

Крупчынскі Валерыян Пятровіч (1891 — 1962) нарадзіўся ў Кіеве, удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, рэвалюцыйных падзей 1917 г. на Чарнаморскім флоце, начальнік баявога ўчастка ракі Прыпяць летам 1919 г. У 1920 — 1922 гг. працаваў у органах НКУС на Кубані і Каўказе, з 1924 г. пасля хваробы — начальнік пажарнай каманды ў Кіеве, затым на гаспадарчай рабоце.
03.06. Легіянеры адступілі на ранейшыя пазіцыі за раку Стыр. Украінскія савецкія часці занялі Сарны. Хаця ўвесь участак чыгункі ад Відзібора да Гарыні белапалякі моцна пашкодзілі, узарваўшы яе ў шасці месцах, майскае наступленне праціўніка было сарвана.

6 чэрвеня першая рота 64-га палка выбіла палякаў з Ганцавіч. Ротай камандаваў Іван Лявонцьевіч Глыбычоў, 1897 г.н., ураджэнец Падмаскоўя, удзельнік першай сусветнай, член РКП(б). У баях на гэтым напрамку абодва бакі панеслі страты. Паведамлялася, што польскія легіянеры на 18 вазах павезлі сваіх забітых і параненых, 7 чалавек трапілі ў палон. Страты былі і з савецкага боку.

У гэты час адбылася пэўная перагрупоўка сіл чырвонай Дняпроўскай ваеннай флатыліі — 6 чэрвеня ў Кіеў на рамонт быў адпраўлены бронепараход № 11 "Адмірал". Замест яго 8 чэрвеня да чыгуначнага раз'езда Прыпяць (на поўдзень ад Лунінца) прыбыў бронепараход № 9 "Апалон" пад камандай Емяльяна Аляксандравіча Вендзялоўскага, ураджэнца Чарнігаўскай губерні, які даставіў з Турава рэзерв 1-ай брыгады 8-ай стралковай дывізіі. Былі адкрыты рэгулярныя рэйсы па Прыпяці караблёў рачной флатыліі Прыпяцкага раёна (камандзір Леанід Асоўскі) ад Давыд-Гарадка і Турава да Мазыра і Чарнобыля. Мазырскі павятовы ваенкам І. Каўроў выкарыстаў караблі для перавозкі каля 10 тысяч мабілізаваных у Чырвоную Армію жыхароў Століншчыны, Лунінеччыны, Петрыкаўшчыны, Жыткаўшчыны. Палякі арганізавалі чарговы напад катэраў на Волянскія масты, але былі адбіты пры ўдзеле бронепарахода "Апалон".

Беларуска-Літоўская армія, у склад якой уваходзілі 8-ая і 17-ая дывізіі, што абаранялі Лунінецкі чыгуначны вузел, была перайменавана ў 16-ую армію. 9 чэрвеня на пазіцыі 1-ай брыгады 8-ай дывізіі ў раёне Лунінца прыбылі член Рэўваенсавета рэспублікі і ЦВК РСФСР Іван Тэнісавіч Смілга, член Савета абароны 16-ай арміі Іосіф Станіслававіч Уншліхт і начальнік палітаддзела гэтай арміі Кірыл Іванавіч Шутко. Баявы ўчастак і работы на пазіцыях былі імі прызнаныя выдатнымі, за што камандзір брыгады В.В. Шашкін атрымаў разам з падзякай бінокль.

11 чэрвеня да раз'езда Прыпяць і Волянскіх мастоў прыбылі яшчэ некалькі караблёў Дняпроўскай ваеннай флатыліі: бранякатэры № 2 "Ленін" (камандзір Георгій Феадосьевіч Рашэўскі) і № 5 "Тарас Шаўчэнка" (камандзір Якаў Сяргеевіч Чубенка), параход "Дзелавы" і судна сувязі "Асцёр". Разам з параходам "Апалон" яны склалі Прыпяцкі атрад караблёў, які ўзначаліў марак-чарнаморац Валерыян Пятровіч Крупчынскі, камісарам стаў марак-балтыец Максім Андрэевіч Дашкевіч.

12 чэрвеня 1919 г. камандзір 1-ай брыгады 8-ай стралковай дывізіі Шашкін і ваенкам Ждановіч выдалі аператыўны загад з аналізам абстаноўкі: на поўначы пасля вызвалення Ганцавіч чырвоныя войскі, у тым ліку Малькавіцкі баявы ўчастак (БУ) у складзе роты 64-га палка, узвода сапёраў, 130 партызан, двух гармат бронецягніка, утрымлівалі свае пазіцыі. Праціўнік у асноўным быў пасіўны і на пазіцыях Пінскага БУ (сем рот, пяць узводаў сапёраў, 50 партызан, 4 гарматы). На поўдзень ад Лунінца праціўнік адышоў за раку Стыр, тут яму процістаялі войскі Сарненскага БУ (чатыры роты, палкавая школа, кадравыя часці 8-ай і 9-ай рот, 10 падрыўнікоў, 2 гарматы). Лінія размежавання з Украінскай савецкай арміяй праходзіла па Прыпяці. Асаблівую ўвагу чырвонае камандаванне надавала захоўванню мастоў цераз Прыпяць.

