Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Збіральніцтва, промыслы і рамёствы

У жыцці палешука яны займалі вельмі вялікае месца. Гэта адзначаў яшчэ ў другой палове XIX ст. М.Е. Кіркор. Ён звярнуў увагу на тое, што ў гэтых балоцістых мясцінах амаль не было чахоткі (туберкулёзу). Вучоны тлумачыў гэта тым, што харчаванне палешука было не ў прыклад лепшае за харчаванне паўночнага беларуса, бо ў рацыён першага ўваходзілі дзічына, рыба, мёд, грыбы, ягады, якія складалі ў некаторых мясцінах да 40 працэнтаў ужываемых харчовых прадуктаў. Нават у неспрыяльны год селянін меў на стале рыбу, птушку, дзічыну, хаця хлеба магло і не хапіць. Вядома, што такія промыслы, як пчалярства, рыбная лоўля, паляванне, тут атрымалі вялікае развіццё.

Пчалярства было адным з самых старадаўніх заняткаў. Раней гэта былі борці, якія тут называліся слепетні. Борць была агульнай назвай: "мая борць" — азначала ўсе слепетні, якія належалі аднаму гаспадару. На адным дрэве быў адзін ці два слепетні. У XIX і да сярэдзіны XX ст. пераважалі вуллі-калоды. Пчол раней трымала амаль кожная хата: у сярэднім па 10 — 12 сем'яў, але былі пчаляры, якія трымалі да 60. Вуллі трымалі на сядзібах, але часцей за ўсё на дрэвах у навакольных лясах. Вуллі падымалі наступным чынам: устанаўлівалі кола з доўгай тоўстай воссю, якое мацуецца пры дапамозе спецыяльных накладак, што прывязваюцца да дрэў, або калкамі. На восі мацавалася тоўстая вяроўка — ліна, сплеценая з трох звычайных. На дрэве на тоўстым суку мацаваўся каперац — трывалы блачок. Да другога канца ліны прывязвалі калоду. Калі круцяць кола, ліна намотваецца на вось і калода падымаецца на патрэбную вышыню. Чалавек на насціле зверху ўстанаўлівае калоду ў патрэбнае становішча, і чалавек пры коле адпускае вяроўку, калода становіцца на месца. Для пад'ёму калоды хапае двух чалавек. Для аховы ад мядзведзяў падвешвалі вакол ствала завостраныя знізу калоды па ўсім крузе.

Мядзведзь, лезучы ўгару, з любога боку натыкаецца на завостраную калоду, потым пачынае адштурхоўваць калючую перашкоду, якая ўсё больш балюча б'е ласуна, — нарэшце ён звальваецца...

Раней пчол з галоўкі вулля не глядзелі, а толькі праз поцяж. Бывала, што мёдам была забіта ўся прастора вулля, аж да пода. Часам пчаляр зыходзіў да вулляў на некалькі дзён. Ён браў з сабой спецыяльную бандарную пасудзіну для мёду - дзежачку. Яна рабілася плоскай, каб лягчэй было пакласці ў варэньку. Вядома, што мёд вельмі цякучы, і не ўсякая бандарная пасудзіна, якая трымае ваду, будзе трымаць і яго. Таму дзежачку мог зрабіць далека не кожны бондар.

