Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Асобыя рэчы і з'явы

Лічу неабходным прысвяціць некалькі радкоў традыцыі ўжывання спіртных напіткаў і самагонаварэнню. Трэба сказаць, што бытуючае ўяўленне аб тым, што выпіўка з'яўляецца ледзь не элементам этнічнай культуры, не мае пад сабой ніякіх падстаў. Са спіртных напіткаў выкарыстоўваліся пры абрадах мёд і настойкі. Гарэлка пачала ўжывацца толькі ў XIX ст. Прычым, напрыклад, на вяселлі часта абыходзіліся адной бутэлькай і чаркай, якую пускалі па кругу. Пілі ж у асноўным квас, які рабілі з буракоў, бярозавы ці кляновы сок і г.д. З'явіцца нават выпіўшым на людзі лічылася вялікім сорамам. Такога чалавека доўга ганьбілі і абзывалі п'яніцай. Такая мянушка магла прыліпнуць да чалавека на ўсё жыццё.

Што датычыць самагонаварэння, то яго распаўсюджванне пачалося падчас сусветнай вайны. Змена ўлад, грамадзянская вайна, потым вайна Польшчы з РСФСР таксама садзейнічалі развіццю гэтай з'явы. Усталяванне Польшчы на гэтых землях прывяло сюды польскую бюракратыю. Хаця афіцыйна існавала манаполія дзяржавы на спіртныя напіткі, тым не менш склалася практыка, што самагонка ператваралася ў сродак разлікаў і подкупу службовых асоб. Пасля верасня 1939 г. становішча ў гэтай справе амаль не змянілася. Змяніліся толькі службовыя асобы. З чэрвеня 1941 г. спажыўцамі самагону становяцца як немцы, так і партызаны. Гэта, зразумела, было магутным стымулам для развіцця вытворчасці. А лясны быт партызан, патрэба якіх у спірце для медыцынскіх і тэхнічных мэт была вельмі вялікая. Гэта спрыяла канструяванню паўстацыянарных самагонных апаратаў, у якіх перагонка брагі адбываецца пры дапамозе пары. Канчатковы прадукт з такога апарата быў даволі высокай якасці. Амаль без змен ён у вёсках дайшоў да нашага часу.

Пасля перамогі самагонаварэнне, хаця і забаранялася законам, шмат хто быў пакараны, не спынялася. Бо яго спажыўцамі сталі не толькі мясцовыя бюракраты, партыйныя і каласныя кіраўнікі, але і самі вяскоўцы, якія пакрысе ўцягнуліся ў выпіўку. Горад у гэты час мала займаўся вырабам самагонкі. 50 - 60-ыя гады не давалі для гэтага падстаў. Горад піў, але і гарэлкі ў крамах было дастаткова, і яна была танная. Пералом тут настаў у 70-ыя гады, калі адбылося павышэнне цэн на спіртное. А з пачаткам "перабудовы" і кампаніяй барацьбы з п'янствам гарадское самагонаварэнне атрымала бурнае развіццё. Паколькі гарадскія ўмовы не дазвалялі разгарнуць вялікі апарат з перагонкай парай, то былі сканструяваны шматлікія варыянты партатыўных апаратаў для перагонкі метадам непасрэднага кіпячэння брагі без наступнай яе ачысткі ў сухапарніку. Некаторыя з гэтых апаратаў уяўляюць сабой бліскучыя ўзоры кемлівасці і інжынернай думкі. Было б цікава вывучыць больш падрабязна гэты бок народнай творчасці. Тым не менш якасць прадукта значна панізілася. Да таго ж замест хлеба і бульбы выкарыстоўваецца адзін цукар. Тэта таксама не палепшыла якасць самагонкі. Перабоі з цукрам прывялі да выкарыстання варэння, джэмаў і г.д. Справа дайшла да вытворчасці сурагатаў, якія не толькі шкодныя для здароўя, але складаюць прамую пагрозу жыццю яе спажыўца. Пачатак масавага самагонаварэння ў горадзе і псаванне яго якасці павялічылі попыт на вясковы самагон, як больш якасны. Вядома, гэта прывяло да росту яго вытворчасці і зніжэння якасці, а рост цэн на муку, дрожджы, цукар прывёў да выкарыстання рознай недабраякаснай сыравіны, напрыклад адходаў ад цукровай вытворчасці.

Сучасная эканамічная і палітычная сітуацыя ніяк не садзейнічае знікненню гэтай з'явы. Наадварот. Новыя, ды і старыя эканамічныя структуры актыўна выкарыстоўваюць прамысловыя магутнасці самагонаварэння для вырабу гарэлкі, якую прадаюць у "камках", а то і ў дзяржгандлі за сапраўдную. Таму перспектывы ў самагонаварэння пакуль што даволі добрыя. Адно, што магчыма чакаць, — гэта ўзнікненне канкурэнцыі з усімі выцякаючымі з гэтага вынікамі.

Праводзячы этнаграфічныя даследаванні, часам здараецца сустрэць з'явы і рэчы зусім дзіўныя, як раней казалі — нетыповыя. Тым не менш яны звязаны з жыццём і бытам чалавека. Пра адну з іх я пачуў ад жыхара вёскі Міжлессе Данілы Данілавіча Раўковіча. Пра прызначэнне яе распавядаў Данілу Данілавічу яго дзед, ураджэнец в. Міжлессе. Рэч уяўляе сабой тоўстую дубовую калоду, у якой выдзеўбана было заглыбленне па форме чалавечага цела з такім разлікам, каб галава, спіна і ногі хаваліся ў калоду на глыбіню да 15 см ад верху калоды. У гэтую "форму" клалі чалавека. У адтуліны, прасвідраваныя на ўзроўні зверху каленяў і спіны, устаўлялі штыры, прыціскаючы такім чынам чалавека. Сярэдняя частка выдзеўбанага была меншай, таму ягадзіцы выступалі над паверхняй. У "форму" паны клалі тых, хто падлягаў пакаранню. Калода прыстасавана была для пакарання бізунамі. Так народныя промыслы выкарыстоўваліся калісьці і супраць саміх працаўнікоў...