У той жа дзень, 12 чэрвеня, палякі атакавалі нашы пазіцыі на ўсходзе Пінскага раёна, аб чым паведаміў са станцыі Лоўча камандзір 66-га палка, але былі адбіты. Чырвоныя войскі таксама праводзілі абмежаваныя аперацыі (так, 13 чэрвеня аднаму з партызанскіх атрадаў было загадана правесці разведку ў напрамку в. Лапаціна). У той жа дзень, дарэчы, разведчыкі з Украіны паведамілі аб дзеяннях партызанскага атрада А.М. Iльіна, які каля Сарнаў злучыўся з рэгулярнымі часцямі 3-яй пагранічнай дывізіі. 14 чэрвеня на Пінскім баявым участку адбыўся бой, які закончыўся паражэннем чырвонаармейцаў. Выконваючы абавязкі камандзіра 66-га палка, Харэўскі перадаў са ст. Лоўча, што легіянеры з кулямётамі, пераапранутыя ў цывільнае адзенне, пры дапамозе мясцовых палякаў з некалькіх напрамкаў падышлі да Лагішына і атакавалі яго. Завязаўся цяжкі бой, абодва бакі кідаліся ў атаку на кулямёты, неаднойчы сустракаліся ў рукапашнай. Мясцовыя палякі стралялі з вокнаў, кідалі гранаты. Камандзіры 1-ай і 8-ай рот Мікалай Іваноў і Аляксей Дравасекаў самі ва ўпор стралялі з кулямётаў па шарэнгах праціўніка, прычым лёс Дравасекава (былога падпаручніка царскай арміі, дарэчы) не высветлены. У выніку бою з акружэння прарвалася на злучэнне з 4-ай ротай толькі частка чырвонаармейцаў дзвюх вышэйназваных рот. Лагішын быў заняты ворагам. На ўчастку суседняга партызанскага атрада таксама ўвесь дзень ішоў бой, але тут палякі былі адбіты. У выніку нечаканага польскага наступлення чырвонаармейцы панеслі немалыя страты.

Вечарам 15 чэрвеня часці 66-га палка зноў занялі Лагішын, адкуль праціўнік адышоў без бою. У аператыўным загадзе па 1-ай брыгадзе ад 16.06.19 г. адзначалася, што брыгадзе даручана змяніць 3-юю брыгаду ў раёне Ганцавіч, умацавацца па Агінскім канале і Ясельдзе, а таксама ўтрымліваць масты цераз Прыпяць і Лунінецкі вузел. Згодна з гэтым дакументам, брыгадны рэзерв складаўся з 4 рот, 2 гаўбіц, бронепарахода, браняпоезда, а на станцыі Лахва базіраваўся авіяатрад у складзе трох самалётаў. У тым жа загадзе было забаронена падпускаць да дэмаркацыйнай лініі з палякамі мясцовых жыхароў і бежанцаў, бо перад тым камандзір 64-га палка паведаміў: "Многія чыгуначныя служачыя і прыватныя асобы едуць цягніком да месца выдачы пропуска, а потым перабіраюцца цераз дэмаркацыйную лінію, расказваюць там аб месцах стаянкі нашых часцей. Многія з іх спекулянты. Гэта недапушчальна... Сярод бежанцаў шмат шпіёнаў".

Караблі Прыпяцкага атрада ў гэтыя дні займаліся аховай мастоў і разведкай. 15 чэрвеня бранякатэр № 2 абстраляў варожую групу, якая вяла агонь па савецкіх караблях з Лахаўскага моста (верагодна, у раёне Лахвы). 21 чэрвеня В. Крупчынскі і Е. Вендзялоўскі з параходам "Апалон" і катэрам № 5 пайшлі ад Волянскіх мастоў у бок праціўніка на разведку, ад мясцовых сялян даведаліся аб колькасці палякаў у шэрагу вёсак. Ля в. Качановічы чырвоныя маракі заўважылі мост цераз Прыпяць, перарвалі тут лінію сувязі, а польскую ахову пасля перастрэлкі прагналі.

