Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Народны сход

Тым часам ішлі працэсы, далучаўшыя Заходнюю Беларусь да БССР. Перадвыбарная кампанія закончылася 22 кастрычніка 1939 г. выбраннем 927 дэпутатаў Народнага Сходу Заходняй Беларусі. Сярод тых, хто 28 кастрычніка ўдзельнічаў у яго першым пасяджэнні ў тэатры тады беларускага горада Беластока, былі і прадстаўнікі Лунінеччыны. Тром з іх прысвечаны асобныя артыкулы. Менш захавалася звестак пра іншых дэпутатаў: старшыню Часовага ўпраўлення г. Лунінца Фёдара Іванавіча Пастухова, яго намесніка Макара Хрысанфавіча Манышава, які прадстаўляў Язвінскую выбарчую акругу, лунінецкага рабочага-чыгуначніка Георгія Маркавіча Валасевіча, старшага палітрука РСЧА Уладзіміра Самуілавіча Заброцкага — ад Кажан-Гарадоцкай выбарчай акругі, старшыню валаснога сялянскага камітэта з Лахвы Мікалая Дзям'янавіча Яраховіча, а таксама дэпутатаў — сялян Максіма Пятровіча Дунца — ад Сінкевіцкай, Сямёна Фаміча Шчура — ад Мікашэвіцкай, Аляксея Фёдаравіча Багданава — ад Лунінскай, Дзяніса Апанасавіча Васільева — ад Дзятлавіцкай, Івана Яўціхавіча Ванюка — ад Вулькаўскай, Мікалая Сідаравіча Грыцкевіча — ад Чучавіцкай выбарчых акруг.
На парадак дня Народнага Сходу былі вынесены 4 пытанні:

1. А6 дзяржаўнай уладзе.
2. Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР.
3. А6 канфіскацыі памешчыцкіх зямель.
4. Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе ад 29 кастрычніка адзначалася: "Беларускі Народны Сход, выказваючы волю і жаданне народаў Заходняй Беларусі, абвяшчае на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанаўленне Савецкай улады. З гэтага часу ўся ўлада на тэрыторыі Заходняй Беларусі належыць працаўнікам горада і вёскі ў выглядзе Саветаў дэпутатаў працоўных". Па другому пытанню была прынята пастанова: "Прасіць Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і СССР, уз'яднаць беларускі народ у адзіную дзяржаву і пакласці тым самым канец разлучэнню беларускага народа"

Народны Сход зацвердзіў таксама дэкларацыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель і аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

На заключным пасяджэнні Народнага Сходу з 929 дэпутатаў тайным галасаваннем была выбрана паўнамоцная камісія ў складзе 65 дэпутатаў, у ліку якіх былі і прадстаўнікі Лунінеччыны Марыя Сафронаўна Бушыла і Ганна Рыгораўна Кудрэвіч (гл. нарысы).

Камісія прыбыла ў Маскву, на V сесію Вярхоўнага Савета СССР, якая 2 лістапада абвясціла далучэнне Заходняй Беларусі да СССР. Праз 10 дзён нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР абвясціла аб уз'яднанні дзвюх частак Беларусі ў адзінай дзяржаве.
Пачалася перабудова жыцця на новы лад, у тым ліку адбыліся і адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змены. Па рашэнні бюро ЦК КП(б)Б ад 29 лістапада ў снежні 1939 г. былі створаны новыя вобласці: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская. У склад Пінскай вобласці сярод шэрага іншых быў уключаны і Лунінецкі павет.

У сакрэтнай справаздачы-рэкамендацыі ЦК КП(б)Б для СНК БССР зазначалася: "Існуючае адміністрацыйнае дзяленне на паветы і воласці ў цяперашні час уяўляе сабой ужо перашкоду да паспяховага рашэння палітычных і гаспадарчых задач, якія стаяць перад партыйнымі і савецкімі органамі ў заходніх абласцях БССР. Неабходна наблізіць кіраўніцтва да насельніцтва, ліквідаваць гаспадарчае і культурнее адставанне, прывесці адміністрацыйна-тэрытарыяльнае аддзяленне ў адпаведнасць з існуючым у Беларускай ССР".

