Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Пазаабрадавыя песні

У рэпертуары жыхароў Лунінецкага раёна значнае месца займалі пазаабрадавыя песні. Сярод іх — лірычныя любоўныя, у якіх адлюстроўваюцца пачуцці закаханых, шчырасць і самаадданасць дзяўчыны, безуважнасць або марнасць кахання хлопца, розныя перашкоды, якія немагчыма было пераадолець да ўзаемнага шчасця, здрада, нязгода бацькоў і іншае. Лірычны герой песні "Ой, выйду, выйду на гору круту" ўпэўнены, што ніхто не здолее перашкодзіць яго каханню: "Нэ разлучыць нас ні маць, ні зора, хіба нас разлучыць сырая зямля".

Запісаная ў першай палове XIX ст. песня "I адсюль гара" дайшла ў адкрытым бытаванні да нашага часу, паэтычна ярка абмалёўвае цудоўны вобраз дзяўчыны — прыгожай, светлай, яснай, як "зара". Варыянт гэтай песні нязначна адрозніваецца ад пазнейшых фіксацый:

I адсюль гара,
і адтуль друга,
проміж тымі горэнькамі
ясная зора.

Проміж горэю,
козак за ею,
сівым, сівым конічэньком
едзет за ею,

Я собі мыслю,
шчо зора зышла,
Аж там моя дзевчынонька
по воду ішла.

— Дзеўчыно моя,
напой мні коня!
— Не напою, козачэньку,
ешчы я не твоя.

Для того то я
вымучоная,
шчо з тобою, козачэньку,
заручоная.

Як буду твоя,
то напоюканя,
з відного колодзізіка,
ешчы без вядра.

— Дзеўчыно моя
заручоная,
для чого ты на лічэньку
вымучоная!

— Гуляй, дзеўчыно,
так, як гуляла,
наймай собі музычэнькув,
так, як наймала.

— I гуляла б я,
і наймала б я,
не веліт мні молодзенькой
маці родная.

Вобраз казака нярэдкі ў песнях пра каханне, і гэта збліжае іх з сацыяльна-6ытавымі песнямі, у якія ўваходзяць казацкія песні, як адна з іх разнавіднасцей. У вёсцы Красная Воля Лахвенскай воласці ў канцы мінулага стагоддзя была запісана песня "Эх, ты, поле мае, ты шырокае", у якой забіты казачок наказвае свайму вернаму таварышу — сіваму каню, каб ён скакаў на радзіму і перадаў бацьку і матцы, што яго ажаніла "чужая старана", павянчала "сабля гострынькая", "сложыла ш... куля быстрэнькая", а "сховала... дай сырая зямля". Матыў гібелі казака, яго вяселля смерці надзвычай распаўсюджаны у беларускай лірыцы. Але бытавала і шмат песень, у якіх дзяўчына самааддана кахае казака, як, напрыклад:
Чэрэз сад-вінаград
Потрушона роса;
Выбегала дзівчынонька
До козака боса.

Он, выбегла за ворота,
Ножэнькой туп, туп,
Выйдзі, козачэ, серцэ,
Бо я даўно тут.

Па-рознаму асвятляецца тэма сацыяльнай няроўнасці, з-за якой не могуць браць шлюб закаханыя. У песні "З'ездзіў каня, з'ездзіў варанога" дзяўчына адмаўляецца ад хлопца з-за адсутнасці пасагу. Нават запэўніванне хлопца, што ў яе пасаг — яна сама, "як у саду вышня красная", дзяўчыну не пераконвае. Яна горда адказвае:
— Таперака кажэш,
Шчо вішэнька красная,
А потым скажэш,
Доленька нясчастная,
Колі ты не скажэш,
То твоя маты:
Было ж жынкі бідной нэ браты.
У песнях гучаць перакананні, што ўзаемаадносіны хлопца і дзяўчыны павінны грунтавацца на сумесных паводзінах абаіх. У паэтычнай творчасці адбіўся няпісаны маральны народны кодэкс, які засноўваўся на выпрацаваных за стагоддзі ідэалах. Гэтыя ідэалы яскрава адлюстраваліся ў песнях. У песні "Ой, пры ясной свечы" дзяўчына, "крашэй злота", прыхільна сустрэла свайго мілага, пачаставала і белую пасцель паслала, але раптам "белыя рукі заламала", заплакала. Прычыну свайго засмучэння яна растлумачыла, што не можа змірыцца з няверным каханнем, з разгулам каханага: "До мене залецаеш, а до іных паезджаеш". Але ў хлопца іншая думка аб вернасці ў каханні, відаць, ён строга не прытрымліваецца народных ідэалаў, вольнасць у паводзінах не лічыць заганай, таму што адказвае дзяўчыне: "Хоць до іных поязджаю, але цебе в серцу маю".