Сухапутныя часці таксама займаліся разведкай. Яны высветлілі, што ў Пінску, вёсках Чарнова і Лапаціна знаходзіцца 22-і полк, тут жа займаюцца з навабранцамі. З Варшавы праз Пінск да фронту рушаць па чыгунцы войскі, прыязджаў генерал Галер. У Пінску існуе "Ліга рускіх афіцэраў", якая вярбуе добраахвотнікаў. У данясенні 21.06.19 г. адзначалася, што салдаты, якія прыбылі з Варшавы ў пачатку чэрвеня, выйшлі на станцыю Пінск з чырвонымі сцягамі і заклікамі "Далоў легіянераў! Хай жывуць бальшавікі!". Пры падаўленні выступлення быў забіты афіцэр-жандар. Салдат абяззброілі і адправілі ў тыл. На ўмацаванне афіцэрскай дружыны прыбылі 80 стракапытаўцаў, што ў свой час паўсталі супраць Савецкай улады ў Гомелі. Разведчыкі адзначалі таксама, што на фронт прыбываюць свежыя войскі генерала Галера.

20 чэрвеня польскі самалёт скінуу бомбы на станцыю Лунінец і абстраляў з кулямёта — у чырвонаармейцаў былі ахвяры. У той жа дзень адбыўся бой ля Лагішына. А яшчэ маланка падпаліла пешаходны мост цераз Прыпяць, пасля яго аднаўлялі чырвонаармейцы 64-га і 66-га палкоў.

Камандзіры рэгулярных часцей Чырвонай Арміі не заўжды былі задаволены баяздольнасцю партызанскіх атрадаў з мясцовых жыхароў. Напрыклад, партызаны в. Люсіна адмовіліся выходзіць на баявыя пасты. Сярод насельніцтва былі і польскія агенты. Так, 24 чэрвеня камандзір 64-га палка паведамляў камандаванню аб арышце міліцыянера Самурына, жыхаркі адной з вёсак Берты Гольдзенберг, а таксама яе брата — жыхара Лунінца — за сувязь з польскай разведкай.

27 чэрвеня польскі перабежчык паведаміў аб польскіх часцях у Пінску, назваў вуліцы, на якіх яны размяшчаліся. Камандаваў імі генерал Лістоўскі. Там жа нарэшце была сфарміравана белагвардзейская афіцэрская дружына, у якую ўвайшлі і былыя мяцежнікі-стракапытаўцы, што насілі цяпер шэрую нямецкую і жоўтую амерыканскую форму. У Пінскай турме знаходзіліся каля 150 украінцаў, якія адмовіліся ваяваць на баку палякаў. Пэўныя страты панеслі палякі ад налёту чырвонай авіяцыі на Пінск.

27 чэрвеня параход "Апалон" з паўротай чырвонаармейцаў і абодва бранякатэры пайшлі ад Волянскіх мастоў на захад, з боем падпалілі і падарвалі мост цераз Прыпяць у в. Качановічы. Дарэчы, бранякатэры патрабавалі рамонту, маракі Прыпяцкага атрада ўжо доўгі час не атрымлівалі распараджэнняў ад камандавання флатыліяй. У канцы чэрвеня 1919 г. атрадам камандаваў ужо Дзмітрый Сямёнавіч Волкаў, ураджэнец Кіеўскага павета, былы ўдзельнік першай сусветнай. 1 ліпеня па загаду камандуючага Дняпроўскай флатыліяй А.В. Палупанава бронепараход № 9 "Апалон" быў адазваны ў Кіеў, дзе пагоршылася сітуацыя — да горада падышлі атрады атамана Зялёнага. "Апалон" быў пабудаваны за 7 гадоў перад тым у Кіеве як буксір, пазней удзельнічаў у многіх баявых аперацыях на Прыпяці і Дняпры, у тым ліку ў вядомым Лоеўскім прарыве (у ноч на 2 чэрвеня 1920 г.). Быў перайменаваны ў кананерскую лодку "Геройскі", узнагароджаны Ганаровым рэвалюцыйным чырвоным сцягам ВЦВК. Пазней працаваў у народнай гаспадарцы пад сціплай назвай "Рулявы". Затанула судна пры абароне Кіева ў 1941 г. Ля Лунінца ж пасля адыходу "Апалона" засталіся бранякатэры № 5 і № 2 са сваёй базай — буксірным параходам "Дзелавы".

У гэтыя ж дні 1-ая брыгада 8-ай дывізіі атрымала падмацаванне, хоць і нязначнае, — у Лунінец 30 чэрвеня прыбылі 1-ы асобны кавалерыйскі дывізіён (137 чалавек з 2 кулямётамі) і батальён 10-га пагранпалка (54 чалавекі з 2 кулямётамі). Гэта дазволіла змяніць і адвесці на адпачынак некалькі рот 64-га палка. Чырвонае камандаванне актывізавала дзеянні на Ганцавіцкім і Лагішынскім напрамках. Аднак палякі, узмоцненыя свежымі часцямі, самі 2 ліпеня перайшлі ў наступленне на некаторых напрамках — пачаліся баі пад вёскамі Плотніца, Стахава, Гарадзішча, Лышча, чырвоныя часці панеслі страты. На лагішынскі ўчастак з Пінска была накіравана руская дружына з афіцэраў і стракапытаўцаў (каля тысячы чалавек). I ў наступныя дні палякі наступалі, авалодаўшы Плотніцай, Стахавам, Лышчай... Данясенні камандзіраў чырвоных палкоў сведчаць: "Праціўнік моцна напірае. Калі яшчэ суткі — напору праціўніка не вытрымаем". Упартыя баі ішлі пад Хатынічамі, чырвоныя атрады адышлі з Дабраслаўкі, Чухава і Новага Двара. Палякі падышлі да Ганцавіч, на поўдзень ад Прыпяці занялі станцыю Гарынь і мястэчка Столін. Польскія аэрапланы бамбілі чырвоныя пазіцыі. Чырвонаармейцы былі стомлены баямі, асабліва нізкі быў баявы дух у партызанскіх атрадах. Частку партызан камандаванне 1-ай брыгады нават загадала абяззброіць, каб не сеялі паніку.