Не менш важнае месца займае рыбалоўства. Рыбалоўных прылад было вельмі шмат — плеценыя з лазы кош, кашолка, кошыца і інш., зробленыя з сеткі броднік, волак, валачайка і г. д., лескавыя розныя тыпы вудаў і дарожак, а таксама разнастайныя восці-астрогі. Па прызначэнні снасці былі пастаўныя і валачыльныя, летнія, зімовыя і г.д. Калі на Прыпяці, Цне, іншых вадаёмах існавалі арцелі рыбаловаў, якія выкарыстоўвалі розныя невады і буйныя прылады, то на шматлікіх рэчках, рачулках, ручаях, пратоках патрэбен быў іншы рыбалоўны інвентар. Акрамя таго, у адрозненне ад арцеляў, селянін лавіў рыбу толькі для сваіх патрэб. Трэба адзначыць, што ў звычайны час рыбнай лоўляй займаліся дзеці і падлеткі, а дарослыя лавілі толькі ў сезоны нерасту ці разліваў, а таксама выязджаючы далека на балотныя завадзі для зімовага лову ўюноў. Лавілі ўюноў зімой кашолкамі (сустракаюцца і назвы "кошака", "решемета"). Па памерах кашолкі прасякаецца палонка, у якую кашолку ставяць такім чынам, каб цэнтравы выступ з адтулінай быў ніжэй узроўню вады на 2 — 3 см. Снасць звычайна шчыльна абтыкаецца з усіх бакоў, а часам прывязваецца да палкі. Палонка перакрываецца некалькімі палкамі і закрываецца бярэмам вішы ці сена, засыпаецца паверх снегам, таўшчыня якога залежыць ад надвор'я — каб палонка не замерзла і кашолка не ўмерзла ў лёд. Уюны ідуць наверх, праходзяць праз адтуліну, перавальваюцца праз цэнтравы выступ і апускаюцца на дно кашолкі. Калі ўюны "ідуць", праз некалькі гадзін іх набіраецца кашолка да цэнтравага выступу. Яе здымаюць, высыпаюць здабычу і ставяць зноў. Звычайна ставіцца 5 — 6, а то і да дзесяці прылад. За некалькі дзён ловіцца вялікая колькасць рыбы.

Вясной, у час, калі пачынае сыходзіць паводка, уюноў таксама ловяць. Шматлікія пратокі, па якіх сыходзіць вада, перагароджваюцца "гаткамі"-грэблямі, у якіх рабілі "езы"-разрывы. У езы клалі кашы, прыладу, якая апісана ўжо шмат разоў. Цікава, што ў той час, калі пачынаюць ляцець камары, у кашы "ідуць" вужы. Каб засцерагчы кашы ад вужоў, існаваў радыкальны метад — перад вусцем каша крыжом ставіліся дзве белыя палачкі, звычайна з ашкуранай лазы. Знаўцы справы сцвярджаюць, што гэтая перашкода для вужоў непераадольная. Магчыма, гэта адзін са старажытных магічных прыёмаў, які дайшоў да нашага часу. Ва ўсякім разе, мае суразмоўцы не спрабавалі нават растлумачыць дзеянне гэтай абароны ад вужоў.

Уюноў салілі, яны заціхалі, потым іх нізалі на мэткі — тонкія гладка абгабляваныя дубцы лазы даўжынёй 70 — 80 см. Калі ўюноў рыхтавалі дома, то мэткі клалі на бляхі і запякалі, а потым высушвалі на печы. У лесе ж клалі доўгае вогнішча, напальвалі вуголля, забівалі расошкі, на іх клалі жэрдачкі так, каб канцы мэтак змяшчаліся на іх. Хвасты ўюноў клаліся на галовы ўюноў наступнай мэткі. Калі ўюны з аднаго боку падсыхалі, іх пераварочвалі — і так да поўнага высыхання. Іх вывешвалі ў хаце пад столлю на печы, а часам абламвалі з мэтак у бочку ці цэбрык і закрывалі. Так яны маглі доўга захоўвацца. З уюноў рыхтавалі розныя стравы, асабліва ў пост, а часам прадавалі гандлярам-перакупшчыкам, і яны траплялі на рынкі Вільні і Варшавы. Уюноў лавілі так шмат, што дробязь высушвалі, клалі ў бочкі і потым кармілі свіней.

Калі зыходзіла з брадоў і заліўных азерцаў вада, з ёю ў раку імкнулася і больш буйная рыба, у першую чаргу шчупакі. Для іх лоўлі выкарыстоўваліся доўгія, большза метр даўжынёй, лубяныя, пераплеценыя лазой "трубы", дыяметр якіх быў амаль роўны памерам шчупака. Іх таксама ставілі на пратоках у езах, часта некалькі, адзін каля аднаго. Адтуліну на плыні затыкалі сенам. Шчупак ішоў у снасціну, не маючы магчымасці вярнуцца назад, там і заставаўся. У адну снасціну часам траплялі 3 — 5 шчупакоў.

