Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Сямейныя абрады

Значную цікавасць уяўляе сабой хрэсьбінная абрадавая паэзія, якая, як і валачобная, таксама восеньская, адносіцца да спецыфікі беларускага фальклору, таму што лепш захавалася, чым у іншых славянскіх народаў. Радзінна-хрэсьбінная паэзія арганічна ўваходзіла ў пэўныя абрады і звычаі, якія выконваліся ў сувязі з нараджэннем новага чалавека. Існавала шмат засцярог, якія павінны былі абараніць парадзіху і нованароджанае дзіця ад шкоднага ўздзеяння злых сіл, сурокаў. Цяжарная жанчына не павінна была глядзець на нябожчыка, каб дзіця не хварэла "бледнай немаччу", нельга было ей наступаць на крывыя прадметы — дугу, абруч, палазы, інакш дзіця будзе гарбатым; забаранялася ёй глядзецца ў люстэрка, ваду, бо дзіця стане касавокім, апранаць чужую вопратку і іншае.

Ва ўсіх вёсках у гонар хрышчэння дзіцяці спраўлялі хрэсьбіны — урачыстае застолле, якое паўсюдна адбывалася амаль аднолькава, але ў некаторых сёлах сустракаліся і мясцовыя адрозненні.

З традыцыйных сямейных абрадаў і народнай паэзіі найбольшай жывучасцю і папулярнасцю характарызуецца шлюбная абраднасць і вясельная паэзія.

Варта адзначыць, што ў Пінскім павеце сватаць нявесту хадзілі самі бацька і маці жаніха. Калі бацькі дзяўчыны адмаўляліся выдаць дачку замуж, яны гаварылі сватам: "Мы вам ганьбы не даём, ні вашому жэніху, ні вашой родны, ні вашой робоці, а дзіўку не дамо!"

Уражваюць сваёй маштабнасцю перадшлюбныя абрады. Пасля сватання бацькі маладых дамаўляліся аб запоінах. Спачатку наладжваліся малыя запоіны, на якія бацька жаніха ў якасці свата запрашаў хрышчонага бацьку нявесты, і з ім ішлі запіваць яе, прысутнічалі таксама толькі самыя блізкія сваякі; звычайна за тыдзень да вянчання адбываліся вялікія запоіны з удзелам усіх сваякоў і запрошаных; на іх бацька жаніха і сват прыносілі пяць гарнцаў гарэлкі (15 і больш літраў), маці жаніха прыносіла падарункі для нявесты. Маладая з дружкамі сядзела ў хрышчонага бацькі, спявалі песні, пакуль за імі не прыходзілі жанчыны з застолля з бутэлькай гарэлкі, якія бралі нявесту пад рукі і вялі да стала, усаджвалі яе і дружак. Бацька жаніха звяртаўся да маладой з чаркай у руцэ са словамі: "Я тэбэ не знаў, невісткою нэ зваў, тэпэр буду знаты, невісткою зваты, добрыя мыслі міты, за тэбе горылочку пыты! Будзь здорова!" Выпіўшы чарку гарэлкі, наліваў зноў, клаў туды некалькі манет і падаваў нявестцы, якая адказвала яму:

"Я тэбэ не знала, бацьком не звала, тэпэр буду знаты, бацьком зваты, добрыя мыслі маты..."— і гэтак далей, падобна таму, як да яе звяртаўся будучы свёкар. Але яна гарэлку не піла, вылівала сабе ў хустачку і збірала грошы. У абрад уваходзіў далейшы абход стала і паклоны ўсім прысутным, дарэнне ёю маці жаніха, пасля чаго маладая з дружкамі вярталася ў хату хрышчонага бацькі і знаходзілася там да таго часу, пакуль не заканчваліся запоіны.

