Ю. М. Валынец — удзельнік рэвалюцыі 1905 г.


Мемарыяльная дошка на будынку чыгуначнага вакзала ў памяць аб падзеях 1905 г.


Данясенне мінскага віцэ-губернатара аб сялянскіх хваляваннях на Лунінеччыне. 1912

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Год тысяча дзевяцьсот пяты...

Год гэты пачаўся Крывавай нядзеляй у Пецярбургу, аб чым хутка даведалася ўся краіна. Лунінецкія чыгуначнікі таксама былі ахоплены хваляй пратэсту — адбываліся мітынгі, дэманстрацыі. Члены РСДРП Пятроўскі, Краўчанка, Валынец, Ахрамчук распаўсюджвалі забароненую літаратуру, вялі агітацыю. Па ўсёй Беларусі шырыўся забастовачны рух — калі ў пяці беларускіх губернях за 10 год перад 1905-ым адбылося 328 страйкаў, то ў 1905 г. — 508. Застрайкавала і Палеская чыгунка.

Сведка тых падзей, жыхар Растова-на-Доне, падпалкоўнік у адстаўцы,ветэран грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў Канстанцін Піліпавіч Шмярэга прыгадваў: "...станцыя Лунінец. Тут былі сканцэнтраваны чыгуначныя майстэрні па рамонту цягнікоў і вагонаў, у той час ужо налічвалася чатыры дэпо. Вакол чыгуначнага вузла размяшчаўся буйны прыстанцыйны пасёлак, далей ішло невялікае сяло. Калі пачаліся падзеі 1905 г., літаральна ўсё насельніцтва ўзнялося на стачачную барацьбу. Саставы цягнікоў, нагружаныя дровамі, лесам, баластам, замерлі. У дэпо не стукалі малаткі, не працавалі розныя машыны. На станцыі — нікога, усюды цішыня. Падзеі развіваліся хутка. Тут жа, каля станцыі, насупраць чыгуначнага вучылішча, праходзіла вялікая дэманстрацыя. Чуліся словы: "Наша задача — дабівацца палітычных і эканамічных свабод. Далоў самаўладдзе!" Шэсце рухалася па вуліцах Лунінца з чырвонымі палотнамі і рэвалюцыйнымі песнямі".

1905, октября 14. — Донесение и.д. минского губернатора П.Г. Курлова в Департамент полиции о стачке рабочих в Минске и на станциях Полесской железной дороги 11 октября.

"Сообщаю Департаменту полиции, что, согласно полученным телеграфным донесениям, 11 октября на ст. Пинск Полесских железных дорог забастовали рабочие железнодорожных мастерских, потребовав прекращения работ на казённом винном складе, что и было исполнено. На следующий день, утром, постепенно прекратилось движение поездов на линии Брянск — Брест... Того же числа на станциях Лунинец и Барановичи забастовали рабочие железнодорожных депо, а на станции Лунинец, кроме того, и телеграфисты, и закрыв здание вокзала, приостановили движение всех поездов. Таким образом, в районе Пинского, Мозырского и Речицкого уездов железнодорожное сообщение прервано.

По линии Полесских железных дорог и в г. Пинске забастовка носит чисто политический характер, на станции же Барановичи рабочие предъявили требование об улучшении экономического положения.

 И.Д. губернатора Курлов"

(Революция 1905 — 1907 гг. в России. Документы и материалы. Всероссийская политическая стачка в октябре 1905 года. Часть вторая. Изд. АН СССР. М.; Л. С.197. - Документ 684.)

У Лунінцы быў абраны мясцовы камітэт Усерасійскага чыгуначнага саюза, у які ўвайшлі інжынер Крыжанеўскі, тэхнік Данілаў, слесар Антаненка і інш. 27 кастрычніка на дапамогу пінскім рабочым, якія рыхтаваліся да паўстання, былі накіраваны лунінецкія ўзброеныя дружыннікі. Начальнік Мінскага жандарскага губернскага ўпраўлення палкоўнік Усясвяцкі даносіў: "Из Лунинца в Пинск по грунтовым дорогам прибыло до 70 вооруженных человек... Социалист, который приезжал из Петербурга, агитировал лунинецких и пинских рабочих присоединиться к всеобщей забастовке и вооруженному восстанию..." У час узброенага снежаньскага паўстання ў Маскве рабочыя Лунінца зноў спынілі рух цягнікоў (8 снежня 1905 г.). Яны падтрымлівалі сувязь з Пецярбургскім Саветам рабочых дэпутатаў. Кіраўніцтва на станцыі ажыццяўляў страйкам.

Для падаўлення забастоўкі на Палескай чыгунцы з Вільні быў накіраваны спецыяльны карны атрад — узмоцнены батальён на чале з камандзірам 4-ай пяхотнай дывізіі генералам А.А. Арловым. Рабочыя Лунінецкага дэпо спрабавалі спыніць карнікаў, зрабіўшы крушэнні на чыгунцы і сапсаваўшы 16 паравозаў. Але атрад Арлова, падавіўшы забастоўку ў Баранавічах, вечарам 17 снежня прыбыў у Лунінец і да трох гадзін ночы наступнага дня дапамагаў уладам арыштоўваць і абшукваць удзельнікаў забастоўкі. Арыштаваных кінулі ў Віленскую і Пинскую турмы, а потым некаторых саслалі ў Сібір.

Былы чыгуначнік-машыніст, ветеран вайны і працы Фёдар Сцяпанавіч Краўчанка расказваў: "Зачыншчыкамі забастоўкі ў Лунінцы былі чыгуначнікі Шаргавіцкі, Шэбак-Бэбік, Кулагін, Шнайдэр і мой брат Леанід. Брата саслалі ў Сібір. Ён пісаў нам лісты, а бацька пасылаў яму ў Краснаярск кнігі, лякарствы. У ссылцы Леанід прабыў доўга. Потым яго мабілізавалі ў армію. Памятаю, незадоўга да першай імперыялістычнай вайны ён прыслаў фотакартку, дзе ён быў у вайсковай форме, на пагонах — эмблема аўтамабільных войскаў. Затым служыў у Баранавічах, у чыгуначных войсках, удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі".

Атрад Арлова накіраваўся потым у Гомель. Цэнтральнае забастовачнае бюро Палескіх чыгунак разаслала тэлеграмы з заклікам да рабочых і служачых: "Не адкрывайце рух па лініі, не дазваляйце перавозіць узброеныя войскі ў Маскву, якая цяпер у барыкадах..."

Рэвалюцыя 1905 г. была падаўлена, але выступленні лунінецкіх рабочых працягваліся і ў наступным годзе. У памяць аб іх барацьбе ў 1966 г. на будынку вакзала была адкрыта мемарыяльная дошка.

У наступныя гады Палессе таксама заставалася спакойным толькі знешне. 15 ліпеня 1911 г. на станцыі Лунінец адбылося некалькі мітынгаў, арганізаваных мясцовым прафсаюзам, дзеянні якога каардынаваў прафкам Лібава-Роменскай чыгункі на чале з бальшавіком Ф.М. Ткачовым. А ў 1912 г. адбыліся сутыкненні з паліцыяй сялян у вёсках Бродніца, Вулька-2, Гаўрыльчыцы, аб чым паведаміла бальшавіцкая газета "Правда".

(Па кнізе М. Калінковіча "Лунінец",)