Такім чынам, у пачатку ліпеня становішча чырвоных войск, што абаранялі стратэгічны Лунінецкі чыгуначны вузел, значна пагоршылася, бо палякі прасунуліся на поўнач і на поўдзень ад яго, адначасова ведучы наступленне і на цэнтральным участку. 6 ліпеня яны занялі Парахонск. Палонныя палякі паказалі, што наступаюць 22-і, 34-ы і 35-ы пяхотныя, 4-ы уланскі палкі, руская афіцэрская дружына, а ў рэзерве знаходзіцца 3-і уланскі полк. Усе часці добра ўкамплектаваныя. Генерал Лістоўскі, які камандаваў наступленнем, загадаў узяць Лунінец не пазней 6 — 7 ліпеня.

7 ліпеня чырвоныя часці пакінулі Люсіна і пасля ўпартага бою — Малькавічы. Палякі ўвайшлі на тэрыторыю сучаснага Лунінецкага раёна — імі была занята Багданаўка. Зводка штаба 1-ай брыгады 8-ай дывізіі паведамляла: "Узнікла пагроза вёсцы Лунін. Поўным ходам эвакуіруем Лунінец". На поўдзень ад Прыпяці праціўнік заняў Асаўцы. Чырвоныя войскі з баямі адыходзілі.

Узмацненне польскіх войск 70-тысячнай арміяй генерала Галера, у значнай ступені сфарміраванай з амерыканцаў польскага паходжання, дазволіла палякам перайсці ў наступленне на шэрагу напрамкаў, у тым ліку на Лунінец — з раёнаў Ганцавічы — Лагішын і ад Відзібора.

У сувязі з пагаршэннем становішча 7 ліпеня 1919 г. было загадана адвесці на раз'езд Прыпяць часці 64-га палка, якія займалі Сарненскі баявы ўчастак. У журнале баявых дзеянняў палка значыцца: "У 2 гадзіны ночы (08.07.1919 г.) чыгуначны і пешаходны масты цераз Прыпяць былі ўзарваны часцямі каманды падрыўнікоў 1-ай брыгады. Адначасова эшалон з часцямі 64-га палка прыбыў на ст. Лунінец, адкуль быў накіраваны на ст. Лахва. Туды эшалон прыбыў у 3 гадзіны, выгрузіўся і па загаду камандзіра палка накіраваўся для заняцця вёсак і пазіцый". 4-ая рота з кулямётам заняла Азярніцу, палкавая школа, сапёрная каманда з 5 кулямётамі і гарматай — Дварэц. Адна гармата і тры кулямёты былі размешчаны на ст. Двіра (магчыма, маецца на ўвазе Дрэбск). Штаб палка, каменданцкая каманда, конная разведка і 2 гарматы размясціліся ў Любачыне. З прыбыццём наступнага эшалона 1-ая і 4-ая роты былі вылучаны ў Бродніцу. Полк павінен быў прыкрыць адступленне 66-га палка з Лунінца, для чаго неабходна было заняць Язвінкі і Ракітна.

Між тым на поўнач ад Лунінца чырвонаармейскі атрад Лукса знаходзіўся каля Люшчы, да якой падыходзілі ўжо конныя разведчыкі палякаў. Стомленыя і галодныя чырвонаармейцы ў ноч на 8 ліпеня перайшлі ў Бастынь. Луксу было загадана адыходзіць на Дварэц, дзе далучыць да сябе палкавую школу на чале з Міхаілам Міхайлавічам Радзіёнавым (н. у 1896 г. у г. Ялец, удзельнік першай сусветнай, паручнік, у Чырвонай Арміі з 1918 г.).

8 ліпеня буксірны параход "Дзелавы" ўзяў каля Волянскіх мастоў на борт 8-ую роту і з бранякатэрамі № 2 і № 5 даставіў яе ў Давыд-Гарадок. На наступны дзень палякі ўварваліся туды і акружылі чырвоныя часці, але пасля цяжкага бою 3-і батальён і караблі здолелі прарвацца да Турава. Адтуль буксір павёў катэры ў Кіеў.

