І. Е. Любімаў


М. В. Фрунзе

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Падрыхтоўка да Кастрычніка

"Лунінец у 1915 — 17 гадах уяўляў сабою найважнейшы стратэгічны пункт 10-ай арміі рускага Заходняга фронту. Усе чыгуначныя шляхі яе сувязі з тылам праходзілі праз Лунінец, праз станцыю вялося і забеспячэнне правафланговай 2-ой арміі фронту. У горадзе і наваколлі размяшчаліся штабы, склады, камендатура, групавалася значная колькасць вайскоўцаў, у тым ліку будаўнікі і чыгуначныя войскі — маскоўцы, піцерцы, уфімцы, туркестанцы... Бальшавікі і іншыя партыі, што выступалі супраць самаўладдзя, разумелі, што тут — важны цэнтр палітычнай барацьбы.

У канцы 1915 г. у гаспадарчым аддзеле Земсаюза (Саюза земстваў і гарадоў) пры 10-ай арміі ўзнікла бальшавіцкая нелегальная група, заснавальнікам якой быў Ісідар Еўсцігнеевіч Любімаў. Адзін з дакументаў Мінскага губернскага жандарскага ўпраўлення змяшчае наступныя сведкі аб ім: "Нами установлен Любимов Исидор Евстигнеевич, уроженец деревни Старищево Кологривского уезда Костромской губернии. Родился 13.05.1882 г. Профессиональный смутьян. В запретной партии (РСДРП) с 1902 г. Неоднократно арестовывался в Иваново-Вознесенске, Ярославле, Костроме и Москве, заточался в тюрьму, находился в ссылке. В 1907 г. был делегатом V Лондонского съезда РСДРП... Весьма опасный преступник. Примите меры к разработке, изоляции и аресту оного..." Да гэтага можна дадаць, што Любімаў паходзіў з бедных сялян, у 17 гадоў скончыў трохгадовае вучылішча памочнікаў настаўнікаў школ пачатковай адукацыі і быў накіраваны ў земскую школу вёскі Дзеравенькі Кастрамской губерні. Там ён упершыню сустрэўся з бальшавікамі. У Беларусь у 1915 г. Любімаў трапіў, адбыўшы 4-гадовую высылку.

Па службовых абавязках Любімаў неаднойчы бываў у Лунінцы, дзе стварыў з мясцовых чыгуначнікаў і з вайскоўцаў бальшавіцкую арганізацыю. Ён ажыццяўляў сувязь з Маскоўскім камітэтам РСДРП (б), у 1915—16 гадах неаднаразова прывозіў з Масквы ў Лунінец нелегальную літаратуру.

Яшчэ адным са стваральнікаў падпольнай ячэйкі ў Лунінцы быў Міхаіл Васільевіч Фрунзе (1885 — 1925), будучы буйны дзяржаўны і партыйны дзеяч, наркам па ваенных і марскіх справах, старшыня Рэўваенсавета СССР. Летам 1915 г. Фрунзе ўцёк з Сібіры, дзе адбываў пажыццёвую высылку, і ў красавіку 1916 г. прыбыў на Беларусь, дзе пад імем Міхаіла Аляксандравіча Міхайлава ўладкаваўся вольнанаёмным у 57-ую артылерыйскую брыгаду ў Івянцы. Ў чэрвені пры дапамозе Любімава, якога ведаў па падзеях 1905 г. ў Іванава-Вазнясенску, Фрунзе ўладкаваўся на работу ў камітэт Усерасійскага земскага саюза па Заходняму фронту, працаваў статыстыкам, памочнікам раённага загадчыка і загадчыкам гаспадарчага аддзела пры 10-ай арміі. Пры яго ўдзеле былі створаны бальшавіцкія групы ў Мінску, дзе да чэрвеня 1917 г. працавала яго нявеста С.А. Папова. Актывізацыя дзейнасці бальшавікоў была адзначана ахранкай. Мясцовыя жандары атрымалі ад начальства ўказанні наступнага зместу: "Срочно разыщите и арестуйте лиц, распространяющих политически вредную литературу. В частности, газеты "Правда", "Пролетарское дело", 'Вперед". Срочно установите каналы их распространения". У распараджэнні лунінецкіх жандараў было каля 30 сакрэтных агентаў, сярод якіх быў і спецыяльна прысланы буйны правакатар Андрэй Раманаў, вядомы ў партыйных колах пад мянушкамі "Аля Аляксінскі" і "Іван", а ў ахранцы — як "Пелагея". Раманаў працаваў загадчыкам харчовага пункта Земсаюза на Заходнім фронце. Пазней І.Я. Любімаў успамінаў: "Ён увесь час падбіваў бальшавікоў, якія збіраліся, на фармальнасці: вядзенне пратаколаў, увядзенне грашовых квіткоў, набыццё друкаванай прадукцыі і г.д. Перадаюць, што пасля перавароту ў справах мінскага паліцмайстра знайшлі загад аб арышце Фрунзе. Але арыштаваць яго не паспелі. I ва ўсіх іншых справах правакацыйная дзейнасць "Пелагеі" не мела ў Лунінцы поспеху. Партыйную арганізацыю ўзначальвалі вопытныя канспіратары, прафесіяналы, і падбіць іх на бюракратычныя глупствы, на складанне патрэбных ахранцы для абвінавачвання дакументаў не ўдалося".

Пазней пры ўдзеле пецярбургскіх бальшавікоў Раманаў быў выкрыты. Між тым уплыў бальшавікоў узрастаў. Камандуючы Заходнім фронтам Эверт паведамляў у Стаўку: "Вся армия наводнена вредными листовками, брошюрами и газетами. Газета "Пролетарское дело", минуя почтовые учреждения, попадает в войска с другой литературой. Примите меры к ограждению солдат от ущербных изданий, наносящих вред Отечеству, государю и армии..."

У сваіх успамінах "Люты на Заходнім фронце і мінскі Саўдэп", апублікаваных у 1923 г. у часопісе "Пролетарская революция", Любімаў пісаў: "Мы, вопытныя рэвалюцыянеры, чакалі выбуху, можна сказаць, з дня на дзень. Літаральна напярэдадні атрымання звестак аб перавароце (г.зн. аб Лютаўскай рэвалюцыі) наша сацыялдэмакратычная група ў Лунінцы абмяркоўвала пытанне, дзе лепш дзеля рэвалюцыі выкарыстаць сілы, на фронце, сярод салдат, ці ў рабочых цэнтрах унутры Расіі. Хаця і слаба, але ўсё ж сярод старых партыйных сацыял-дэмакратаў, раскіданых па фронце, сувязі і партработа падтрымліваліся. Час ад часу арганізоўваліся невялікія сходы, абмяркоўваліся розныя пытанні, заслухоўваліся паведамленні ад прыехаўшых з Масквы таварышаў, часам атрымлівалася з Масквы літаратура..."

Крыху забягаючы наперад, адзначым, што пасля Лютаўскай рэвалюцыі Любімаў паехаў у Мінск, дзе быў выбраны намеснікам, а потым — і старшынёй Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пасля сакавіка 1917 г. у Лунінцы перастаў бываць і Фрунзе. I.Я. Любімаў у гады грамадзянскай вайны быў членам Рэўваенсавета Туркестанскага фронту, затым займаў шэраг дзяржаўных пасад: намесніка старшыні Массавета, намесніка наркама гандлю, наркама лёгкай прамысловасці СССР і інш. Быў членам ЦК ВКП(б). У 1937 г. ён быу рэпрэсіраваны і загінуў. Рэабілітаваны ў 1956 г.".

(Па кнізе М. Калінковіча "Лунінец".)