Наогул, метадаў рыбнай лоўлі было шмат, але мы звярнулі ўвагу толькі на самыя адметныя — характэрныя для гэтага і навакольных раёнаў.

Нягледзячы на тое, што лясы належалі ў асноўным памешчыкам ці дзяржаве і заканадаўства ў адносінах да палявання было даволі жорсткім, селянін умеў здабыць дзічыну, прычым без стрэльбы, выкарыстоўваючы розныя лоўчыя прыстасаванні і пасткі. Асабліва шмат лавілі вадаплаўнай птушкі. Яе таксама нарыхтоўвалі ў запас, засушваючы накшталт рыбы. Сушаны селязень мог праляжаць год і больш, не страчваючы сваіх спжыўных якасцей. З яго можна было прыгатаваць шмат смачных страў. Але яны былі скаромнымі... Трапляліся ў пасткі зайцы і іншы звер. Наогул, хаця паляшук шкадаваў сваю хатнюю жывёліну, тым не менш быў забяспечаны мясной і рыбнай стравай на працягу амаль усяго года.

Не менш шчодрымі да працавітага селяніна былі лес, балота, луг. У збіральніцтве грыбоў і ягад строгага падзелу працы не было, займаліся ім і мужчыны, і жанчыны, хаця першыя збіралі пераважна грыбы, а жанчыны — ягады. Найбольшай перавагай з ягад карысталіся чарніцы і брусніцы. З чарніц рабілі сок, настойкі, іх у вялікай колькасці сушылі і выкарыстоўвалі для прыгатавання кампотаў (як заварку), для запраўкі кісялю. Сухія чарніцы былі добрым лекавым сродкам пры страўнікавых захворваннях і прастудах. Журавіны нарыхтоўвалі восенню, а часам і ранняй вясной — гэтыя ягады не баяцца маразоў і амаль не псуюцца. Нарыхтаваныя журавіны ссыпалі ў бочку і залівалі вадой, каб не завялі. Выкарыстанне іх таксама было разнастайным. Іх дабаўлялі ў капусту пры квашанні, баршчы, варылі з іх квас. Журавіны валодаюць антысептычнымі якасцямі, таму морс з іх быў жарапаніжальным сродкам. З грыбоў найбольшай павагай карыстаўся белы (баравік). Іх сушылі, нізалі на ніткі і вешалі ў закутку дзе-небудзь ля печы. Не грэбавалі і чырвонагалоўцамі (падбярозавікамі і падасінавікамі). У час пастоў грыбы былі адным з галоўных прадуктаў харчавання. Умелі іх саліць і марынаваць. Плюшкі (грыбы, падобныя на белыя) парылі і нарыхтоўвалі бочкамі.

Існавала яшчэ шмат промыслаў і рамёстваў, якія былі распаўсюджаны не толькі ў вёсках і мястэчках па берагах Прыпяці і ў нізоўях Цны. Багатая лясамі і рэчкамі мясцовасць была прыдатная для нарыхтоўкі і сплаву лесу і дроў. Арцелі зімой нарыхтоўвалі драўніну і тралявалі яе да рэк Лань, Смердзь, Цна, Бобрык і ўпадаючых у іх пракапаных сплаўных канаў. Для тралёўкі лесу выкарыстоўвалі спецыяльна абсталяваныя фурманкі — сані з падсанкамі, з насаджанымі на капылы бабкамі — бярвеннямі па шырыні саней, з высечанымі жалабкамі ўпоперак, на якія клалі бярвенні. Тралёваны лес з паводкай збівалі ў плыты і сплаўлялі да Прыпяці, дзе плытаўшчыкі зганялі бярвенні ў вялікія пленіцы — звязаныя адно з адным лазовымі закрутамі, часам у некалькі накатаў. Потым гэтыя пленіцы злучалі адну з другой і такі вялікі плыт адпраўлялі па прызначэнні. У прыбярэжных вёсках існавалі арцелі плытаўшчыкоў, якія мелі добрую рэпутацыю і якіх ахвотна наймалі пакупнікі лесу.