У 15 гадзін 9 ліпеня палякі пачалі наступленне на Бродніцу. 4-ая і 6-ая роты сустрэлі варожыя ланцугі агнём з акопаў, да бою падключылася чырвоная артылерыя. Вечарам чырвоныя адышлі да Азярніцы. У Дварцы палкавая школа была зменена часцямі 66-га палка, якія пачалі прыбываць сюды з Лунінца. Камандзір 1-га батальёна Я. Лукс у той жа дзень паведаміў, што 5 дзён не выходзіць з бою, пасля вяртання бронецягнікоў у Лунінец адыходзіць да Бродніцы, а ў дадзены момант знаходзіцца ў Дзятлавічах. Баі вялі і часці. 66-га палка, якія адыходзілі з Лунінца на Ракітна і Язвінкі. Канчаткова Лунінец быў пакінуты раніцай 10 ліпеня, пад прыкрыццём бронецягнікоў 1-ая брыгада паступова адышла за раку Смердзь, на лінію Любачын — Кажан-Гарадок. Адначасова палякі занялі Тураў, а 3-і батальён 64-га палка перайшоў на левы бераг Прыпяці, яго камандзір Громаў быў зняты з пасады. Я. Луксу з 1-ым батальёнам было загадана рушыць туды і далучыць да сябе 3-і батальён, якім часова камандаваў Сяргей Цімафеевіч Цімафееў (н. у 1891 г., працаваў качагарам, з 1913 — у арміі, у 1920 узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, працаваў у Маскве, у 1941 г. ваяваў у апалчэнні, цяжка паранены, памёр у 1961 г.).

10 ліпеня палякі зноў атакавалі Бродніцу, прычым у час бою трапіў у палон камандзір 2-га батальёна П. Засецкі. Яго замяніў камандзір 6-ай роты Фёдар Сцяпанавіч Курганаў (н. у І896 г. пад Масквой, з 1916 г. на франтах першай сусветнай і грамадзянскай). За гэты бой і некалькі наступных ён у 1920 г. атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. Чырвонаармейцы 4 гадзіны стрымлівалі праціўніка.

Усё ж давялося адыходзіць і далей. 11 ліпеня часці 64-га палка праз Лахву рушылі ў Мікашэвічы, куды прыбылі ў ноч на 12 ліпеня. 66-ы полк пакуль застаўся на пазіцыях па Лані. 12 ліпеня палякі пачалі абстрэл гэтых пазіцый і в. Сінкевічы з гармат і перайшлі ў атаку, але яна была адбіта. Значную ролю адыграў у гэтым бронецягнік пад камандай былога шахцёра Дзмітрыя Іванавіча Архіпава, які нечакана абстраляў палякаў з засады. Баі ў раёне Любані і фальварка Чэрабасава працягваліся.

Занепакоенасць чырвонага камандавання 16-ай арміі выклікаў той факт, што паміж ёй і 1-ай Украінскай савецкай дывізіяй, якая дзейнічала ў раёне Сарны — Роўна, быў разрыў, у выніку чаго палякі маглі абысці пазіцыі чырвоных па паўднёваму берагу Прыпяці. Таму камандаванне 1-ай брыгады загадала ротам 64-га палка займаць Сітніцу, Мікашэвічы, Вільчу, адначасова рухаючыся (сіламі 2-ой роты) на м. Ленін і на Тураў. 66-ы полк працягваў займаць пазіцыі ў раёне Сінкевічы — Мокрава. Дакументы сведчаць аб значных стратах у яго ротах, шмат байцоў прапалі без вестак, а Анісім Пратасеня і Цімафей Людзько трапілі ў палон, але праз 10 дзён здолелі ўцячы і вярнуцца да сваіх.

Тое, што палякі занялі Тураў і захапілі там стратэгічны мост цераз Прыпяць, пагражала акружэннем часцям 1-ай брыгады, дыслацыраваным на ўсходзе Лунінецкага раёна. Нездарма 4-ая рота 64-га палка была перакінута з Сітніцы ў Петрыкаў, дзе павінна была ўтрымліваць яшчэ адзін мост цераз Прыпяць. Але палякі пагражалі абходам і з поўначы. Дакумент, датаваны 16 ліпеня, сведчыць: "Старшыня камітэта (рэўкама) м. Лахва, які ўцёк ад палякаў, паведаміў: "Праціўнік накоплівае вялікія сілы на хутарах, што на паўночны захад ад в. Мокрава, каля ст. Сінкевічы. Я асабіста чуў ад польскага камандавання, ўто яны робяць абход". Аб гэтым жа гавораць і перабежчыкі: праціўнік абышоў наш правы фланг, мінуючы м. Ленін. Пазней даныя аб абходзе пацвердзіліся: 5 жніўня палякі ўзялі Клецк, пасля баёў з 65-ым палком 6 — 13 жніўня — Слуцк, пачалі адтуль рухацца да Жыткавіч.