У народных песнях надзвычай выразна і з высокім паэтычным майстэрствам раскрываецца здольнасць да глыбокіх пачуццяў простых сялян, тонкае адчуванне імі прыгожага ў жыцці, уменне цаніць жаночую красу. Каб больш эмацыянальна паказаць перажыванні лірычнага героя, шырока ўжываецца псіхалагічны паралелізм. У песні "Ой, ты, соловейко маленькі..." прыродная карціна асацыіруецца з жыццёвай: салавейка тлумачыць, чаму ён "смутненькі", што стральцы забілі пташачку ў "шаўковай траве". Казак "маладзесенькі" "смутнесенькі" таму, што яго каханую дзяўчыну аддалі замуж за другога, які жыве недалёка, праз сяло, "не жаль бы было, а то чэрэз двур, да і товарыш муй". Перажыванні пакінутага дзяўчынай хлопца, глыбіня яго пачуццяў адлюстроўваюцца ў паказе нязменнасці кахання "маладзесенькага" казака, які гатовы маліцца на вобраз мілай, любавацца ёю дзень і ноч:

Ой, коб жэ ж мав маляры свое,
малёвав бы я ліцэ яе,
поставів бы да на ганочку,
подзівавса б я да шчо раночку,
посадзів бы я хоць на печы,
подзівавса б я в дзень і в ночы.
Адна з самых папулярных тэм у песнях пра каханне — супрацьпастаўленне маладога хлопца старому кавалеру. У гэтых песнях дзяўчына заўсёды аддае перавагу маладому хлопцу, роўнаму па ўзросту, і непрыхільна, а часам і з нянавісцю ставіцца да заляцанняў пажылога чалавека. Як і ў іншых песнях, тут удала выкарыстоўваецца паралелізм, антытэза. У песні "Поросці, кропе, повышай городу" дзяўчына просіць маладога хлопца пахадзіць каля "агароду". У яе жаданне пасадзіць яго на покуці, накарміць пірагамі, напаіць сытою, урачыста правесці:
...а з свого двора з скрыпкамі проводзіла б,
а по его следках персценя покоціла б.
Як тому персценю лёгенько коціціса,
так тому молодому лёгенько жэніціса.
Зусім інакш ставіцца дзяўчына да "старога". У гэтай страфе паралелізм адмоўны: гучыць заклік да кропу не расці "повышай городу", а да старога — не хадзіць каля агароду дзяўчыны. Яна старога пасадзіла б на ступе, накарміла б пячнымі абломкамі (цаглянымі), напаіла б "дымочком", а з двара "собакамі проводзіла, по его следах камення покоціла б". Непрыманне заляцанняў старога, непрыязнасць да яго выказана катэгарычна ў заключным двухрадкоўі:
Як тому каменёві цяжэнько коціціса,
так тому старому цяжэнько жэніціса.
У параўнанні з іншымі фальклорнымі творамі, у Лунінецкім раёне менш запісана сямейна-бытавых песень. Адсутнічаюць запісы песень пра шчаслівы шлюб, узаемнае каханне, паважлівыя адносіны мужа да жонкі. Лепш захаваліся песні пра п'яніцу мужа, за якога дзяўчыну аддалі без яе згоды. У песні "Ой, вішанька, цярэшанька зацвіла" жанчына, якую маці аддала за п'яніцу, прызнаецца, што яна яго не кахала і не кахае, і каб пазбавіцца ад п'яніцы, запісвае ў салдаты:
Ой, наехалі паборчыкі на мой двор,
Ой, да ўзялі п'янічку на свой воз.

Он, паборчыкі, не вязіце лугамі,
Он, бо возмецца за лозанькі рукамі.

Бо возмецца, развяжацца, уцячэ,
Ой, тады ж мяне, маладую,
 у галоўку натаўчэ.

Галоўная тэма сямейных песень — гэта плач жонак пра сваё былое дзявоцтва, смутак па роскашы ў бацькоўскіх дамах і незадавальненне сваёй замужняй доляй. Жонка расказвае сваім бацькам, што муж не любіць яе, ставіцца да яе дрэнна, загадвае разуваць яго, б'е яе; галосіць, навошта яе павянчалі і белы свет завязалі, гаворыць, лепш бы ёй утапіцца; увесь час чуецца папрок замужняй жанчыны бацькам, што, каго яна кахала, за таго не выдалі яе, а каго не знала, з тым павянчалі; то папракае зязюлю, што яна не сказала ей праўды пра яе долю-шлюб; то сама прылятае зязюляй да бацькоў у вішнёвы сад і расказвае ім, што яе ссушыла туга, таму што яна не мае добрага мужа.