Адным з важнейшых заняткаў было будаўніцтва. У той ці іншай ступені кожны селянін быў будаўніком. Ён мог без усялякай дапамогі збудаваць драўляны хлёўчык, быў галоўнай рабочай сілай на будаўніцтве сваёй хаты. Для самых адказных работ (абчэсваць бярвенні, засякаць вуглы і г. д.) наймаўся спецыяліст-склюдоўшчык. Ён валодаў уменнем працаваць склюдам, спецыяльнай сякерай з доўгім вострым лязом, дзякуючы чаму абчасанае ім бервяно было роўным і нагадвала абразное. Звычайна ён валодаў і майстэрствам распілоўкі бярвенняў на дошкі. Гэта цяжкая і патрабуючая ўмення справа, асабліва з боку верхняга пільшчыка, які павінен быў накіроўваць ход пілы і сачыць, каб дошка была роўнай, не ішла ні "вінтом", ні "на клін". Паколькі вельмі рэдка сустракаецца апісанне гэтага працэсу і існуюць розныя варыянты, можна даць больш падрабязныя тлумачэнні.

Абчэсванне склюдам патрабуе добрых навыкаў, і звычайна яму вучылі хлопчыкаў з 13 — 15 гадоў. Склюдаўшчык з Багданаўкі Аляксей Міхайлавіч Ільючык пачаў вучыцца гэтаму ў 15 гадоў. Склюдам нельга абчэсваць бервяно так, як звычайнай сякерай, прапускаючы яго паміж шырока расстаўленымі нагамі, бо яно абавязкова атрымаецца "на клін". Для атрымання роўнай грані бервяно "шнурылі", для чаго ў патрэбных месцах ачышчалі ад кары вузкія палоскі і з тарцоў нацягвалі шнур, намазаны перад гэтым галавешкай. Потым адзін з майстроў строга вертыкальна адцягваў шнур уверх і адпускаў. На бервяне заставалася чорная лінія, па якой яго абчэсвалі на брус. Гэткім жа чынам, заўважым, размячалі бервяно і на дошкі. Склюдаваныя бярвенні-брусы складвал і гэтак жа, як цяпер абразныя.

Падрыхтаваныя для распілоўкі падоўжанай пілой бярвенні скочваліся пры дапамозе легароў — доўгіх моцных жэрдак, якія прыстаўляліся да абодвух козлаў сталюгі (сталюгі вышынёй больш 2 м). На сталюгі клалі адразу 3 — 5 бярвенняў. Тоўшчыкі выступалі за заднюю сталюгу сантыметраў на 15 — 25 з такім разлікам, каб іх можна было абматаць. Вяроўка свабодна правісае, і ў правесы ўстаўляюць цяжкія дубовыя ці з сырой бярэзіны вагі так, каб тонкі канец вагі ўпіраўся ў ніз бервяна сталюгі, а доўгі (да 2,5 м) завісаў і нацягваў вяроўку. Тады бярвенні нікуды не маглі катацца, чым забяспечвалася дакладнасць пілавання. Пярэдняя сталюга ставілася як мага далей ад сярэдзіны бярвенняў — каб тончыкі і верхні пільшчык, што стаяў на іх, не пераважвалі пры працы тоўшчыкі. Падоўжаная піла зроблена так, што яе зубы рэжуць толькі пры руху ўніз. Таму знізу, як правіла, пілу цягнулі два пільшчыкі, а верхні яе толькі падцягваў і "пускаў", напраўляючы рух у патрэбным накірунку. Калі піла зойдзе дастаткова далёка, у распіл заганяюць клінок, але так, каб не раскалоць бервяно, а толькі забяспечыць лёгкую хаду пілы. Па патрэбе клінкі падганяюць далей. Надрэз даводзяць да першай сталюгі, клінок выбіваюць, а пілу вяртаюць на пачатак наступнага надрэза, і ўсё паўтараецца, пакуль да пярэдняй сталюгі не будуць распілены канцы ўсіх бярвенняў. Потым пярэднюю сталюгу перастаўляюць прыкладна на паўметра ўперад, каб разрэзы заставаліся на 25 — 30 см за сталюгай. I зноў па чарзе ў кожны разрэз устаўляецца піла (у яе ніжняя ручка робіцца здымнай), і разрэз даводзіцца да задняй сталюгі. Апошнія 25 — 30 см ля тоўшчыка расколваюцца па разрэзах пры дапамозе ўсё тых жа клінкоў. Пры гэтай працы ніжні пільшчык толькі цягне пілу, ён не адказвае за якасць, таму і нарадзілася прыказка: "Хто я? Ніжні пільшчык" — г. зн. ні за што не адказваю.