Усё ж на пазіцыях па Лані фронт на нейкі час стабілізаваўся. Мясцовыя жыхары расказвалі аб тым, што робіцца на занятай праціўнікам тэрыторыі. У Лахве легіянеры расстралялі трох камуністаў, былі і іншыя факты рэпрэсій. Усіх савецкіх служачых пад канвоем вывезлі ў Лунінец. Яўрэйскае насельніцтва прымусова выганялі на работу, у тым ліку на рыццё акопаў пад Лахвай і Любанню. На фронце з'явілася шмат пазнанскіх палякаў, у Лахву прыбыў полк гайдамакаў, пачалося фарміраванне атрада з інтэлігенцыі і палка рускіх афіцэраў. Пінск наведаў сам Пілсудскі. Паведамлялася таксама, што начальнікам штаба ў палякаў князь Радзівіл.

Баявыя дзеянні на Лунінецкім і Ганцавіцкім напрамках абмяжоўваліся пакуль сутычкамі і разведкай. Камандзір 64-га палка Аляксей Мікалаевіч Новікаў часова прыняў пад камандаванне ўсю 1-ую брыгаду, а полк перадаў свайму памочніку Аўгусту Пятровічу Круміну. Вярнуўся ў гэты полк са шпіталя і яго камісар Уладзімір Акімавіч Сулацкі-Сіу. Камандзір 66-га палка Н. Міхайлаў атрымаў новае прызначэнне і 23 ліпеня выдаў развітальны загад, дзе гаварылася, у прыватнасці: "З глыбокім шкадаваннем пакідаючы 66-ы полк, я іду з цвёрдым перакананнем, што і ў будучым полк будзе стойка змагацца супраць наймітаў капіталу — гэтай чорнай зграі, якая імкнецца нас запрыгнеціць. Я ўпэўнены, што і ў будучым свядомыя таварышы і камандны састаў будуць весці бязлітасную барацьбу ў самім палку з баязліўцамі, дэзерцірамі і іншымі разбэшчанымі тыпамі, Ім няма месца ў Чырвонай Арміі, якая пралівае сваю сумленную рабочую кроў за агульную святую справу. Такім чынам, таварышы, жадаючы вам усім ад душы ўсяго найлепшага, заклікаю: "Наперад, да перамогі! Наперад, да светлага панавання працы!" Камандзірам палка быў прызначаны Яніс Якаўлевіч Лукс.У час баёў на Лунінеччыне добраахвотна паступілі ў яго рады жыхары раёна Сяргей Зельманчук, Парфірый Дзівакоў, Якаў Гоман, Іван Малей, Ульян Бабялоўскі, Андронік Бубенік, Фёдар Лусевіч, Пётр Самусевіч, Язэп Раманко, Андрэй Чэрчыковіч, Павел Літвін, Сцяпан Андрайчук. Марыя Дарашэнка стала санітаркай. У зводцы палітаддзела 8-ай стралковай дывізіі адзначалася: "Большасць сялян дапамагаюць на фронце пры адбіцці атак праціўніка, падносяць абеды і вячэры, просяць не адыходзіць і не пакідаць іх... Сяляне ахвотна вядуць разведку".Скарыстаўшы зацішша на рацэ Лань, чырвонае камандаванне сабрала каля вёсак Боркі і Кольна Жыткавіцкага раёна групу з часцей 64-га палка і часцей Паўночнага зводнага атрада Я.А. Калюжнага, які прыбыў з Гомеля, Рэчыцы і Мазыра. 26 ліпеня яны пры ўдзеле парахода "Апалон" пераправіліся цераз Прыпяць і да вечара выбілі палякаў з Турава і некалькіх суседніх вёсак. У жніўні сюды прыбылі параход "Трахтаміраў" і бранякатэр № 1. Паводле звестак маракоў Прыпяцкага атрада караблёў Дняпроўскай флатыліі, палякі аднавілі Волянскія масты цераз Прыпяць, атрымалі ў раёне Кажан-Гарадка падмацаванне (пяхотны полк і батарэю з 6 гармат).

66-ы полк увесь час быў у сутычках з ворагам па Лані, нёс страты. Камісія, якая абследавала яго становішча, адзначала: "66-ы полк на фронце ў 60 - 70 вёрст раскіданы дробнымі групамі. Людзі стаміліся, але загады выконваюць... Каля 20 працэнтаў людзей у палку без ботаў, у лапцях. Шынялёў няма. З брыгады атрымліваюць хлеб, цукар, соль. Астатнія прадукты даюць мясцовыя жыхары".

13 жніўня 1919 г. штаб гэтага палка пераехаў з Мікашэвіч у Жыткавічы, дзе знаходзіўся і штаб 64-га палка. 66-ы полк займаў пазіцыі па рацэ Случ, а 64-ы полк — па Прыпяці ад Вільчы да Турава. 18 жніўня рота, якая ўтрымлівала яшчэ чыгуначны мост цераз Случ, адышла за раку, а мост быў узарваны. У той жа дзень пачалася эвакуацыя ст. Жыткавічы.