Адзін з важнейшых перадвясельных абрадаў — заручыны. Сваты і свацці тады запрашаюць да нявесты маладога, калі атрымаюць папярэднюю згоду яе бацькоў на шлюб. Дружкі выводзілі маладую ў святліцу, Пачыналіся запоіны. Са шматлікіх песень, якія пры гэтым спяваліся, прывядзём наступныя:

Ты зовзюлька рабая,
ты няверная пташка!
Ты ж няверне ковала,
мні няправду казала

Як жэ я по краскі ішла,
я ж цябе да запытала,
а ты мне заковала:
— Ешчэ сім літ у бацька буці,
а на осмум да замуж пойці.

Як прышлая з красок,
аж мяне да запівают,
мёд, віно на стол носят
і мого бацюхна просят.

Перадшлюбныя песні спяваліся, калі малады са сваей дружынай прыязджаў да маладой:
У нядзельку рано
Ганночка сенцы мяла
золотою мяцёлкаю.
Вышла до яе мацёнка яе:
— Чого, дзіця, прыбіраешса?
Ці ты госцей сподзяваешса?
— Сподзяваюса, моя матоньку,
сокола, сокола з частокола,
а Януська от бацюхна.
Пасля благаславення бацькоў маладая кланялася ўсім прысутным, ехала да царквы вянчацца, а дружына ў дарозе спявала:
Ехала Ганночка да вяньца,
сыпнула золата з рукавца.
Збірайце, сястрыцы, золото,
большая сястрыца большее,
меншая сястрыца меншэе.
Пасля вянчання вясельны поезд накіроўваўся да хаты маладой, якая з адной толькі дружкай ехала разам з маладым. Па дарозе спявалі:
Мы в косцёле бувалі,
трой зелье відалі;
адное зелле рута,
а другое м'ята, а трэцье кветкі,
шчоб любіліся дзеткі.
Калі прыязджалі да хаты бацькоў маладой, спявалі:
Паглядзі, матонько, в окенцэ,
ужэ твое дзіцятко як сонцэ.
Да выйдзі, матонько, з свечамі,
ужэ твое дзіцятко звянчалі,
да з тым панічом, што ў нас був,
шчо нашу Ганночку верне любів.
Маладых сустракала маці з хлебам, соллю, гарэлкай і мёдам, давала ім па лыжцы мёду і частавала гарэлкай. Калі ўваходзілі ў хату, спявалі нібы ад маладой:
Матко, не сварыся,
шчо спознілася,
у новым косцёлі
долго обрылася.

Стояла годзіну,
покі звянчалі,
стояла другую,
людзе не позналі,
чы то мяшчанка,
чы то боярка?

На ёй сіва сьвіта
з окладом шыта,
персцень кованы
і друг коханы.

Паабедаўшы, маладыя з дружынай ад'язджаюць да сваёй хаты.

Вельмі цікавым быў каравайны абрад. Адразу ж пасля ад'езду мужа маладая запрашала суседак спячы каравай — вясельны пірог. Вага каравая — каля пуда, рыхтаваўся ён з пшанічнага цеста. На паверхні яго накладваўся з цеста крыж, вакол якога прымацоўваліся зробленыя з цеста птушкі, якія называліся макаўкамі. Прывязваліся кветкі, ягады каліны, лапка яліны. Адлюстраванне важнасці ролі каравайніц спалучаецца ў песнях з камізмам. Увогуле большасць каравайных песень вызначаецца гумарыстычным характарам:

Годзі, годзі, пшэніца
сім літ в стозі стояці!
Час цябе, пшэніцо, побраці
і з цябе коровая згібаці.

Пшэнічка друбна
на всё способна,
да, посеем, куркі грэбут;
на зыходзі гускі шчыплюць,
а з колоса коровай гіблюць.

