Загатоўка для кола


Слонніца ("сноўніца") для намоткання асновы, в. В. Чучавічы. З фота А. К. Сержпутоўскага

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Іншыя дрэваапрацоўчыя промыслы і рамёствы

Звычайна ў вёсках найбольш спрактыкаваны цясляр быў адначасова і сталяром. Ён рабіў нескладаныя сталярныя вырабы на патрэбу мясцовым жыхарам — сталярку, пралкі, кросны, верацёны, вілы, граблі, цапы і г.д. Ён меў найбольш разнастайнае абсталяванне і прылады, чым цясляр, і ў першую чаргу варштат — часта гэта была проста шырокая дошка ў сенях, прыстасаваная для габлявання і з прасцейшай канструкцыяй для заціскання загатовак пры распілоўцы (пры дапамозе кліноў). Сёй-той меў такарны станок, прасцейшы з якіх — лучковы.

У сталяроў з Лахвы, Кажан-Гарадка, Луніна былі стацыянарныя такарныя станкі, якія прыводзіліся ў дзеянне нагой, з механізмам накшталт швейнай машыны. Такая канструкцыя была пашырана на вельмі вялікай тэрыторыі не толькі славянскіх народаў. Верагодна, гэтую канструкцыю прывада скарысталі вынаходнікі нажной швейнай машыны (дарэчы, ён выкарыстоўваецца і ў самапрадках). Магчыма, потым у некаторых месцах сталяры зноў запазычылі гэтую ідэю ад самапрадкі ці швейнай машыны. Наогул, у мястэчках — вёсках Кажан-Гарадок і іншых першымі з'явіліся і прафесійныя рамеснікі — сталяры, якія ў асноўным працавалі на заказ, хаця, па ўспамінах, трымалі і сякую-такую гаспадарку.

Некалькі асабняком стаялі спецыялісты па вырабу транспартных сродкаў. Праца гэта была вельмі цяжкай, патрабавала шмат часу і даволі высокай кваліфікацыі, не кажучы ўжо пра спецыяльныя прафесійныя веды. На Лунінеччыне ў вёсках зусім адназначна раздзяляюць гэтыя дзве спецыяльнасці. Больш таго, тут адбылося, мабыць, у сярэдзіне XIX ст. (калі не раней), выдзяленне яшчэ адной спецыяльнасці — калёснікі — людзі, якія гнулі і рабілі колы. У больш познія часы загатоўкі — дубовыя ці ясеневьія, спецыяльна абчасаныя, даўжынёй ад 2,8 да 3,5 м (у залежнасці ад дыяметра кола) — парылі ў катлах ці карытах 6 — 8 гадзін. Раней гэта рабілі ў спецыяльных збудаваннях, якія дзейнічалі накшталт лазневай парылкі, і выпарвалі там загатоўкі амаль суткі. У некаторых месцах парылі ў вялікіх драўляных карытах, закапаных у зямлю і абмазаных звонку глінай. У налітую ваду апускалі загатоўкі, затым туды скочвалі распаленыя папярэдне камяні (як мага больш і разам), потым закрывалі карыта насцілам і дзёрнам альбо зямлёй.

Распараныя загатоўкі гнулі звычайна на тоўстым дубовым пяньку ці калодзе, трывала замацаванай. Загатоўку ўстаўлялі адным канцом у зазор паміж цэнтральным і краявымі выступамі пянька, карацейшай гранню сячэння да круглага выразу на пяньку, на другі канец надзявалі жэрдку-рычаг, трывала зробленую, іншы раз праз рычаг для страхоўкі перакідвалі вяроўку, якую трымаў, перакінуўшы праз дрэва ці калок, хто-небудзь з калёснікаў. Другія пры дапамозе рычага абгіналі круглы выступ пянька і заводзілі другі канец за знешні выступ. Загатоўка кола моцна звязвалася дубовым ці лазовым закрутам, паміж загатоўкай і круглым выразам пянька забівалі некалькі клінкоў (па кругу) — дрэва высыхае і моцна абчэпіць круглы выступ, а клінкі можна выбіць, і выраб лёгка знімаецца з прыстасавання. У больш познія часы выраб звязвалі дротам. Гэтак жа гнулі дугі, часам палазы для саней. Але часцей для палазоў выбіралі загнутыя галіны дубоў, якія ссякалі, а потым распілоўвалі і сушылі. Справа таксама вельмі працаёмкая.

