Акрайкі — тканыя паясы
з розных вёсак


Тып жаночых кашуль, в. Азярніца


Жаночыя безрукаўкі — шнуроўкі, в. Азярніца


Дзве жанчыны — адна ў будзённым, другая ў святочным уборы, в. В. Чучавічы. З фота А. К. Сержпутоўскага


Жаночая безрукаўка-кабат (выгляд спераду і ззаду),
в. В. Чучавічы

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Адзенне

Няма патрэбы апісваць працэс апрацоўкі льну, канапель, воўны, прадзення нітак, іх падрыхтоўкі да ткацтва. Звернем увагу на прыгатаванне тканіны, пакрой і пашыў адзення, камплекты жаночыя, мужчынскія і дзіцячыя, рэгіянальныя адрозненні ў пакроі і аздабленні.

На жаль, гэты элемент культуры палешукоў у нашым рэгіёне вывучаны недастаткова, ды і не шмат засталося людзей, якія памятаюць стыль традьщыйнага адзення. Зразумела, работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца, таму ў сваіх замалёўках вымушаны абмежавацца першапачатковымі назіраннямі і некаторымі меркаваннямі.

Па-першае, трэба адзначыць, што ёсць адрозненні ў стылях адзення па розных рэгіёнах. На поўдні бытаваў традыцыйны касцюм, які вельмі нагадваў давыд-гарадоцка-тураўскі стыль. Ён, як вядома, быў распаўсюджаны ў мястэчках і вялікіх вёсках. Гэта акалічнасць яшчэ раз падкрэслівае сувязі Лахвы, Кажан-Гарадка і іншых населеных пунктаў з Давыд-Гарадком. У астатніх вёсках моцна адчуваецца ўплыў так званага калінкавіцкага строю. Але ў адрозненне ад апошняга, спадніца часцей за ўсё светлая альбо белая (у святочным гарнітуры) ці аднатонная цёмная (у штодзённым адзенні), у адрозненне ад чырвонай з вертыкальнымі палосамі ў калінкавіцкім. Па нізе спадніцы вышыўка так званага геаметрычнага арнаменту шырынёй да 15 см і больш. Сімвалізм арнаменту звязаны хутчэй за ўсё са старажытнымі вераваннямі. Відавочна, у далёкім мінулым такія ўпрыгожванні адыгрывалі ролю абярэгаў. Святочная кашуля таксама белая, упрыгожаная геаметрычным арнаментам на чахлах, перадплеччы (ад локця да пляча), па стаячым каўнерыку, па разрэзе на грудзях, які зашпільваўся наглуха. Святочны фартух таксама белы, вышыты па нізе.

Разам з тым бытуе аздабленне аплікацыяй. Трэба прызнаць, што яно больш архаічнае, чым вышыўка. Аплікацыя больш распаўсюджана на паўднёвым усходзе, што дае магчымасць разглядаць яго як частку рэгіёна, дзе распаўсюджаны такі прыём аздаблення (на ўсходзе Столінскага раёна, на Тураўшчыне і ў раёне Петрыкава).

У вёсцы Чучавічы і яе ваколіцах тып касцюма амаль не адрозніваецца. Але тут больш, чым на поўдні, яшчэ ў 20 — 30-ыя гг., захаваліся своеасаблівыя галаўныя ўборы, што вельмі нагадваюць давыд-гарадоцкія, якія вывучаны дастаткова поўна. Вышыўка ў чучавіцкім рэгіёне можа размяшчацца не толькі па нізе спадніцы ці фартуха. Прыкладна такі ж малюнак і ў Краснавольскім рэгіёне.

У Багданаўцы і Рэдзігераве адчуваецца ўплыў пінска-івацэвіцкага стылю. Тут у вышыўках больш распаўсюджаны раслінны арнамент (кветкі, галінкі дрэў, лісце і г.д.). Адсюль раслінны арнамент распаўсюдзіўся і на іншыя рэгіёны, і можна сустрэць жаночы касцюм, упрыгожаны і геаметрычным, і раслінным арнаментам. Мужчынскі касцюм менш упрыгожаны вышыўкай, часцей за ўсё яна адсутнічае.