Як і ўсюды на поўдні Беларусі, тут не было падмурку. У якасці падмурку пад вуглы і сярэдзіны сцен укопваліся тоўстыя дубовыя калоды-тарцакі — штандары. Потым, калі сталі насцілаць падлогу, штандары ўкопвалі ў тых месцах, дзе павінны ляжаць падваліны — тоўстыя, звычайна дубовыя лагі, да якіх прыбівалі дошкі падлогі. Па штандарах клаўся першы вянец — падрубы, таксама часта з больш тоўстых, чым астатнія вянцы, дубовых бярвенняў. Бо больш чым на палавіну вышыні падрубы насыпалася прызба — слой зямлі для ацяплення, часам прызба агароджвалася і зверху адзярноўвалася, і каля сцяны па ўсім перыметры атрымоўваўся ўступ вышынёй іншы раз да паўметра і шырынёй 35 — 40 см. У летні час сяляне ў нядоўгія хвіліны адпачынку ці на свята любілі пасядзець на прызбе, тут вечарамі збіраліся ў адным месцы жанчыны парасказаць пра вясковыя навіны, у другім — мужчыны паталкаваць пра справы рыбалоўныя ці паляўнічыя, а дзесь, дзе багата дзяўчат, — моладзь з жартамі і песнямі. Сям-там на прызбах і старыя з успамінамі пра старое жыццё-быццё і са сваімі крытычнымі заўвагамі наконт дзяцей і ўнукаў. Прызба была адначасова і канструкцыйным элементам хаты, і архітэктурнай канструкцыяй, якая служыла аб'яднанню вёскі ў адзіны арганізм. Сцены рубілі ў вугал з астаткам. Вугал круглы, прычым высякалася бервяно не верхняе, а ніжняе.

Тэхналогія рубкі сцен у круглы вугал, нягледзячы на прастату ідэі, у выкананні патрабавала высокага майстэрства цесляра — крывалінейная апрацоўка дрэва заўсёды складаней, чым прамалінейная. А паколькі хату будавалі талакою — усе родзічы-мужчыны збіраліся, — у тыя часы звычайна запрашалі толькі аднаго спецыяліста — склюдавіка. I большасць мужчын былі цеслярамі. Ці не таму цесляры з Лунінецкага, Столінскага, Жыткавіцкага, Пінскага раёнаў карысталіся такой павагай і пашанай у 50 — 70-ыя г. на велізарных прасторах былога Савецкага Саюза, дзе яны будавалі шмат жылля і гаспадарчых пабудоў.

Больш ранняя планіроўка — жыллё курнае. Прыведзеная планіроўка з'яўляецца адным са шляхоў развіцця традыцыйнай курнай хаты, якая бытавала на вялікіх прасторах Беларусі, Украіны, Расіі, нягледзячы на разнастайнасць матэрыялаў.

Акрамя плана, які ў этнаграфіі называецца двухкамерным, існавала і трохкамерная планіроўка, калі сенямі звязана з хатай сцёнка — халоднае памяшканне са столлю, як і хата, дзе захоўваліся найбольш каштоўныя рэчы і харчовыя прыпасы. Зусім відавочна, што сучасная планіроўка развілася менавіта з гэтых двух тыпаў.