19 жніўня 1919 г. чырвонаармейцы пакінулі апошні ўчастак тэрыторыі сучаснага Лунінецкага раёна. Пачаўся перыяд польскай акупацыі, які цягнуўся да канца ліпеня 1920 г.

Восенню 1919 г. у Мікашэвічах, таксама захопленых палякамі ў ліпені, адбыўся трэці этап савецка-польскіх перагавораў (першы праходзіў у Маскве, другі — у Белавежы). Перагаворы пачаліся 9 кастрычніка. Савецкі бок прадстаўляў Юліян Мархлеўскі, вядомы польскі рэвалюцыянер і публіцыст, а польскі бок — граф М. Касакоўскі і ад'ютант Пілсудскага капітан І. Бёрнер, які прыехаў 16 кастрычніка. Фармальна гэта былі перагаворы дэлегацый Чырвонага Крыжа. Абмяркоўваліся пытанні аб спыненні ваенных дзеянняў, узаемным адводзе войск, абмене палоннымі, вяртанні бежанцаў і г.д. Але бакі не прыйшлі да пагаднення. 10 лістапада Мархлеўскі паехаў у Маскву на даклад да Леніна, 14 лістапада Палітбюро ЦК РКП(б) вырашыла адмовіцца ад польскага варыянта. 9 снежня перагаворы былі спынены, а 14 снежня дэлегацыі пакінулі Мікашэвічы. Перагаворы далі Савецкай Расіі ў надзвычай цяжкіх умовах (наступленне Дзянікіна і Юдзеніча) два месяцы перадышкі на Заходнім фронце.

У ліпені 1920 г. чырвоныя войскі на Беларусі перайшлі ў наступленне, вызваляючы ад палякаў адзін горад за другім. На Палессі ад Рэчыцы наступала Мазырская група Ціхана Серафімавіча Хвесіна (начальнік штаба — Уладзімір Яфімавіч Клімоўскіх) у складзе 57-ай стралковай дывізіі, 139-ай брыгады 47-ай стралковай дывізіі, Зводнага атрада Запасной арміі рэспублікі, Паўночнага экспедыцыйнага атрада, 1-га партызанскага Антонаўскага атрада, 24-ай стралковай дывізіі. Група авалодала Мазыром і Калінкавічамі. Раніцай 11 ліпеня ў Петрыкаў увайшоў 1-ы асобы стралковы дызізіён, а вечарам кананерская лодка "Пагубный" (раней — параход "Даратэя" высадзіў там жа эскадрон кавалерыі Дэсантнага атрада Дняпроўскай флатыліі). 15 ліпеня яны сумесна занялі Тураў, куды прыбылі кананерская лодка і вартавы карабель "Патрон". 16 ліпеня дывізіён заняў в. Сямігосцічы. Жыткавічы былі заняты 510-ым стралковым палком яшчэ 11 ліпеня. Такім чынам, палякі і атрады Булак-Балаховіча адышлі на тэрыторыю Лунінеччыны.

16 ліпеня Паўночны экспедыцыйны атрад заняў Мікашэвічы. Тут яго камандзір М. Губер-Грыц і ваенкам Алістратаў атрымалі загад аб наступленні на Лунінец. Адначасова камандзір 170-ай брыгады Холадаў, які са сваім штабам стаяў ужо ў Сітніцы, аддаў такі ж загад сваім 510-му і 508-му палкам (брыгада ўваходзіла ў склад 57-ай стралковай дывізіі). Раніцай 18 ліпеня пасля цяжкага бою чырвонаармейцы перайшлі Лань, захапілі Мокраваі Сінкевічы. У той жа дзень чырвоныя кананерская лодка і вартавы карабель дайшлі да Волянскіх мастоў (на поўдзень ад Лунінца), але палякі, прапусціўшы за іх свае караблі, падарвалі масты і перакрылі тым самым фарватар — чырвоным маракам давялося спыніцца. 19 ліпеня праз разбураныя масты канлодка "Пагубный" вяла артылерыйскую дуэль з аналагічным караблём праціўніка. 18 ліпеня 510-ы полк заняў Азярніцу, а на наступны дзень 508-ы полк увайшоў у Дзятлавічы (потым у раён Дзятлавіч, Бастыні і Люсіна падышлі і часці 510-га і 511-га палкоў). 1-ы Антонаўскі партызанскі атрад рушыў праз Ракітна на Лунінец. На поўдзень ад Прыпяці 19 ліпеня быў заняты Відзібор. 20 ліпеня 1920 г. 1-ы Антонаўскі партызанскі атрад, а потым і іншыя часці ўвайшлі ў Лунінец. Начальнік Зводнага атрада Васіль Захаравіч Цімафееў-Навумаў у сваім загадзе падпарадкаваным часцям даў напрамак ужо на населеныя пункты Пінскага раёна.