У час каравайнага абраду ад жаніха да маладой прыходзіў маршалак і "выкупляў" яе і дружак. Відавочны рэшткі старадаўняй формы шлюбу: куплі-продажу нявесты. Гэта яскрава пацвярджаецца ў апісанні: "Дружкі высока ацэньваюць сваю сяброўку, двойчы адсоўваюць талер з ахвяраванымі грашамі, хоць за кожным адсоўваннем выкупныя грошы дабаўляюцца. За трэцім разам нарэшце пасля дастатковага далажэння грошай і дадатковага ахвяравання маршалкам арэхаў, "гарбузікаў" дружкі маладой уступаюць. Спечаны каравай звычайна ў Беларусі нясуць у клець, але ў гэтым апісанні гаворыцца, што ўпрыгожаны каравай уносяць у гумно і там танцуюць. Тое ж самае і ў маладога: каравай пераносяць у гумно і танцуюць. Пасля выкупу маладой жаніх з маршалкамі вяртаецца дадому, уносяць у хату каравай, ставяць яго на стале. Каравай прыцягвае ўвагу цікаўных сваім упрыгожваннем: з яго высоўваюцца сем дрэвак, віднеюцца пышныя кветкі, чырванее каліна або гронкі ягад амялы. Гучаць песні, сярод іх наступная:
Ясён месячык по небу бродзіт,
молоды Янусько за стол заходзіць.

Бярэ лісты пісаці да до цесця слаці:
— Ой, цесцю, цесцю! Да не будзь гордэнькі,
да не будзь гордэнькі, будзь весяленькі:
прышлю я к тобі вяліку громаду,
а ў туй громадзі я і сам буду.

У гэтай песні, як і ў многіх іншых, якія спяваліся на вяселлі, адлюстроўваліся пэўныя абрадавыя дзеянні. У многіх вясельных песнях даваліся парады, што трэба рабіць удзельнікам урачыстасцей на пэўным этапе абраду, як паводзіць сябе ў дарозе, за сталом. Пры гэтым неабходна было кіравацца выпрацаванымі ў народзе правіламі, не забываць існуючыя прыкметы і павер'і, якія грунтаваліся на рэальнасцях жыцця і вопыту. Здаўна лічыліся пэўныя расліны шчаслівымі, іншыя нешчаслівымі. Толькі нядаўна вучоныя пацвердзілі, што некаторыя дрэвы аздараўляюць чалавека, паляпшаюць самаадчуванне, зніжаюць кравяны артэрыяльны ціск, стымулююць функцыі сэрца, садзейнічаюць пераадоленню прастуды, нават туберкулёзу і інш. Чаму ж не адносіць такія дрэвы да шчаслівых? Таму зусім не наіўны змест наступнай песні з таго ж зборніка:
Не едзь, сватухно, позно у дорогу,
будзеш ночэваці в зелёненькай дуброві,
посцілку слаці з зелёного зелья,
подушэчкі класці з павіного пер'я.

Не становіса под ядліною,
бо ядліна дзерэво нешчаслівое,
нешчаслівое і неўродлівое:
з корэня яго то вода подмыла,
з сярэдзіны яго жовна пробіла,
а з верху яго хвіля зломіла.

Стань собі, сватухно, под сосонкою;
сосніна — дзерэво шчаслівое,
то шчаслівое, то ўродлівое:
з корэня яго чорныя соболі,
з сярэдзіны яго боровые пчолы,
а з верху яго райскія пташкі.

Чорныя соболі поседзіці хочут,
боровые пчолы полеціці хочут,
райскія пташкі то заспеваці хочуць.

Далейшы этап вяселля звязваўся з караваем: як толькі атрымлівалі звестку, што ў маладой ужо гатовы каравай, дружына жаніха пасля закліку старасты ехаць да цесця падымалася з-за стала, маршалак выносіў каравай да возу маладога, яго благаслаўлялі бацькі, а ён кланяўся ўсім прысутным і ад'язджаў з дружынай. У гэты час спявалі:
Ой, на бок, на бок, ворогі!
Да не перэходзьце нам дорогі!
Да няхай пярэйдзе матонька
З тройчастою свечэю,
З Прэчыстою Святою.
У некаторых песнях гэтага этапу адлюстроўваліся адносіны да выбару нявесты. Народ лічыў, што лепшай жонкай можа быць не багатая дзяўчына, а працавітая і разумная:
У месяца два рожкі,
у Януська два браткі.
Одзін братко да коня сядлае,
а другі да наўчае.

