Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

З крыніц народных

Лунінецкі раён па дарэвалюцыйным адміністрацыйным дзяленні ўваходзіў у Пінскі павет Мінскай губерні. Апублікаваных фальклорных запісаў, зробленых у Пінскім павеце, нямала. Але ў сувязі з адсутнасцю ў іх дакладнай пашпартызацыі вылучыць народна-паэтычныя творы цяперашняга Лунінецкага раёна немагчыма. Аднак і па сучасных запісах відаць, што адрозненні ў фальклоры Пінскага і Лунінецкага раёнаў нязначныя.

Сістэматычнае вывучэнне духоўнай і матэрыяльнай культуры Піншчыны пачалося з 30-ых гадоў XIX ст. У 1838 г. у "Тыгодніку Пецярбургскім" і ў часопісе "Пшыяцель люду" надрукаваў нарысы пра Мінск і Піншчыну вядомы польскі даследчык Ю. Крашэўскі. Першая ж спецыяльная грунтоўная фальклорна-этнаграфічная праца была апублікавана Р. Зянкевічам у 1851 г. — "Сельскія песенькі пінскага люду". Ім жа ў 1852 — 1853 гг. у часопісе "Бібліятэка Варшаўска" было надрукавана даследаванне пра звычаі пінскага люду і асаблівасці яго песні. Вялікую навукова-пазнавальную каштоўнасць мае праца Г. Булгакоўскага "Пінчукі. Этнаграфічны зборнік. Песні, загадкі, прыказкі, абрады, прыкметы, забабоны, павер'і, прымхі і мясцовы слоўнік", выдадзеная ў 1890 г. у Санкт-Пецярбургу.

У асяроддзі сялян лунінецкіх вёсак добра захавалася паэзія земляробчага календара. У XIX ст. многія абрады і звычаі, у якія арганічнай часткай уваходзілі песні і іншыя вусна-паэтычныя творы, выконваліся паўсюдна. Яны мелі ўтылітарна-магічнае прызначэнне: павінны былі садзейнічаць ураджаю на палях, прыплоду і здароўю жывёлы ў хлявах і дабрабыту сям'і. Гэта функцыя ў той час ужо не зусім выразна ўспрымалася і паступова ўступала сваю дамінантную ролю пацяшальнай.

Каляды

Сельскагаспадарчыя клопаты яскрава выяўляліся ў абрадах і паэзіі зімовага цыкла. На Каляды гурты моладзі хадзілі ад хаты да хаты і віншавалі гаспадароў, спявалі велічальныя і жартоўныя песні. У гурт уваходзілі: пачынальнік, або запявала, скрыпач, певуны, механоша. Адзін з каляднікаў пад акном або пад дзвярамі пытаўся ў гаспадароў дазволу спяваць каляду. "Ці дома пан гаспадар? Ці веліш, пане гаспадару, каляду заспяваці, ці так каляды даці?" Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытаюцца: якую заспяваць песню. Далей гаспадар гаварыў, што пець. Спявалі звычайна пад вокнамі, некаторыя ж запрашалі ў дом. "... Рэдка хто просіць спяваць больш адной песні, таму што ў такім разе атрымліваецца большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве — два, а ў заможных дамах, апрача пірагоў, даюць каляднікам грошы, каўбасы і сала, частуюць і гарэлкай. Ходзяць каляднікі з вечара да самага рання".

У песнях да Бога расказваецца пра нараджэнне Хрыста і старанні Дзевы Марыі схаваць яго ад злых людзей. У песнях гаспадару хаты галоўным прадметам апявання з'яўляюцца хлебныя палі. Любімыя персанажы гэтых твораў — Бог, апосталы Пятро і Павел. Яны сядзяць за сталом, а Ілля ходзіць па палях і родзіць пшаніцу або ў лесе роіць пчол. Фантазія калядоўшчыкаў прымушае гаспадара сустрэць у выглядзе трох анёлаў сонца, месяц і дождж, якія спрыяюць яму. У вогуле ў песнях гаспадарка селяніна ідэалізавалася: у яго нібы былі велізарныя дыхтоўныя будынкі, хлявы з мноствам жывёліны, ураджайныя палі, працавала шмат слуг, якія зычаць яму здароўя і шчасця.

Узвялічваліся і ідэалізаваліся вобразы сыноў і дачок гаспадара — прыгожыя, працавітыя і багатыя.

"Прызначаючы спяваць тую або іншую песню, гаспадар не забывае пра свайго сябра — вала-памочніка. Не шкадуючы даць каляднікам лішні пірог, ён просіць праспяваць віншавальную песню таксама валу". Песні валу не былі шырока распаўсюджаны сярод палешукоў, і яшчэ менш ў іншых рэгіёнах Беларусі, таму мы прыводзім тэкст поўнасцю:

У нашага пана,
Пана гаспадара
Пасярод двара
Стаіць абора
Ново срублена,
Не дорублена.
А ў той аборы
Да стояць волы,
Сівы половы.
Стань, пане,
Пане гаспадару,
Стань, не лянуйса,
Стань, обуйса,
Подзі до клеці,
Возьмі омеці.
Там у куточку
Перэгны бочку,
Возьмі у коробочку
Да кормі ж волы,
Сівы половы,
Золотые волы,
Золотые рогі.
Яго рогатык да ялованькій,
Яго плашэнькі да берэстовы,
Яго сошнечкі да шталёвыя,
Яго полычкі да яловыя,
Яго пудпалочкі да грушовыя,
Яго подвоікі да толковые,
Яго кручэчкі да штабовые,
Яго ярэмчык буковенькій,
Яго кульбачкі да дубовыя,
Яго занозікі да лозовые,
Яго рожэнькі да месянзовые,
Яго поводочкі да толковые,
Яго осценчык да чэрэмховый,
Яго сушэнькі с шчырага золота,
Як едэ в полэ, бярэ яхота.
Судзі ж, Божэ, вясны дождаты;
Да поедомо в полэ гораты;
Да погорэмо горы, долыны,
Да поволочэньмо воронымі коньмі,
Да насеем гарным насеньем
Жыта, ярыны і всякой пашніны.
Дай жэ ж, Божэ, шчоб горал, горал
Да грошы побрал.
Шчо на горэ, то на веселле,
А шчо ў долыны, то на родыны;
Сцелы, Божэ, волы, шчоб хліба далы,
Поздоров, Божэ, господора і господыню,
Шчоб волы доглядалы і горэвалы.
Селяніна, жыццё і дабрабыт якога залежалі ад зямлі-карміцелькі, цяглавай сілы валоў і коней, можна зразумець, чаму валы надзяляюцца эпітэтам "залатыя" і ўсё, звязанае з імі, усхваляецца: хатнія жывёлы, верныя памочнікі гаспадара, былі вельмі дарагімі для яго, незаменнымі выратавальнікамі ад голаду і жабрацтва.