Перад прыняццем рашэння аб утварэнні новых раёнаў грунтоўна вывучалася тэрыторыя краю, яе карты, эканоміка, шляхі зносін, эканамічныя сувязі насельніцтва, культурна-сацыяльныя і палітычныя асаблівасці, даныя польскай статыстыкі. Значную працу зрабілі навукоўцы АН БССР. У выніку ў прыгарадную справаздачу ЦК увайшлі вельмі сканцэнтраваныя і акрэсленыя звесткі. Справаздача выйшла брашурай "Для службовага карыстання", кароткая прадмова да яе датавана 3 студзеня 1940 г. пад назвай "Материалы районирования западных областей Белорусской ССР". На старонцы 212 утрымліваюцца звесткі пра Лунінец:

Об образовании Лунинецкого района Пинской области БССР.

Предлагается организовать Лунинецкий район с центром в гор. Лунинец. В состав района входят Лунинецкая волость, части Лахвенской и Чучевичской волостей Лунинецкого уезда. Территория района составляет 1960,2 кв. км с населением в 56 788 человек. Максимальное расстояние между границами района: с севера на юг — 60 км с запада на восток — 39 км.

Центр района — город Лунинец, расположен на пересечении железных дорог Барановичи — Львов и Брест — Пинск — Гомель в 60 км от Пинска. Максимальное отдаление населенных пунктов от районного центра 48 км.

Населения в районном центре 10 566 человек, жилых строений — 1475. Промышленные предприятия: электростанция мощностью в 167 кВт, 2 паровые мельницы. Имеются две неполные средние и три начальные школы, Дом культуры, больница, 2 амбулатории, ветлечебница, почта и телеграф.

Промышленность района (исключая районный центр): 5 лесопильных заводов (190 рабочих), населенных пунктов — 40, крестьянских хозяйств — 9863, в том числе хуторов — 959.

Пахотной земли — 21 500 га, лугов и пастбищ — 48 325 га, лесов — 73 300 га. Основная сельскохозяйственная культура — рожь, овёс, ячмень, гречка, просо, картофель.

В районе было 10 помещичьих имений. Территория района с севера на юг и с запада на восток пересекается двумя железными дорогами. Кроме того, связь обеспечивается по реке Припять и сети грунтовых дорог. В районе 38 школ, 1 амбулатория.

Экономически район тяготеет к г. Лунинцу.
Предлагается образовать один городской Совет и 19 сельских Советов (схема прилагается)."

Са зводнай табліцы ў канцы справаздачы бачна, што ў Лунінецкім раёне было 9 прадпрыемстваў. Да брашуры быў дададзены альбом з дакладнымі картамі ўсіх раёнаў.

У Пінскай вобласці былі створаны і іншыя раёны, у склад якіх увайшлі цяперашнія лунінецкія вёскі: у Ганцавіцкі — Навасёлкаўскі сельсавет (2 населеныя пункты, 1406 чалавек), у Ленінскі — частка Лахвенскай гміны Лунінецкага павета з сельсаветамі Рэдзігераўскім (4 населеныя пункты, 2124 чалавекі), Сінкевіцкім (2 пункты, 2845 чалавек), Перуноўскім (3 пункты, 1364 чалавекі), Мікашэвіцкім (5 пунктаў, 3860 чалавек). Цэнтрам Ленінскага раёна стала мястэчка Ленін, але Мікашэвічы былі адным з буйнейшых населеных пунктаў, на мясцовым фанерным заводзе працавалі 750 рабочых.

Рашэнне ЦК КП(6)Б было афіцыйна аформлена наступнай пастановай:

"Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР.

1. Цяпер існуючы падзел Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей на паветы скасаваць, устанавіўшы падзел абласцей на раёны.
2. Утварыць у абласцях, указаных у артыкуле першым гэтага Указа, наступныя раёны устанаўленнем іх граніц, згодна з прыкладаемым апісаннем і картай...
6. Ленінскі — з раённым цэнтрам у сяленні Ленін...
7. Лунінецкі — з раённым цэнтрам у горадзе Лунінец.

Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Наталевіч
Сакратар Прэзідыума Вярхоўпага Савета БССР Л. Папкоў
15 студзенія 1940 г., г. Мінск".
(Газета "Звязда". № 13. 16.01.1940 г.).

Пачатак 1940 г. запомніўся лунінчанам і разгортваннем рэпрэсій супраць пэўнай часткі насельніцтва. Калі ў 1939 г. арыштоўваліся польскія афіцэры і чыноўнікі, то ў студзені-лютым наступнага пачалася высылка сем'яў асаднікаў (напрыклад, ледзь не ўся вёска Белае Возера) і работнікаў лясной вартавой аховы. Людзей па марозу, часам без адзення і іншых рэчаў першай неабходнасці, вывозілі на поўнач. Дэпартацыя насельніцтва працягвалася да чэрвеня 1941 г.

24 сакавіка 1940 г. у 5 заходніх абласцях БССР прайшлі выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР — у першы былі выбраны 22 чалавекі, у тым ліку М.С. Бушыла з Бастыні, а рэспубліканскі парламент павялічыўся з 273 да 475 дэпутатаў. Пазней, у снежні 1940 г., прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы.

Трэба заўважыць, аднак, што да мясцовых жыхароў-"заходнікаў" новыя ўлады ставіліся з недаверам, у тым ліку і да былых членаў КПЗБ і іншых праціўнікаў польскага рэжыму. Мясцовыя партыйныя, савецкія, праваахоўныя і часткова гаспадарчыя органы ўзначальваліся пераважна прысланымі з усходняй часткі БССР кадрамі.

У Лунінецкі раён былі накіраваны многія спецыялісты — для работы ў розных галінах народнай гаспадаркі, напрыклад, работнікі гандлю і кааперацыі. Дарэчы, у Лунінцы ў гэты час з'явілася шмат новых жыхароў — бежанцаў з Польшчы, пераважна яўрэяў. Паколькі ім не дазвалялася ехаць далей на ўсход, за былую мяжу, яны вымушаны былі жыць тут і пазней былі знішчаны фашыстамі. Улады праяўлялі пэўную заклапочанасць пра бежанцаў: партыйныя органы распрацавалі план іх размяшчэння на працу ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Значныя змены адбыліся ў гаспадарчым жыцці. Былі нацыяналізаваны прадпрыемствы, у першую чаргу буйнейшыя. Пачалася і калектывізацыя. Была створана Лунінецкая МТС, сярод механізатараў якой былі Андрэй Яцушкевіч, Мікалай Харкевіч, Аляксандр Яскевіч, Майсей Чырэц, Раман Абраменя. МТС была прызначана для тэхнічнай дапамогі першым калгасам, якіх да 1 сакавіка 1940 г. у Лунінецкім раёне было створана два.

Калгас "Чырвоны баец" у Дрэбску ўзначаліў І.А. Мардухай. Крыху пазней у суседняй Цне ўзнік калгас "Іскра".

Першы старшыня Пракоп Кірылавіч Грыневіч успамінаў:

"Сакратар райкама партыі Анісімаў і старшыня райвыканкама Малышаў літаральна "прападалі" На раёне. Некалькі дзен правялі яны ў нашай вёсцы, агітавалі за калгас. Людзі слухалі з недаверам і бояззю. Не спяшаліся падтрымаць, але і не адпіхвалі ўбок прапанову з горада. Вось-вось павінна была пачацца сяўба. Трэба было спяшацца.

Сход прызначылі ў маім доме. Павагаўшыся пасля моцнай агітацыі, многія цняне ўрэшце прыйщлі да згоды: уступаем у калгас. 38 двароў аб'яднала першая калектыўная гаспадарка, якую па прапанове раённых прадстаўнікоў назвалі "Іскра".