Зрубы накрываліся стрэхамі з чароту альбо саломы. У раёне бытавалі стрэхі "пад страхоўку", часцей за ўсё саламяныя, і толькі на поўдні раёна — з чароту. Яшчэ раней — да сярэдзіны XVIII ст. стрэхі рабіліся з колатых плах на "кабылках" — аднатыпна, як на поўначы Беларусі і ў Расіі. Калі ставілі паціят (шчыт, франтон), зверху прыбівалі кветку — летам з бярозы і кветак, зімой — з елкі, а часам і выразаную з дрэва. Гэта было завяршэнне хаты, яно адзначалася добрым пачастункам. Пачастунак гаспадар выстаўляў таксама на акладзіны (калі закрывалі першы вянец зруба), ошлапіны (калі перакрывалі аконныя і дзвярныя праёмы), бальковыя (пасля ўстаноўкі бэлек) і паціят альбо шчытовэ (пасля ўстаноўкі паціятаў і кветкі на адным з іх).

Звяртае на сябе ўвагу стрыманасць у аздабленні жылля знешнімі ўпрыгожваннямі — разьбой, узорамі і г.д. Міфалогія і вераванне палешукоў валодалі ўнутранай завершанасцю і стройнасцю і не запатрабавалі знешняга аздаблення і фіксацыі ў архітэктуры, прадметах быту і г.д. Бо вядома, што народная архітэктура ў значнай ступені адлюстроўвае светапогляд і светаўспрыманне этнасу таму, што жыллё адыгрывае тую ж ролю аховы, што і магічныя знакі. Магічныя знакі могуць утрымлівацца ў аздабленні (узоры разьбы), ролю магічных знакаў могуць выконваць розныя элементы і канструкцыі збудаванняў, не ўпрыгожаныя разьбой, але ў такім разе вытрыманыя ў вядомых прапорцыях. Гэта тое, што мастацтвазнаўцы называюць мастацкім густам народа. Мабыць, у сувязі са сваім светаўспрыманнем пабудовы палешукоў, нягледзячы на сціплыя памеры, даюцца з першага погляду добра прадуманай, завершанай формы і ствараюць уражанне манументальнасці і лаканічнасці. Упрыгожванне разьбой налічнікаў і дзвярэй таксама адрозніваецца стрыманасцю і яснасцю ліній, якія толькі дапаўняюць і падкрэсліваюць прапорцыі аб'ёмаў, не выпадаючы з агульнага строгага малюнка. Адсутнасць у палешукоў багатага разьбянога аздаблення ніяк не вынік недаразвітага эстэтычнага густу ці беднага мастацкага ўяўлення, а хутчэй наадварот — імкненне да адзінства формы і зместу, больш таго — мастацкае ўспрыняцце не плоскае, а аб'ёмнае.

...I толькі на франтонах часам (на поўдні — часцей) сустракаюцца салярныя знакі.

Вялікую цікавасць уяўляе і планіроўка двара. У наш час пераважае двор з незвязанымі пабудовамі, хаця яшчэ часцяком можна сустрэць пагонную аднарадную, а зрэдку і двухрадную планіроўку двара. Вёскі, створаныя на асушаных землях (рэгіён Рэдзігерава), мелі правільную геаметрычную планіроўку (першапачаткова). Вёскі іншых рэгіёнаў часцей за ўсё выцягнутыя ўздоўж рэчак і толькі потым разрасліся ў паселішча вуічнага тыпу. Паселішчы поўдня — Лахва, Кажан-Гарадок, Лунін і іншыя планіраваліся і забудоўваліся пад уплывам развіцця гандлю і рамяства (спачатку звязаных з Прыпяццю, а потым і чыгункай). Тут жыло шмат яўрэяў, сяліліся гандляры-палякі. Гэтыя ці не самыя найстаражытнейшыя паселішчы па сваёй планіроўцы спалучаюць тыпічна вясковыя рысы і рысы гандлёва-рамесніцкіх мястэчак.

На верх старонкі




"Ез" — запруда ўпоперак ракі Лань для лоўлі рыбы. З фота А. К. Сержпутоўскага


Сушня-авін для сушкі льну, в. В. Чучавічы. З фота А. К. Сержпутоўскага


Сядзіба, в. В. Чучавічы. З фота А. К. Сержпутоўскага


Гумно і хлеў, в. В. Чучавічы. З фота А. К. Сержпутоўскага