— Як поедзеш до цесця,
выйдзе к тобі дві дзівкі.
Одна дзівка,шчо в золоці,
друга дзівка, шчо в розумі.

Не бяры, братко, шчо в золоце,
да, бяры, братко, шчо в розумі;
мы ж золота да докупімо,
а розуму да не вложымо.

Адна з песень, якія спяваліся па дарозе да маладой:
Далеко Ганночка, далеко!
Да, ці тым далеко, шчо ў бацька?
Будзе она і к світу блізенько!

Вырэжу тры розкі з бярозкі,
Да, заткну я конічэка под ножкі;
побяжыт конічок свідэнька,
будзе наша Ганночка блізенько.

Ой, далей, далей од бацька,
ой, бліжэй, бліжэй к свякратку.

А ў гэты ж час у маладой чакалі скорага прыезду жаніха з дружынай, каравайніцы спявалі на падворку:
Выбягло два коні з дубровы,
зачула Ганночка в коморы:
— Да по кого, конікі, бяжыце?
Да по цябе, Ганночка, по цябе.

По твое белэе лічэнько,
по твою косуньку русую,
по твою слёзоньку дробную,
по твое подушкі пуховэ.

Перад самым прыездам маладога брат нявесты забіраў з гумна каравай і разам з каравайніцамі, дружкамі і гасцямі ўносіў яго ў сенцы і там чакаў прыезду жаніха. Калі малады з бацькамі і дружынай прыязджаў на падворак, то іх не пускалі да хаты, яны вымушаны былі заставацца на двары і на парозе ў сенцы спявалі песню:
Прынудзіла рыба к гату,
пусці свата в хату!
Да ручэнькі нагрэці,
молодое поглядзіці.

Чы хорошэ, да наражэна,
на посадзі, да посадзона?
Мы ж вас ні згубімо,
возьмомо, шчо злюбімо.

Вып'емо по кубочку,
возьмомо голубочку,
вып'емо, подскочымо,
возьмомо, шчо схочомо.

Але гэта не дапамагала, каравайніцы не давалі магчымасці ўвайсці прыезджым, дражніліся, спявалі маладой, схаванай у каморы:
Молодая Ганночка,
выйдзі за вороцечка!
Прыпадзі к дорожэньцы:
Ці стогне дорожэнька?
Ці шуміць дубровенька,
Ці едуць сваты твоі,
Ці не вязуць розкуй-косы,
Ці не вязуць розлей-слязы?
Адбываўся своеасаблівы дыялог ў песеннай форме паміж прыезджымі і тымі, хто знаходзіўся ў сенцах. Свацці з падворку спявалі:
Ой, тонка, тонка сосонка!
Да ці тым тоненька, шчо ў бору?
Служыв Янусько королю,
выслужывконічэнька і сядзелко,

Сядлае конічэнька пры свечы,
да поехав к цесцю ў ночы.
Прыехав до цесця світая,
вон свое Ганночкі пытае:

— Гдзе вы мою Ганночку подзілі?
Чы ей вяночэк вложылі,
ці вы яе в таночэк пусцілі?
Адказвалі з сенцаў:
Мы ж яе вяночак вложылі,
мы ж яе в таночок пусцілі.

Пасля доўгіх жартоўных спрэчак нарэшце выходзіла цешча ў вывернутым кажусе з хлебам, соллю і гарэлкай. Яе папракалі за тое, што не хацела выйсці сустракаць маладога. Яна падавала зяцю поўную чарку гарэлкі, але ён яе выліваў праз галаву на зямлю, і так рабіў тры разы, а чацвёртую чарку выпіваў. Маршалак вымаў з-за пояса сякеру і вышчэрбліваў на парозе крыж, удараў па парогу канчуком, і за ім ішлі дружкі з маладым да хаты. Аднак каравайніцы яшчэ ставілі ім перашкоду. Крычалі: "Не находзі, Літво! Біцца будзем да ўпаду, а Ганны вам не аддадзім!" Але ўсё гэта дарэмна, жаніх са сваім акружэннем уваходзіў у хату. У той жа час брат маладой уносіў каравай сваёй сястры, а дружкі выправаджвалі яго з каморы і спявалі:
Зажадала Ганночка
да калінового вяночка:
да поедзь, мой бацюхно,
у доліну да по каліну.