Станаўленне было нялёгкім. Багацце калгаса вымяралася парай кароў, 8 свіннямі, некалькімі конямі. Механізацыя была на нулі. Але не страшыла людзей работа. Большасць калгаснікаў сумленна працавалі на калектыў. Цяжкасцей хапала: усе ж работы патрабавалі рук ды сагнутай спіны. Але праца не толькі стамляла, яна і ўздымала настрой. Напрыклад, на касьбу ішлі гуртом, з песнямі Касцы станавіліся ў рад, я — наперадзе.

Працаваў старшыня, як і астатнія калгаснікі, атрымліваў за працадні мізэр. Ды яшчэ і жонцы наказваў: "Глядзі, Наталля, каб мне сорамна не было". Пакінуўшы ў хаце дзяцей, яна штодня выходзіла на работу. Пасля вайны ўжо аддзячылі ёй за тое старанне, у вобласць, у Пінск на нараду паехала, атрымала там падарунак.

Клопатаў хапала. Без спецыяльнай адукацыі няпроста было кіраваць, наладжваць работу. I сёння ўдзячны вяскоўцам за падтрымку, куды б я падзеўся без людзей".

Былі створаны калгасы на Андрушкоўскіх хутарах — "17 Верасня", у вёсцы Ракітна — імя Крупскай. У апошнюю гаспадарку аб'ядналіся 17 уласнікаў, у якіх былі толькі 3 каровы. Старшынёй выбралі Усціна Майсеевіча Туркевіча. Працавалі цяжка, на працадні спачатку атрымалі толькі па паўкілаграма зерня... У ліпені 1940 г. у раёне было ўжо 5 калгасаў, але ў масе сваёй вёска заставалася аднаасобнай.

Наперадзе маляваліся цудоўныя перспектывы. Планы меліярацыі зямель былі аформлены пастановамі саюзных ЦК і Саўнаркама "Аб асушэнні балот у Беларускай ССР і выкарыстанні асушаных зямель калгасамі для пашырэння пасяўных плошчаў і сенажацяў".

Новае з'явілася ў культурным жыцці, адукацыі, ахове здароўя. З 17 кастрычніка 1939 г. у райцэнтры выдавалася газета "Авангард", першым рэдактарам якой стаў І.Х. Загальскі. Першы яе нумар быў прысвечаны арганізацыі выбараў у Народны Сход, наступныя ўжо паведамлялі аб навінах мясцовага жыцця. У вёсках адкрываліся новыя школы, у тым ліку па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, медыцынскія ўстановы і т.д. Напрыклад, у Лахве былі адкрыты беларуская школа, бальніца, хата-чытальня, крама, паштовае аддзяленне. У Лунінцы на базе сямігодкі адкрылася сярэдняя школа, на базе ніжэйшай тэхнічнай чыгуначнай школы — школа фабрычна-заводскага навучання. Аб неабходнасці поўнага ахопу дзяцей навучаннем гаварылася на 1-ай Пінскай абласной партканферэнцыі (16 – 18.04.1940 г.). А яшчэ 7 студзеня абкамам была прынята пастанова аб стварэнні ў школах піянерскіх атрадаў.

Развівалася культура, мастацкая самадзейнасць. У райцэнтры адкрыліся чыгуначны клуб, бібліятэка. Цудоўнымі песнямі ўражваў лунінецкі хор, які выступаў на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Няпростымі і часам супярэчлівымі былі падзеі, але паступова жыццё наладжвалася. 17 красавіка 1941 г. на раённым сходзе партгасактыву, на якім прысутнічалі 112 чалавек, сакратар райкама партыі І.І. Стрыгун выступіў з дакладам аб сацыялістычным будаўніцтве. Сярод канкрэтных мерапрыемстваў намячалася і будаўніцтва жылля і вытворчых магутнасцей у розных раёнах Лунінца — у Залессі, Пясках, Сахаліне, Брадзілаўцы, Пнішчах, Легаве... Між тым вайна зноў стукала ў дзверы.

