Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Лунінеччына на старажытных картах

У 1991 г. мінскае выдавецтва "Навука і тэхніка" выпусціла ў свет цікавую кнігу "Беларусь. Русь Белая. Русь Черная и Литва в картах". Кніга напісана і складзена прафесарам Я.Я. Шыраевым, членам рады Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны. Выданне прысвечана этнагістарычным і этнаграфічным пытанням развіцця беларускай нацыі, у ім даецца кароткі экскурс у асобныя перыяды гісторыі Беларусі. У кнізе сабраны унікальны картаграфічны матэрыял, які скажаўся, замоўчваўся або наогул быў невядомы (некаторыя карты друкуюцца ўпершыню).

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй Лунінеччыны, бясспрэчны інтарэс выклікаюць многія карты. Напрыклад, на карце Польшчы і Венгрыі з першага выдання славутай "Геаграфіі" Пталамея, выдадзенай у 1540 г. у Базэлі О. Мюнсцерам, можна прыблізна вызначыць становішча Лунінеччыны каля пазначанага на карце Пінска — Пынско і каля ракі Прыпетус (карта 4), на другой карце (2) можна адшукаць Гродна, Ліду, Драгічын.

На фрагменце карты Вялікага княства Літоўскага, выдадзенай М. Хрыстафорам Радзівілам у 1613 г. (карты 8), без цяжкасці можна адшукаць шырокую Прыпяць — на карце ў яе тры назвы: Прыпетсв, Прыпетус і Пшыпеч, а таксама — рэкі Цну і Лахву (сучасную Смердзь), раку Ланіа (сучасную Лань). Рэкі гэтыя пазначаны на карце вельмі недакладна. Паказаны на карце старажытныя паселішчы Лунінеччыны — Кажан-Гарадок, Лахва, Луніа (сучасны Лунін) — адлюстраваннямі мясцовых касцёлаў.

Пазначаны на карце таксама велізарныя балоты і тагачасныя лясы, якія часткова размяшчаліся на Лунінеччыне. Уся гэтая прастора, што была пакрыта балотнай вадою і парасла ляснымі гушчарамі, названа на карце — Палесіа. Гэта назва сустракаецца на шматлікіх картах — на карце Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі, выдадзенай у 1687 г. у Нюрнбергу (№9), на карце, складзенай Джуна (Лондан, 1711 г., № 10), а таксама на картах Полынчы і ВКЛ (Дж.Б. Хаман, Нюрнберг, 1710, 126) і Каралеўства Польшчы (І. Цірыон) Амстэрдам, 1733, 13).

З серыі карт (№ 18 — 27) гістарычнага атласа Польшчы, I. Лелевеля (Лейпцыг, 1847) даведаемся аб межах рассялення на Палессі дрыгавічоў у 850, 992 і 1025 гг., аб тым, што на карце Казіміра Вялікага(1370 г.) ёсць назва — Полесіен.

На карце "Вялікае княства Літоўскае ў канцы XVI ст.", якая складзена сучаснымі гісторыкамі, апрача Лахвы, Кажан-Гарадка і Вялікага Луліна (Луніна) можна знайсці і Дзятлавічы Бастынь, Волуту (Велуту), Чучавічы.

Леў Коласаў

Лунінецкае брацтва

XVI — XVII стст. былі перыядам барацьбы ў дзяржаве паміж дзвюма асноўнымі рэлігіямі — праваслаўем і каталіцызмам. Каталіцызм паступова ўзмацняў свае пазіцыі, асабліва пасля Люблінскай уніі 1569 г., якая аб'яд нала Літву і Польшчу ў Рэч Паспалітую. Неадназначнай падзеяй, але ў цэлым не надта спрыяльнай для праваслаўя, была Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. Рэлігійная барацьба не абмінула і Лунінеччыну, дзе ў абарону праваслаўя выступала мясцовае брацтва.

"Брацтвы, рэлігійнапалітычныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Украіны, пераважна гараджан (рамеснікаў, гандляроў), духавенства і шляхты. Ствараліся пры цэрквах і буйных манастырах. У брацтва мог уступіць кожны праваслаўны, памер уступнага ўзносу не ўстанаўліваўся...

З пачатку XVI ст. брацтвы існавалі ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Оршы, Лунінцы, Слуцку і інш. Вышэйшымі органамі іх самакіравання былі "сходкі", штодзённымі справамі кіравалі старасты, "шпітальныя" дазорныя, будаўнікі храмаў. Дзейнасць брацтваў спачатку абмяжоўвалася клопатамі пра будаўніцтва і аздабленне цэркваў, манастыроў, арганізацыяй прытулкаў, дапамогай сіротам і збяднелым "братчыкам". У 2-ой палове XVI ст. дзейнасць брацтваў выйшла за рамкі дабрачынна-рэлігійных спраў і прыняла характар шырокага грамадска-палітычнага руху супраць экспансіі каталіцызму, у абарону нацыянальнай годнасці і культуры. Галоўнай задачай брацтваў стала антыкаталіцкая прапаганда, барацьба супраць уніі праваслаўнай і каталіцкай царквы. Пры брацтвах адкрываліся школы, якія мелі свецкі характар, арганізоўваліся друкарні, выдаваліся падручнікі, навучальныя дапаможнікі на беларускай і ўкраінскай мовах, так званыя "мяцежніцкія" антыкаталіцкія рэлігійна-палемічныя творы, а таксама публіцыстычная літаратура". Пазней аплотам праваслаўя ў краі стаў Дзяцелавіцкі манастыр (гл. аднайменны нарыс).

Валянціна Чапко
З выдання "Статут Вялікага княства Літоўскага 1588" (Мн. МСЭ, 1989).