Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Лунінецкая пошта ў гады першай сусветнай вайны

У гісторыі лунінецкай пошты ёсць даты, якія можна лічыць асноўнымі вехамі ў яе развіцці. Сярод іх 1916 г. (разгар першай сусветнай) — адкрыццё чыгуначнага паштовага аддзялення на вакзале.

На працягу многіх гадоў, задоўга да 1914-га, перавозкі пошты ад паштовай канторы і да навакольных вёсак, дзе меліся паштовыя аддзяленні, за вызначаную плату аддаваліся ў рукі прыватных асоб, якія мелі коней. Арганізоўваліся таргі, і права на перавозку атрымліваў той прэтэндэнт, які згаджаўся на меншую суму. У паштовага дэпартамента на ўтрыманне возчыкаў пошты і паштовых коней не хапала сродкаў.

Лунінецкую пошту доўгі час вазіў Гольцман, уладальнік некалькіх коней. Ад дзяржавы ён атрымліваў за возку 420 рублёў у год. Чарговы тэрмін кантракта з ім у Лунінецкай паштова-тэлеграфнай канторы закончыўся 24 кастрычніка 1915 г. Пасля гэтага ён яшчэ вазіў пошту тры месяцы, але потым адмовіўся з-за малой платы. У рапарце ва Упраўленне Мінскай паштовай акругі начальнік Лунінецкай паштова-тэлеграфнай канторы Антон Кузьміч Батурын (а памочнікам у яго быў Аляксандр Канстанцінавіч Лянчэўскі-Самотня) паведамляў, што ўгаворы не дапамаглі, а наняць новага возчыка немагчыма, таму што "большинство жителей, напуганные налетами неприятельских аэропланов, выехали из Лунинца". Ранейшы возчык Гольцман, "пользуясь создавшимся положением, выпрашивал за возку почт в новом периоде... по 2500 р. в год. И на предложение понизить выпрошенную сумму хотя бы до 800 р. в год вовсе отказался от дальнейших переговоров, других же желающих принять подряд не оказалось, так как Лунинец находится вблизи позиций и цены на фураж весьма высокие, а рабочие руки отсутствуют".

I ўсё ж выйсце са становішча было знойдзена. Як адзначаецца ў рапарце, "чтобы не приостановить перевозки почт, начальник Лунинецкой почтово-телеграфной конторы приобрел собственную лошадь для перевозки" пошты і сіламі служачых канторы сталі перавозіць пошту ў горадзе і наваколлі. Пакупку каня павінна было зацвердзіць Галоўнае ўпраўленне пошт і тэлеграфа Расіі, з Мінска запытанне пераслалі ў Пецярбург. Пасля некалькіх месяцаў чакання, у чэрвені 1916 г., атрыманы адказ: "Главное управление утверждает сделанное Вашим Высокородием распоряжение о перевозке лунинецких почт хозяйственным способом с расходом на сей предмет по 480 рублей в год, впредь до приискания выгодного для казны постоянного возчика".

На гэтым бядоты лунінецкай пошты не скончыліся. З-за павялічанага аб'ёму перавозак (у той час у горадзе былі размешчаны тылавыя воінскія часці, склады, шпіталі, бежанцы, воінскія каманды са сваей палявой поштай і г.д., што садзейнічала павелічэнню аб'ёму пошты), нізкай аплаты працы, дарагоўлі фуражу, небяспечнасці паездак другі падрадчык — Дзятлавіцкі, які вазіў пошту па паштовым тракце Лунінец — Вулька-1 — Лунін — Лобча — Парахонск, адмовіўся ад кантракта ў студзені 1917 г. Іншых возчыкаў на гэты паштовы тракт Лунінецкая кантора знайсці не змагла. Шматгадовая пастаянная паштовая сувязь паміж Лунінцом і Парахонскам была перапынена. Пошта перасылалася і перапраўлялася ад выпадку да выпадку. Дарэчы, у Пінску пошту перавозіў брат лунінецкага возчыка Лейзер Дзятлавіцкі.