Вадзім Жылко, Леў Коласаў
З успамінаў дэпутата Народнага Сходу Заходняй Беларусі ад Краснавольскай выбарчай акругі, дэлегата Паўнамоцнай камісіі, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР першага склікання Ганны Рыгораўны Кудрэвіч, жыхаркі г. Кохтла-Ярве (Эстонія):

"Я нарадзілася 23 лістапада 1918 года на хутары Барсукова ў сялянскай сям'і. Бацькі мелі 7 гектараў зямлі, якую купілі ў растэрміноўку на 50 гадоў з былых памешчыцкіх уладанняў. З гэтай плошчы толькі 1,5 гектара было ворыва, астатняе - балоты і хмызняк, які пастаянна заліваўся вадой. У гаспадарцы былі конь, дзве, іншы раз тры каровы, некалькі авечак і хатняя птушка. Нягледзячы на цяжкую сялянскую працу ад усходу да захаду сонца, наша сям'я знаходзілася ў гаротным становішчы, выплачваючы падаткі і пагашаючы запазычанасць.

Зразумела, ніякага медыцынскага абслугоўвання на хутары не было. У выпадку хваробы трэба было звяртацца да прыватных лекараў у Лахву, Мікашэвічы або Лунінец. Грошай не было, таму вымушаны былі разлічвацца адборнымі прадуктамі хатняга гатунку, якіх і сабе не хапала. Таму спыняюся на гэтым, што ў дзяцінстве памерлі мае сястра і трое братоў. Доўгі час хварэла і я, але цудам выжыла.

У 1930 годзе наша сям'я страціла кармільца — памёр бацька. Разам з маці сіротамі засталіся чацьвёра дзяцей — 14, 12, 5 і 3 гадоў. Старэйшая сястра Настасся пайшла ў служанкі ў Лунінец. Я засталася дапамагаць па гаспадарцы і даглядаць малодшых. Але хапала і падзённай работы — наймалася гаспадарам жаць жыта, вязаць снапы, нарыхтоўваць сена, палоць агарод, убіраць бульбу, лён, каноплі. Усё я павінна была рабіць хутка і якасна, інакш мне б не заплацілі. А атрымлівала за поўны дзень працы ад 30 да 50 грошаў.

Перагружаная сялянскай працай, я не магла нармальна вучыцца, часта прапускала заняткі ў польскай школе і не здолела закончыць нават неабходныя 4 класы.

Самым цяжкім выдаўся для нас 1930 год. Акалеў конь, потым адна за адной — каровы, авечкі і, урэшце, свінні. А солтыс патрабаваў своечасовай уплаты падаткаў, банк — вяртання пазыкі, а што можна было аднымі рукамі ўзяць з зямлі? Так і не здолелі мы больш купіць каня...

Вядома, што аб сваіх праблемах мы часта размаўлялі з аднагодкамі. Збіраліся нелегальна, чыталі забароненую літаратуру, тайна слухалі радыё аб шчаслівым жыцці нашых землякоў — савецкіх беларусаў. Як мы ім эайздросцілі, як марылі аб зары з усходу! Спадзяванні аб гэтым умацоўвалі нашы падпольшчыкі: браты Пётр, Іван, Міша Салівончыкі, Пётр Кішкевіч, Максім Дунец, Рыгор Лук'яновіч. Разам са мной у барсукоўскую маладзёжную групу хадзілі дзяўчаты Каця і Шура Кемеж, Вольга Нікіціч, Ганна Кішкевіч. Але мы былі значна маладзей па ўзросту за мясцовых юнакоў, таму ў свае справы яны нас не пасвячалі.

У сярэдзіне 1939 года да нас сталі даходзіць чуткі аб тым, што Чырвоная Армія вызваляе Заходнюю Беларусь. Каб пераканацца ў гэтым, мы з групай моладзі накіраваліся ў воласць — мястэчка Лахву. Там убачылі польскіх пагранічнікаў і паліцэйскіх, якія паспешліва адыходзілі, адстрэльваючыся, ствараючы на дарогах завалы, але мясцовыя жыхары разбуралі іх. Праз некаторы час убачылі чырвонаармейцаў, якіх людзі сустракалі хлебам-соллю.

Але было не да вялікіх святаў. У прыўзнятым настроі вярнуліся дамоў і заняліся звычайнымі сялянскімі справамі: збіралі ўраджай, рыхтавалі зямлю пад будучы. Наперадзе нас чакала невядомае.