Бацюхно прыязджае,
а калінонька не цвітае.
Зажадала Ганночка
да калінового вяночка:

Да поедзь, моя матонько,
у доліну да по каліну.
Матонько прыязджае,
а калінонька не цвітае.

Зажадала Ганночка
да калінового вяночка:
поедзь, поедзь, мой Янусько,
у доліну да по каліну.

Янусько прыязджае
і каліненька зацвітае.
Час і пора, і годзінонька,
Зацвіла калінонька.

Дарэчы, амаль усе абрадавыя дзеянні на вяселлі суправаджаліся адпаведнымі песнямі. Вярталася маладая з клеці і ішла да стала, а дружкі спявалі:
Ганночка за стол лезе,
суконьку назад горне:
— Да дзевачкі, мое сястрыцы!
Не зломліце мое суконькі,
бо не тута справлёна,
справлёна в Царавгородзе
правязёна в кублі молодзі.
За адным стадом садзіліся дружкі, сваякі і госці ад нявесты, за другім — удзельнікі ўрачыстасці ад маладога са сваёй гарэлкай і караваем. Ставіўся на стале і каравай маладой. Такі звычай можна аднесці да мясцовых асаблівасцей. Стараста тройчы пытаў, ці ёсць у доме гаспадар, пускаў па кругу чарку, у гэты ж час сярод іншых спявалі і песню:
Сядзіць салавейко на клёну,
да скучно ему, да самому,
да, колі б зовзулька і к ему,
не скучно было бо ім обойму.

Да сядзіць Янусько на посадзі,
да скучно, да ему, да самому;
да колі б Ганночка і к ему,
не скучно было б ім обойма.

Песня спявалася для таго, каб побач з маладым пасадзілі і маладую. Але адбывалася гэта з адпаведнай цырымоніяй: брат маладой падаваў ёй ручнік, а другі канец трымаў сам, падводзіў яе да стала і ўсаджваў каля маладога пад песню: "Да ляцелі гусонькі цераз сад, клікнулі Ганночку на пасад! — Да ляціце, гусонькі, і я іду, блогославі, мацёнко! Я сяду".

Нявеста садзілася, а брат або блізкі сваяк расплятаў яе касу. Замужняя сваячка падпальвала ёй косы дзвюма свечкамі, сплеценымі накрыж, завязвала на галаве намётку, другая ж жанчына закрывала маладой твар і вочы. У той час спявалі:

Да Татарын, брацейко, Татарын!
Запродав сястрыцу за таляр,
а русую косоньку за шостак,
а белэе лічэнько пошло і так!
Пасля гэтага пераходзілі да ўрачыстага дарэння маладой. Маршалак станавіўся на лаву з талеркай у адной руцэ, у якую ён збіраў грошы, і з палкай — у другой, на яе ён вешаў палатно і іншыя падарункі з тканіны. Дарылі і жывёлу, але пра яе маршалак толькі паведамляў у камічным плане пад рогат прысутных. I абрад падарункаў, як і іншыя, суправаджаўся песнямі:
Озвійся, родзе богаты,
даруйце статок рогаты!

А вы, мяшчаночкі,
даруйце серпаночкі!

Дружына маладога ў гэты час вячэрала, але малады сядзеў за гэтым жа сталом у шапцы, а маладая з закрытым тварам і нічога не елі. Далейшы абрад называўся рабункам: стараста забіраў з караваю маладой адну ветку сабе, другую аддаваў падстарасце, трэцюю — старэйшай свасе, здымаў спечаныя з цеста чатыры паясы і перадаваў другой свасе, маршалкам і скрыпачу. Маладая падала да ног бацькоў, са слязамі развітвалася з імі, кланялася ўсім, малады ж забіраў яе да сябе. Дружына на чале з маршалкам выносіла каравай маладога, свахі ж спявалі:
Маладая Ганночка
на парог ступае,
а яе мацёнка
ключыков пытае:

— Гдзе ты, Ганночка,
ключы подзіла?
— Да, шукай, мацёнко,
гдзе я сядзіла.

