Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Летні цыкл

Моладзь любіла святкаваць Купалле, абрады якога таксама былі звязаны з аграрнымі клопатамі сялян. У хлявах затыкалі зялёныя галінкі, завешвалі вянкі з кветак; святочныя зёлкі прывязвалі каровам да рагоў, каб абараніць іх ад шкоды чараўнікоў. Дзяўчаты і хлопцы ўвечары напярэдадні свята Купалы збіраліся за вёскай, звычайна каля вады, зносілі ў кучу ўсякі хлам, дровы, падпальвалі вогнішча, вадзілі вакол яго карагод, скакалі праз агонь, жартавалі і спявалі песні, у якіх адлюстроўваліся некаторыя асаблівасці абраду, узаемныя жартоўныя кпіны хлопцаў і дзяўчат і інш.
Купало, Купало!
Гдзе ж ты зіму зімовало?
Гдзе ж ты літо летовало?
Зімовало ў пер'ейку,
а літовало ў зельейку.
I ў купальскіх абрадах выразна праяўлялася ўтылітарна-магічная функцыя. У Пінскім павеце на Купалле распальвалі агонь і неслі яго на капусту, каб не заводзіліся вусені. Бегалі па полі з агнём, каб не было шкоды ад заломаў (завітак), якія рабіліся ў жыце чараўнікамі і, па ўяўленні сялян, прыносілі шкоду гаспадарам і гаспадарцы.

Адметнае месца ў беларускім летнім календары займалі жніўныя абрады і звязаныя з імі песні, што абумоўліваецца важнасцю гэтага этапа ў земляробчым цыкле сельскіх працаўнікоў, калі фактычна падводзіліся вынікі працы за год. "...У гэты час праца простага чалавека-земляробца бывае такой вялікай, што ён за ёй мучыцца, пакутуе. З раніцы і да позняга вечара кіпіць цяпер у яго работа, абліваючы яго потам з галавы да ног. У гэты час для ўсіх рук знаходзіцца работа ў сям'і пінчука, пачынаючы з 7-гадовага дзіцяці, які пасе свіней або гусей, і канчаючы сівавалосай бабкай, на руках якой застаюцца дзеці, аднятыя ад грудзей маці". Песні селяніна гэтага часу павінны б быць вясёлымі, таму што летняя праца ў полі для яго прыемная. Разам з тым зразумела, чаму летнія песні напоўнены скаргамі на нешчаслівую долю. "Цяжкая, непасільная работа, якая прыносіць у дом кожнага працаўніка дастатак ва ўсім, пінчуку не абяцала ў былыя часы ніякіх радасцей; ён ведаў, што праца яго ўзбагаціць толькі пана, яго памешчыка, ведаў, што і пасля гэтай гарачай пары ён застанецца тым жа галышом, якім быў і зімой".

Усе цяжкасці працы ўборачнай пары яскрава адбіліся ў жніўных песнях. З замілаваннем згадваецца ў адной песні поле, засеянае "залатым насеннейкам", у другой жа гучыць прымусовае патрабаванне хутчэй жаць:

Жніце, жэнчыкі, жніце!
Самі сябе не позніце.
Не дожавшы, не пойдзеце,
Не доевшы, не ляжэце,
Не доспаўшы, не встанеце.
У многіх жніўных песнях адбіліся ўзаемаадносіны нявесткі і свёкра, свякрухі. Бацька і маці мужа непрыхільна ставіліся да яго жонкі, прымушалі працаваць яе без перадышкі, нават пасля прыходу з поля, на гаспадарцы. Пра гэта жнейкі спявалі:
Ужа сонцэ нізенько,
Ужэ вечор блізенько,
Не пойду дадому,
Буду тута ночэваці
Под орэховым кустом,
Под шырокім лістом.
У меня дома чужы бацько,
Стрыне мяне в вороцечках,
Сярпок з ручок возьме,
А ведзерцэ в ручкі дае:
— Ідзі, нявехна, по водзіцу
У халоднуюкрыніцу.
— Ты, свекратко, чужы татко!
Чы ты водзіцы жадаеш,
Чы так мяне ізбываеш?
— Нявехна, чужэе дзіця!
Я водзіцы не жадаю,
Да так цябе ізбываю.

Няма на цябе ні звіра,
Ні ліхого чэловіка.
— Я звіра ні боюса,
Чэловеку покланюса;
Я звіра колом, колом,
Чэловіку чолом, чолом.

У час жніва распаўсюджанай была талака — форма калектыўнай узаемадапамогі, калі суседзі, сваякі і сябры працавалі ў гаспадара дарам, толькі за пачастунак. Бытавала шмат талочных песень, якія, як і сама талака, дайшлі да нашых дзён.
Ішоў Бог дарогаю,
з вялікою толокою,
а Януско у ворут стоіт,
шапочку у ручках дзержыт.
— Ко мні, Божэ, ко мні
з своею толокою!
У мяне поле далекее,
а жыто буйненькее.
Няма кому на загоні стаці,
мое жыто поджынаці;
матка моя старэнька,
а сестрыца маленька.
У некаторых талочных песнях расказваецца пра шчодры пачастунак гаспадароў, нярэдка ў жартоўнай форме выказваецца незадавальненне імі, высмейваецца іх скупасць, нядбайнасць. Талака выкарыстоўвалася таксама ў будаўніцтве, у розных працаёмкіх сельскагаспадарчых работах.

Для песень талакі характэрна камічнае паджартоўванне з талачан і гаспадароў, часам ідэалізацыя застольнага пачастунку.

Чые гэто толочане,
што по полю блудзілі.
Пыталіса воны лунінского сіла,
а Янускового двора.

Там столікі цісовые,
там кубочкі золотые,
там столікі засціланы
і кубочкі наліваны
медком солодзенькім
і віном зелененькім.

Талака існуе ў многіх вёсках і ў цяперашні час, але не ў жніво, а часцей за ўсё пры будаўніцтве.

Разнастайнымі абрадамі суправаджаліся дажынкі. Калі дажыналі жыта, пакідалі нязжатымі некалькі прыгаршняў лепшых каліў каласоў, выбіралі жнейку, якая абвівала іх чырвоным поясам і сярпом наўкос зжынала. Зжынала і пакінутую ад іх салому, падзяліўшы яе на дзве часткі; на ржышчы ўкладвала крыжам і пакідала на гэтым крыжы акрайнык хлеба і соль. З каласоў жнейкі рабілі вянок і спявалі:

У лесе шуміць хвойна,
а ў полі была война;
усё поле звоёвала,
пану славы доказала;
усе поле рачком зышлі,
а на мяжы вянок знайшлі;
положылі на талірцы,
а прапілі на горылцы.
Не ўсе песні земляробчага календарая арганічна ўваходзілі ў абрады ў розны час іх бытавання. Многія абрады выконваліся толькі па традыцыі і паступова знікалі, але песні заставаліся, толькі спяваліся яны ў іншых абставінах. У тых жа звычаях, якія працягвалі выконвацца, спяваліся таксама песні, прымеркаваныя да іх або зусім не звязаныя з імі.

Функцыянальнасць абрадаў і абрадавай паэзіі змянялася: дамінантная ўтылітарна-магічная функцыя паступова станавілася другараднай і уступала месца цырыманіяльнай, а пазней — пацяшальнай. Паступова ўзрастала роля эстэтычнай функцыі. Гэта ж заканамернасць характэрна не толькі для земляробчага календаря, але і для сямейных абрадаў і сямейна-абрадавай паэзіі.