Хутка прыйшла першая навіна: стварэнне сельсаветаў. Яе прынёс аднойчы ноччу старшыня Перуноўскага сельсавета, куды аднеслі і наш хутар, Пётр Салівончык. Ён жа паведаміў, што на пасяджэньні старшынь сельсаветаў вылучана мая кандыдатура для выбрання дэлегатам Народнага Сходу ад вёсак Чырвоная Воля, хутароў Андрушкова, Флярова, Барсукова, Любачын, Рэдзігерава. У выпадку маёй згоды трэба было збіраццаў дарогу, на арганізацыйныя сустрэчы з жыхарамі гэтых населеных пунктаў. Паўсюдна, дзе я была, людзі давалі наказ: прасіць Народны Сход аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР.

На рабоце ў Беластоку супыняцца не буду — пра асноўнае напісана ў артыкуле вышэй. Там жа была выбрана делегатам Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі. I наша дэлегацыя паехала ў Маскву. Там нас цёпла сустрэлі члены ЦК ВКП(б) і Савецкага ўрада, прадстаўнікі працаўнікоў Краіны Саветаў.

Нечарговая 5-ая сесія Вярхоўнага Савета СССР адбывалася ў Крамлі. Тут мы ўпершыню ўбачылі кіраўнікоў дзяржавы. 2 лістапада 1939 г. была разгледжана заява Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад СССР з уз'яднаннем яе з БССР. У Крамлі наша дэлегацыя сфатаграфавалася з кіраўнікамі партыі і Савецкага ўрада. Потым наведалі Маўзалей Леніна, а 7 лістапада з гасцявых трыбун назіралі парад і дэманстрацыю працоўных прысвечаныя 23-ай гадавіне Вялікага Кастрычніка.

У перыяд знаходжання ў Маскве для нас былі арганізаваны сустрэчы з працаўнікамі фабрык і заводаў, мы азнаёміліся з умовамі працы і адпачынку рабочых і служачых некаторых прадпрыемстваў сталіцы, з прадукцыяй, якую яны выпускаюць.

Масква зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Кожны дзень знаходжання ў сталіцы на ўсё жыццё пакінуў у маёй памяці самыя светлыя і радасныя пачуцці. Вярнуўшыся дамоў, я з задавальненнем дзялілася ўспамінамі са сваімі землякамі.

Але спачатку з Масквы Паўнамоцная камісія накіравалася ў Мінск, з 12 па 14 лістапада 1939 г. тут адбылася нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР, якая, разгледзеўшы нашу заяву, аднагалосна зацвердзіла Закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР.

Выканаўшы сваю місію, дэлегаты Паўнамоцнай камісіі раз'ехаліся па сваіх выбарчых раёнах, каб давесці да ведама выбаршчыкаў важныя рашэнні. Я выступала на шматлікіх мітынгах і сходах расказвала аб тым, сведкай чаго пашчасціла стаць.

У снежні 1939 г. — студзені 1940 г. пачалося новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне. Нашым раённым цэнтрам стаў пасёлак Ленін. Амаль адразу ж пачалася выбарчая кампанія па выбарах у Вярхоўныя Саветы БССР і СССР. Мяне вылучылі кандыдатам, а 24 сакавіка 1940 года я была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Ленінскай выбарчай акругі. У гэтыя ж дні мяне прынялі ў члены ВЛКСМ.

З сакавіка па верасень 1940 года я працавала ў аддзеле кадраў Ленінскага райвыканкама, а затым паступіла ў Столінскую сельскагаспадарчую школу. Вучобе перашкодзіла вайна...