Далей загатоўкі для колаў апрацоўвалі на спецыяльным станку, ставілі спіцы і г.д. Дарэчы, букса заўсёды была драўлянай. На вось знізу часта прыбівалі тоўстую палоску жалеза, каб вось не так хутка зношвалася. У якасці колавай мазі прымяняліся старыя грыбы. Старыя людзі кажуць, што гэта была добрая мазь, галоўнае, з позняй вясны і да глыбокай восені яе было дастаткова — варта было толькі трохі збочыць з дарогі... Наогул, старыя палешукі ўмелі знайсці выйсце...

З іншых заняткаў вядома бондарства, пляценне і інш. З іх найбольшай падрыхтоўкі і кваліфікацыі патрабавала бондарства. Ранейшая думка аб тым, што бондары працавалі толькі ў мястэчках, адхіляецца старажыламі. Паводле іх сцвярджэння, у кожнай невялікай вёсцы быў адзін, а то і два бондары, бо тады, акрамя ганчарнага і драўлянага посуду, іншага амаль не ведалі. Таму патрэба ў драўляных бандарных вырабах была вельмі вялікая. Цэбрык, вядро, падойнік, маслабойку, дзежку, бочачку — усё гэта заказваў мясцоваму бондару селянін. У вясковага бондара заўсёды было шмат работы. I толькі распаўсюджванне металічнага посуду прывяло да заняпаду вясковага бандарнага рамяства.

Традыцыі пляцення былі ці не самыя старажытныя на Палессі. Плялі пасталы з лазы, рознага памеру сумкі-варэнькі, часам пацягнутыя зверху бяростай. Такая варэнька не прапускала вільгаць — бяроста валодае воданепрымальнымі ўласцівасцямі. Таму такая сумка была незаменнай для пастуха, рыбака, у грыбах ці ягадах. У ёй паляшук часцей за ўсё насіў хлеб, сала, іншыя харчовыя прыпасы. З бяросты рабілі таксама шмат посуду — для захоўвання круп, прыпраў на кухні і г.д. З лазовых прутоў плялі кашалі, кашолкі, карзіны, часта вельмі прыгожыя і далікатныя, якія маглі б упрыгожыць і кватэру, і зграбную постаць маладой дзяўчыны.

У Лунінецкім (і некаторых іншых) раёне існуе цікавая тэхналогія ткацтва — аснова ідзе з ільняных нітак, а ўток — з шарсцяных. Па фактуры тканіна ідэнтычная славутаму "джынсу", але больш моцная і шчыльная, больш таго, спалучае якасці і льняной, і шарсцяной тканіны. Ткалі, а сям-там і зараз ткуць іх звычайна жанчыны на самых простых кроснах.

Традыцыя аказалася здольнай перапрацаваць і ўключыць дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу і новыя тэхналагічныя матэрыялы. Скажам, той жа кошык зараз можа быць сплецены па драўлянаму каркасу з алюмініевага дроту альбо якога-небудзь іншага матэрыялу — шнура, які ўжываецца пры цюкаванні саломы, пластмасавай стужкі і г.д. А часам і каркас робіцца з больш тоўстага стальнога дроту. Але форма застаецца старой — мусіць, яна больш прыстасавана да жыцця палешука і мяняць яе не мае сэнсу.

Хочацца адзначыць адну акалічнасць — пакрой і аздабленне адзення. Поўдзень раёна — Кажан-Гарадок, Лахва, Лунін — наогул па сваім строі вельмі блізка стаяць да давыдгарадоцка-тураўскага строю. Нават на поўначы раёна — у Чучавічах яшчэ відаць падабенства да гэтага строю. Бадай, найбольшай самабытнасцю адрозніваецца рэгіён, які мы ўмоўна назвалі Краснавольскім. У мясцовым музеі захаваліся ўзоры жаночых гарнітураў з розных куткоў раёна.