Часам сустракаліся і песні, у якіх адлюстроўвалася ўзаемнае каханне. Песня, у якой вялікая сям'я мужа здзекавалася над маладой жанчынай і патрабавала ад яго біць і караць яе, але ён заступаецца за яе:

Ой, як жэ мні яі біць,
Мое сэрцэ боліць,
Бо мні з ею трэба жыць
I дзетонькі годоваць?
Аднак заступніцтва яго надта пасіўнае, ён дазваляе ім прымушаць яе да працы, нават выганяць:
Колы вона леныва,
То судзіце яе;
Колы вона сонлыва,
То будзіце яе;
Колы вона вам не трэба,
Отсылайце яе;
Ёсць у яе оцец, маты,
То прыгорнуць яе.
Карысталіся папулярнасцю на Лунінеччыне вайсковыя песні, у якіх выразна адбіліся ўсе цяжкасці службы ў царскім войску. Салдацкая служба ў песнях лічыцца ліхою доляй, няшчасцем. "...Ваенная служба, на думку пінчука, абяцае немінучую смерць. Рэкрут, калі развітваўся са сваімі роднымі, на пытанне сястры, ці скора ён прыйдзе ў госці, гаворыць, што калі пясок узыдзе на камені жытам, тады ён прыйдзе, г.зн. ніколі". Сапраўды, служыць у войску ішлі на 5 — 25 гадоў, як на катаргу, пакідалі сям'ю, жонку, малых дзяцей. У адной з песень, запісанай у в. Бастынь, жонка не дачакалася мужа і нарадзіла дзіця ад другога. Яе лёс трагічны: муж забівае яе шабляй. Часцей жа на вайне гіне салдат. Вестку аб яго смерці ў песні "Шуміць, гудзе дубровушка" паведамляюць удаве жаўнеры, якія ідуць бітым шляхам і вядуць каня салдата:
— Он, твой мужык убіт ляжыць
Ды ў правай ручке шаблю дзяржыць,
А левою ручкой росу бярэ
Да на сэрдэнько полівае.
Да товарышам прыказвае:
"Таварышы, братцы мое,
Да накажыце жоне моей,
Няхай она мэне не жджэ
Ды няхай она замуж ідзе...
Найбольшай жывучасцю паўсюдна вылучаюцца жартоўныя песні і прыпеўкі, мноства з якіх уваходзіць у рэпертуар сучасных фальклорна-этнаграфічных калектываў. Сярод іх традыцыйныя песні; выконваюцца яны без змен, а складзеныя цяпер новыя — з шырокім выкарыстаннем народнай паэтыкі на надзённыя тэмы сённяшняга жыцця. Гумарыстычныя песні ўваходзілі ва ўсе каляндарныя цыклы, спяваліся на хрэсьбінах, вяселлі і ў час іншых урачыстасцей. Але выконвалася шмат жартоўных песень, не звязаных з абрадамі. Іх спявалі ў любы час пры адпаведным настроі і выпадку. Незадаволеная сваім каханнем дзяўчына, напрыклад, спявала:
Ой, нэ ходы у горад,
Нэ любы нас чэтырох,
Любы мэнэ одную,
Бо я тэбэ шаную,
Як собаку рабую;
Я ж собаку рабую
Помыямы годую.
Шырокае распаўсюджанне мелі жартоўныя песні, дзеючымі асобамі ў якіх паўстаюць персаніфікаваныя птушкі, насякомыя. Яны паводзяць сябе, як людзі: працуюць, гуляюць, скачуць, бяруць шлюб, выконваюць вясельныя абрады і да т. п. У змесце іх прывабліваюць незвычайныя смешныя сітуацыі, у якія трапляюць ачалавечаныя персанажы.
Ой, у клуні два коплуны
Горох молотылы,
А дві куркі чубаты
До млына насілы.
Козел меле, коза насыпае,
Козенята муку обіраюць,
Муха місіць,
Комар воду носіць,
А сорока-белобока
Ціста собі просіць;
А ворона, стара жона,
Пошла госці зваты;
Журавель пошэв танцоваты;
Прышоў жук,
Да взяв друк,
Да став госцей разгоняты.
Добразычлівым гумарам прасякнуты песні пра дзеда, які намагаецца ажаніцца з маладою, і бабулю, якая захацела забагацець. Вясёлае паджартоўванне характэрна ў іх і тады, калі высмейваюцца далека не бяскрыўдныя рысы: прагнасць, гультайства, п'янства, нядбальства і іншыя. Увогуле беларускія гумарыстычныя песні вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі і эмацыянальнай каларытнасцю, што галоўным чынам і абумовіла іх даўгалецце. Яшчэ большае распаўсюджанне мелі прыпеўкі — жанр, творы якога аператыўна адгукаліся на самыя надзённыя праблемы і падзеі жыцця шляхам паказу ўспрыняцця рэчаіснасці лірычным героем. У іх даволі выразна раскрываецца свет чалавека, апасродкавана адлюстроўваецца рэчаіснасць дзякуючы шырокай асацыяцыйнай ёмістасці вобразаў. Прыпеўкі напоўнены весялосцю і бадзёрасцю, аптымізмам, жыццярадасным гумарам. У некаторых з іх гучаць узаемныя кпіны дзяўчат і хлопцаў, як, напрыклад, у запісанай у Бастыні прыпеўцы:
Нашы хлопцы задаюцца,
Што ўмеюць танцаваць,
У адной руцэ кіёчак,
У другой штаны дзяржаць.
Анатоль Фядосік
На верх старонкі