Асаблівасцю раёна з'яўляецца распаўсюджанне тканых паясоў, якія тут называюць акрайкамі.

Пакрой і элементы жаночага і мужчынскага касцюма неаднаразова апісаны. Трэба толькі адзначыць некаторыя асаблівасці, характэрныя для ўсяго Палесся. Мужчынскія штаны мелі прамы пакрой, цесна падагнаныя да таліі і клубоў. Казалі, што ў шырокіх штанах дрэнна хадзіць па балоце і карчах. Наогул пакрой такіх штаноў нагадвае пакрой класічных джынсаў.

З верхняга адзення распаўсюджана світа. Пакрой яе спрамлены, больш падобны на куртку. З такой світкі і ўзнікла сапраўдная куртка з чатырма кішэнямі — дзве прамыя накладныя ці ўшытыя з клапанамі знізу крыса і дзве ўшытыя касыя зверху, над прамымі. Такую куртку называюць футэрко ці хутэрко (мабыць, ад слова "футра"). З зімовага верхняга адзення, як мужчынскага, так і жаночага, найбольш распаўсюджаны кажухі. Кожны член сям'і меў не менш аднаго кажуха. Кажушкі шылі і дзецям. Часта меўся святочны кажушок, аўчына якога выраблялася больш старанна. Такі кажушок аздабляўся апушкай па нізе і праваму ці леваму борту (у залежнасці жаночы ці мужчынскі). Іншы раз жаночы кажушок аздабляўся вышыўкай.

У якасці абутку часцей за ўсё ўжываліся лапці, якія тут называюць пасталы. Глухія лапці, якія распаўсюджаны на поўначы Беларусі, тут сустракаюцца рэдка. Зімой лапці рабілі крыху большымі. На дно іх засцілалася тоўстая саламяная ўсцілка. Нага абмотвалася сукнянкай (суконнай анучай) у некалькі слаёў. Лапці мацавалі да ног пры дапамозе доўгіх, часцей за ўсё раменных, вяровак, абмотваючы па анучы — летняй палатнянай анучы ці сукнянцы — гэтыя вяроўкі амаль да калена. Старыя людзі і зараз, ідучы ў лес ці на балота, аддаюць перавагу пасталам перад гумавымі ботамі. Для ўсёй сям'і пры першай магчымасці спраўляліся боты. З гэтай мэтай збіралася дастатковая колькасць матэрыялу, а потым запрашаўся шавец, якіх дастаткова жыло ў мястэчках, а часам і па вёсках. Шавец, калі ён не мясцовы, пасяляўся ў хаце гаспадара, яму адводзіўся куток, дзе ён размяшчаў "майстэрню". Такі шавец жыў у сям'і заказчыка да таго часу, пакуль не зробіць абутак для ўсёй сям'і. Боты служылі доўга, таму такое мерапрыемства рэдка здаралася часцей аднаго разу за жыццё. Больш заможныя сяляне спраўлялі боты і дзецям.

Заслугоўвае ўпамінання і такі факт, што часам і пасталы пляліся са скураных палос. Такія пасталы служылі некалькі гадоў.

У нататках аб адзенні і абутку знарок пазбягаю паўтораў, як і агульнапрынятага погляду аб жыцці селяніна як беспрасветным. Так, жыццё селяніна было цяжкім, гэта жыццё працаўніка. Але беспрасветным яно не было. Паляшук не цураўся музыкі, быў вялікім аматарам і майстрам жартаў, валодаў тонкім пачуццём гумару, разбіраўся ў мастацтве. Вядома, яго быт адрозніваўся ад быту адукаваных слаёў насельніцтва буйных гарадоў, якія падсвядома лічылі іншы ўклад жыцця бедствам і з гэтай нагоды ці шкадавалі, ці з пагардай адносіліся да яго прадстаўнікоў. Недакладнасці і эмоцыі этнографаў мінулага звязаны якраз з такой акалічнасцю.

Сафрон Жлоба




Жаночы касцюм, в. Ракітна