Спешна эвакуіраваліся прадпрыемствы і ўстановы. Са спадарожным транспартам дабралася да пасёлка. Тут сустрэла барсукоўскіх сябровак. Разам з імі накіравалася на хутар. Па дарозе спаткалі групу актывістаў Рэдзігераўскага сельсавета, якія папярэдзілі, што мне нельга вяртацца дамоў, таму што мне будуць помсціць людзі, незадаволеныя Савецкай уладай. Пакінуўшы свае рэчы сяброўкам, я далучылася да гэтай групы. З Леніна нас эвакуіравалі ў Гомель. Пасля прыёму ў сакратара Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Папкова мяне з урадавым эталонам адправілі ў Маскву, адтуль — у горад Вольск Саратаўскай вобласці. Там працавала ў сталовай эвакуіраванага Магілёўскага ваеннага вучылішча. Пазнаёміўшыся з афіцэрам Мікалаем Васільевічам Ключэўскім, 1 кастрычніка 1941 года стала яго жонкай. У жніўні 1942 года ў нас нарадзілася дачка Святлана, у жніўні 1944 г. — дачка Тамара. Потым муж быў накіраваны ў дзеючую армію. Пасля заканчэння вайны ён забраў нас у Вену (Аўстрыя), дзе праходзіў службу. Да 1947 года я ўдзельнічала ва ўсіх сесіях Вярхоўнага Савета БССР I склікання і выконвала свае дэпутацкія абавязкі з улікам умоў пражывання за межамі Радзімы".

З успамінаў пляменніцы Лідзіі Пракопаўны Бесан, жыхаркі г. Лунінца, пра наступны перыяд жыцця Г.Р. Ключэўскай-Кудрэвіч.

У 1948 годзе муж маёй цёткі М.В. Ключэўскі быў несправядліва абвінавачаны і высланы ў Караганду, а цётка з дзвюма дочкамі вымушана была вярнуцца да маці ў Барсукова. Як яна вытрымала, бедная, людзі ж плявалі ёй услед, зневажалі як жонку "ворага народа". Калі патрабаваўся конь для гаспадаркі ці яшчэ якая-небудзь дапамога ад калгаса, дык так вымучвалі, што не ў радасць зробленая справа была.

Памятаю, што аднойчы дазволілі спатканне, і цётка паехала ў Караганду. Перад гэтым мой бацька, які шыў кажухі, вырабіў аўчынную безрукаўку, каб завезла мужу. Пасля прыезду з Казахста працягвалася гэтае невыноснае жыццё. Можна сказаць, што цётку выратавалі сябры яе мужа запрасілі ў горад Кохтла-Ярве ў Эстонію. Яна хутка сабралася і паехала. Там адкрыліся шахты, з усяго Саюза ехалі рабочыя. Ёй прапанавалі працаваць апальшчыцай і прыбіральшчыцай у адным з рабочых баракаў.

Пасля смерці Сталіна Ключэўскага рэабілітавалі, і ён таксама прыехаў у Эстонію. Яму вярнулі афіцэрскае званне, але не здолелі вярнуць здароўе і веру ў справядлівасць. Прапаноўвалі ісці ў армію, але ён адмовіўся і, маючы музычную адукацыю, да пенсіі працаваў выкладчыкам музычнай школы. У 1955 годзе ў сям'і нарадзілася яшчэ адна дачка — Вольга.

Вось з такіх узлётаў і падзенняў складвалася жыццё Ганны Рыгораўны Кудрэвіч-Ключэўскай.

Трагічнымі былі лёсы і яе сясцёр. Адна з іх, Кацярына, бясследна згінула пасля вайны, паехаўшы на радзіму мужа. У другой, Паліны, вайна ў Афганістане адняла аднаго з двух сыноў. I ці можна сказаць, што хаця б у старасці цётка атрымала спакой? Не. Эстонія стала замежжам.

Прыемна адзначыць, што памяць пра Г.Р. Кудрэвіч-Ключэўскую захоўваецца ў тых мясцінах, з якімі была звязана яе грамадская дзейнасць. Матэрыялы ў экспазіцыях музея вёскі Любанскай СШ і народнага гісторыка-краязнаўчага музея пасёлка Ленін Жыткавіцкага раёна расказваюць пра самы яркі, даваенны перыяд яе жыцця.

На верх старонкі




П. К. Грыневіч


С. Д. Емельяновіч, першы старшыня калгаса "Зара". 1940 г.


Лунінецкі хор. 1940 г.