I пры ад'ездзе, і ў дарозе, і ў доме маці маладой і маладога спявалі шмат песень. Каравайніцы, напрыклад, пелі пасля ад'езду маладой:
Запалі, матко, свечку,
да поглядзі по-за печку,
ці хороша в хаце
без твого дзіцяці?

Лавы твое не мытые,
горшкі не накрытые,
ложкі под лавкою
оброслі муравкою.

Калі пад'язджаў поезд маладога да свайго дома, у варотах раскладваўся агонь, каб сям'я была багатай. Маці сустракала маладых у вывернутым кажусе з хлебам, соллю, гарэлкай і мёдам, частавала маладых. Усе ўваходзілі ў хату, садзіліся за стол. Неўзабаве адпраўлялі маладых да гумна, дзе свахі засцілалі пасцель, адкрывалі вочы маладой і выходзілі. Пасля спачынку яны адведвалі маладых. Існаваў рытуал: малады падаваў жонцы ручнік, сам трымаўся за другі канец і такім чынам выходзілі ў сенцы, якія ў некаторых вёсках Піншчыны зваліся юрыдзень. Яны ўспаміналіся ў песні:
Вступіла нявехта в юрыдзень,
оддала своюй свякровцэ добрыдзень.
Чы той добрыдзень, шчо на дзень?
Чы той добрыдзень, шчо на весь вік?
Пусців славоньку на весь свет!
Маладыя праходзілі ў святліцу, абходзілі тры разы вакол стала, садзіліся за яго. Давалі падарункі, ішлі да стадолы, там снедалі прысланымі маткай маладой падарункамі, спявалі. На трэці дзень вяселля малады запрашаў да сябе цешчу, якая спачатку аднеквалася, а потым ішла да зяця разам з мужам і дружкамі. Гэтае запрашэнне называлася пярэзвамі, а ўсе запрошаныя — пярэзвянкамі. Калі падыходзілі да падворку маладога, спявалі:
Пярэзвянко, матко!
Познай свое дзіцятко.
Учора была ў вяночку,
а цяпера ў чэпочку;
учора была ў зелененькому,
а цяпера в бяленькому.
У хаце маладая частавала гасцей гарэлкай, а яны складалі для яе грошы, маці даравала бацькам зяця намёты, і ўсё гэта суправаджалася шматлікімі песнямі, потым танцамі. Вяселле звычайна працягвалася дні чатыры.

З іншых асаблівасцей вясельнага абраду варта адзначыць наступныя. У дзень вянчання, калі нявеста апраналася, яна клала на галаву скручаную ў трубку і сплюснутую хустку (называлася кладкай), пасля чаго садзілася каля печкі і чакала жаніха, які скора ўваходзіў у хату, кланяўся нявесце і аддаваў ёй булку і чаравікі. Госці садзіліся за стол, частаваліся. Дзве жанчыны падводзілі да стала маладую, якая на талерцы падносіла жаніху хустку. Той клаў грошы, а хустку прывязваў да пояса і насіў так да прыезду ў царкву.

Вярнуўшыся з царквы пасля вянчання, абедалі, жаніх вёў за руку нявесту, тройчы абводзіў яе вакол стала; маладыя падыходзілі да сцяны, і над імі запальвалі васковыя свечкі. Усё гэта суправаджалася адпаведнымі песнямі. Сваты абменьваліся падарункамі.

Толькі на чацвёрты дзень вяселля дзялілі каравай. А ўрачыстасць адбывалася яшчэ два дні. Госці пераапраналіся ў цыганоў, хадзілі па хатах сваякоў, частаваліся там, а калі ім што-небудзь дарылі, прапівалі ў карчме. Тры-чатыры дні працягваліся пярэзвы, усё вяселле — тыдзень. Каб скараціць страты, бедныя імкнуліся абмежавацца двума днямі.

На верх старонкі