Ён быў вопытны камандзір і карыстаўся заслужанай павагай сярод чырвонаармейцаў, бо часта падаваў ім прыклад асабістай адвагай і мужнасцю. Гэта прыводзіла да поспеху нават у цяжкіх баявых абставінах. А тут, на Палессі, значнай перашкодай на шляху войскаў былі, апрача праціўніка, яшчэ і балоты. I ўсё ж 21 ліпеня ў сярэдзіне спякотнага лета наступленне працягвалася больш паспяхова і апошні населены пункт Лунінеччыны в. Багданаўка быў вызвалены ад палякаў. 26 ліпеня чырвонаармейцамі быў заняты Пінск. Разам з імі на захад рушылі і некаторыя добраахвотнікі з лунінчан Так, пісарам канцылярыі Зводнага атрада быў прызначаны член Лунінецкага рэўкама Мікалай Кона, які дайшоў разам з баявымі таварышамі да Віслы.

Аб падзеях ліпеньскага наступлення 1920 г. ёсць звесткі ў мемуарных працах вядомых савецкіх ваеначальнікаў — М. Тухачэўскага і С. Каменева.

У час савецка-польскай вайны 1920 г. будучы маршал М.М. Тухачэўскі камандаваў Заходнім фронтам. Вопыт кампаніі ён абагульніў у курсе лекцый "Паход за Віслу", прачытаным у Ваеннай акадэміі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ў лютым 1923 г. Лекцыі былі выдадзены асобнай брашурай, а ў 1964 г. уключаны ў двухтомнік Выбраных твораў Тухачэўскага.

Галоўны напрамак наступлення быў на поўначы Беларусі, але камандаванне не пакідала без увагі і іншыя ўчасткі. Тухачэўскі піша: "9 ліпеня быў дадзены загад, згодна з якім Мазырскай групе быў вызначаны напрамак на Слуцк і Лунінец".

Аб тых жа падзеях ёсць звесткі і ў кнізе С.С. Каменева "Записки о гражданской войне и военном строительстве. Избранные статьи" (М., 1963), дакладней, у артыкуле "Борьба с белой Польшей" (1922). Сяргей Сяргеевіч Каменеў у чыне палкоўніка царскай арміі добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. Камандаваў Усходнім фронтам, у 1919 — 1924 гг. быў галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі РСФСР, потым да смерці ў 1936 г. — на кіруючай рабоце ў арміі. Каменеў зазначае ў артыкуле: "Ужо першыя баі паказалі, як адносіцца беларускае насельніцтва да белай Польшчы". У Чырвоную Армію з-за страт давялося браць шмат мясцовых жыхароў, нават дэзерціраў. I амаль усе добра паказалі сябе ў баях. "Улічваючы шматлікія прыклады, мы павінны зазначыць, што нас сустракалі не як заваёўнікаў". Затое баявы дух ворага быў ніжзйшы. "Праціўнік быў намі моцна разбіты і дэмаралізаваны, пра што сведчаць колькасць палонных і трафеі, якія былі намі ўзяты, а таксама і тая акалічнасць, што белапалякі не здолелі выкарыстаць нават старыя нямецкія акопы, каб стрымаць наша наступленне. Акопы ж гэтыя да таго часу яшчэ добра захаваліся і ўяўлялі сур'ёзную лінію абароны". Палякі імкнуліся пры адыходзе знішчыць усё, што было магчыма. Каменеў піша, што Лунінец быў вызвалены 18 ліпеня 1920 г. (на самай справе — 20 ліпеня). Наступленне працягвалася. "Часці Чырвонай Арміі... пераадолеўшы ў надзвычай цяжкіх умовах Пінскія балоты, 23 ліпеня занялі Пінск".

У жніўні 1920 г. здарыўся так званы "цуд на Вісле" — белапалякі не толькі ўтрымалі Варшаву, але і пачалі зноў наступленне. Чырвоная Армія з цяжкімі стратамі адыходзіла з Беларусі. Пры гэтым было вельмі шмат блытаніны, асобныя палкі і дывізіі страчвалі сувязь паміж сабою. Ваенны лёс зноў прывёў да Лунінца 8-ую дывізію. Менавіта яе 24-ая брыгада на чале з Я.В. Сарокіным 2 кастрычніка 1920 года стрымлівала ворага на падыходах да горада. За той цяжкі бой Сарокін пасля атрымаў ордэн. Але горад давялося пакінуць, і яго занялі 3 кастрычніка атрады Булак-Балаховіча. 8-ая дывізія адыходзіла і далей (у той час ёй камандаваў ужо В. Мардзвінаў).

Іван Краўцоў

На верх старонкі




А. М. Ільін


Р. М. Астроўскі


Ф. А. Кузубоўскі


Атрад чырвонаармейцаў у в. Лахва, 1918 год