У ваенныя гады ўскладнілася само становішча пошты. Вось толькі адзін тагачасны эпізод. У канцы 1917 г. Лунінецкая паштовая кантора аказалася без запасу дроў на зіму. Па існуючых тады правілах мясцовае лясніцтва магло адпусціць дровы тым, хто меў у іх патрэбу, толькі з дазволу Галоўнага ўпраўлення. Нягледзячы на ваенны час і падзеі 17-га, ніякіх самавольных высечак не дапускалася. Усе арганізацыі, установы, воінскія часці строга прытрымліваліся закону. Таму начальнік канторы Батурын звярнуўся 18.10.17 г. да лунінецкага ляснічага Бабыніна з хадайніцтвам аб водпуску 15 кубічных сажняў дроў. Але ляснічы не мог адпусціць дровы без дазволу вышэйстаячай арганізацыі. Таму 27.10.17 г. (а 25.10.17 г. у Петраградзе адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя!) ляснічы піша тэрміновы рапарт у Мінскае ўпраўленне земляробства і дзяржаўных маёмасцей. У сваю чаргу, і гэта інстанцыя не магла дазволіць высечку лесу без санкцыі на тое Ляснога дэпартамента і Мінскага губернскага зямельнага камітэта. Таму 17.11.17 г. у гэтыя ўстановы былі накіраваны лісты, у якіх гаварылася, "что в Лунинецкой даче лесосек с дровяным лесом в настоящее время нет, а поэтому просимые дрова возможно заготовить при выборочной рубке березы и осины в насаждениях с господством сосны" і што Упраўленне земляробства "просит... сообщить в возможно непродолжительном времени свой отзыв о согласии или несогласии на этот отпуск дров". У адказе на гэтыя лісты ад 27 лістапада паведамлялася, што на гэту просьбу "не встречается препятствий".

Але карэспандэнцыя з Ніжняга Ноўгарада ішла вельмі доўга. Амаль усе дзяржаўныя ўстановы былі эвакуіраваны ў пачатку вайны на Волгу (у Мінскай губерні ваеннае становішча было ўведзена 18 ліпеня 1914 г., 19 — 20-га прайшла мабілізацыя, а да канца 1915 г. 11 устаноў і прадпрыемстваў былі эвакуіраваны).

Адказ затрымліваўся. Пачалася зіма. Служачыя паштовай канторы працавалі ў памяшканнях, якія не ацяпляліся. Таму 30 лістапада ў Ніжні Ноўгарад накіроўваюць экстранную тэлеграму з просьбай аб паскарэнні адказу, затым 9 снежня — яшчэ адну з паметкай "весьма экстренно". Нарэшце, 17 снежня 1917 г. усе адказы на прашэнні былі атрыманы, і лясніцтва дало дровы Лунінецкай пошце.

У гады першай сусветнай вайны на Лунінеччыне былі адкрыты 2 паштовыя аддзяленні — у Кажан-Гарадку і ў Мікашэвічах. Але перапіска па гэтаму пытанню вялася яшчэ са студзеня 1909 г. Па існуючых тады патрабаваннях жыхары Кажан-Гарадка павінны былі ўнесці 195 рублёў на набыццё неабходнага паштовага абсталявання і імянных паштовых штэмпеляў, на працягу трох гадоў уносіць грошы на канцылярскія расходы, бясплатна выдзеліць дом з 5 пакояў з ацяпленнем і асвятленнем для паштовага аддзялення, бясплатна перавозіць пошту. Жыхарам Кажан-Гарадка гэтыя ўмовы аказаліся не пад сілу. Чатырохгадовая перапіска паміж валасным праўленнем Кажан-Гарадка, Лунінецкай паштовай канторай і Упраўленнем Мінскай паштовай акругі была безвыніковай. Адзін з лістоў за подпісам старшыні валаснога праўлення А. Гірмановіча і пісара І. Карнашэвіча паведамляе: "...исполнить данное обязательство волостным сходом 28 июля 1913 г. за № 16 не представляется возможным". Што датычыць 5-пакаёвага дома, то "такового не оказалось" у мястэчку.

Але яшчэ ў 1899 г. у "Правительственном вестнике" было апублікавана распараджэнне МУС Расіі аб часовых паштовых правілах, у якіх указвалася, што "волостные правления имеют право производить прием и выдачу простой и заказной корреспонденции и продажу знаков почтовой оплаты". Абавязкі паштавіка ўскладаліся на пісара валаснога праўлення. Такая "валасная пошта" не патрабавала затрат, і дзяржаве было выгадна яе развіваць у сельскай мясцовасці. З улікам вышэй адзначанага, у снежні 1913 г. пры Кажан-Гарадоцкім валасным праўленні былі "открыты почтовые операции". У мястэчку з'явілася паштовая скрынка. Але ўжо праз месяц жыхары адчулі незадаволенасць гэтай работай. Пошта доўга ляжала ў праўленні, не адпраўлялася па прызначэнні, марудзілі з раздачай карэспандэнцыі, якая паступала. Зноў пачаліся просьбы аб адкрыцці дзяржаўнай пошты. I толькі "в связи с военными действиями " ў верасні 1916 г. было адкрыта "почтовое отделение общего типа в местечке Кожан-Городок".

Леў Коласаў